ГЕ́СЕН (Сяргей Іосіфавіч) (28.8.1887, Масква — 2.7.1950),
расійскі філосаф і педагог. Скончыў Пецярбургскі ун-т, вучыўся ў Гайдэльбергскім і Фрайбургскім ун-тах. У 1909 уваходзіў у «гайдэльбергскую філас. садружнасць» (аб’ядноўвала ням. і рус. філосафаў-неакантыянцаў), удзельнічаў у выданні ў Лейпцыгу зб. «Пра месію». Адзін з рэдактараў філас.час. «Логос» (1910—13, Масква; 1914, Пецярбург). У 1914—17 працаваў у Пецярбургскім, у 1917—21 — у Томскім ун-тах. Выкладаў у Берліне і Празе (1923—35), шэрагу навуч. устаноў у Варшаве (1935—45), з 1945 праф. педагогікі ун-та ў Лодзі. Значны яго ўклад у развіццё філас. антрапалогіі, якую лічыў «прыкладной філасофіяй»; яе асновай лічыў вучэнне пра асобу, што ствараецца шляхам далучэння да звышасобасных каштоўнасцей. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў пра творчасць Ф.М.Дастаеўскага, У.С.Салаўёва.
Тв.:
Основы педагогики. Введение в прикладную философию. Берлин, 1923;
Монизм и плюрализм в систематике понятий // Труды Русского Народного университета в Праге. 1928. Т. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІКА́ЛА (Мікалай Фёдаравіч) (20.3.1897, г. Адэса, Украіна — 25.4.1938),
савецкі ваен. і парт. дзеяч. Скончыў Тыфліскую ваенна-фельч. школу (1915). З 1917 чл.РСДРП(б). У 1918 у г. Грозны: старшыня Савета, камандуючы часцямі Чырв. Арміі. У 1919—20 чл. Каўказскага краявога к-та РКП(б), ваен. камісар Церскай вобл. і Дагестана. З 1921 на парт. рабоце на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. З 1929 сакратар ЦК КП(б) Узбекістана, Азербайджана. З 1931 сакратар Маскоўскага абкома і гаркома ВКП(б). Са студз. 1932 да студз. 1937 1-ы сакратар ЦККП(б)Б, з лют. 1937 1-ы сакратар Харкаўскага гаркома КП(б)У. Чл. Бюро ЦККП(б)Б, чл. Прэзідыума ЦВКБССР, Рэўваенсавета БВА (1932—37). Чл.Цэнтр. Рэвізійнай камісіі ВКП(б) у 1930—34. Канд. у чл.ЦКВКП(б) з 1934. Чл.ЦВКСССР. Удзельнічаў у разгортванні масавых рэпрэсій у БССР, сам стаў ахвярай гэтай палітыкі. Рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУШКО́Ў (Віктар Міхайлавіч) (24.8.1923, г. Растоў-на-Доне, Расія — 30.1.1982),
украінскі вучоны ў галіне матэматыкі, кібернетыкі і выліч. тэхнікі. Акад.АН Украіны (1961), АНСССР (1964). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Новачаркаскі політэхн.ін-т і Растоўскі ун-т (1948). З 1957 дырэктар Выліч. цэнтра, з 1962 — Ін-та кібернетыкі АН Украіны, якому ў 1982 прысвоена імя Глушкова; віцэ-прэзідэнт АН Украіны (з 1962). Асн.навук. працы па алгебры, эканам. кібернетыцы, тэорыі аўтаматызаваных сістэм кіравання і сістэм штучнага інтэлекту. На аснове створанай ім тэорыі лакальна бікампактных груп рашыў абагульненую 5-ю праблему Гільберта. Пад яго кіраўніцтвам створаны першая ў СССР кіроўная ЭВМ «Днепр», серыя ЭВМ «Мір». Шматпрацэсарныя выліч. комплексы ЕС-2701, ЕС-1766 і інш. Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэмія СССР 1968, 1977. Дзярж. прэмія Украіны 1970. У 1982 у АН Украіны засн. Прэмія імя Глушкова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОЛЬЦ-МІ́ЛЕР (Іван Іванавіч) (9.12.1842, г. Іанішкеліс, Літва — 17.8.1871),
удзельнік рэв.-дэмакр. руху, рус.паэт. Скончыў Мінскую гімназію (1859). У 1860 паступіў на юрыд.ф-т Маскоўскага ун-та. У 1861 арыштаваны як удзельнік рэв. гуртка П.Р.Заічнеўскага па справе аб друкаванні і распаўсюджванні нелегальнай л-ры. З турмы вярнуўся ў Мінск, адкуль неўзабаве высланы ў г. Карсун Сімбірскай губ. У 1867—69 жыў у Мінску, вандраваў па Расіі. Памёр і пахаваны ў Арле. Друкаваўся ў час. «Современник», «Отечественные записки». У Мінску напісаў вершы «З верай за справу», «Сум раз’ядае мне сэрца» і інш. Яго лепшы верш «Слу-хай!» (1864) пакладзены на музыку П.Сакальскім, стаў папулярнай песняй.
Тв.:
Поэт-революционер И.И.Гольц-Миллер /Сост. Б.Козьмин, Г.Лелевич. М., 1930.
Літ.:
Бас І. «...Не памерла слова яго!» // Бас І. Падарожжа ў літаратурнае мінулае. Мн., 1971;
Кісялёў Г.В. Яго помніць Мінск // Кісялёў Г.В. Героі і музы. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАЎ (Канстанцін Васілевіч) (25.9.1904, в. Лінёва Ніжагародскай вобл., Расія — 26.7.1988),
бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Акад.АН Беларусі (1938). Засл. дз. нав. і тэхн.БССР (1968). Скончыў Маскоўскі ін-т каляровых металаў і золата (1930). У 1938—47 прэзідэнт АН Беларусі, у 1947—49 дырэктар Фізіка-тэхн. ін-та, у 1969—73 віцэ-прэзідэнт, в.а. акадэміка-сакратара Аддз. фізіка-тэхн. навук АН Беларусі. Навук. працы па структурных ператварэннях металаў і сплаваў. Даследаваў уплыў легіравальных элементаў і мадыфікавальных дамешак на працэс крышталізацыі і ўласцівасці высокатрывалага чыгуну, уплыў алюмінію, тытану, малібдэну, вальфраму і ванадыю на фазавы састаў, структуру і ўласцівасці гарачатрывалых сплаваў. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.
Тв.:
Кинетика и механизм разупрочнения некоторых стареющих сплавов (разам з Р.Л.Тафпенец) // Кинетика и механизм кристаллизации. Мн., 1973;
Фазовые равновесия в сплавах Fe—Cu и Fe—C—Cr (разам з Л.А.Шаўчуком) // Весці АНБССР. Сер. фізіка-тэхн. навук. 1976. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫЦКЕ́ВІЧ (Валянцін Пятровіч) (н. 30.3.1933, Мінск),
беларускі гісторык. Брат А.П.Грыцкевіча. Канд.мед.н. (1963). Скончыў Мінскі ін-т замежных моў (1955), Мінскі мед.ін-т (1956), гіст.ф-тБДУ (1957). У 1956—71 працаваў урачом у Беларусі і Ленінградзе, з 1971 у Ваенна-мед. музеі Мін-ва абароны СССР, з 1988 на кафедры музеязнаўства Санкт-Пецярбургскага ін-та культуры. Даследуе гісторыю медыцыны і геаграфіі Беларусі, гісторыю музеязнаўства, тэорыю і методыку гісторыі, гісторыю міграцыі бел. інтэлігенцыі. Адзін з арганізатараў і старшыня (з 1988) Бел. грамадска-культурнага т-ва ў Пецярбургу, чл. Саюза пісьменнікаў Беларусі, ганаровы чл.Міжнар. асацыяцыі беларусістаў.
Тв.:
Путешествия наших земляков: Из истории страноведения Белоруссии. Мн., 1968;
Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980 (разам з А.Мальдзісам);
Нашы славутыя землякі. Мн., 1984;
От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;
С факелом Гиппократа: Из истории бел. медицины. Мн., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ХЕМ, Грэм (Graham) Марта (11.5.1894, г. Пітсбург, ЗША — 2.4.1991), амерыканская танцоўшчыца, харэограф, педагог; адна з яркіх прадстаўніц танца мадэрн. Ганаровы д-р мастацтвазнаўства Гарвардскага ун-та (1966). Вучылася ў школе Р.Сен-Дэні і Т.Шоўна (1916—23), танцавала ў ёй. У 1927 стварыла ў Нью-Йорку Школу сучаснага танца Грэхем (буйнейшы цэнтр танца мадэрн), у 1929 — трупу «Грэхем данс груп», з якой выступала да 1971. Выпрацавала ўласны стыль рытмапластычнага танца, які вылучаецца экспрэсіяй і сцэн. выразнасцю. Выступала з сольнымі нумарамі ва ўласных пастаноўках: «Скарга» (1930) і «Амерыканскія правінцыялы» (1934) на муз. Л.Хорста, «Вясна ў Апалачах» (1944) на муз. А.Копленда, «Пячора сэрца» С.Барбера (1947), «Клітэмнестра» (1958) і «Люцыфер» (1975) Эль Дабха, «Спакушэнне месяца» на муз. Б.Бартака (1986) і інш. Сярод яе вучняў і паслядоўнікаў Дж.Батлер, М.Канінгем, Н.Морыс, Р.Норт, Г.Сакалова, П.Тэйлар, Г.Тэтлі, А.Эйлі.
Літ.:
Terry W. Frontiers of dance: the life of Martha Graham. New York, 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ДЗІЙ (Мікалай Калінікавіч) (3.5.1887, г. Магілёў-Падольскі, Украіна — 29.10.1965),
рускі і ўкр. гісторык л-ры. Акад.АН УССР (1945). Скончыў Кіеўскі ун-т (1911). З 1922 праф. Маскоўскага ун-та. Кіраваў аддз.стараж.-рус. л-ры ў Ін-це сусв. л-ры АНСССР (1938—47), аддз.рус. л-ры (1945—52) і аддз.стараж.укр. л-ры (1952—61) у Ін-це л-ры АН УССР. Даследаваў стараж.-рус. л-ру («Слова пра паход Ігаравы», публіцыстыка 16 ст., творы Авакума), рус. і ўкр. л-ру 18 — пач. 20 ст. (Ф.Пракаповіч, М.Ламаносаў, А.Пушкін, М.Гогаль, Л.Талстой, В.Брусаў, Т.Шаўчэнка, І.Франко і інш.), а таксама пытанні тэксталогіі.
Тв.:
Пушкин. Киев, 1949;
Лев Толстой. 3 изд. М., 1960;
Хрестоматия по древней русской литературе XI—XVII вв. 7 изд. М., 1962;
История древней русской литературы. 7 изд. М., 1966;
Литература Киевской Руси и украинского-русское литературное единение XVII—XVIII вв. Киев, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБШЭ́ВІЧ ((Dobszewicz) Бенядзікт) (12.3.1722, каля г. Навагрудак, Гродзенская вобл. — 1799),
філосаф, тэолаг, прадстаўнік эклектычнай філасофіі Беларусі і Літвы. Скончыў Навагрудскі езуіцкі калегіум, Віленскую езуіцкую акадэмію. Выкладаў у іх і ў Полацкім езуіцкім калегіуме (з 1773 дэкан тэалагічнага ф-та Віленскай акадэміі). Прызнаваў філас. і прыродазнаўчанавук. ідэі П.Гасендзі, Р.Дэкарта, І.Кеплера, І.Ньютана, геліяцэнтрычную сістэму М.Каперніка і яго паслядоўнікаў («Погляды новых філосафаў», 1760). Фундаментальнымі палажэннямі логікі лічыў прынцып дастатковай падставы і прынцып сумлення («Лекцыі па логіцы», 1761). Прызнаваў тры віды пазнання: гіст. (пазнанне фактаў, іх успрыняцце), філас. (раскрыццё прычыны і асновы прадмета) і матэм. (пазнанне колькасных адносін). Паводле Дабшэвіча, мэта навукі — дасягненне ісціны для карысці чалавека. Ісціну падзяляў на лагічную, метафіз. і маральную. У філас. поглядах прытрымліваўся картэзіянства пазнейшага часу, спалучаў тэалагічны светапогляд з новафілас. поглядамі, што не магло не прывесці да ўнутр. супярэчнасцей у яго сістэме, якія выразна выявіліся ў кн. «Тэзісы ва універсальную філасофію» (1763).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІЛО́ВІЧ (Ігнат Мікалаевіч) (10.8.1787, в. Грынявічы Бельскага пав. Падляшскага ваяводства, Польшча — 12.7.1843),
гісторык, правазнавец, адзін з першых даследчыкаў летапісных і заканадаўчых помнікаў Беларусі і Літвы. Праф. (1822). Скончыў Віленскі ун-т (1812), дзе ў 1814—24 выкладаў права. Пасля раскрыцця т-вафіламатаў звольнены з працы. У 1825—29 праф. Харкаўскага ун-та; у 1830—35 працаваў у Пецярбургу ў камісіі М.М.Спяранскага па падрыхтоўцы законаў для зах. губерняў. У 1835—42 выкладаў права ў Кіеўскім і Маскоўскім ун-тах. Займаўся зборам, вывучэннем і публікацыяй пісьмовых крыніц па гісторыі Беларусі і Літвы. Упершыню апісаў усе рукапісныя і друкаваныя экз. Статутаў ВКЛ, падрыхтаваў першае навук. выданне Статута ВКЛ 1529 (выд. у 1841), апублікаваў бел.-літ. летапіс 1446 паводле Супрасльскага рукапісу. Апісаў, пераказаў змест і часткова апублікаваў каля 2500 розных пісьмовых крыніц па гісторыі Беларусі і Літвы. Працы Д. сталі пачаткам навук. даследавання бел.-літ. летапісання.
В.А.Чамярыцкі.
І.М.Даніловіч. Партрэт работы Р.Жукоўскага. 1846.