ільменскія славяне, паўночныя ўсх.-слав. плямёны, якія ў 2-й пал. 1-га тыс.н.э. жылі ў басейне воз. Ільмень, у 10—13 ст. рассяляліся на Іжорскім плато, па р. Малога дасягалі Яраслаўскага Паволжа і Волга-Окскага міжрэчча. Займаліся земляробствам, паляваннем, рыбалоўствам, будавалі наземныя зрубныя дамы з печамі-каменкамі. Асн. тыпам іх пасяленняў былі селішчы. Першыя гарадзішчы ўзніклі ў 8 ст.Найб.стараж. помнікі С. — пахавальныя сопкі з абрадам трупаспалення. У 9—10 ст. побач з сопкамі пашыраны курганы з трупаспаленнем. З пач. 11 ст. пераважаў пахавальны абрад з трупапалажэннем. Наяўнасць у сопках фінскіх элементаў пахавальнага абраду адлюстроўвае працэс славянізацыі мясц. фіна-угорскіх плямён. Лічаць, што продкі С. рухаліся ў Прыільменне праз землі балтаў, у якіх запазычылі іх звычай рабіць курганныя насыпы над нябожчыкамі. Этнавызначальныя рысы С. — ромба- і авальнашчытковыя скроневыя кольцы 11—14 ст. (на Беларусі падобныя рэчы знойдзены каля Радашковіч і ў Чапліне). У 9 ст. С. і крывічы разам з фінскім племем весь утварылі паліт. саюз. Цэнтр С. — г. Ноўгарад. Землі С. сталі ядром уладанняў Наўгародскай феад. рэспублікі.
Літ.:
Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНЕГАВО́Е ПО́КРЫВА,
слой снегу на паверхні Зямлі, які ўтвараецца ад снегападаў. Бывае часовае (растае за некалькі гадзін або дзён) і ўстойлівае (ляжыць на працягу ўсёй зімы або з невял. перапынкамі). Характарызуецца вышынёй і шчыльнасцю (вымяраецца снегамерам). Моцна адбівае сонечную радыяцыю (гл.Альбеда), істотна ўплывае на водна-цеплавы рэжым глебы, садзейнічае затрыманню цяпла, ахоўвае расліны ад вымярзання. Аказвае ўздзеянне на клімат, рэльеф, гідралагічныя і глебаўтваральныя працэсы, жыццё расл. і жывёльнага свету. Макс. плошчы на Зямлі С.п. займае ў канцы зімы Паўн. паўшар’я (99 млн.км²), мінім. — у канцы зімы Паўд. паўшар’я (47 млн.км²). Каля 30% снегу, які ўтвараецца штогод, служыць крыніцай жыўлення ледавікоў. На Беларусі ўстойлівае С.п. трымаецца ў сярэднім 100—110 сут на ПнУ і 70—80 сут па ПдЗ, утвараецца звычайна на ПнУ у пач., а на ПдЗ у канцы снежня, разбураецца ў сак., канчаткова сыходзіць праз 9—20 сут. Найб.выш. С.п. ў канцы лютага — пач.сак. — ад 15—20 см на Пд да 20—45 см на Пн. Шчыльнасць С.п. ў першыя месяцы зімы на адкрытых участках 0,1—0,15 г/см³, у канцы яе да 0,3—0,4 г/см³ (у лесе меншая). Гл. таксама Снегавая лінія, Снегазатрыманне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ТНІК,
1) асоба, якая ўзначальвала сотню ў войску Кіеўскай Русі 9—11 ст. і інш. княствах усх. славян, а таксама ў стралецкім войску Рас. дзяржавы ў 16—17 ст. 2) Службовая асоба гар. самакіравання Беларусі ў 16—18 ст., якая ўзначальвала сотню. С. выбіраўся з заможных мяшчан і падпарадкоўваўся войту. Сачыў, у т. л.праз падначаленых яму дзесятнікаў, за выкананнем мяшчанамі павіннасцей, выплатай падаткаў і інш. С. абавязаны быў з’яўляцца на чале сотні на замкавыя работы і для абароны замка ад непрыяцеля; прымаў удзел у пасяджэннях гар.рады, хоць не ўваходзіў у склад магістрата, без згоды С. войт не меў права прымаць важныя рашэнні.
3) Нач.адм.-тэр. сотні на Украіне ў 16—18 ст. Меў шырокія ваен., адм., суд. і фін. паўнамоцтвы. Напачатку выбіраўся казакамі, пазней прызначаўся гетманам ці палкоўнікамі з ліку старшыны, пасля 1764 — прэзідэнтам маларасійскай калегіі. Пасля ліквідацыі аўтаномнасці (1765—80) пасада С. скасавана.
4) Воінскае званне ў рэестравым казацкім войску (частка ўкр. казацкага войска, якое знаходзілася ў 16—17 ст. на ваен. службе ў Рэчы Паспалітай і было ўнесена ў асобы спіс-рэестр).
5) Обер-афіцэрскі чын у казацкіх войсках Рас. імперыі, адпавядаў чыну паручніка ў рэгулярных войсках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУ́СТА,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка, за 4 км на Пн ад г. Браслаў. Пл. 13 км², даўж. 6,4 км, найб.шыр. 4,2 км, найб.глыб. 23 м, даўж. берагавой лініі 27,8 км, пл. вадазбору 223 км². Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр і нац. парк Браслаўскія азёры. Катлавіна складанага тыпу. Схілы выш. 5—8 м (на Пн 25—30 м), абразійныя, парослыя хмызняком і лесам, часткова разараныя. Берагі моцна парэзаныя (шмат заліваў), нізкія, пясчаныя і пясчана-галечныя, на Пн зліваюцца са схіламі. Дно складанай будовы, вылучаюцца 3 упадзіны, раздзеленыя мелямі і 7 астравамі (агульная пл. 2,58 км², найб. Чайчын, Шова, Бярозаўскія, Яленя). Прыбярэжная зона да глыб. 3 м пясчаная, пясчана-галечная, радзей гліністая і сапрапелістая. Глыбакаводная ч. выслана ілам і сапрапелем. Мінералізацыя вады да 200 мг/л, празрыстасць летам каля 5 м, зімой да 10 м. Мезатрофнае. Зарастае да 45% пл. возера. Да глыб. 6—7 м растуць харавыя водарасці, эладэя, рагаліснік, рдзесты. На З упадае р. Акмяніца. С. злучана пратокамі з азёрамі Снуды, Балойса і Ельна. Сцёк праз пратоку ў воз. Войса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯЛІ́ЦКІ (Sielicki) Францішак (29.11.1923, в. Мікуліна Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 2.9.2001),
польскі літ.-знавец-славіст, фалькларыст. Д-рфілал.н. (1966). Скончыў Вроцлаўскі ун-т (1955), з 1978 праф. Ін-та слав. філалогіі гэтага ун-та. Аўтар кніг «Аповесць мінулых гадоў»: Гістарычна-літаратурная характарыстыка, пераклад і каментарый» (1968), «Максім Горкі сярод польскіх спраў» (1971), «Падарожжа баярына Барыса Шарамецева праз Польшчу і Аўстрыю ў Рым, а таксама на Мальту, 1697—1698» (1975). Даследаваў рус. класіку (творы І.Тургенева, Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава). Выдаў падручнік «Беларускі фальклор» (1983). Аўтар прац «Беларускія вясельныя абрады і песні з вёскі Мікуліна...» (1979), «Беларускія жартоўныя песні і вершы з ваколіц вёскі Мікуліна» (1980), «Пахавальныя і дзядоўскія песні, якія выконваліся ў б. Вілейскім павеце», «Відовішчы ў вёсцы Мікуліна б. Вілейскага павета ў міжваенны перыяд» (абедзве 1982). Арт. «Францыск Скарына ў польскай навуцы» (1990) прысвечаны скарыназнаўству ў Польшчы.
Тв.:
Region dołhinowsko-budsławsko-krzywicki na dawnej Wileńszczyźnie. Warszawa;
Wrocław, 1989;
Krzyż w wierzeniach ludu Wilejszczyźny // Наш радавод. Гродна, 1991. Кн. 3, ч. 3;
Pieśni białoruskie i rosyjskie śpiewane na Wileńszczyźnie w okresie międzywojennym. Wrocław, 1992;
Podania, legendy, anekdoty i przysłowia na Wilejszczyźnie w okresie międzywojennym. Wrocław, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯЛЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ 1628—45у Кітаі,
народнае паўстанне ў Кітаі ў 1-й пал. 17 ст., якое скінула дынастыю Мін. Выклікана ростам жабрацтва шырокіх сял. мас з-за недахопу ворных зямель, цяжкіх падаткаў і карупцыі чыноўніцтва. Пачалося ў 1628 у правінцыях Шэньсі і Хубэй; неўзабаве ўзнік ачаг паўстання і ў прав. Сычуань, які ўзначаліў Чжан Сяньчжун; абодва яны дзейнічалі паасобку. Кіруючыся канфуцыянскімі ідэямі сац. справядлівасці і роўнасці, паўстанцы знішчалі буйных землеўладальнікаў, чыноўнікаў і ліхвяроў, размяркоўваючы іх маёмасць сярод беднаты. Урадавыя войскі да 1638 разграмілі асн. сілы паўстанцаў, але неўраджай і голад у пач. 1640-х г. прыцягнулі да паўстання новыя нар. масы. Кіраўнік Хубэй-Шэньсійскага цэнтра паўстання (з 1636) Лі Цзычэн стварыў рэгулярную армію і пачаў ствараць уласныя органы ўлады. У пач. 1644 ён быў абвешчаны ў г. Сіянь імператарам. 25.5.1644 яго войскі ўвайшлі ў Пекін; апошні імператар дынастыі скончыў самагубствам. Тым часам У Саньгуй, камандуючы ўрадавай арміяй, якая ахоўвала паўн. мяжу, заключыў саюз з маньчжурамі і прапусціў іх войска празВял.кіт. сцяну. У баі 27.5.1644 маньчжуры разбілі войскі Лі Цзычэна (ён загінуў у 1645), у 1647 — войска Чжан Сяньчжуна, у Кітаі запанавала дынастыя Цын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯЧЭ́ННЕрассеяння ў квантавай механіцы,
фізічная велічыня, што характарызуе імавернасць пераходу сістэмы дзвюх сутыкняльных часціц у пэўны канечны стан у выніку пругкага ці няпругкага рассеяння, напр., пучка часціц на нерухомай мішэні. Выражаецца формулай: dσ = dN/nv, дзе dN — лік такіх пераходаў за адзінку часу: n — канцэнтрацыя часціц, якія па даюць на мішэнь, v — іх скорасць.
У прасцейшым выпадку вызначае памеры плошчы, пры праходжанні праз якую часціца рассейваецца (гл.Рассеянне мікрачасціц). Пругкае рассеянне часціц характарызуюць дыферэнцыяльным С. dσ/dΩ, дзе dΩ — элемент цялеснага вугла, у які рассейваюцца часціцы і поўным пругкім С. σ, роўным інтэгралу дыферэнцыяльнага С., узятаму па поўным цялесным вугле. У фізіцы элементарных часціц эфектыўнае С. (С. рэакцыі) характарызуе працэсы іх узаемадзеяння (рассеянне, распад анігіляцыю, мноствавае нараджэнне часціц і інш.). Эксперыментальныя вымярэнні С. даюць звесткі аб структуры сутыкняльных часціц. Напр., вымярэнні пругкага рассеяння альфа-часціц атамамі рэчыва дазволілі адкрыць атамнае ядро, а пругкага рассеяння электронаў нуклонамі — вызначыць радыусы нуклонаў і размеркаванне ў іх эл. зараду магн. моманту (эл.-магн. формфактар). Паняццем С. карыстаюцца таксама ў кінетычных ураўненнях. што апісваюць нераўнаважныя працэсы ў статыст. фізіцы і фіз. кінетыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНЁЎ Канстанцін Андрэевіч (2.6.1876, с. Бакшэеўка Харкаўскай вобл., Украіна — 19.5.1945),
рускі пісьменнік, драматург. Скончыў пецярбургскія духоўную акадэмію і археалагічны ун-т (1903), Таўрыйскі ун-т (1921). У 1904—18 настаўнічаў. Друкаваўся з 1898. У апавяданнях, п’есе «Ад чаго парваліся струны?» (1910, пазнейшая назва «Дарогіны»), аповесці «Валадар» (1912) тэмы сял. жыцця, лёсу інтэлігенцыі. Пасля 1917 працаваў як драматург. Аўтар гіст. і гіст.-рэв. п’ес «Пугачоўшчына» (паст. 1925), «Ясны лог» (паст. 1931), «Гімназісты» (1936), «На беразе Нявы» (паст. 1937), «Насустрач» (1943), «Юнацтва Пятра» (няскончана; выд. 1946), «Палкаводзец» (паст. 1945), камедыі «Жонка» (паст. 1928), сац.-псіхал. «Ганна Лучыніна» (паст. 1946). Найб. вядома яго драма пра грамадз. вайну «Любоў Яравая» (паст. 1926; новая рэд.паст. 1936, Дзярж. прэмія СССР 1941; аднайм. фільм 1970), у якой сац. і індывідуальная псіхалогія герояў пададзена праз сямейна-быт. калізіі. На бел. сцэне пастаўлены «Любоў Яравая» (1936, БДТ-2, Дзярж.рус.драм.т-р), «Ганна Лучыніна» (1956, Бел.т-р імя Я.Коласа).
Тв.:
Повести и рассказы. М., 1977;
Пьесы. Статьи. Речи. М., 1980.
Літ.:
Файнберг Р.И. К.А.Тренев. М.; Л., 1962;
Живой Тренев: Сб. воспоминаний. 2 изд. Ростов н/Д, 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́РЫН,
вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на правым беразе р. Свіслач, на аўтадарозе Мар’іна Горка—Чэрвень. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПнУ ад г. Мар’іна Горка, 75 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Пухавічы. 354 ж., 140 двароў (2002). Сярэдняя школа-сад, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Упершыню згадваецца ў 1536 як сяло Турыно, дзе жылі сяляне-даннікі. Уласнасць Касцевічаў, Радзівілаў, Кішкаў, Галоўчынскіх і інш. У 1779 пад назвай Т.-Задвор’е ў складзе маёнтка Пухавічы Ігуменскага пав., уніяцкая царква, 2 млыны, карчма, бровар. З 1793 у Рас. імперыі, у Ігуменскім пав. У 1841 Т. згарэў, праз год адбудаваны на сродкі памешчыка. У 1869 адкрыта нар. вучылішча, у 1897 у сяле Т.-Задвор’е 604 ж., 98 двароў. у в. Т.-Зарэчны 294 ж., 44 двары, царква, нар. вучылішча, хлебазапасны магазін, крама. У 1923 у сяле 920 ж, 179 двароў, у вёсцы 355 ж., 58 двароў. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета Пухавіцкага р-на. У Вял.Айч. вайну Т. часткова спалены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСТРА́ЛАЎ Мікалай Васілевіч (псеўд.П.Сурмін; 1890—1938),
расійскі паліт. дзеяч, публіцыст; адзін з ідэолагаў «зменавехаўства». Юрыст. Скончыў Маскоўскі ун-т (1913). З 1916 прыват-дацэнт у Маскоўскім і Пермскім (з 1919 праф.) ун-тах. У грамадз. вайну ў 1918—20 старшыня Усх. аддзела ЦК партыі кадэтаў і «Рускага бюро друку», адначасова з 1919 кіраўнік прапагандысцкага апарата ва ўрадзе А.В.Калчака. З 1920 у эміграцыі. У 1920—34 праф. Харбінскага ун-та (Кітай). У 1935 вярнуўся ў СССР; праф. Маскоўскага ін-та інжынераў транспарту. У 1937 арыштаваны, абвінавачаны ў шпіянажы на карысць Японіі і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1989. У 1920-я г. выступіў у друку з праграмай т.зв. змены вех. Лічыў неабходным прымірэнне рас. эміграцыі з сав. уладай, бо, на яго думку, новая эканамічная палітыка непазбежна вяла да рэстаўрацыі капіталізму ў СССР; спадзяваўся, што з крахам надзей на сусв. рэвалюцыю маладое пакаленне камуністаў «загіне ад мікробаў уласнай спустошанасці», а на змену «утапічнаму камунізму прыйдзе буржуазна-індывідуалістычны эмпірызм». Увёў у навук. зварот тэрмін «нацыянал-бальшавізм», бо бальшавікоў лічыў прыхільнікамі рус.нац. інтарэсаў (спалучалі, на яго думку, марксізм са славянафільствам). Лічыў Пятра I і І.В.Сталіна гіст. постацямі, праз якія выяўлялася дзярж. веліч Расіі.