КРАСО́ЎСКІ (Сцяпан Акімавіч) (20.8.1897, в. Глухі Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 21.4.1983),

Герой Сав. Саюза (1945), маршал авіяцыі (1959). Праф. (1966). Скончыў Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя М.​Я.​Жукоўскага (1936). У арміі з 1916, у Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз., сав.-фінл. 1939—40 войнаў. У Вял. Айч. вайну камандуючы ВПС арміі, фронту, паветр. арміі. Удзельнічаў у баявых аперацыях на Каўказе, у Сталінградскай і Курскай бітвах, на Украіне, у Польшчы, Чэхаславакіі, у Вісла-Одэрскай, Пражскай і Берлінскай аперацыях. Пасля вайны камандуючы ВПС акруг, паветр. арміяй, у 1955—56 у БВА, у 1956—70 нач. Ваенна-паветр. акадэміі імя Ю.​А.​Гагарына, з 1970 у Мін-ве абароны СССР. Чл. Цэнтр. рэвіз. камісіі КПСС у 1961—66. Чл. ЦК КПБ у 1956—60. Аўтар успамінаў «Жыццё ў авіяцыі» (3-е выд., 1976).

С.А.Красоўскі.

т. 8, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОН (сапр. Крэйн) Аляксандр Аляксандравіч

(13.7.1909, Масква — 24.2.1983),

расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). Дэбютаваў у 1929 п’есай «Вінтоўка № 492116» (паст. 1930) пра дзіцячую беспрытульнасць. П’есам «Баязлівец» (паст. 1935), «Наша зброя» (1937), «Глыбокая разведка» (паст. 1943), «Афіцэр флоту» (паст. 1945), «Другое дыханне» (паст. 1956) і інш. характэрны вострыя маральныя канфлікты. Аўтар муз. камедыі «Раскінулася мора шырока...» (з У.​Вішнеўскім і У.​Азаравым; паст. 1942). Выдаў раман «Дом і карабель» (1964) пра падводнікаў і іх удзел у абароне Ленінграда ў Вял. Айч. вайну, псіхалагічны раман «Бяссонніца» (1977), дакумент аповесць «Капітан далёкага плавання» (1983), кнігі нарысаў «На хаду і на якары» (1961), «Вечная праблема» (1969), успамінаў «Аб равесніках» (1978). Пісаў артыкулы пра тэатр і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1990—91;

Пьесы и статьи о театре. М., 1980.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУШЫ́НА (сапр. Казак) Рыгор

(3.12.1908 або 1907, в. Бязверхавічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 27.3.1979),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1920-я г.). Скончыў Маскоўскі ін-т кінематаграфіі (1935). У Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў з ням.-фаш. акупантамі; друкаваўся ў газ. «Беларуская газэта», «Беларускі работнік», «Раніца». З 1944 у Германіі, у 1950—60-я г. працаваў на радыёстанцыі «Свабода». З 1960-х г. у ЗША. Друкаваўся з 1925. Першы зб. «Паэзія чырвонаармейца» (1931). Лірызм, туга па Радзіме, любоў да жанчыны ў. зб-ках паэзіі «Лебедзь чорная» (1947), «Вячорная лірыка» (1963), «Хвіліна роздуму» (1968), «Вясна ўвосень» (1972), «Дарогі» (1974), «Сны і мары» (1975). Першы ў бел. паэзіі развіваў паліндром, туюг, канцону, лірычную секстыну і інш. формы верша. Пісаў паэмы, апавяданні, крытычныя артыкулы, шмат перакладаў.

Тв.:

Выбр. творы. Нью-Йорк;

Мюнхен, 1957.

т. 8, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЦКІЯ ПАЎСТА́ННІ,

нацыянальна-вызв. паўстанні грэкаў вострава Крыт супраць тур. панавання ў 1866—69, 1878, 1887, 1895, 1896—97. Праходзілі пад лозунгам далучэння Крыта да Грэцыі. Паўстанне 1866—69 выклікана ўвядзеннем падаткаў на тытунь, соль і віно, закрыццём некалькіх грэч. школ. Паўстанцы знішчылі некалькі тур. гарнізонаў, потым пайшлі ў горы, дзе стварылі часовы ўрад; іх падтрымлівалі зброяй і добраахвотнікамі Грэцыя і інш. краіны. Задушана тур. экспедыцыйнай арміяй пасля таго, як Грэцыя вымушана была спыніць ім дапамогу. Паўстанне 1896—97, выкліканае заменай губернатара Крыта хрысціяніна на мусульманіна, перарасло ў вайну паміж Грэцыяй і Турцыяй (крас.—май 1897), у якой грэч. армія і крыцкія паўстанцы пацярпелі паражэнне. Аднак у 1898 пад уздзеяннем паўстанняў і націскам буйных еўрап. дзяржаў Турцыя мусіла надаць Крыту адм. аўтаномію.

Літ.:

Сенкевич И.Г. Россия и Критское восстание, 1866—1869 гг. М., 1970.

т. 8, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА-РАШЭ́ЛЬ (La Rochelle),

горад на З Францыі. Адм. ц. дэпартамента Прыморская Шаранта і гал. горад гіст. вобласці Аніс. Каля 100 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт у Біскайскім заліве. Цэнтр рыбалоўства і перапрацоўкі трапічнай драўніны. Прам-сць: рыбаперапрацоўчая, маш.-буд., нафтаперапр., хімічная. Арсенал. Арх. помнікі 14—18 ст.

У 10 ст. паселішча пад назвай Рупела. Гар. правы з 12 ст. З 16 ст. буйны порт, пункт гандлю Францыі з Амерыкай. З 1562 гал. паліт. і ваен. цэнтр гугенотаў. У 1627 у саюзе з Англіяй выступіў супраць кардынала А.Ж.Рышэльё. У 1628 пасля 15-месячнай аблогі крэпасць Л.-Р. узята войскамі караля Людовіка XIII, горад пазбаўлены прывілеяў. Скасаванне ў 1685 Нанцкага эдыкта 1598, страта калоній у Канадзе і кантынентальная блакада прывялі да паступовага заняпаду порта і горада. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны.

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЎРЫШАВА, Лаўрышаў,

вёска ў Шчорсаўскім с/с Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. На левым беразе р. Нёман. За 27 км на У ад Навагрудка, 189 км ад Гродна, 55 км ад чыг. ст. Наваельня. 232 ж., 109 двароў (1998).

Узнікла ў 13 ст. як паселішча вакол Лаўрышаўскага манастыра. З 1795 у Рас. імперыі. У 1885 сяло Нягневіцкай вол. Навагрудскага пав., 460 ж., 52 двары, школа, царква, капліца. У 1908—513 ж., 77 двароў. З 1921 у Польшчы, вёска Нягневіцкай гміны Навагрудскага пав., 214 ж., 38 двароў. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Любчанскага, з 1956 — Навагрудскага р-наў. З 1959 у Шчорсаўскім с/с.

Базавая школа, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Успенская царква (1798), помнік святому Елісею Лаўрышаўскаму (1996).

У.​У.​Бянько.

т. 9, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕМЯШО́НАК (Уладзімір Іосіфавіч) (н. 14.10.1929, в. Кіктараўка Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1990). Скончыў БДУ (1956). З 1957 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, з 1964 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ, Мінскай ВПШ, з 1991 у Ін-це гіст.-паліт. даследаванняў, з 1992 гал. рэдактар Арганізац.-метадычнага цэнтра па выданні гіст.-дакумент. хронік «Памяць». Даследуе гісторыю барацьбы бел. народа супраць ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну. Адзін з аўтараў выданняў «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85), «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 4, 1975) і інш.

Тв.:

Героические страницы освобождения Белоруссии: Операция «Багратион». Мн., 1984;

Идейно-политическая работа Компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны. Мн., 1988;

Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!» Мн., 1996.

т. 9, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПЕЛЬСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Адкрыты ў 1954 у г. Лепель Віцебскай вобл. Пл. экспазіцыі 237 м², больш за 14,2 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). У 6 залах экспазіцыі адлюстравана гісторыя Лепельшчыны. Сярод экспанатаў прылады працы, упрыгожанні 8 ст. да н.э. — 12 ст. н.э. з раскопак стараж. паселішчаў на тэр. раёна; дакументы і матэрыялы пра рэв. рух 19 — пач. 20 ст., грамадз. вайну, індустрыялізацыю і калектывізацыю, рэпрэсіі сав. часу і інш. Значнае месца займае экспазіцыя, прысвечаная Вял. Айч. вайне (абарончыя баі, Лепельскі контрудар 1941, дзейнасць падполля і партыз. руху, вызваленчыя баі, у т. л. асабістыя рэчы і баявая зброя Герояў Сав. Саюза Ф.Ф.Дуброўскага, У.Е.Лабанка). Дэманструюцца прылады працы і рэчы побыту 19—20 ст., ганчарныя вырабы, нац. адзенне лепельскага строю, нар. муз. інструменты. У раздзеле прыроды — чучалы жывёл і птушак Бярэзінскага запаведніка.

В.​Я.​Ланікіна.

т. 9, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУГА́НСКІ (Сяргей Данілавіч) (1.10.1918, Алматы — 16.1.1977),

генерал-маёр авіяцыі (1957), двойчы Герой Сав. Саюза (1943, 1944). Скончыў Арэнбургскую ваен. школу лётчыкаў (1938), Ваен.-паветр. акадэмію (1949). У Чырв. Арміі з 1936, лётчык. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з кастр. 1941 на Паўд., Варонежскім, Сцяпным, 2-м і 1-м Укр. франтах: нам. камандзіра і камандзір эскадрыллі, камандзір знішчальнага авіяц. палка. Вызначаўся высокім майстэрствам вядзення паветр. баёў. Толькі ў час бітвы за Дняпро 1943 збіў асабіста 18 самалётаў праціўніка і 1 у групавым баі. Усяго Л. зрабіў 390 баявых вылетаў, збіў асабіста 37 (у т. л. 2 тараніў) і ў групавых баях 6 самалётаў праціўніка. Пасля вайны (да 1964) на камандных пасадах у ВПС. Аўтар успамінаў «На глыбокіх віражах» (2-е выд. 1966) і «Неба застаецца чыстым» (1970).

С.Д.Луганскі.

т. 9, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙНЦКАЯ КАМУ́НА Майнцкая рэспубліка,

першая рэспубліка на тэр. Германіі, якая існавала ў час акупацыі Рэйнскай вобл. войскамі рэв. Францыі ў аўстра-пруска-франц. вайну 1792—95. Абвешчана 18.3.1793 у г. Майнц Рэйнска-нямецкім нац. канвентам (першы дэмакр. парламент у герм. гісторыі), скліканым 17 сак. ням. якабінцамі (пераважна студэнты і прафесары) на чале з А.​Гофманам і Г.​Форстэрам, якія гуртаваліся ў засн. імі на ўзор франц. Якабінскага клуба «Т-ве сяброў свабоды і роўнасці» (вядомы як Майнцкі клуб; «клубісты» лічацца пачынальнікамі рэсп. традыцыі ў Германіі). Канвент скасаваў феад. парадкі і прыняў рашэнне аб далучэнні М.к. да Францыі. Ліквідавана ў выніку заняцця Майнца 23.7.1793 прускімі і аўстр. войскамі і аднаўлення Майнцкага курфюрства.

Літ.:

Мошковская Ю.Я. Г.​Форстер — немецкий просветитель и революционер XVIII в. М., 1961;

Die Mainzer Republik. Protokolle des Jakobinerklubs. Berlin, 1975.

т. 9, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)