ІТАЛІ́ЙСКІЯ МО́ВЫ група мёртвых моў індаеўрап. сям’і (гл.Індаеўрапейскія мовы). Былі пашыраны ў 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. — першых ст.н.э. ў цэнтр. і паўд. Італіі. Падзяляліся на 2 галіны: оскска-умбрскую і лацінска-фаліскскую. Некат. асаблівасцямі І.м. збліжаюцца з кельцкімі мовамі. Пісьмо запазычана ў этрускаў. Вывучэнне лексікі І.м. цяжкае з прычыны фрагментарнасці іх тэкстаў. Лексічнае адрозненне ад лацінскай мовы звязана з уплывам этрускай, а на Пд — стараж.-грэч. моў. Пісьмовыя помнікі оскскай мовы датуюцца 5 ст. да н.э. — 1 ст.н.э., помнікі умбрскай мовы — 3—1 ст. да н.э. (т.зв. Ігувінскія табліцы 3—2 ст. да н.э.). На лац. мове створана багатая л-ра. Фаліскскія тэксты (7—8 ст. да н.э.) складаліся з анамастыкі і зазналі этрускі ўплыў.
Літ.:
Цветаев И. Сборник осских надписей с очерком фонетики, морфологии и глоссарием. Киев, 1877;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЯЛЬЦОВАКВЕ́ТНЫЯ (Ranunculales),
парадак двухдольных кветкавых раслін. 8 сям., 160 родаў, больш за 3000 відаў. Пашыраны па ўсіх кантынентах. Растуць пераважна па сырых ці залішне вільготных месцах, зрэдку ў вадзе. На Беларусі 2 сям.: казяльцовыя (Ranunculaceae) і барбарысавыя (Berberidaceae), больш за 20 родаў, 150 відаў, з іх 10 відаў (боцікі шарсцістагубыя, боцікі паўночныя, клапагон еўрапейскі, кураслеп лясны, павойнік прамы, пухірнік ягадны, пярэсна еўрапейская, рагулька высокая, раўнаплоднік пылюшнікавы, сон лугавы) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Шмат- і аднагадовыя травы, паўкусты, драўняныя вечназялёныя ліяны ці лістападныя. Лісце простае або складанае, чаргаванае, рэдка супраціўнае. Кветкі двух- або аднаполыя, правільныя, адзіночныя або ў гронках ці мяцёлках. Плод — шматлістоўка, шматарэшак, шматкасцянка, ягадападобны. Лек., харч., фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны. Ёсць ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКІЯ ПРА́СНІЦЫ,
дэкарыраваныя разным арнаментам прасніцы пераважна з Камянецкага, а таксама з суседніх Пружанскага і Брэсцкага р-наў. У канцы 19 — пач. 20 ст. — К.п. традыц. драўляная лапатападобная лопасць з доўгай ножкай, якая мацавалася ў днішча, з пашырэннем калаўрота (пач. 20 ст.) — на кранштэйне да яго. Лопасць аздаблялі трохгранна-выемчатай разьбой геам. характару. Найб.пашыраны дэкор — вял. 6-пялёсткавая разетка ці ромб з трохгранных выемак у цэнтры, абапал — меншыя разеткі, нярэдка год стварэння прасніцы і ініцыялы ўладальніцы. У 20 ст. К.п. сталі рабіць меншых памераў, з больш разнастайным дэкорам. Пасля Айч. вайны прасніцы паступова выходзяць з ужытку. Калекцыі К.п. ёсць у Нац.маст. музеі Беларусі, Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі, Музеі стараж.-бел. культуры ІМЭФНац.АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧЫ́НЫЯ (Anatidae),
сям. вадаплаўных птушак атр. гусепадобных. 3 падсям., 47 родаў, 146 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Большасць пералётныя птушкі, ёсць нелятаючыя віды. На Беларусі 2 падсям., 34 віды. У Чырв. кнізе МСАП — 12 відаў і 3 падвіды, Беларусі — 8 відаў: гогаль, свіязь, шылахвостка, казарка чырвонаваллёвая (гл.Казаркі), крахалі вялікі і даўгадзюбы, лебедзь-шыпун (гл.Лебедзі), чэрнець белавокая (гл.Чэрнеці).
Даўж. 29—150 см, маса 0,2—13 кг. Дзюба шырокая, краі наддзюб’я і паддзюб’я ўтвараюць цадзільны апарат. Шыя доўгая, цела пранікападобнае, апярэнне шчыльнае, густое, з пухам. Ліняюць 2 разы на год. Крылы доўгія, завостраныя, хвост кароткі. Маюць 4 пальцы, 3 пярэднія злучаны плавальнай перапонкай. Многія К. добра ныраюць, здабываюць раслінны і жывёльны корм у вадзе ці на дне вадаёмаў. Характэрны палавы дымарфізм. Манагамы. Гнёзды робяць на зямлі, у расколінах скал, дуплах або норах. Нясуць 2—16 яец. Птушаняты вывадковыя. Аб’екты спарт. і прамысл. палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕДР (Cedrus),
род голанасенных раслін сям. хваёвых. 3 віды пашыраны ў краінах Міжземнамор’я, 1 — у Гімалаях. Маюць назву сапраўдных, або паўд. К. Найб. вядомы К. ліванскі (C. libani). На Беларусі пад назвай К. вырошчваецца кедравая хвоя, або паўн. К.; найб. вядомыя К. еўрапейскі (Pinus cembra) і сібірскі (P. sibirica).
Вечназялёныя аднадомныя дрэвы з магутным ствалом выш. да 60 м, шырокай разгалінаванай ці парасонападобнай кронай. Жывуць да 1000 і болей гадоў. Ігліца 3—4-гранная, калючая, ад цёмна- і сіне-зялёнай да серабрыста-шэрай, у пучках па 30—40 ці адзіночная. Шышкі даўж. 5—10 см, шыр. 4—6 см, выспяваюць і рассыпаюцца на 2—3-і год. Насенне даўж. да 1,8 см з вял. крыльцам, неядомае. Драўніна ўстойлівая да шкоднікаў, мае прыемны колер і пах. Тэхн. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЛЬТ (ад позналац. celtis долата),
старажытная зброя і прылада працы ў выглядзе сякеры ці цяслы, якая выкарыстоўвалася для апрацоўкі дрэва і пры земляных работах. Выраблялі з бронзы і жалеза. Паявіўся ў канцы 3-га тыс. да н.э., у 2—1-м тыс. да н.э. быў пашыраны ў Еўропе, ужываўся да пач. 2-га тыс.н.э. (зах. Літва). На Беларусі найб. раннія К. (8—7 ст. да н.э.) адносяцца да меларскага тыпу (мелі авальную адтуліну для дзяржання, круглаватае вушка недалёка ад краю ўтулкі, упрыгожваліся 3 гарызантальнымі валікамі на ўзроўні вушка і зігзагападобным арнаментам па абушковай частцы). У апошняй чвэрці 1-га тыс. да н.э. — пач. 1-га тыс.н.э. на Беларусі з’явіліся жалезныя К. з прамавугольнай адтулінай. Яны вядомы на помніках мілаградскай культуры, зарубінецкай культуры і штрыхаванай керамікі культуры.
Да арт.Кельт: 1 — бронзавы кельт са Смалявіцкага р-на; 2 — жалезны кельт з в. Гарадзішча Мядзельскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАТЫ́ (Talpidae),
сямейства млекакормячых атр. насякомаедных. 14 родаў, 31 від. Формы: наземныя бегаючыя, падземнарыючыя (большасць відаў) і паўводныя плаваючыя. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. К. еўрапейскі жыве на ўмерана вільготных лугах, палях, агародах, парках, лясах у глебе на глыбіні 5—60 см. Гнездавыя камеры — на глыб. да 1,5 м. Характэрны сезонныя міграцыі з аднаго біятопу ў другі. Аб’ект промыслу (шкуркі). На Беларусі трапляецца паўднёварускі падвід К. еўрапейскага (Talpa europaea). У Чырв. кнізе МСАП 2 віды.
Тулава выцягнутае, валькаватае, канечнасці ўкарочаныя, прыстасаваныя для рыцця, плавання. На пальцах доўгія пляскатыя кіпцюры. Галава невял., з падоўжанай канічнай мордай. Валасяное покрыва кароткае, густое, мяккае, пераважна чорнае або чорна-бурае. Лінька тройчы за год. Вочы маленькія, у некаторых відаў закрытыя скурай. Вушных ракавін няма. Нюх і дотык добра развітыя. Кормяцца лічынкамі насякомых, дажджавымі чарвямі. Размнажаюцца 1 раз за год, прыплод пераважна 3—7 дзіцянят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАХАЛІ́ (Mergus),
род вадаплаўных птушак сям. качыных атр. гусепадобных. 7 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і (5 відаў), у тропіках Паўд. Амерыкі (1 від), на астравах Окленд (1 від, магчыма, вымерлы). Жывуць на рыбных рэках і азёрах. На Беларусі 3 віды: луток, К. вялікі (M. merganser) і К. даўгадзюбы (M. serrator). К. вялікі і даўгадзюбы гняздуюць у паўн.ч. Беларусі, луток — на Палессі. К. лускаваты (M. squamatus) і К. бразільскі (M. octosetaceus) занесены ў Чырв. кнігу МСАП, К. вялікі і даўгадзюбы — у Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 80 см, маса да 2 кг. Дзюба доўгая, вузкая, з вострымі рагавымі зубцамі па краях. На патыліцы чубок. Кормяцца рыбай, воднымі насякомымі, малюскамі. Ныраюць на глыб. да 4 м. Гнёзды на зямлі, у расколінах скал, у дуплах. Нясуць да 15 яец. Аб’ект спарт. палявання.
Крахалі: 1 — вялікі; 2 — даўгадзюбы; 3 — луток (а — самец, б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́МЕНЬ,
прыроднае мінер. ўтварэнне; тонкі агрэгат крышт. (кварц, халцэдон) і аморфнага (апал) крэменязёму, часта з прымесямі карбанатаў і гліны. Утварае жаўлакі, канкрэцыі, радзей лінзы і пражылкі ў асадкавых, пераважна карбанатных (вапнякі, мел, мергель) горных пародах. Колер ад жоўта-шэрага да чорнага, трапляецца з малюнкамі. Цв. 7. Звычайна шчыльны. Злом ракавісты. Паводле мінер. саставу адрозніваюць кварцавы, халцэдонавы, апал-халцэдонавы, халцэдонава-кварцавы і інш. Утвараецца пры дыягенезе асадкаў, катагенезе горных парод і выветрыванні. Ідзе на выраб эмаляў, фаянсу, хім. посуду, выкарыстоўваецца як абразіўны матэрыял. На Беларусі пашыраны ў мергельна-мелавых пародах верхняга мелу, зрэдку трапляецца ў дэвонскіх, палеагенавых і інш. адкладах. У каменным веку К. з верхнемелавых адкладаў выкарыстоўваўся для вырабу прылад працы, пазней як крэсіва, у т. л. ў крамянёвых ружжах. На месцы стараж. шахтаў па здабычы К. (неаліт — бронзавы век) каля г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. створаны Краснасельскі археалагічны комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗНЯ,
памяшканне, абсталяванае для мыцця цела, а таксама паляпшэння функцыянальнага стану арганізма пры некат. захворваннях (рэўматызм, падагра, хваробы нырак, неўрозы і інш.). Аздараўленчае ўздзеянне Л. шырока выкарыстоўвалася многімі народамі са старажытнасці. Першыя звесткі пра Л. ў Стараж. Русі адносяцца да 10 ст. (Кіеў). На Беларусі з ранняга сярэдневякоўя Л. былі пашыраны ў гарадах, мястэчках і вёсках (часцей у заможных сялян). Да пач. 20 ст. на вёсцы пераважалі курныя Л. з печкай-каменкай без дымаходу, з маленькім аконцам. Трапляліся і Л. паўзямлянкі. Да Л. звычайна прыбудоўвалі прылазнік (прымыльнік). Уздоўж сцяны рабілі палок, на якім парыліся з венікам. Падлогу масцілі плашкамі, радзей дошкамі. Часам будавалі Л. з дымаходамі, з умураванымі ў печ катламі.
У наш час найчасцей карыстаюцца Л. з парыльняй: рускага тыпу (з вільготным паветрам) ці фінскага — сауны (з сухім, гарачым паветрам), у некат. Л. ёсць плавальныя басейны, памяшканні для фізіятэрапеўтычных працэдур, дэзінфекцыйныя камеры.