ЖАНДАРМЕ́РЫЯ (франц. gendarmerie ад gens d’armes узброеныя людзі),
палітычная паліцыя. Як інстытут паліт. паліцыі ўпершыню ўведзена ў Францыі (1791). У Расіі ў 1792—1817 (з перапынкамі) існавала ў якасці ваен. паліцыі пры рас. арміі. З лютага 1817 набыла самаст. характар. У Пецярбургу і Маскве былі створаны жандарскія дывізіёны, а ва ўсіх губернскіх гарадах конныя жандарскія каманды. Пасля паўстання дзекабрыстаў Ж. стала сродкам барацьбы з рэв. рухам. У 1826 у Расіі існавала 59 розных па прызначэнні жандарскіх часцей і падраздзяленняў. У 1827 Ж. аб’яднана ў корпус жандараў (у 1837—67 і 1875—1917 — асобны корпус) і падпарадкавана кіраўніку Трэцяга аддзялення ў складзе імператарскай канцылярыі, які з 1839 стаў таксама начальнікам штаба корпуса Ж. У 1867 праведзена рэформа і прынята Палажэнне аб корпусе Ж., якое з нязначнымі зменамі дзейнічала да лют. 1917. Корпус Ж. ахопліваў усю імперыю і выконваў абавязкі паліт., коннай гарадской і ваен. паліцыі. Жандарскія падраздзяленні неслі абавязкі па выяўленні і расследаванні дзярж. злачынстваў, нагляду за турмамі і паліт. вязнямі, падтрыманні парадку на чыгунцы. Ж. мела права весці вышук, тайнае назіранне, рабіць вобыскі і інш. У 1880 пасля скасавання Трэцяга аддзялення Ж. ўвайшла ў падпарадкаванне Мін-ваўнутр. спраў. У 1882 створана пасада камандзіра Асобнага корпуса Ж. Ім стаў нам. міністра ўнутр. спраў, які курыраваў дэпартамент паліцыі. Бел. губернскія жандарскія ўпраўленні (Віленскае, Гродзенскае, Мінскае, Магілёўскае і Віцебскае) уваходзілі ў склад 4-й (Віленскай) жандарскай акругі. У губернскіх гарадах існавалі ўпраўленні жандарскіх штаб-афіцэраў. У буйных нас. пунктах губерняў размяшчаліся жандарскія каманды. У 1885 у 5 бел. губернях былі 24 павятовыя ўпраўленні (па 4 у Віленскай і Мінскай губ., па 5 у Гродзенскай і Магілёўскай, 6 у Віцебскай губ.), у якія ўваходзілі 24 обер- і 263 унтэр-афіцэры. У кожным губ. горадзе было гар. ўпраўленне з адпаведным штатам чыноў, пры Віленскім гар. упраўленні існавала конная каманда. На чыгунках, якія праходзілі праз тэр. Беларусі і Літвы, для падтрымкі грамадскага парадку дзейнічалі Віленскае і Мінскае чыг. жандарскія ўпраўленні. Жандарскія падраздзяленні на тэр. Беларусі прымалі ўдзел у падаўленні паўстання 1863—64, у выкрыцці рэв. гурткоў, дзеячаў рэв. руху. Ж. ліквідавана пасляЛют. рэвалюцыі 1917.
Літ.:
Ерошкин Н.П. История государственных учреждений дореволюционной России. 3 изд. М., 1983;
Курлов П.Г. Гибель императорской России. М., 1992;
Новицкий В.Д. Из воспоминаний жандарма. М., 1991;
Оржеховский И.В. Самодержавие против революционной России (1826—1880 гг.). М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫГІМО́НТ IIIВаза
(20.6.1566, Грыпсхальм, Швецыя —30.4.1632),
вялікі князь ВКЛ і кароль польскі [1587—1632], у ВКЛ Жыгімонт IV; кароль Швецыі [1592—99]. Сын караля Швецыі Юхана (Яна) III Вазы і Кацярыны Ягелонкі, дачкі Жыгімонта I Старога. Абраны на трон Польшчы і ВКЛпасля смерці Стафана Баторыя. Каб замацаваць свае пазіцыі сярод бел.-літ. магнатаў і шляхты, Ж. III выдаў 28.1.1588 у Кракаве прывілей, які зацвярджаў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Пасля смерці бацькі ў 1592 заняў шведскі трон. Палітыка Ж. III па аднаўленні пазіцый каталіцкай царквы ў Швецыі правалілася, у 1599 пратэстанты скінулі яго з трона. Да канца жыцця рабіў намаганні вярнуць швед. карону, пачаў вайну Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29. Падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але быў вымушаны паспрыяць прыняццю пастаноў сеймаў Рэчы Паспалітай 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўным. Прапаноўваў планы далучэння Маскоўскай дзяржавы да Рэчы Паспалітай як члена федэрацыі разам з Польшчай і ВКЛ. Падтрымаў Ілжэдзмітрыя I, Ілжэдзмітрыя II. Пасля запрашэння царом Васілём Шуйскім швед. корпуса для барацьбы з войскамі Лжэдзмітрыя II Ж. III пачаў вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У выніку разгрому рас. арміі каля Клушына (1610) Васіль Шуйскі быў скінуты з трона, маскоўскія баяры і гараджане абвясцілі царом сына Ж. III — каралевіча Уладзіслава Жыгімонтавіча (гл.Уладзіслаў IV Ваза). Да Дэулінскага перамір’я 1618 Ж. III дапамагаў сыну як «маскоўскаму цару». Намаганні Ж. III увесці ў Рэчы Паспалітай абсалютную манархію, спадчыннасць трона (а не выбары караля), зменшыць ролю палаты дэпутатаў (пасольскай ізбы), выклікалі ў 1606 рокаш (легальны мяцеж шляхты), які ўзначаліў гетман надворны каронны М.Зебжыдоўскі. У ліп. 1607 каля Гузава ракашане пацярпелі паражэнне. Рокаш скончыўся кампрамісам. Сейм абвясціў амністыю, зацвердзіў шляхецкія вольнасці, непарушнасць права выбару караля, пастаянную прысутнасць сенатараў для кантролю за яго дзеяннямі. Ж. III праводзіў актыўную палітыку ў паўд. напрамку. З-за свайго ультракаталіцызму падтрымліваў імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» ў яго барацьбе супраць Чэхіі і Трансільваніі, што выклікала пастаянныя напады на Украіну і паўд. Польшчу крымскіх татар і туркаў, саюзнікаў Трансільваніі. У 1620 польск. войска было разбіта туркамі каля Цацоры. Рэванш, атрыманы ім у 1621 пад Хацінам, не быў выкарыстаны з-за нерашучасці Ж. III. Шмат у чым палітыка Ж. III прывяла да далейшага заняпаду дзяржавы і змяншэння яе ролі ў еўрап.паліт. жыцці 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЯ МІТРАПО́ЛІЯ,
царкоўна-адм. адзінка правасл. царквы. Утворана ў канцы 10 ст. ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата пасля ўвядзення хрысціянства ў Кіеўскай Русі. Першапачаткова ахоплівала тэр. ўсёй Русі, цэнтр быў у Кіеве, яе кіраўнік называўся мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі. Падзялялася на епархіі, колькасць і межы якіх мяняліся. З заняпадам Кіева пасля мангола-татарскага нашэсця цэнтр К.м. ў сярэдзіне 13 ст. перанесены ва Уладзімір-на-Клязьме, у пач. 14 ст. — у Маскву. У сувязі з ўваходжаннем тэр.б. Кіеўскай Русі ў розныя дзярж. ўтварэнні з 14 ст. К.м. стала распадацца на Галіцкую (існавала з перапынкамі ў 14 ст.), Літоўска-Навагрудскую і Маск. мітраполіі; у 1458 канчаткова падзелена на 2 самастойныя мітраполіі: К.м. ў ВКЛ і Галіцыі з цэнтрам у Навагрудку (часам у Вільні) і Маскоўскую (стала так афіцыйна называцца з 1459). У 1596 кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагоза падтрымаў Брэсцкую унію 1596, у выніку была створана уніяцкая царква (гл.Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква), уніяцкія мітрапаліты называліся таксама кіеўскімі, галіцкімі і ўсяе Русі. У 1620 правасл. К.м. адноўлена ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата з цэнтрам у Кіеве. У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 частка мітраполіі (Левабярэжная Украіна і Кіеў) адышла да Расіі, у 1685 уся К.м. (уключала на той час тэр. Украіны і Беларусі) пераведзена пад юрысдыкцыю Маск. патрыярхата. Яна страціла свой высокі статус гал.царк.-адм. адзінкі краіны; мітрапаліт стаў называцца кіеўскім, галіцкім і Малыя Расіі. У 1722 скасавана царскім урадам. Імператрыца Лізавета аднавіла яе, мітрапаліт стаў называцца кіеўскім і галіцкім. Пасля 1917 утворана Украінская аўтакефальная правасл. царква (УАПЦ) на чале з мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Украіны, у 1925 — менш значная Украінская правасл. царква (УПЦ); паралельна з імі на Украіне дзейнічала Руская правасл. царква. Прымусовае скасаванне ў 1930-я г. УАПЦ спыніла існаванне самастойнай К.м. У 1989 на Украіне разгарнуўся рух за аўтакефалію, у 1990 усеўкраінскі сабор УАПЦ абвясціў стварэнне Кіеўскага патрыярхата. Адначасова на Украіне працягвае дзейнасць і К.м. ў юрысдыкцыі Маск. патрыярхата.
Літ.:
Голубинский Е. История русской церкви. Т. 1. 2 изд. М., 1901;
Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни Буэнос-Айрес, 1966 (рэпр. выд.Мн., 1990);
Огіенко І.І. Українська церква. Т. 1—2. Київ, 1993;
Крижанівський О., Плохій С. Історія церкви та релігійної думкі в Україні. Київ, 1994. Кн. 3. С. 95—106, 131—133.
нацыянальна-вызв. рэвалюцыя ў Манголіі за аднаўленне нац. дзяржаўнасці і паскарэнне развіцця манг. грамадства. У 1919 кіт. войскі ген. Сюй Шучжэна занялі Манголію Знешнюю і ўстанавілі там жорсткі акупац. рэжым. У гэтых умовах манг. патрыёты (прадстаўнікі інтэлігенцыі, духавенства, арыстакратыі, пастухоў-аратаў) стварылі ў г. Урга 2 падп. гурткі, якія ў чэрв. 1920 аб’ядналіся ў Манг.нар. партыю (МНП, з 1925 Манг. нар.-рэв. партыя). У сярэдзіне 1920 МНП накіравала ў Маскву дэлегацыю ў складзе Д.Бода, С.Данзана, Д.Сухэ-Батара і інш. па дапамогу ад РСФСР. Зачэпкай для ўмяшання Сав. Расіі ў справы Манголіі паслужыла ўварванне сюды восенню 1920 рус. белагвардзейскай дывізіі ген. Р.Ф.Унгерна фон Штэрнберга, якая 4.2.1921 заняла Ургу і да крас. выгнала кіт. войскі са Знешняй Манголіі. Унгерн афіцыйна абвясціў незалежнасць краіны і аднавіў уладу богда-гэгэна (кіраўніка ламаісцкай царквы, з 1911 свецкага і духоўнага правіцеля манг. дзяржавы), фактычна ж стаў правіць сам і сваім тэрарыст. рэжымам хутка выклікаў нянавісць насельніцтва. 1—3.3.1921 у г. Кяхта (Расія) адбыўся 1-ы з’езд МНП, на якім старшынёй партыі выбраны Данзан. 13.3.1921 утвораны Часовы нар. ўрад на чале з Бода. Пачалося фарміраванне Манг. нар.-рэв. арміі (МНРА, галоўнакамандуючы — Сухэ-Батар). Пасля звароту Часовага нар. ўрада ў чэрв. 1921 урад Сав. Расіі накіраваў на дапамогу манг. рэвалюцыянерам экспедыцыйны корпус войск Чырв. Арміі пад камандаваннем К.А.Неймана, які сумесна з МНРА вызваліў 6.7.1921 Ургу і да жн. ліквідаваў атрады Унгерна. 10.7.1921 ва Урзе створаны Нар. ўрад на чале з Бода. Паводле дагавора з богда-гэгэнам (ліст. 1921) Нар. ўрад пакінуў за ім пасаду намінальнага кіраўніка дзяржавы і засяродзіў у сваіх руках рэальную ўладу. У працэсе выбару шляхоў далейшага развіцця ў кіраўніцтве МНП разгарнулася жорсткая барацьба, на якую аказвалі моцны ўплыў прадстаўнікі сав. кіраўніцтва. У 1922 ад улады адхілены і пакараны смерцю Бода, у 1924 — Данзан (пасля смерці ў лют. 1923 Сухэ-Батара таксама каманд. МНРА). У выніку перамаглі прыхільнікі прасав. лініі. У 1921—24 у М. праведзена нацыяналізацыя зямлі, ліквідавана прыгонніцтва, адменены феад. званні і прывілеі, анулявана запазычанасць працоўных купцам і ліхвярам, рэфармавана мясц. самакіраванне. 3-і з’езд МНП (жн. 1924) афіцыйна прыняў курс на некапіталіст. развіццё краіны. 26.11.1924 (пасля смерці богда-гэгэна) абвешчана Манг.Нар. Рэспубліка.
Літ.:
Рощин С. Они возглавили революцию // Азия и Африка сегодня. 1995. № 9;
Грайворонский В. Исторический выбор // Там жа. 1996. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ННАЕ ПРА́ВА,
прымацаванне сялян да зямлі законамі феад. дзяржавы; залежнасць сялян ад феадалаў у асабістых, маёмасных, зямельных, адм.юрыд. адносінах. Вынікала з уласнасці феадалаў на зямлю, на якой жылі сяляне. Уключала забарону сялянам пакідаць свае зямельныя надзелы, спадчыннае падпарадкаванне адм. і суд. уладзе феадала, пазбаўленне сялян права адчужаць свае надзелы і набываць нерухомасць, прымусовую працу сялян у гаспадарцы феадала (паншчыну) і ўплату выплату яму розных грашовых і натуральных павіннасцей (аброку). У Зах. Еўропе П.п. было пашырана з 8—9 ст., з развіццём таварна-грашовых адносін паступова адмянялася (з 12—13 ст.). У шэрагу краін Цэнтр. і Усх. Еўропы (Германія, Чэхія, Польшча і інш.) у 16—18 ст. прыгонная залежнасць узмацнілася (т.зв. другое выданне П.п.). П.п. тут паступова скасоўвалася з сярэдзіны 18 ст. Пытанне аб існаванні П.п. ў Азіі застаецца дыскусійным. Але ў цэлым у большасці краін Усходу адсутнасць развітой паншчыннай гаспадаркі і звязанай з ёй адработачнай рэнты абумовіла адсутнасць такога юрыд. ін-та П.п., які адпавядае пэўнай сістэме памешчыцкай і сял. гаспадаркі. Аднак гэта не азначала існавання поўнай свабоды пераходу.
Элементы П.п. ў Кіеўскай Русі ў адносінах да асобных катэгорый сялян (закупы, смерды), якія эксплуатаваліся на паншчыне, прасочваюцца з 11—12 ст. У Паўн.-Усх. Русі з сярэдзіны 15 ст. рост плошчы ворыва суправаджаўся ўзмацненнем эксплуатацыі феад. залежных сялян у выглядзе паншчыны. аброку і інш. павіннасцей. Асабістая залежнасць сялян ўзмацнялася даўгавой пасткай, у якую сяляне траплялі пасля атрымання ад феадалаў пазык грашыма, насеннем і інш. Сяляне, каб пазбавіцца ад гэтай залежнасці, часта мянялі ўладальнікаў шляхам пераходаў (гл.Выхад сялянскі) Феад. дзяржава імкнулася абмежаваць сял. пераходы праз устанаўленне для сялян некат., асабліва паўночных, зямель акрэсленага тэрміну змены ўладальнікаў: тыдзень да Юр’ева дня (26 ліст.) і тыдзень пасля яго. З утварэннем у канцы 15 ст.Рус. цэнтралізаванай дзяржавы Судзебнік 1497 пашырыў гэтую норму на ўсю яе тэр., чым быў пакладзены пачатак юрыд. запрыгоньванню сялян. Пераход сялян да інш. уладальнікаў быў магчымы пасля выплаты феадалу за т.зв. пажылое. У 1581 Іван IV увёў забарону на сял. пераходы і ў наступныя гады пацвердзіў яе. Сяляне бестэрмінова замацоўваліся за феадаламі. што фіксавалася ў пісцовых кнігах. У 1597 уведзены 5-гадовы тэрмін вышуку збеглых сялян («урочныя» гады). У 1607 гэты тэрмін павялічаны да 15 гадоў і ўзаконена права феадалаў на сялян паводле запісаў у пісцовых кнігах 1591—92. Саборнае ўлажэнне 1649 устанавіла бестэрміновы вышук збеглых сялян. Сяляне пасля 1649 сталі прыгоннымі, фактычнай уласнасцю сваіх феадалаў-землеўладальнікаў. Была ўстаноўлена спадчыннасць прыгоннага стану і права феадала распараджацца маёмасцю селяніна. Указы 1675, 1682, 1688 санкцыянавалі продаж сялян без зямлі, указ 1760 афіцыйна дазваляў раздзяляць пры продажы бацькоў і дзяцей. Дваране-землеўладальнікі атрымалі права ссылаць сваіх прыгонных у Сібір (1760), адпраўляць на катаргу (1765) і ў турму (1775). У 1741 памешчыцкія сяляне адхілены ад прысягі імператару, у 1767 ім пад пагрозай цяжкага пакарання забаронена падаваць скаргі на сваіх уладальнікаў. П.п. ў Рас. імперыі ў 2-й пал. 18 ст. амаль не адрознівалася ад рабства (дваране не мелі толькі права караць смерцю сваіх прыгонных). У 1783 яно пашырана на Левабярэжную Украіну, у 1796 — на Наваросію. Найб. бяспраўныя катэгорыі прыгонных — дваровыя людзі і пазбаўленыя надзелаў месячнікі, якія працавалі ўвесь час на паншчыне і штомесячна атрымлівалі харч. паёк.
На Беларусі пачатак юрыд. афармленню П.п. паклаў Прывілей 1447вял. князя ВКЛ Казіміра IV, якім забаронены пераход прыватнаўласніцкіх сялян (чэлядзь нявольная, людзі «непахожыя») у велікакняжацкія маёнткі. Гэтыя катэгорыі сялян абкладаліся павіннасцямі толькі на карысць сваіх землеўласнікаў, якія атрымалі над імі неабмежаваную, у т. л. судовую, уладу. «Устава на валокі» 1557, Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 завяршылі працэс запрыгоньвання сялян. Статут 1529 устанавіў 10-гадовы тэрмін пражывання вольных сялян (людзей «пахожых») на землях феадалаў, пасля заканчэння якога яны рабіліся прыгоннымі. Гэтую норму пацвердзіў і Статут 1588, які павялічыў устаноўлены Статутам 1566 10-гадовы тэрмін вышуку збеглых сялян да 20 гадоў. Паводле асн. павіннасцей прыгонныя сяляне ўмоўна падзяляліся на цяглых сялян і асадных сялян. Да канца 16 ст.б. катэгорыі сялян — чэлядзь нявольная і людзі «непахожыя» ўтварылі адзіны клас-саслоўе прыгонных сялян. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (у 1772—95) рас. прыгонніцкае заканадаўства пашырылася і на яе тэрыторыю.
Эканам. неэфектыўнасць прыгоннага ладу, грамадскае асуджэнне яго антыгуманных праяў, сял. хваляванні абумовілі ў канцы 18 — сярэдзіне 19 ст. шэраг урадавых захадаў па абмежаванні П.п. і з’яўленне афіц. праектаў яго паступовай адмены. У 1808 забаронена прадаваць прыгонных на кірмашах, у 1833 — раз’ядноўваць пры продажы сем’і. Частковае распрыгоньванне невял. часткі сялян адбылося паводле законаў аб вольных хлебаробах (1803) і часоваабавязаных сялянах (1842). Паводле рэформы 1838—42 на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне адменена арэндна-паншчынная (фактычна прыгонніцкая) эксплуатацыя дзярж. сялян. П.п. скасавана паводле Сялянскай рэформы 1861, але яго перажыткі захоўваліся ў выглядзе адпрацовак да Кастр. рэвалюцыі 1917.
Літ.:
Фридман М.Б. Отмена крепостного права в Белоруссии. Мн., 1958;
Корецкий В.И. Формирование крепостного права и первая крестьянская война в России. М., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁСІК (Язэп) (Іосіф) Юр’евіч (18.11. 1883, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 1.4.1940),
бел. грамадскі і паліт. дзеяч, мовазнавец, пісьменнік, педагог. Акад.АН Беларусі (1928). Дзядзька Я.Коласа. Вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі (1898—99), скончыў Ноўгарад-Северскае гар. вучылішча (1902). Працаваў выкладчыкам Бабруйскай с.-г. школы, настаўнічаў у мяст. Грамяч Ноўгарад-Северскага пав. Чарнігаўскай губ. За ўдзел у рэв. выступленнях 1905 арыштаваны (у 1907 уцёк з турмы). У 1911 паўторна арыштаваны. Пакаранне адбываў у г. Кірэнску і Бадайбо Іркуцкай губ., дзе пасябраваў з А.Гаруном. Падтрымліваў сувязь з газ.«Наша ніва». Са ссылкі вярнуўся пасляЛют. рэвалюцыі 1917. Стаў адным з лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Увайшоў у Беларускі нацыянальны камітэт, рэдагаваў яго газ.«Вольная Беларусь» (1917—18). На з’ездзе бел.нац. арг-цый і партый выбраны ў Выканаўчы к-тЦэнтр. рады бел. арг-цый, пазней увайшоў у Вялікую беларускую раду. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. У час акупацыі Беларусі герм. і польск. войскамі працаваў у Мінску. Уваходзіў у Раду БНР, Народны сакратарыят Беларусі, адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.4.1918 разам з інш. кіраўнікамі падпісаў ад імя Рады БНР тэлеграму на імя кайзера Германіі Вільгельма П, у якой яны заяўлялі, што будучыню Беларусі бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы». Пасля расколу БСГ адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У чэрв. 1918 узначаліў Раду БНР. У 1919 і 1920 супрацоўнічаў з газ. «Звон» і «Беларусь» (апошнюю некаторы час рэдагаваў). Пасля расколу Рады БНР (13.12.1919) стаў старшынёй Найвышэйшай рады БНР. Пасляграмадз. вайны адзін з першых заявіў аб прызнанні сав. улады. Ад паліт. дзейнасці адышоў. Займаўся навук., культ.-асв., літ. працай. З 1921 выкладаў у БДУ, у Белпедтэхнікуме. У 1922 выбраны правадз.чл. Ін-та бел. культуры, у 1928 — акадэмікам АН Беларусі. Удзельнічаў у рабоце Тэрміналагічнай камісіі (з пач. 1930 яе старшыня), быў дырэктарам Ін-та навук. мовы. Адзін з ініцыятараў Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926), на якой выступіў з асн. дакладамі. Выдадзены ім у 1922 падручнік «Практычная граматыка беларускай мовы» названы ў прэсе «контррэвалюцыйным», і ў ліст. 1922 Л. арыштаваны. Абараніў яго тагачасны нарком асветы БССР У.М.Ігнатоўскі, і Л. быў вызвалены. У 1930 Л. арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і пастановай СНКБССР пазбаўлены звання акадэміка (адноўлены ў 1990). 10.4.1931 яго саслалі ў г. Камышын Саратаўскай вобл. Жыў у г. Нікалаеўскі, дзе выкладаў у педтэхнікуме. У 1934 амнісціраваны без права вяртацца ў Мінск. З 1935 жыў на Браншчыне, з 1937 працаваў у педтэхнікуме г. Аткарск Саратаўскай вобл. У чэрв. 1938 зноў арыштаваны, у 1940 асуджаны на 5 гадоў лагераў за «антысавецкую аптацыю». Паводле афіц. версіі памёр у саратаўскай турме ад сухотаў. Рэабілітаваны ў 1958 і ў 1988.
Л. належыць шэраг літ. твораў: «Ня ўсе ж разам, ягамосьці!», «Геркулес і селянін», «Па-валачобнаму» і інш. Яго літ. талент высока ацаніў М.Гарэцкі, асабліва «Апавяданне без назвы». У 1921 Л. падрыхтаваў да друку зб.маст. прозы «Родныя вобразы» (выданне забаронена). У публіцыстыцы Л. 1917—20 асн. месца займалі праблемы незалежнасці Беларусі, яе нац. адраджэння, гісторыі і будучыні, нац. пытанне (брашура «Аўтаномія Беларусі», арт. «Вольная Беларусь», «Нацыянальны ўціск», «Праціўнікам беларускага руху», «Нашы патрэбы») і інш. Вытокі бел.нац. культуры даследаваў у арт. «Культурны стан Беларусі к моманту Лютаўскае рэвалюцыі» (1924). Напачатку Л. быў прыхільнікам аўтаноміі Беларусі ў складзе Рас. федэрацыі. Пасля разгону Усебел. з’езда 1917 і падпісання Брэсцкага міру 1918 Л. перайшоў на пазіцыі незалежнай Бел.дэмакр. рэспублікі. Пісаў артыкулы і нарысы па гісторыі Беларусі «1517—1917 (да юбілею 400-лецця беларускага друку») (1917), «Гісторыя Вялікага княства Літоўска-Беларускага» (1918), «Літва-Беларусь» (1921). Аўтар артыкулаў «Памяткі старасвецкай беларускай мовы і пісьменства» (1918), «Графіка, правапіс і мова ў тэстаменце кн. Саломерацкага і ў двух другіх дакументах з папер Саломерацкіх XVI ст.» (1929), прац па бел мове «Беларуская мова. Пачатковая граматыка», «Беларуская мова: Правапіс» (абедзве 1924), «Сінтаксіс беларускае мовы», «У справе рэформы нашае азбукі» (абедзве 1925), «Спрашчэнне правапісу», «Граматыка беларускае мовы: Фанетыка» (абедзве 1926), «Граматыка беларускае мовы; Марфалогія» (1927).
Тв.:
Асноўны матыў у творчасці Максіма Багдановіча // Полымя. 1991. № 12;
Творы: Апавяданні, казкі, арт.Мн., 1994;
Бітва пад Грунвальдам у апісанні кронікі Быхаўца, Длугоша, Бельскага і інш. // Спадчына. 1996. № 4.
Літ.:
Гарэцкі М. Язэп Лёсік // Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры Мн., 1995;
Мяснікоў А. Нацдэмы: Лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка. Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,
комплекс абарончых збудаванняў у Бабруйску 1-й пал. 19 ст. Пабудавана ў 1807—36 у гіст. цэнтры горада на месцы Бабруйскага замка ў сутоках рэк Бярэзіна і Бабруйка. Будаўніцтва вялося ў 2 этапы. 1-ы (1807—12) ажыццяўляўся ва ўмовах набліжэння вайны 1812. Крэпасць будавалася паводле праекта ўпраўляючага інж. экспедыцыяй Ваеннага мін-ваген. К.І.Опермана, яе ўзводзілі тысячы салдатаў і прыгонных сялян Магілёўскай, Мінскай і Чарнігаўскай губ. Да пач. вайны пабудаваны 5 асн. бастыёнаў, частка ўнутр. збудаванняў, насыпаны валы, выкапаны глыбокія равы. У вайну 1812 крэпасць вытрымала 4-месячную аблогу (гл.Бабруйская абарона 1812). На 2-м этапе буд-ва (1812—36) тэр. крэпасці павялічана, узведзены 17 дадатковых бастыёнаў (да 1820), вежы, форт «Фрыдрых Вільгельм» (1822). У арх. аздабленні будынкаў крэпасці выкарыстаны элементы стылю класіцызм (арх. А.Штаўберт). У Бабруйскай крэпасці распрацаваны Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823. У лют. 1826 прапаршчык С.І.Трусаў спрабаваў узняць паўстанне раскватараванага тут Палтаўскага палка. Пасля задушэння дзекабрысцкага руху крэпасць ператворана ў катаржную турму. Пасля паражэння нац.-вызв. паўстання 1863—64 тут было зняволена каля 2 тыс. яго ўдзельнікаў. У рэв. 1905—07 у крэпасці размяшчаўся дысцыплінарны батальён, адбылося Бабруйскае выступленне салдатаў 1905. У час акупацыі Бабруйска польскімі войскамі (жн. 1919 — ліп. 1920) на тэр. крэпасці знаходзіўся лагер ваеннапалонных. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты ператварылі крэпасць у Бабруйскі лагер смерці. У чэрв. 1944 сав. войскі акружылі і знішчылі тут варожы гарнізон (гл.Бабруйская аперацыя 1944).
Літ.:
Ненадавец А.М. Крэпасць на Бярэзіне. Мн., 1993.
Бабруйская крэпасць у 1811. З карціны Б.Залескага.Адзін з фортаў Бабруйскай крэпасці.
французскі жывапісец, графік, скульптар. У юнацтве служыў мараком, у 1871—83 — біржавым клеркам у Парыжы. З 1870-х г. пачаў самаст. займацца жывапісам, карыстаўся парадамі К.Пісаро. Працаваў у Понт-Авене (Брэтань), Арлі (разам з В. ван Гогам): «Ave Maria» (1887), «Прывід пасля пропаведзі», «Старыя дзеўкі» (абедзве 1888), «Брэтонскія могілкі» (1889). Пошукі сродкаў на існаванне і месца ў жыцці нарадзілі мару аб трапіканскай ідыліі — «майстэрні тропікаў», у 1891—94 Гаген з’ехаў на в-аў Таіці, дзе імкнуўся знайсці культурную глебу, стварыць выяўл. міфалогію астравіцян («А, ты раўнуеш?», 1892; «Таіцянскія пастаралі», 1893; «Цудоўная крыніца», 1894). Творы таго перыяду вылучаюцца непасрэднасцю, узаемапранікненнем старажытнасці і сучаснасці, рэліг. традыцый Захаду і Усходу, павышанай дэкаратыўнасцю. Пасля кароткачасовага вяртання ў Францыю (1893—95) Гаген назаўсёды пасяліўся на а-вах Акіяніі. Творчасць 2-га таіцянскага перыяду (1895—1903) набліжаецца да сімвалізму і прыводзіць Гагена і групу мастакоў, якія працавалі пад яго ўплывам (т.зв. понт-авенская школа), да ўзнікнення адмысловай жывапіснай сістэмы — т.зв. «сінтэтызму» (спрашчэнне і абагульненне формаў і ліній і г.д.). Гаген імкнуўся ўвасобіць сваю утапічную мару аб жыцці чалавека ў гармоніі з прыродай, удалечыні ад цывілізаванага грамадства («Жонка караля», 1896; «Збор пладоў», 1899). Карціны Гагена падобныя на пано па плоскаснасці, дэкаратыўнасці колеру, манументальнасці кампазіцыі, абагульненасці стылізаванага малюнка, мелі рысы стылю мадэрн. Яго творчасць істотна паўплывала на майстроў групы «Набі» і жывапісцаў пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІ́ЦЫЯ, Галіччына,
1) гістарычная назва зах.-ўкр. і польскіх зямель у складзе імперыі Габсбургаў у канцы 18 — пач. 20 ст. Ахоплівала тэр. сучасных Івана-Франкоўскай, Львоўскай і Цярнопальскай абласцей Украіны, Жэшаўскага і б.ч. Кракаўскага ваяводстваў Польшчы. Складалася з Зах. Галіцыі, населенай пераважна палякамі, і Усходняй, населенай украінцамі. Усх. Галіцыя з 6 ст.н.э. заселена славянамі (белыя харваты, дулебы), у 9—11 ст. у складзе Кіеўскай Русі, з 1141 у Галіцкім княстве, з 1199 у Галіцка-Валынскім княстве. У 1349—1772 пад уладай Польшчы. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) з яе Бэлзскага і значных частак Кракаўскага, Сандамірскага і Рускага ваяводстваў утворана правінцыя «Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі» ў складзе Аўстр. імперыі (з 1867 Аўстра-Венгрыя). У 1786—1849 у правінцыю ўваходзіла таксама Букавіна, у 1795—1809 — тэр. паміж рэкамі Піліца і Зах. Буг (т.зв. Новая, ці Зах. Галіцыя). У 1809—15 ад Галіцыі аддзелена Цярнопальская акр., у 1846 — Кракаў з наваколлем. У 1848 у Галіцыі скасавана прыгоннае права. У 1-ю сусв. вайну Усх. Галіцыя была арэнай ваен. дзеянняў (гл.Галіцыйская бітва 1914). Пасля распаду Аўстра-Венгрыі (кастр. 1918) у ліст. 1918 у Львове абвешчана Зах.-ўкр.нар. рэспубліка (ЗУНР; праіснавала да ліп. 1919). У выніку польска-сав. Вайны 1919—20 Усх. Галіцыя трапіла пад уладу Польшчы (юрыдычна прызнана за ёй у 1923), у 1939 далучана да Укр. ССР (з 1991 незалежная Укр. дзяржава).
2) Назва тэр. Кракаўскага, Львоўскага, Станіслаўскага і Тарнопальскага ваяводстваў Польшчы ў 1919—39 і акругі, акупіраванай ням.-фаш. войскамі, Польшчы (т.зв. ген.-губернатарства) у 1941—45.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫБА́ЛЬДЗІ ((Garibaldi) Джузэпе) (4.7.1807, г. Ніцца, Францыя — 2.6.1882),
нацыянальны герой Італіі, адзін з гал. дзеячаў Рысарджымента. Генерал (1849). З 14-гадовага ўзросту плаваў на караблі бацькі, потым служыў на флоце Сардзінскага каралеўства (П’емонта). У 1832 пазнаёміўся з Дж.Мадзіні. За ўдзел у падрыхтоўцы паўстання мадзіністаў у Генуі завочна прыгавораны да пакарання смерцю (1834). Эмігрыраваў у Паўд. Амерыку. У Браз. імперыі ўдзельнічаў у барацьбе рэспубліканцаў з манархістамі (узначальваў флатылію паўстанцаў рэспублікі Рыу-Гранды), у т.зв. Вялікай вайне 1839—52 Аргенціны супраць незалежнага Уругвая ў складзе уругвайскіх войск камандаваў італьян. легіёнамі. Вярнуўся ў пач.Рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. На чале атрадаў валанцёраў удзельнічаў у аўстра-італьян. вайне 1848—49. Ініцыятар стварэння Рымскай рэспублікі 1849. Пасля яе падзення, не здолеўшы прабіцца на дапамогу Венецыі, з вял. стратамі дасягнуў П’емонта, адкуль высланы ўладамі. З 1849 жыў у Амерыцы. У 1854 вярнуўся ў Італію. У час Аўстра-італа-франц. вайны 1859 камандаваў добраахвотніцкім корпусам альпійскіх егераў. У час Рэвалюцыі 1859—60 у Італіі ўзначальваў паход «Тысячы». На чале корпуса добраахвотнікаў удзельнічаў у аўстра-італьян. вайне 1866. У 1862 і 1867 намагаўся ўзбр. шляхам вызваліць Рым ад панавання папы. Па просьбе часовага рэв. ўрада Францыі ўзначаліў Вагезскую армію ў франка-прускую вайну 1870—71. Пасля 1871 жыў на в-ве Капрэра, дзе і памёр Яго імем наз. батальён італьян. інтэрнацыяналістаў, які ўдзельнічаў у Іспанскай рэвалюцыі 1931—39 (гл.Гарыбальдзі батальён), і італьян.партыз. атрады ў 2-ю сусв. вайну (гл.Гарыбальдзійскія брыгады).