СО́ТНІК,
1) асоба, якая ўзначальвала сотню ў войску Кіеўскай Русі 9—11 ст. і інш. княствах усх. славян, а таксама ў стралецкім войску Рас. дзяржавы ў 16—17 ст. 2) Службовая асоба гар. самакіравання Беларусі ў 16—18 ст., якая ўзначальвала сотню. С. выбіраўся з заможных мяшчан і падпарадкоўваўся войту. Сачыў, у т. л. праз падначаленых яму дзесятнікаў, за выкананнем мяшчанамі павіннасцей, выплатай падаткаў і інш. С. абавязаны быў з’яўляцца на чале сотні на замкавыя работы і для абароны замка ад непрыяцеля; прымаў удзел у пасяджэннях гар. рады, хоць не ўваходзіў у склад магістрата, без згоды С. войт не меў права прымаць важныя рашэнні.
3) Нач. адм.-тэр. сотні на Украіне ў 16—18 ст. Меў шырокія ваен., адм., суд. і фін. паўнамоцтвы. Напачатку выбіраўся казакамі, пазней прызначаўся гетманам ці палкоўнікамі з ліку старшыны, пасля 1764 — прэзідэнтам маларасійскай калегіі. Пасля ліквідацыі аўтаномнасці (1765—80) пасада С. скасавана.
4) Воінскае званне ў рэестравым казацкім войску (частка ўкр. казацкага войска, якое знаходзілася ў 16—17 ст. на ваен. службе ў Рэчы Паспалітай і было ўнесена ў асобы спіс-рэестр).
5) Обер-афіцэрскі чын у казацкіх войсках Рас. імперыі, адпавядаў чыну паручніка ў рэгулярных войсках.
т. 15, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)