ТУ́РЫН,
вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на правым беразе р. Свіслач, на аўтадарозе Мар’іна Горка—Чэрвень. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПнУ ад г. Мар’іна Горка, 75 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Пухавічы. 354 ж., 140 двароў (2002). Сярэдняя школа-сад, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
Упершыню згадваецца ў 1536 як сяло Турыно, дзе жылі сяляне-даннікі. Уласнасць Касцевічаў, Радзівілаў, Кішкаў, Галоўчынскіх і інш. У 1779 пад назвай Т.-Задвор’е ў складзе маёнтка Пухавічы Ігуменскага пав., уніяцкая царква, 2 млыны, карчма, бровар. З 1793 у Рас. імперыі, у Ігуменскім пав. У 1841 Т. згарэў, праз год адбудаваны на сродкі памешчыка. У 1869 адкрыта нар. вучылішча, у 1897 у сяле Т.-Задвор’е 604 ж., 98 двароў. у в. Т.-Зарэчны 294 ж., 44 двары, царква, нар. вучылішча, хлебазапасны магазін, крама. У 1923 у сяле 920 ж, 179 двароў, у вёсцы 355 ж., 58 двароў. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета Пухавіцкага р-на. У Вял. Айч. вайну Т. часткова спалены.
М.Ф.Спірыдонаў.
т. 16, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)