ГО́ЛЬДБАХА ПРАБЛЕ́МА,
праблема тэорыі лікаў, паводле якой кожны цотны лік, большы за 4, можна запісаць у выглядзе сумы двух простых лікаў (бінарная Гольдбаха праблема), а няцотны лік, большы за 5, — у выглядзе сумы трох простых лікаў (тэрнарная Гольдбаха праблема). Выказана акад. Пецярбургскай АН К.Гольдбахам (1742). У 1930 Л.Г.Шнірэльман даказаў тэарэму, што любы цэлы лік ёсць сума абмежаванай колькасці простых лікаў. Тэрнарную Гольдбаха праблему даказаў у 1937 І.М.Вінаградаў; бінарная Гольдбаха праблема не даказана.
В.І.Бернік.
т. 5, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУПІ́ЦА,
вёска ў Мінскім р-не, на правым беразе р. Пціч, каля аўтадарогі Мінск—Слуцк. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на Пд ад Мінска, 13 км ад чыг. ст. Міханавічы. 897 ж., 322 двары (1998). Закрытае акц. т-ва «Рапс», т-ва абмежаванай адказнасці «Радуга». Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, лазнева-пральны камбінат, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Гл. таксама «Крупіцкія музыкі».
т. 8, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСЦЭ́С (ад лац. abscessus нарыў),
мясцовае намнажэнне гною, якое суправаджаецца мясцовым распадам тканак і ўтварэннем у іх гнойнай поласці, абмежаванай абалонкай. Развіваецца пры пранікненні гнаяродных мікробаў у тканкі пры траўмах, а таксама пры ўздзеянні на тканкі некат. рэчываў (шкіпінару, кратонавага алею, сулемы і інш.). Мікробы з першапачатковага ачага могуць распаўсюджвацца па лімфатычных і крывяносных сасудах у суседнія тканкі і аддаленыя органы (скуру, лёгкія, печань, ныркі, галаўны мозг, мышцы і інш.) і выклікаць фарміраванне ў іх другасных абсцэсаў. Бывае востры, хранічны, паверхневы, халодны.
т. 1, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́КАВА,
вёска ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл., на беразе Лукаўскага вадасховішча. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Маларыта, 45 км ад Брэста. 744 ж., 283 двары (1999). Т-ва з абмежаванай адказнасцю «Вілія». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Магіла сав. воіна і ахвяр фашызму. Каля вёскі стаянкі эпохі мезаліту і неаліту.
т. 9, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕНЬСКАЯ МАНА́РХІЯ,
перыяд праўлення ў Францыі прадстаўніка арлеанскага дома (малодшай галіны Бурбонаў) караля Луі Філіпа [1830—48] паміж Ліпеньскай рэвалюцыяй 1830 (ад яе назва) і Лютаўскай рэвалюцыяй 1848, якая ўстанавіла другую рэспубліку. Рэжым Л.м. характарызаваўся паліт. і эканам. панаваннем буйных банкіраў, гандляроў, прамыславікоў і абмежаванай у параўнанні з перыядам Рэстаўрацыі (1814—30) уладай караля. Незадаволенасць прац. мас, прадпрымальніцкіх колаў і дэмакр. інтэлігенцыі вынікамі Ліпеньскай рэвалюцыі і палітыкай улад (законы супраць рабочых саюзаў і свабоды друку, павелічэнне падаткаў і інш.) выклікала шматлікія паўстанні, у т. л. Ліёнскія паўстанні 1831 і 1834, і абумовіла крах Л.м. ў 1848.
т. 9, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫКЛАДНО́Е ТЭЛЕБА́ЧАННЕ,
комплекс тэлевізійнай апаратуры для перадачы і прыёму візуальнай інфармацыі для навук., арганізац., вытв. і інш. прыкладных мэт. У адрозненне ад вяшчальнага тэлебачання П.т. разлічана на прыём відарыса абмежаванай колькасцю прыёмнікаў і з’яўляецца замкнёнай тэлевізійнай сістэмай.
Бывае чорна-белае, каляровае, мона- і стэрэаскапічнае, шматракурснае і галаграфічнае. Кіраванне тэлевізійнай перадавальнай камерай, як правіла, дыстанцыйнае. Лінія сувязі (кааксіяльны кабель, аптычнае валакно, радзей радыёлінія) перадавальнай і прыёмнай апаратуры мае невял. працягласць. Параметры сістэм П.т. вызначаюцца галіной іх выкарыстання. Апаратура П.т. можа ўстанаўлівацца ў агрэсіўных асяроддзях, пад вадой, у месцах з павышанай радыяцыяй, высокай т-рай і інш.
А.П.Ткачэнка.
т. 13, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЛЕР (Сямён Яфімавіч) (Хаймавіч; 15.6.1909, г. Бяроза Брэсцкай вобл. — 21.5.1983),
фізікахімік і біяфізік. Праф. (1846). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1930), працаваў у ім і адначасова ў розных НДІ АН СССР. Навук. даследаванні па біяарган. хіміі і малекулярнай біялогіі. Распрацаваў статыстычную тэорыю ланцуговых малекул з абмежаванай гнуткасцю (разам з Я.І.Фрэнкелем; 1939), тэорыю глабулярнай будовы бялку (разам з Д.Л.Талмудам; 1945), тэорыю храматаграфіі многавалентных іонаў на палімерных сарбентах (1950—55). Аўтар кніг «Радыеактыўныя элементы» (1949), «Фізіка і хімія макрамалекул» (1965, разам з Б.Л.Ерусалімскім).
Тв.:
Введение в молекулярную биологию. 2 изд. М.; Л., 1966;
Молекулярная биология. Л., 1973.
т. 3, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСКАЯ РЭФО́РМА ІВА́НА IV,
рэформа мясц. кіравання ў Рус. дзяржаве. Праведзена ў пач. 1550-х г. у асобных землях, у 1555—56 — у агульнадзярж. маштабе. Замест намеснікаў і валасцеляў, якія «карміліся» непасрэдна за кошт насельніца, з ліку найб. заможных пасадскіх людзей і сялян выбіраліся на 1—2 гады адпаведна земскія старасты і земскія цалавальнікі, а ў дапамогу ім — земскія судзейкі (суддзі), дзячкі, соцкія і пяцідзесяцкія. Земскія старасты ўзначальвалі земскія ізбы, пад кантролем дзярж. адміністрацыі кіравалі цяглым насельніцтвам і зборам падаткаў з яго, разам з судзейкамі карысталіся абмежаванай суд. уладай. Рэформа завяршыла фарміраванне мясц. кіравання на саслоўна-прадстаўнічых пачатках і ўзмацніла цэнтралізацыю дзяржавы.
т. 7, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАЗІСТАЦЫЯНА́РНЫ ПРАЦЭ́С,
працэс, скорасць распаўсюджвання якога ў абмежаванай сістэме настолькі вялікая, што за час τ распаўсюджвання яго па ўсёй сістэме яе стан не паспявае прыкметна змяніцца.
Пры К.п. змена станаў усіх частак сістэмы адбываецца па адным і тым жа часавым законе практычна без запазнення. Перыядычны працэс з перыядам Т будзе квазістацыянарным пры ўмове T ≫ τ. Гэтай умове адпавядае пераменны ток прамысл. частаты ў ЛЭП даўжынёй, намнога меншай за даўжыню эл.магн. хвалі ў лініі (г. зн. меншай за 6000 км). У такой ЛЭП у кожны момант часу сіла току ўсюды адна і тая ж (гэта квазістацыянарны ток, для якога з дастатковай дакладнасцю выконваюцца законы пастаяннага току).
т. 8, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛГЕБРАІ́ЧНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,
функцыя, звязаная алгебраічным ураўненнем з незалежнай пераменнай; важнейшая функцыя матэматыкі. Алгебраічная функцыя наз. абмежаванай зверху (знізу) на мностве E, калі існуе лік M, што для кожнага x з мноства E выконваецца няроўнасць
, напр., функцыя x2 абмежаваная на адрэзку . Рацыянальная алгебраічная функцыя атрымліваецца ў выніку канечнага ліку арыфм. аперацый (складання, аднімання, множання і дзялення) над пераменнымі і лікамі, напр.,
,
; астатнія алгебраічныя функцыі — ірацыянальныя, якія звычайна неадназначныя, напр.,
,
. Агульная тэорыя алгебраічнай функцыі звязана з тэорыяй аналітычных функцый, алгебрай і алгебраічнай геаметрыяй.
т. 1, с. 235
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)