«УСХО́Д»,

1) серыя сав. аднамесных касм. караблёў (КК) для палётаў па каляземнай арбіце. Прызначаліся для вывучэння ўздзеяння ўмоў арбітальнага палёту на арганізм чалавека, праверкі прынцыпаў пабудовы КК, адпрацоўкі іх канструкцый і сістэм. Створаны пад кіраўніцтвам С.П.Каралёва.

КК «У.» складаліся са сферычнага спускальнага апарата, які адначасова з’яўляўся кабінай касманаўта, і прыборнага адсека з бартавой апаратурай і тармазной рухальнай устаноўкай. Маса да 4,73 т; макс. дасягнутая працягласць пілатуемага палёту 5 сут. Пасля выпрабавальных (беспілотных) палётаў выведзены на арбіту ШСЗ 6 пілатуемых КК «У.» (1961—63). Упершыню ажыццёўлены палёты: чалавека ў космас (Ю.А.Гагарын, 1961), групавы 2 КК (А.Р.Нікалаеў, П.Р.Паповіч; 1962), жанчыны-касманаўта (В.У.Церашкова, 1963).

2) Сав. 3-ступеньчатыя ракеты-носьбіты (РН) для вывядзення касм. апаратаў на арбіту ШСЗ. Стартавая маса 287 т, макс. маса карыснага грузу 4730 кг. Першы запуск РН «У.» з 1-м ШСЗ — 4.10.1957. Пры дапамозе РН «У.» выводзіліся ў космас КК «У.», першыя касм. апараты серыі «Месяц», некаторыя ШСЗ серыі «Космас» і інш. Выкарыстоўваліся каля 30 гадоў (запускі з касмадромаў Байканур і Плясецк).

У.​С.​Ларыёнаў.

«Усход»: а — касмічны карабель: 1 — спускальны апарат; 2 — прыборны адсек; 3 — апошняя ступень ракеты-носьбіта; б — 3-ступеньчатая ракета-носьбіт.

т. 16, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)