праектныя прапановы па планіровачнай арганізацыі тэрыторыі эканам. ці адм. раёнаў краіны; від навук. і практычнай горадабуд. дзейнасці; сувязное звяно паміж нар.-гасп. планаваннем і горадабудаўніцтвам. Дазваляе ўдакладняць і развіваць нар.-гасп. планы асобных эканам. раёнаў і ствараць устойлівую горадабуд. базу для развіцця населеных месцаў. Гал. задача Р.п. — комплекснае тэр.-гасп. ўпарадкаванне праектуемага раёна і фарміраванне яго планіровачнай структуры, якая забяспечвае рацыянальнае размяшчэнне прадукц. сіл і найлепшыя ўмовы для працы, быту і адпачынку насельніцтва. Прадугледжвае стварэнне ўзаемазвязаных сістэм рассялення, рац. размяшчэнне новых і прапарцыянальнае размяшчэнне існуючых гарадоў і сельскіх населеных месцаў, аптымальнае развіццё і размяшчэнне прам-сці, с.-г. вытв-сці, паляпшэнне і ахову прыроднага асяроддзя на аснове эфектыўнага і комплекснага выкарыстання прыродных, мат.-тэхн. і працоўных рэсурсаў.
Праектная дакументацыя па Р.п. ўключае схему і праект. Схема Р.п. служыць для тэхн.-эканам. абгрунтавання праектаў размяшчэння і буд-ва буйных прамысл. і энергет. комплексаў, баз буд. індустрыі, магістральных, трансп. і інш. камунікацый, стварэння арганізаваных сістэм рассялення і размяшчэння ў іх новых і развіцця існуючых гарадоў і сельскіх паселішчаў, праектавання курортаў, нац. і прыродных паркаў, запаведнікаў, а таксама міжраённых зон і комплексаў масавага адпачынку насельніцтва. Праект Р.п. распрацоўваецца на аснове схемы Р.п. і з’яўляецца асновай для ген. планаў развіцця гарадоў і інш. населеных месцаў, прамысл. вузлоў, курортных і турысцкіх комплексаў, размяшчэння культ.-быт. устаноў раённага значэння. На аснове праекта Р.п. складаюцца таксама праекты міжгасп. і ўнутрыгасп. земле- і лесаўладкавання, вылучаюцца буйныя зямельныя ўчасткі для розных відаў выкарыстання, распрацоўваюцца праекты зон сан. аховы.
На Беларусі работы па Р.п. пачаліся ў канцы 1950-х г. Першымі аб’ектамі Р.п. былі Полацка-Віцебскі прамысл. раён, Маладзечанскі прамысл. вузел і інш. З пач. 1970-х г.асн. кірункам работ па Р.п. стаў метад комплекснай планіровачнай сац., эканам. і экалагічнай арг-цыі тэр. рэспублікі. У 1971 распрацавана «Схема размяшчэння і развіцця гарадскіх і сельскіх паселішчаў Беларускай ССР да 2000 года» — першая ў практыцы праектных работ Беларусі спроба ўзаемазвязанага вырашэння пытанняў гар. і сельскага рассялення на тэр. ўсёй Беларусі на больш далёкую перспектыву. У 1970-я г. праведзена даследчая і праектная работа па выяўленні рэкрэацыйных рэсурсаў, выкананы праекты Р.п. зон адпачынку Нарач і Вілейка Мінскай, Горваль Гомельскай, Ушачы Віцебскай, Чыгірынка Магілёўскай абл. У 1987 распрацавана ген. схема комплекснай тэр. арг-цыі Беларусі, у якой выкладзены прапановы па фарміраванні шматузроўневых сістэм рассялення, аптымізацыі урбанізаванага і прыродна-экалагічнага каркаса, упарадкаванні адм.-тэр. падзелу. Схема карэкціравалася і ўдакладнялася ў сувязі з паліт., экалагічнымі і сац.-эканам. зменамі. У 1990-я г. актывізавалася праца па тэр. арг-цыі памежных раёнаў, асабліва з Польшчай, зон асаблівага дзярж. рэгулявання (радыяцыйна забруджаных, прыгарадаў вял. і буйных гарадоў, свабодных эканамічных і інш.).
Літ.:
Перцик Е.Н. Районная планировка. М., 1973;
Иодо И.А. Основы градостроительства: Теория, методология. Мн. 1983;
Иодо И.А., Сенкевич И.И., Хачатрянц К.К. Опыт работы и новые направления в районной планировке Белорусской ССР. Мн. 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ПРЫРО́ДЫ,
сістэма міжнар., дзярж., рэгіянальных і лакальных (мясцовых) гасп.-адм., тэхнал., паліт., юрыд. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, прыроды Зямлі і навакольнай касм. прасторы ў інтарэсах сучаснага і будучага іх выкарыстання чалавецтвам; глабальная праблема сучаснасці, што патрабуе сумесных намаганняў усіх дзяржаў і людзей па яе вырашэнні. Мае важнае гіст. і сац. значэнне, накіраванае на ўсталяванне сістэмы рацыянальнага прыродакарыстання; комплексная міжгаліновая дысцыпліна. Яе састаўныя часткі: ахова атмасферы, ахова водаў, ахова генафонду, ахова глебаў, ахова жывёл, ахова зямель, ахова лясоў, ахова нетраў, ахова раслін і інш. кампанентаў навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў. Уключае папераджальныя мерапрыемствы і актыўныя дзеянні грамадства па падтрыманні аптымальных узаемаадносін паміж дзейнасцю чалавека і навакольным прыродным асяроддзем, прадухілення шкоднага ўплыву гасп. дзейнасці на прыроду і здароўе чалавека, падтрыманне прадукцыйнасці прыроды і прыродных умоў, неабходных для забеспячэння паўнацэннага існавання чалавецтва. Асн. задачы: узгадненне развіцця навук.-тэхн. прагрэсу і нар. гаспадаркі з мерапрыемствамі па ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, аздараўленне жыццёвага асяроддзя чалавека, захаванне біял. і ўсёй прыроднай разнастайнасці, рэгуляванне грамадскіх адносін у сферы ўзаемадзеяння грамадства і прыроды, узгадненне адзіных для ўсіх краін знешнепаліт. прынцыпаў аховы планетарнага асяроддзя і інш. У адпаведнасці з гэтым створаны Міжнародны саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП, 1948), распрацавана «Сусветная стратэгія аховы прыроды» (1978, 1992), сфарміраваўся шэраг міжнар. грамадскіх арг-цый і рухаў за ахову прыроды («Грынпіс», рух і партыі «зялёных» і інш.). Рашэннем ААН штогод адзначаецца Міжнар. дзень аховы навакольнага асяроддзя (5 чэрвеня).
Ахова прыроды прадугледжвае сістэму практычных мерапрыемстваў: прыродазнаўча-навук. (вывучэнне і навук. абгрунтаванне асн. кірункаў аховы прыроды, экалагічная экспертыза праектаў), матэрыяльна-тэхн. (матэрыяльнае забеспячэнне прыродаахоўных мерапрыемстваў, укараненне дасягненняў навукі і тэхнікі, удасканаленне тэхнал. працэсаў; стварэнне безадходных і малаадходных тэхналогій), эканамічных (забеспячэнне эканам. эфектыўнасці экалагічных мер), вытворчых (гасп. рэалізацыя праектаў аховы прыроды), сан.-гігіенічных (папераджальныя аздараўленчыя меры), ідэалаг. (выхаванне экалагічнага светапогляду), прававых (распрацоўка і экалагізацыя заканадаўства), арганізацыйных (наладжванне дзейнасці органаў кіравання прыродакарыстаннем, прыродаахоўнага кантролю) і інш.
На Беларусі пад дзярж. аховай знаходзяцца ўсе прыродныя багацці незалежна ад ступені іх пераўтворанасці пад уплывам прыродных і штучных фактараў: зямля, воды, глебы, нетры, лясы, тыповыя ландшафты, рэдкія і каштоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты, курортныя і памятныя мясціны, раслінны і жывёльны свет, паветра і інш. Асаблівасці аховы прыроды на Беларусі звязаны з вял. маштабамі гідратэхн.-меліярац. работ, лесаахоўных мерапрыемстваў, празмерным развіццём хім., перапрацоўчай і інш. галін прам-сці з вял. уплывам на прыроднае асяроддзе, шырокім выкарыстаннем у сельскай гаспадарцы мінер. угнаенняў і ядахімікатаў, радыеактыўным забруджваннем тэрыторыі ў выніку Чарнобыльскай катастрофы і інш. У сувязі з гэтым ажыццяўляюцца шырокамаштабныя работы па ўдасканаленні прыродаахоўнага заканадаўства, меліярацыі зямель і рэкультывацыі ландшафтаў, аднаўленні лясоў, ачыстцы сцёкавых водаў, распрацоўцы і ўкараненні зваротных і паўторных сістэм водакарыстання, газаачышчальных і пылаўлоўных збудаванняў, ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, уключэнні малапрадукцыйных зямель і няўдобіц у с.-г.вытв-сць, навук. абгрунтаванні аховы і выкарыстання розных тыпаў зямель, распрацоўцы спец. рэсурса- і прыродаахоўных інж. збудаванняў і проціэразійных сістэм земляробства, кантролі за выкарыстаннем хім. рэчываў, вядзецца азеляненне населеных месцаў, развіваецца сетка асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў, распрацоўваюцца комплексныя і рэгіянальныя схемы аховы прыроды, адпаведныя яе палажэнні ўключаюцца ў праекты леса- і землеўпарадкавання, горадабудаўніцтва, бяруцца пад ахову радовішчы лек.мінер. водаў і тарфянікі, унікальныя прыродныя аб’екты абвешчаны помнікамі прыроды, ахоўваецца шэраг відаў каштоўных, рэдкіх і рэліктавых жывёл і раслін (гл.Ахоўныя жывёлы, Ахоўныя расліны), вядзецца Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь (выд. ў 1981 і 1993); прыродна-кліматычныя фактары шырока выкарыстоўваюцца для ўмацавання здароўя чалавека (турызм, зоны адпачынку, санаторыі, курорты і інш.). Як член ААН Беларусь удзельнічае ў ажыццяўленні Міжнароднай праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП), праграмы «Чалавек і біясфера» (ЧІБ), у агульнаеўрапейскай нарадзе па супрацоўніцтве ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Заканадаўчыя, выканаўчыя і кантрольныя функцыі ў галіне аховы прыроды выконваюць Камісія Вярхоўнага Савета па пытаннях экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя, Кабінет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Дзяржэканамплан, мін-вы прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, сельскай гаспадаркі і харчавання, лясной гаспадаркі, аховы здароўя, па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і інш.Навук. асновай аховы жывой прыроды з’яўляецца экалогія, прыкладнымі пытаннямі займаецца інжынерная экалогія. Важная састаўная частка прыродаахоўнай дзейнасці — залучэнне да аховы прыроды грамадскасці. Дзейнічаюць Беларускае таварыства аховы прыроды і шэраг інш. грамадскіх арг-цый і фарміраванняў прыродаахоўнага профілю, Рэсп. экалагічны цэнтр навучэнцаў. Работу па ўзнаўленні колькасці дзікіх прамысл. жывёл і барацьбу з браканьерствам вядзе Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Прапагандай аховы прыроды займаюцца т-ва «Веды», нар. ун-ты, клубы аматараў прыроды, радыё і тэлебачанне. Развіваецца прыродаахоўная і экалагічная адукацыя. У большасці вышэйшых і сярэдніх навуч. устаноў уведзены курсы аховы прыроды. Спецыялістаў па ахове прыроды рыхтуюць БДУ і Бел.тэхнал.ун-т. Пры Мін-ве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя створаны Бел.н.-д. цэнтр «Экалогія». Навук. даследаванні па ахове прыроды каардынуе Навук. савет па праблемах біясферы і Экалагічная камісія АН Беларусі. Кантроль за станам навакольнага асяроддзя ажыццяўляюць станцыя фонавага маніторынгу (Бярэзінскі біясферны запаведнік), пункт кантролю трансгранічнага пераносу паветра (г. Высокае Брэсцкай вобл.), Рэсп.навук.-тэхн. цэнтр дыстанцыйнай дыягностыкі прыроднага асяроддзя «Экамір» і інш. Выдаецца экалагічны бюлетэнь «Стан прыроднага асяроддзя Беларусі», час. «Родная прырода», газеты «Экологический вестник», «Беларуская лясная газета», «Экология Минска» і інш.
На Беларусі ахова прыроды — канстытуцыйны абавязак кожнага чалавека і ўсяго грамадства. Заканадаўчай асновай аховы прыроды з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, законы «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (1992), «Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе» (1993), «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах» (1995), «Аб ахове атмасфернага паветра» (1982), «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету» (1982), «Аб ахове здароўя» (1970); кодэксы Беларусі: водны (1972), лясны (1979), аб нетрах (1976), аб зямлі (1990) і інш. палажэнні прыродаахоўнага заканадаўства, якія ўстанаўліваюць забаронныя, папераджальныя, рэгулятыўныя, аднаўленчыя і інш. абавязкі дзярж. і грамадскіх арг-цый, гаспадарак і грамадзян. Па асобных пытаннях аховы прыроды прыняты спец. пастановы і нарматыўныя акты, вызначана адм. і крымін. адказнасць за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства.
Літ.:
Лукашев В.К., Лукашев К.И. Научные основы охраны окружающей среды. Мн., 1980;
Марцинкевич Г.И. Использование природных ресурсов и охрана природы. Мн., 1977;
Основы природопользования. Мн., 1980;
Охрана природы: Природные ресурсы Белоруссии и их рациональное использование. 2 изд. Мн., 1972;
Развитие производительных сил и охрана природы. Мн., 1981;
Реймерс Н.Ф., Штильмарк Ф.Р. Особо охраняемые природные территории. М., 1978;
Реймерс Н.Ф., Яблоков А.В. Словарь терминов и понятий, связанных с охраной живой природы. М., 1982;
Справочник по охране природы. М., 1980;
Рамад Ф. Основы прикладной экологии: Воздействие человека на биосферу: Пер. с фр.Л., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАТАМІ́ЗМ,
дамінуючы кірунак у сучаснай каталіцкай філас. думцы і філасофіі культуры, заснаваны на вучэнні Фамы Аквінскага; сучасны этап у развіцці тамізму. Атрымаў статус афіц.філас. дактрыны рымска-каталіцкай царквы пасля апублікавання ў 1879 энцыклікі папы Льва XIII «Aeterni patris» («Айцу вечнаму»), Распрацоўкай і пашырэннем Н. займаюцца Акадэмія св. Фамы (Ватыкан), Каталіцкі ін-т у Парыжы, Пулахскі ін-т (ФРГ), ун-т Нотр-Дам (ЗША), Люблінскі каталіцкі ун-т (Польшча) і інш. Прадстаўнікі Н.: Э.Жыльсон, Ж.Марытэн (Францыя), Ю.М.Бахенскі, К.Ранер (ФРГ), К.Вайтыла (Іаан Павел II), М.А.Крампец, С.Свяжаўскі (Польшча) і інш. Пасля II Ватыканскага сабора (1962—65), які абвясціў курс на абнаўленне рымска-каталіцкай царквы (аджарнамента), выразна выявілася антрапацэнтрычная пераарыентацыя Н., яго імкненне да разгляду і абгрунтавання палажэнняў «вечнай філасофіі» праз прызму чалавечага існавання. Цэнтр. прынцып Н. — гармонія розуму і веры. Неатамісты лічаць, што гэта дактрына валодае універсальнымі магчымасцямі, узнімаецца над палярнасцю матэрыялізму і ідэалізму, сцыентызму і антысцыентызму. Аснова анталогіі Н. — вучэнне пра патэнцыю і акт, паводле якога працэсы «ўзнікнення розных рэчаў або прадметаў трактуюцца як ажыццяўленне, актуалізацыя патэнцый. Быццё любой канечнай рэчы, паводле Н., можа быць зразумета толькі як «удзел» у бясконцым быцці Бога, які з’яўляецца актуальным пачаткам усяго існага. Аснову натурфіласофіі Н. складае гілемарфізм — вучэнне пра матэрыю і форму, паводле якога матэрыя з’яўляецца пасіўным пачаткам, магчымасцю, што патрабуе для сваёй актуальнасці наяўнасці формы; формы ствараюць усю разнастайнасць матэрыяльных спосабаў і відаў быцця ад неарган. свету да вышэйшай ступені прыроднага быцця — чалавека, формай і сутнасцю якога з’яўляецца нематэрыяльная (бессмяротная) душа. Вышэйшая форма (форма форм) не звязана з матэрыяй і стварае першасную матэрыю» і ўсю канкрэтную разнастайнасць форм. Гэтай вышэйшай формай з’яўляецца Бог. У Н. адрозніваюць анталагічныя і лагічныя ісціны. Першая — прадукт адпаведнасці рэчы інтэлектуальнай задуме Бога, другая звязана з пазнавальнай дзейнасцю чалавека, надзеленага ўласцівасцю суб’ектыўнасці. Пры апісанні ступені разумова-тэарэт. спасціжэння свету, тэарэтыкі Н. на 1-й ступені змяшчаюць прыродазнаўства і філасофію прыроды, на 2-й — матэматыку (веды пра чыстую колькасць), на 3-й — метафізіку, якая аналізуе праблемы быцця. Тэалогію Н. лічыць узорам адзінства пазнавальных і практычных адносін да свету. Чалавека разглядае як складаную субстанцыю з дзвюх простых — душы і цела. Душа (формаўтваральны ў адносінах да цела прынцып) лічыцца асновай асобы; універсальнай мэтай і сэнсам існавання якой з’яўляецца сузіранне боскага дабра. Паводле Н., грамадства ў сваёй эвалюцыі павінна кіравацца вечнымі каштоўнасна-нарматыўнымі прынцыпамі (у першую чаргу асобаснай скіраванасці і агульнага дабра), якія могуць па-рознаму тлумачыцца і гучаць у залежнасці ад кантэксту сац. сітуацыі. Прыхільнікі Н. лічаць, што ажыццяўленне гэтых прынцыпаў павінна забяспечыць у самых розных грамадствах разнастайнасць форм уласнасці, прымірэнне супярэчнасцей паміж сац. слаямі, класамі, паліт. плюралізм, наяўнасць правоў грамадзян і дэмакр. свабод у спалучэнні з вяршэнствам сферы агульначалавечых культ. каштоўнасцей. Праводзіцца думка пра неабходнасць руху па «трэцім шляху» грамадскага развіцця, паміж «капіталіст. індывідуалізмам» і «марксісцкім калектывізмам». Дыялог царквы і грамадства разумеецца як сродак унясення вышэйшых рэліг.-маральных каштоўнасцей у культуру сучаснасці.
Літ.:
Губман Б.Л. Западная философия культуры XX в. Тверь, 1997;
Vries J. de Drundbegriffe der Scholastik. Darmstadt, 1980;
Swieżawski S. Święty Tomasz na nowo odczytany. Kraków, 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНУМЕНТА́ЛЬНАЯ СКУЛЬПТУ́РА,
від скульптуры, прызначаны для ўвекавечання значных. гіст. падзей або асоб. Звычайна ўвасабляе ідэі вял. грамадскай значнасці. Да М.с. адносяцца выявы ідалаў, помнікі, манументы, стэлы, памятныя статуі, бюсты, рэльефы і інш. У адрозненне ад манументальна-дэкаратыўнай скульптуры мае адносна самаст.маст. вобраз у структуры ансамбля, часткай якога з’яўляецца. Вызначаецца вял. памерамі, маштабнасцю, абагульненасцю пластыкі, героіка-эпічным ладам, з’яўляецца арганізуючым элементам арх. або прыроднага асяроддзя. Творы, разлічаныя на ўспрыняцце з вял. адлегласці і доўгачасовае існаванне, ставяцца пераважна на адкрытых прасторах (часта на натуральных узвышшах ці штучна створаных насыпах і курганах) і ствараюцца з трывалых матэрыялаў (мармур, граніт, бронза, медзь, сталь і інш.).
Вядома са старажытнасці ў многіх народаў. Праслаўляла багоў, уладароў і інш. (статуі фараонаў, сфінксы ў Стараж. Егіпце, багоў, герояў і атлетаў у Стараж. Грэцыі і Рыме і інш). Развівалася ў эпоху сярэдневякоўя, найб. росквіту дасягнула ў мастацтве Адраджэння (статуя «Давід» у Фларэнцыі, 1501—04, скульпт. Мікеланджэла, і інш.). У эпоху барока стылістыка твораў адышла ад героіка-эпічнай манументальнасці і набыла рысы дэкар. скульптуры. З канца 18 ст. развіццё М.с. звязана пераважна са сцвярджэннем пафасу дзяржаўнасці і асветніцкіх грамадскіх ідэалаў: помнікі Пятру I у С.-Пецярбургу (1766—78, скульпт. Э.Фальканэ), К.Мініну і Дз.Пажарскаму ў Маскве (1804—18, скульпт. І.Мартас), «Грамадзяне Кале» ў г. Кале (Францыя; 1884—86) і А. дэ Бальзаку ў Парыжы (1893—97, абодва скульпт. А.Радэн), «Рабочы і калгасніца» (1937, скульпт. В.Мухіна) і інш. У 20 ст. М.с. таксама шырока выкарыстоўваецца пры стварэнні мемар. ансамбляў, звязаных з драм. падзеямі: скульптуры Ф.Крэмера ў Бухенвальдзе (1952—58), Я.Вучэціча на Мамаевым кургане (Валгаград, 1963—67) і інш.
На Беларусі вытокі М.с. ў выявах язычніцкіх ідалаў (Шклоўскі ідал і інш.). Да 20 ст.вял. пашырэння не атрымала. У 1920—30-я г. развівалася ў рэчышчы плана манум. прапаганды і мела пераважна часовы характар. З 1950-х г. пашырыліся помнікі і мемар. комплексы, якія ўвекавечваюць памяць герояў Вял.Айч. вайны: помнікі В.І.Талашу ў г. Петрыкаў Гомельскай вобл., С.Грыцаўцу ў Мінску (абодва 1951, скульпт. З.Азгур), К.Заслонаву ў г. Орша Віцебскай вобл. (1955), М.Казею ў Мінску (1959, абодва скульпт. С.Селіханаў), экіпажу самалёта М.Гастэлы каля г.п. Радашковічы Мінскага р-на (1964—75, скульпт. А.Анікейчык, арх. В.Занковіч, Л.Левін), А.Гараўцу ў Віцебску (1995, скульпт. А.Арцімовіч, М.Інькоў, М.Канцавы, арх. В.Рыбакоў) і інш. Важнае месца М.с. займае ў мемар. комплексах Брэсцкая крэпасць-герой, Манумент у гонар маці-патрыёткі ў г. Жодзіна, Мемарыял воінскай славы на Лудчыцкай вышыні (Быхаўскі р-н Магілёўскай вобл.), «Праклён фашызму» (Докшыцкі р-н Віцебскай вобл.), «Мінск — горад-герой» у Мінску, Хатынь (Мінскі р-н) і інш. Пастаўлены помнікі выдатным дзеячам нац. гісторыі і культуры: Я.Купалу (скульпт. Анікейчык, А.Заспіцкі, Л.Гумілеўскі, арх. Ю.Градаў, М.Левін). Я.Коласу (скульпт. З.Азгур, арх. Градаў, Левін, абодва 1972), М.Багдановічу (1982, скульпт. С.Вакар, арх. Л.Маскалевіч) у Мінску, Ф.Скарыне ў г. Полацк Віцебскай вобл. (1974, скульпт. А.Глебаў, І.Глебаў, арх. В.Марокін), С.Буднаму ў г. Нясвіж Мінскай вобл. (скульпт. С.Гарбунова), Я.Купалу ў в. Ляўкі Аршанскага р-на Віцебскай вобл. (скульпт. Анікейчык, абодва 1982), Кірылу Тураўскаму ў г. Тураў Гомельскай вобл. (1992, скульпт. Інькоў), Рагнедзе і Ізяславу ў г. Заслаўе Мінскай вобл. (1993, скульпт. Арцімовіч), А.Пушкіну ў Мінску (скульпт. Ю.Арэхаў, арх. Ю.Грыгор’еў) і г. Мазыр Гомельскай вобл. (скульпт. Вараб’ёў; абодва 1999) і інш.
Л.Г.Лапцэвіч.
Да арт.Манументальная скульптура. В.Мухіна. Рабочы і калгасніца. 1937.Да арт.Манументальная скульптура. С.Гарбунова. Помнік Сымону Буднаму ў Нясвіжы. 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНАЯ НАВУ́КА,
комплекс навуковых ведаў пра метады, спосабы, мерапрыемствы, канструкцыі і прыстасаванні, што забяспечваюць паляпшэнне кампанентаў прыроднага асяроддзя, якія фарміруюць умовы жыццядзейнасці і жыццезабеспячэння чалавека. У залежнасці ад аб’екта вывучэння М.н. мае кірункі, звязаныя: са зменай клімату праз уздзеянне на яго састаўныя элементы (метэаралагічныя, водныя, раслінныя і інш.; гл.Меліярацыя клімату); з паляпшэннем умоў жыцця чалавека шляхам уздзеяння на навакольнае асяроддзе (акультурванне ландшафтаў, рэкрэацыя, барацьба з затапленнямі, эрозіяй глебы і інш.; гл.Ландшафтная архітэктура, Агралесамеліярацыя); з павышэннем урадлівасці глебы для павелічэння вытв-сці харч. прадуктаў і с.-г. сыравіны. Найб. значэнне мае навука пра с.-г.меліярацыю, якая займаецца распрацоўкай і абгрунтаваннем прыёмаў паляпшэння фіз. уласцівасцей, воднага, паветранага, цеплавога і пажыўнага рэжымаў глебы з мэтай фарміравання высокіх і ўстойлівых ураджаяў с.-г. культур.
С.-г. М.н. мае аб’ектам вывучэння: гідратэхн. (водныя) меліярацыі, звязаныя з паляпшэннем умоў водазабеспячэння с.-г. культур; фіз. (структурныя) меліярацыі, якія паляпшаюць водна-фіз. ўласцівасці глеб, цеплаправоднасць, пажарную і эразійную бяспеку, альбеда і інш.; агратэхн. прыёмы, якія забяспечваюць паляпшэнне воднага рэжыму глеб; культуртэхн. мерапрыемствы, накіраваныя на стварэнне найб. прыдатных палёў для выкарыстання с.-г. тэхнікі (гл.Культуртэхнічныя работы); аграхім. метады, што забяспечваюць павышэнне глебавай урадлівасці і ахову раслін (гл.Аграхімія). М.н. выкарыстоўвае вынікі аграметэаралогіі, агратэхнікі, аграфізікі, аграэкалогіі, балотазнаўства, гідралогіі, гідратэхнікі, глебазнаўства, грунтазнаўства, кліматалогіі, ландшафтазнаўства і інш.
Вывучэнне ўздзеяння чалавека на навакольнае асяроддзе пры яго гасп. дзейнасці пачалося з развіццём цывілізацыі, з пачаткам культ. земляробства. Першыя тэхналогіі ірыгацыі з’явіліся ў 4—3-м тыс. да н.э. ў Егіпце, Індыі, Кітаі, Персіі. Развіццё М.н. стымулявалася неабходнасцю абагульнення набытых ведаў і атрымання рэкамендацый для эфектыўнага ўтаймавання прыроднай стыхіі вады, паляпшэння воднага рэжыму глеб, павелічэння плошчы апрацоўваемых зямель. Найб. дасягненні М.н. набыла ў эканамічна моцных дзяржавах, дзе на яе вылучаліся значныя сродкі (Вялікабрытанія, Германія, Ізраіль, Нідэрланды, ЗША і інш.). Высокапрадукцыйная сельская гаспадарка ў рэгіёнах з залішнім увільгатненнем створана дзякуючы даследаванням і мерапрыемствам па асушэнні, а ў засушлівых рэгіёнах — па арашэнні зямель. Напр., у Нідэрландах з іх пераважна нізіннымі тэрыторыямі прыярытэтным кірункам М.н. з’яўляецца развіццё польдэрных асушальных сістэм, у Ізраілі з яго дэфіцытам водных рэсурсаў — удасканаленне кропельнага арашэння. У Расіі аснову М.н. заклалі працы В.В.Дакучаева і А.М.Касцякова.
На Беларусі пачатак развіцця М.н. звязаны з працамі праф. Горы-Горацкага земляробчага ін-та А.М.Казлоўскага (1832—90?), які для асушэння глебы заклаў адзін з першых ва Усх. Еўропе дрэнаж (1856—62). Вял. значэнне мела Заходняя экспедыцыя па асушэнні балот пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. Развіццю М.н. паспрыяла стварэнне ў 1911 Мінскай балотнай станцыі, на базе якой у 1930 арганізаваны Усесаюзны НДІ балотнай гаспадаркі (з 1956 Бел.НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, з 1992 меліярацыі і лугаводства Беларускі НДІ). У апошнім канцэнтраваліся даследаванні па інж. (гідрамеліярацыйным) і агранамічным (аграмеліярацыйным) кірунках М.н. Н.-д. работы па воднай, агратэхн., хім. меліярацыях вядуцца таксама ў БСГА, Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Брэсцкім політэхн. ін-це, БПА, НДІ глебазнаўства і аграхіміі і інш.Бел. М.н. мае прыярытэт у даследаваннях генезісу балот, вывучэнні водна-фіз. і хім. уласцівасцей тарфяна-балотных глеб, метадаў павышэння іх урадлівасці, засваення і эфектыўнага с.-г. выкарыстання, у распрацоўцы і абгрунтаванні метадаў і спосабаў паляпшэння воднага рэжыму глеб ва ўмовах няўстойлівага ўвільгатнення, у стварэнні перспектыўных канструкцый гідрамеліярацыйных сістэм.
Літ.:
Костяков А.Н. Основы мелиорации. 6 изд. М., 1960;
Орошение и осушение в странах мира. М., 1974;
Сельскохозяйственные гидротехнические мелиорации. М., 1981;
Использование мелиорированных земель: Справ. пособие. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), антрапаген (ад антрапа... + грэч. genos нараджэнне),
чацвярцічная сістэма (перыяд), апошняя сістэма кайназойскай эратэмы (групы) і апошні перыяд геал. гісторыі Зямлі, які доўжыцца і цяпер. Назву даў у 1922 рускі геолаг А.П.Паўлаў па найважнейшай падзеі — станаўленні чалавека. Ніжняя ўзроставая мяжа 1,65 млн. гадоў (некаторыя даследчыкі лічаць 2,4—3 млн. гадоў). Традыцыйна падзяляецца на галацэн (0—10 тыс. гадоў назад), плейстацэн (10—800 тыс. гадоў назад) і эаплейстацэн (800—1650 тыс. гадоў назад). Антрапаген вывучае чацвярцічная геалогія, адзін з цэнтраў развіцця якой на Беларусі.
Агульная характарыстыка. Адклады антрапагену ўтварыліся ў выніку дзеяння спецыфічных для канца кайназою прыродных працэсаў, сярод якіх найважнейшыя — глабальнае пахаладанне клімату, інтэнсіўныя тэктанічныя рухі і вулканізм, мацерыковыя зледзяненні і звязаныя з імі ваганні ўзроўню акіяна. Тэктанічныя рухі зямной кары ў поясе альпійскай складкавасці і пахаладанне клімату прывялі да павелічэння крыясферы і ўзнікнення зледзянення на мацерыках Паўн. паўшар’я. Ледавіковыя покрывы ахапілі да 45 млн.км² сушы, што ў 3 разы перавышала сучаснае зледзяненне. Паўд. мяжа макс. пашырэння лёду дасягала ў Еўропе 48°30′паўн. ш., у Паўн. Амерыцы — 37°30′паўн. ш. Даследчыкі вылучаюць ад 3 да 9 зледзяненняў, якія чаргаваліся з міжледавікоўямі. На тэр. Беларусі праходзяць межы большасці вял. ледавіковых покрываў. У час зледзяненняў вял. масы вады акумуляваліся ў ледавіковых шчытах, што выклікала зніжэнне ўзроўню акіяна на 100 м і больш і злучэнне мацерыкоў Паўн. паўшар’я па Берынгавым мосце. Узровень акіяна і клімат міжледавіковых часоў нагадваў сучасны. У субтрапічных шыротах зледзяненням адпавядалі вільготныя перыяды (плювіялы), міжледавікоўям — больш сухія.
Адклады антрапагену пераважна кантынентальныя, сярод іх найб. пашыраны ледавіковыя (марэнныя, канцова-марэнныя, водна-ледавіковыя і лёсавыя) і такія генетычныя тыпы, як алювій, перлювій, калювій, азёрныя, балотныя, эолавыя. На прыморскіх раўнінах і шэльфе намнажаліся ледавікова-марскія і марскія адклады. У тоўшчы антрапагену на Беларусі на ледавіковыя адклады прыпадае да 88%. Пяскі складаюць 39%, гліны — 4, буйнаабломкавыя пароды — 4, марэны — 8, лёсападобныя — 0,5, карбанатныя — 1, інш. — 3,5%. Магутнасць кантынентальных адкладаў да 300 м, сярэдняя на Беларусі — 80 м, макс. — 324,5 м (у Лагойскай астраблеме). На адкладах антрапагену ўтварыўся сучасны рэльеф раўнін і нізін Зямлі, яны з’яўляюцца субстратам для глебаў, аб’ектам горных, інж.-геал. работ і антрапагеннага ўздзеяння на прыроду.
Станаўленне чалавека супадае з антрапагенавым перыядам: пітэкантрап з’явіўся ва Усх. Афрыцы каля 1,6 млн. гадоў назад. У канцы плейстацэну людзі рассяляліся паблізу ледавіка, дзе жылі буйныя жывёлы (у прыватнасці, маманты), паляванне на якіх было асновай існавання познапалеалітычнага чалавека. Мяркуюць, што на тэр. Беларусі чалавек з’явіўся каля 100 тыс. гадоў назад (вядомыя стаянкі першабытных людзей Бердыж і Юравічы маюць узрост 26—24 тыс. гадоў).
Карысныя выкапні. У адкладах антрапагену вядомы радовішчы золата, алмазаў, баксітаў, нікелю, буд. матэрыялаў (гліна, суглінак, пясок, жвір, галечнік, валуны, вапняк), торфу, сапрапеляў, прыроднага газу, дыятамітаў, солі, лячэбных гразяў, серы, марганцу, прэснай пітной вады. На Беларусі з гэтых адкладаў здабываюць буд. матэрыялы, торф, сапрапелі, лячэбныя гразі, пітную ваду, россыпнае золата.
Стратыграфічны падзел. У пач. 20 ст. аўстрыйскія вучоныя А.Пенк і Э.Брыкнер распрацавалі ледавіковую стратыграфію для Альпаў, у якіх вылучылі 4 зледзяненні — гюнцкае, міндэльскае, рыскае і вюрмскае, пазней дунайскае (самае старажытнае). Найчасцей антрапагенавая сістэма (перыяд) падзяляюць на 4 звяны (адпавядаюць пададдзелу) — ніжняе, сярэдняе, верхняе і сучаснае. У рэгіянальных стратыграфічных шкалах асн. адзінка расчлянення — гарызонт, які адпавядае палавіне кліматычнага рытму — пахаладанню (зледзяненню) або пацяпленню (міжледавікоўю). У схеме чацвярцічных (антрапагенавых) адкладаў Беларусі вылучаны (1981) брэсцкі перадледавіковы, нараўскі, бярэзінскі, дняпроўскі, сожскі, паазерскі ледавіковыя і белавежскі, александрыйскі, шклоўскі, муравінскі і галацэнавы міжледавіковыя гарызонты. Многія бел. даследчыкі з белавежскага гарызонта вылучаюць карчоўскі міжледавіковы, атаясамліваюць белавежскі і шклоўскі міжледавіковыя гарызонты, аб’ядноўваюць дняпроўскі і сожскі ледавіковыя гарызонты і вылучаюць эаплейстацэн і інш. падраздзяленні. У Зах. Еўропе найб. пашырана школа, распрацаваная В.Загвійнам (1989) для Нідэрландаў, у Расіі — І.І.Красновым і А.П.Зарынай (1987), С.М.Шыкам (1992), на Беларусі — схемы Б.М.Гурскага з сааўтарамі (1981) і Л.М.Вазнечука (1981).
Літ.:
Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;
Стратиграфия СССР: Четвертич. система. Полутома 1—2. М., 1982—84;
Zagwijn W.H. The Netherlands during the Tertiary and the Quaternary: A case history of Coastal Lowland evolution // Geologie en Mijnbouw. 1989. Vol. 68, Nr. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУНЕ́Й (Brunei),
Бруней Дарусалам (Brunei Darussalam), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на паўн.-зах. беразе в-ва Калімантан. Складаецца з 2 анклаваў, падзеленых паласой (шыр. 15—30 км) тэр. памежнага штата Саравак (Малайзія). Абмываецца водамі Паўд.-Кітайскага м.Пл. 5765 км². Нас. 274 тыс.чал. (1993). Дзярж. мова малайская, карыстаюцца таксама англійскай і кітайскай мовамі. Дзярж. рэлігія — іслам (мусульмане-суніты — 67% вернікаў), ёсць будысты, канфуцыяне, хрысціяне. Сталіца — г.Бандар-Серы-Бегаван. Падзяляецца на 4 адм. акругі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (23 лют.).
Дзяржаўны лад. Бруней — канстытуцыйная манархія (султанат). Дзейнічае канстытуцыя 1959 з папраўкамі 1971. Кіраўнік дзяржавы — султан, які адначасова ўзначальвае ўрад — Савет Міністраў. Заканадаўчы орган — Заканадаўчы савет, у які ўваходзіць 21 член (11 з іх прызначаюцца султанам, 10 выбіраюцца).
Прырода. Большая ч. паверхні — алювіяльная берагавая забалочаная раўніна. Клімат экватарыяльны. Т-ра паветра на працягу ўсяго года каля 26 °C. Ападкаў 2000—4000 мм за год. Сезоны не выражаны. Больш за 75% тэр. занята вільготнымі экватарыяльнымі лясамі.
Насельніцтва. Жывуць малайцы (66,9%), кітайцы (15,6%), абарыгенныя народы — ібаны, дусуны, муруты (5,7%); еўрапейцы, інданезійцы, тайландцы, індыйцы (разам 11,8%). Абарыгенныя народы жывуць у вёсках ва ўнутр.ч. краіны, астатнія — на ўзбярэжжы і ў гарадах. Сярэдняя шчыльн. 45,7 чал. на 1 км². Большая ч. насельніцтва (каля 170,1 тыс.чал.) сканцэнтравана ў сталіцы і яе наваколлі.
Гісторыя. Абарыгеннае насельніцтва Брунея — даякі. З канца 1-га тыс. да н.э. на паўн. ўзбярэжжа в-ва Калімантан мігрыравалі малайцы, з пач.н.э. — кітайцы. Каля 1200 гадоў назад тут утварыліся першыя брунейскія княствы са сталіцай Кота-Бату (Мураваны горад, засн. ў 7 ст.). Марскі гандаль (камфара, золата і інш.) і культ. кантакты з Індыяй і Кітаем садзейнічалі распаўсюджанню тут у 9—13 ст. індуізму і будызму. Каб захаваць сваю незалежнасць ад інданез. Шрывіджайскай імперыі ў 10—13 ст. і дзяржавы Маджапахіт (цэнтр — в-аў Ява) у 14 — пач. 15 ст., Бруней уступаў у саюз з Кітаем. У пач. 15 ст. пры правіцелю Махамадзе I ісламізаваны, пры яго пераемніках зацвердзіўся як султанат. Пры 5-м султане Болкіяху I (канец 15 — пач. 16 ст.), які заснаваў аднайм. дынастыю, што правіць і цяпер, Бруней дасягнуў найб. магутнасці і ахопліваў паўн.-зах. Калімантан, архіпелаг Сулу, філіпінскі в-аў Лусон, сучасныя малайзійскія штаты Сабах і Саравак і інш. У пач. 16 ст. краіну адкрылі еўрапейцы, першым з якіх быў у 1505—07 італьянец па паходжанні Л. дэ Вартэна. У 1577—78 і 1580 брунейцы адбілі ўварванні іспанцаў з Філіпінаў. У выніку ўнутр. міжусобіц і экспансіі галандцаў і англічан на Малайскі архіпелаг з 17 ст. пачаўся заняпад Брунея, скарачалася яго тэрыторыя. У 1840-я г. Бруней каланізаваны Вялікабрытаніяй. У 1888—1983 брыт. пратэктарат. У 2-й пал. 19 ст. султанат страціў Сабах і Саравак. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны японцамі.
У выніку ўзмацнення нац.-вызв. руху ў 1959 Вялікабрытанія дазволіла Брунею ўнутр. самакіраванне, адначасова пачалося фарміраванне яго ўзбр. сіл. З 1968 султанам Брунея з’яўляецца Хасанал Болкіях, які лічыцца найбагацейшым чалавекам у свеце. 1.1.1984 абвешчана незалежнасць краіны. Легальна дзейнічае адзіная Брунейская нац. аб’яднаная партыя. З 1984 Бруней — чл.ААН, Асацыяцыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, з 1985 — брыт. Садружнасці.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і газу на кантынентальным шэльфе (больш за 90% валютных паступленняў, 60% валавога ўнутр. прадукту). Па здабычы прыроднага газу (больш за 12 млрд.м³ штогод) Бруней займае адно з вядучых месцаў у свеце, нафты (больш за 10 млн.т штогод) — 3-е месца ў Паўд.-Усх. Азіі. Дзейнічае адзін з буйнейшых у свеце з-даў па звадкаванні газу (каля 5 млн.т за год). Ёсць прадпрыемствы лесапільнай і дрэваапр. прам-сці, саматужная вытв-сць тканін, вырабаў з каштоўнай драўніны, серабра. Буд-ва невял. драўляных суднаў. Пад с.-г. ўгоддзямі 5,5% тэр., 80% харч. прадуктаў імпартуецца. Асн. культуры — каўчуканосы (каля 50% апрацаваных зямель) і рыс. Вырошчваюць таксама сагавую і какосавую пальмы, перац, трапічныя фрукты (бананы). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, козаў, свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. (1,4 тыс.км аўтадарог, 90 тыс. аўтамашын). Рачное і марское суднаходства. Міжнар. аэрапорт. Нафту і газ экспартуюць пераважна ў Японію, ЗША, краіны Паўд.-Усх. Азіі, Тайвань. Імпарт: машыны, абсталяванне, прамысл. і харч. тавары ў асноўным з Сінгапура, Японіі, ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ, Малайзіі. Турызм. Грашовая адзінка — долар Брунея.
Літ.:
Денисов С.Н., Кулик Б.Т. Бруней вчера и сегодня. М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЫЦЫ́НА (лац. medicina ад medeor лячу),
сістэма навуковых ведаў і практычных прыёмаў, накіраваных на зберажэнне і ўмацаванне здароўя людзей, папярэджанне, распазнаванне і лячэнне хвароб, падтрыманне актыўнага даўгалецця; састаўная ч.аховы здароўя. Вывучае будову, працэсы жыццядзейнасці арганізма ў норме і паталогіі, уплыў фактараў прыроднага і сац. асяроддзя на здароўе і хваробы чалавека; выкарыстоўвае біял., мех., хім., фіз., псіхал. фактары для зберажэння і ўмацавання здароўя. На стан і ўзровень развіцця М., змест і метады мед. дзейнасці ўплываюць матэрыяльныя ўмовы жыцця грамадства, узровень развіцця эканомікі, агульны ўзровень культуры, дасягненні навукі і тэхнікі. Праблемы здароўя звязаны са згубнымі прывычкамі людзей (алкагалізм, курэнне, ужыванне наркотыкаў, таксічных рэчываў і інш.). Найважнейшы кірунак дзейнасці М. — фарміраванне здаровага ладу жыцця. М. падзяляецца на 3 групы дысцыплін: медыка-біялагічныя (анатомія, біяфізіка, біяхімія, вірусалогія, генетыка медыцынская, гісталогія, паразіталогія, паталагічная анатомія, паталагічная фізіялогія, таксікалогія, фармакалогія, фізіялогія), клінічныя (акушэрства, анкалогія, артапедыя, афтальмалогія, венералогія, гастраэнтэралогія, гематалогія, герыятрыя, дэрматалогія, інфекцыйныя хваробы чалавека, курарталогія, лячэбная фізічная культура, неўрапаталогія, нейрахірургія, нефралогія, педыятрыя, псіхіятрыя, радыялогія медыцынская, рэаніматалогія, стаматалогія, траўматалогія, уралогія, эндакрыналогія і інш.) і гігіенічныя (гігіена, мікрабіялогія, эпідэміялогія і інш.). Асобна вылучаюць навукова-практычныя комплексы мэтавага прызначэння: ваенная медыцына, касмічная медыцына, спартыўная медыцына і інш.
Звесткі пра М. вядомы з глыбокай старажытнасці. Ужо ў першабытным грамадстве людзі ўжывалі лекі расл., жывёльнага, мінер. паходжання, умелі памагаць пры родах, раненнях, рабілі некат. аперацыі (нават трэпанацыю чэрапа). У часы язычніцтва лекарамі пераважна былі вешчуны, знахары, жрацы. Асновы народнай медыцыны мелі эмпірычны і стыхійна-матэрыяліст. характар. Багатая мед. спадчына Стараж. Кітая і Індыі. Дасягненні М. ў Стараж. Грэцыі абагульніў Гіпакрат (5 ст. да н.э.). У сярэдневяковай Еўропе М. падпарадкоўвалася царкве, знаходзілася пад уплывам схаластыкі, што тармазіла яе развіццё. У эпоху Адраджэння ў М. ўмацаваліся клінічны і эксперым. метады, развівалася анатомія (А.Везалій) і інш. У 17 ст. У.Гарвей распрацаваў вучэнне аб кровазвароце, М.Мальпігі — аб кровазвароце ў капілярах. З 18 ст. развіваўся даследчы кірунак у М. У 19 ст. распрацаваны метады фіз. дыягностыкі, заснаваны тэорыя клетачнай паталогіі (Р.Вірхаў) асновы бактэрыялогіі і імуналогіі (Л.Пастэр, І.І.Мечнікаў), ваенна-палявой хірургіі (М.І.Пірагоў), удасканалены хірург. аперацыі (М.В.Скліфасоўскі, М.А.Вельямінаў), вучэнне пра ролю нерв. сістэмы пры хваробах (С.Ч.Боткін) і інш. У 20 ст. распрацаваны вучэнне пра вышэйшую нерв. дзейнасць (І.П.Паўлаў), фізіял., гігіенічныя і біял. асновы тэрапіі, сувязь арганізма з навакольным асяроддзем (Боткін, Р.А.Захар’ін, А.А.Астравумаў), пра вітаміны, хіміятэрапеўтычныя сродкі. Укаранёны ў практыку гіпатэрмія, пераліванне крыві, трансплантацыя і інш.
На Беларусі ў 15—16 ст. ствараліся шпіталі ў Брэсце (у 1495 і 1508), Мінску (1513), Мазыры (1516), аптэкі. Працы Ф.Скарыны, С.Буднага, Сімяона Полацкага фарміравалі навук.мед.-біял. думку (гл.Медыцынская адукацыя). У склад навук. устаноў Беларусі, якія займаюцца пытаннямі М. (1999), уваходзяць 14 НДІ і 2 навук.-практычныя цэнтры, у т. л.Анкалогіі і медыцынскай радыялогіі НДІ, Аховы мацярынства і дзяцінства Беларускі НДІ, Кардыялогіі Беларускі НДІ і інш., дзе працуюць больш за 3 тыс.навук. супрацоўнікаў, у т. л. 339 д-роў мед. навук, 1356 канд.мед.навук.Бел. вучоныя зрабілі значны ўклад у развіццё М.: І.А.Бірыла распрацаваў методыку ажыўлення хворых унутрыартэрыяльным уліваннем крыві, І.С.Лягенчанка, Л.С.Персіянінаў — метады ажыўлення нованароджаных пры асфіксіі, А.Я.Пракапчук — лячэнне чырв. ваўчанкі, І.М.Стальмашонак — аперацыі пластыкі стрававода, Т.В.Бірыч — лячэнне хвароб вачэй кіслародам, М.Я.Саўчанка — аперацыйнае аднаўленне інервацыі ўнутр. органаў, А.У.Шот — пратэзаванне клапанаў сэрца, Ц.Е.Гніларыбаў — трансплантацыю эндакрынных залоз і тканак і інш. У канцы 1990-х г.навук. даследаванні па М. выконваліся па 9 дзярж.навук.-тэхн. праграмах: анкалогія, кардыялогія, інфекц. хваробы, стаматалогія і хірургія сківіц і твару, рэабілітацыя, дыягнастычныя і лячэбныя тэхналогіі, дзеці Беларусі, навакольнае асяроддзе, а таксама па 19 асобных навук.-тэхн. праектах. У Мінскім мед. ін-це распрацаваны уніфікаваныя схемы медыкаментознай тэрапіі вострага інфаркту міякарда, прафілактыкі і лячэння плацэнтарнай недастатковасці антыаксідантным комплексам вітамінаў, хірург. лячэння язвенай язвавай хваробы страўніка і інш., у Віцебскім — доследныя ўзоры магн. сепаратараў крыві і інш.; у Гродзенскім — метады кансервацыі біяпластычных тканак для трансплантацыі, у Гомельскім — вывучаны ўплыў злучанага ўздзеяння на арганізм радыенуклідаў і хім. злучэнняў у дародавы і пасляродавы перыяды. У Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў створаны паўаўтааналізатар электралітаў крыві і інш.біял. вадкасцей, фізіятэрапеўт. апаратура, вывучаны ўплыў цяжкіх металаў і мікраэлементаў на здароўе дзяцей.
Літ.:
Крючок Г.Р. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУВЕ́ЙТ, Дзяржава Кувейт (араб. Даўлят аль-Кувейт),
краіна ў Зах. Азіі, на зах. узбярэжжы Персідскага заліва. Займае ПнУ Аравійскага п-ва і астравы ў Персідскім зал. (Бубіян, Файлака, Варба і інш.). Мяжуе на Пн і ПнЗ з Іракам, на Пд і ПдЗ з Саудаўскай Аравіяй. Пл. 17,8 тыс.км². Нас. 2077 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Сталіца — г.Эль-Кувейт. Краіна падзяляецца на 5 губернатарстваў (мухафаз). Нац. свята — Нацыянальны дзень (25 лютага).
Дзяржаўны лад. К. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1962. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — эмір. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нар. сход (50 дэпутатаў, якіх выбірае насельніцтва на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць эміру і створанаму пры ім ураду на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Амаль уся тэрыторыя — участкі пустынных плато і раўнін, камяністыя і друзаватыя на Пн, пясчаныя на Пд, выш. да 299 м. У нетрах вял. запасы нафты (каля 14 млрд.т, 10% сусв. запасаў). Асн. радовішчы Бурган і Вафра на Пд. Ёсць гаручы газ (больш за 1 трыльён м³), асфальт, буд. матэрыялы. Клімат сухі, субтрапічны. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (ліп.) 34 °C, самага халоднага (студз.) 11 °C. Летам і зімой бываюць пясчаныя буры. Ападкаў каля 125 мм за год, пераважна зімой. Тэрыторыя ў зоне пустынь з рэдкай травяністай і хмызняковай расліннасцю на прымітыўных шэразёмных глебах. Жывёльны свет бедны. Ёсць змеі, яшчаркі, з птушак — жаваранкі, дрофы, галубы, каршуны, ястрабы і інш. Персідскі зал. багаты рыбай і крэветкамі.
Насельніцтва. Больш за 80% насельніцтва складаюць арабы, у т. л. 45% — кувейтцы, карэнныя жыхары краіны, 35% — эмігранты з іншых араб. краін. Жывуць таксама выхадцы з Ірана, Пакістана, Індыі, Бангладэш, Шры-Ланкі, Усх. Афрыкі, англічане і амерыканцы. Амаль усе вернікі — мусульмане, ёсць хрысціяне, індуісты і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,7%. Сярэдняя шчыльн. 117 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 97%. У г. Эль-Кувейт з прыгарадамі жыве больш за 1 млн.ж. (1994), у г. Міна-эль-Ахмады каля 120 тыс.ж. Астатнія жыхары ў невял. гарадах, пасёлках пры нафтапромыслах, у аазісах. Ёсць качэўнікі-бедуіны (каля 20 тыс.чал.). У прам-сці занята 25% працоўных, у сельскай гаспадарцы — менш як 1%, у кіраванні і абслуговых галінах — 50%.
Гісторыя. Тэр. К. ўваходзіла ў склад стараж. дзяржаў: Вавілоніі, Асірыі, Ахеменідаў, Селеўкідаў, Парфянскай, Сасанідаў. З 7 ст.н.э. ў Арабскім халіфаце, з 16 ст. ў складзе Асманскай імперыі. У пач. 18 ст.араб. племя аназа заснавала тут г. Эль-Кувейт («невялікая крэпасць»), У сярэдзіне 18 ст. створана шэйхства К. на чале з шэйхамі з роду ас-Сабах. 23.1.1899 шэйх Мубарак заключыў з англічанамі сакрэтнае пагадненне пра асаблівыя правы Вялікабрытаніі ў К. 3.11.1914 К. абвешчаны «незалежнай дзяржавай пад брытанскім пратэктаратам». У 1934 створана амер.-брыт. «Кувейт ойл компані» (нацыяналізавана ў 1975), якая ў 1946 пачала здабычу нафты. У ліп. 1938 шэйх Ахмад (1921—50) заснаваў заканадаўчы і кансультатыўны савет.
19.6.1961 К. абвешчаны незалежнай дзяржавай (эміратам), 20.7.1961 прыняты ў Лігу араб. дзяржаў, нягледзячы на пярэчанні Ірака, які лічыў К. часткай сваёй тэрыторыі. У 1962 у краіне прынята канстытуцыя, у студз. 1963 адбыліся першыя выбары ў парламент. На працягу 1960—80-х г. даходы ад здабычы нафты ператварылі К. у краіну з адным з найвышэйшых жыццёвых узроўняў у свеце. Праз Кувейцкі фонд араб.эканам. развіцця К. аказваў дапамогу бедным араб. краінам. У ліп. 1986 эмір Джабер (з 1965) распусціў парламент, што справакавала канстытуцыйны крызіс. У час ірана-іракскай вайны 1980—88 К. аказваў фін. дапамогу Іраку. Але ў ліп. 1990 адносіны паміж К. і Іракам рэзка пагоршыліся. 2.8.1990 іракская армія акупіравала К. (гл.Кувейцкі крызіс 1990—91). У выніку ваен. дзеянняў загінулі дзесяткі тыс. кувейтцаў, вял. страты пацярпела нафтавая прам-сць К. Пасля выгнання іракскіх войск у лют. 1991 адноўлена ўлада эміра Джабера. 5.10.1992 у К. адбыліся выбары ў парламент, на якіх дэпутатамі выбраны і апазіц. дзеячы. Напярэдадні выбараў 1996 значна павялічана колькасць людзей, якія мелі выбарчыя правы, але жанчыны дагэтуль пазбаўлены права голасу. К. — член ААН (з 1963). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1992. У краіне забаронены ўсе паліт. партыі.
Гаспадарка. К. уваходзіць у лік дзяржаў з самым высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. — 17 тыс.дол. (1997). Аснова эканомікі — нафтавая прам-сць, яе доля ў валавым унутр. прадукце складае каля 50%, інш. галін прам-сці — 7%, сельскай гаспадаркі — 0,5%. У 1994 здабыта каля 110 млн.т нафты. Асн. нафтапромыслы на Пд. Частку нафты здабываюць на марскім шэльфе. Прыроднага газу здабываюць штогод каля 6 млрд.м³. Здабычу нафты і газу вядзе дзярж. кампанія. Нафтаперапрацоўка на з-дах у г. Міна-эль-Ахмады, Эш-Шуайба, Міна-Абдалах. Большая ч. нафты экспартуецца. З перапрацоўкай нафты звязаны комплекс па вытв-сці ўгнаенняў, з-ды па атрыманні едкага натрыю і салянай к-ты, прадпрыемствы па вытв-сці хлору, каўстычнай соды, мыйных сродкаў, солі з марской вады. З-ды па звадкаванні прыроднага газу ў г. Міна-эль-Ахмады. Вытв-сць электраэнергіі 25 млрд.кВт∙гадз (1995). Найб. электрастанцыі ў Эль-Кувейце і каля Міна-эль-Ахмады. Ёсць з-ды па апрасненні марской вады (самыя магутныя ў свеце), цэм., цагельныя і чарапічныя, металічных труб, азбестацэментных і бетонных вырабаў, эл.-лямпавы, аўтазборачны, чыгуналіцейны; домабуд. камбінаты, суднабуд. і суднарамонтныя верфі. Працуюць разнастайныя харч. прадпрыемствы, а таксама па рамонце абсталявання для нафтагазавай прам-сці, па вытв-сці прадметаў хатняга ўжытку і інш. Рамёствы. Больш за палавіну прадпрыемстваў у г. Эль-Кувейт і яго прыгарадах. Дзейнічае праграма эканам. дыверсіфікацыі, стварэння паслянафтавых высокатэхнал. галін прам-сці. Апрацоўваецца 2 тыс.га арашальных зямель. Вырошчваюць пераважна агародніну, ёсць невял. гаі фінікавай пальмы. Развіваецца вырошчванне агародніны на прамысл. аснове метадам гідрапонікі. Жывёлагадоўляй займаюцца бедуіны і жыхары аазісаў. Пад пашай каля 8% тэрыторыі. У К. каля 7 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, 4 тыс. вярблюдаў, 200 тыс. авечак, 100 тыс. коз. Птушкагадоўля (каля 3 млн.шт. птушак). Марское рыбалоўства і лоў крэветак. Транспарт пераважна аўтамабільны. У К. 4,3 тыс.км аўтадарог з цвёрдым пакрыццём, 545 тыс. легкавых і 155 тыс. грузавых аўтамабіляў, каля 12 тыс. аўтобусаў (1997). Даўж. нафтаправодаў 877 км, магістральных газаправодаў 165 км, прадуктаправодаў 40 км. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам. Гал. парты Міна-эль-Ахмады (экспарт нафты і звадкаванага газу), Эш-Шуайба (экспарт нафты), Эль-Кувейт (амаль увесь імпарт). К. мае гандл. флот больш за 2 млн. дэдвейт т, пераважаюць танкеры. У краіне 4 аэрапорты, у т. л.міжнар. аэрапорт у Эль-Кувейце. У 1995 экспарт склаў 10,5 млрд.дол., імпарт — 6,6 млрд. долараў. К. экспартуе нафту і нафтапрадукты (больш за 70% па кошце), звадкаваны газ, хім. прадукты, угнаенні і інш. У імпарце пераважаюць канструкцыйныя матэрыялы, машыны і абсталяванне, харч. прадукты, адзенне. Гал.гандл. партнёры: ЗША (23% экспарту, 14% імпарту), Японія (адпаведна 13 і 12%), Германія (10 і 8%), Вялікабрытанія (9 і 7%), Францыя (8 і 6%), Індыя, Саудаўская Аравія. К. — актыўны экспарцёр капіталаў. Прыватныя і дзярж. ўклады ў замежныя кампаніі і банкі перавышаюць 150 млрд.дол. Грашовая адзінка — кувейцкі дынар.
Архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На в-ве Файлака выяўлены руіны стараж. храма, бронз. статуэткі і круглыя пячаткі 3-га тыс. да н.э., рэшткі грэч. умацаванняў, храма Сатыра з іанічнымі калонамі і акратэрыямі (4 ст. да н.э.), кераміка 3 ст. да н.э., руіны сярэдневяковага форта. Старыя жылыя дамы Эль-Кувейта з каменю ці сырцовай цэглы, пераважна 1-павярховыя, з унутр. дваром і плоскім земляным дахам. У цэнтры вял гарадоў будавалі дамы вежавага тыпу (да 5 паверхаў). Культавыя будынкі — мячэці з купалам, 1—2 мінарэтамі (Вял. мячэць ці Масджыд ас-Сук у Эль-Кувейце). Жытлы качэўнікаў у выглядзе шатроў з каляровых ваўняных тканін. У 1930-я г. пашырана прамысл.буд-ва — нафтаперапрацоўчыя, хім., партовыя збудаванні ў гарадах Эль-Кувейт, Міна-эль-Ахмады, Міна-Абдалах і інш. Выкарыстанне новых форм, тэхналогій і канструкцый характэрна прадпрыемствам па апрасненні вады, воданапорным і тэлевізійным вежам (Эль-Кувейт). У выніку рэканструкцыі Эль-Кувейта (1957, арх. Мінопрыо, Спенслі, Макфарлан) захаваны гіст. цэнтр, традыц. радыяльная сетка вул ш. Сярод пабудоў 1980—90-х г.: будынкі Нац. сходу, Муніцыпалітэта ў Эль-Кувейце, спарт.-відовішчнага, курортна-аздараўленчага прызначэння. Жыллёвае буд-ва 2 тыпаў; 1—3-павярховыя дамы маналітнай канструкцыі тыпу віл і шматпавярховыя, пераважна на жалезабетонным каркасе, секцыйныя будынкі. Новыя дамы традыцыйна маюць мужчынскую («дыванія») і жаночую («харам») зоны, шмат навесаў, лоджый, а таксама «зялёныя пакоі» — глыбокія лоджыі для адпачынку ў вячэрні час. Пабудовы аздабляюць шкляной мазаікай, арнаментам з керамічных плітак. Нар. мастацтва (ткацтва, кераміка і інш.) адметнае выкарыстаннем складанай арнаментыкі. Пашыраны вырабы, чаканеныя з серабра і медзі, драўляныя разныя (курыцельніцы, вазы, чашы) з інкрустацыяй серабром, свінцом і інш.Сусв. вядомасць маюць ювелірныя ўпрыгожанні з золата і серабра з бірузой.
Літ.:
Государство Кувейт. Справ. М., 1990.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Халед Сайф М.Табет (архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Кувейта.Да арт.Кувейт. Віла ў г. Мена Эль-Ахмады.Да арт.Кувейт. Палац эміра ў Эль-Кувейце.Да арт.Кувейт. Тэлевежа ў Эль-Кувейце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАДА́РСКІ КРАЙ.
У складзе Рас. Федэрацыі. Утвораны 13.9.1937. Размешчаны на ПдЗПаўн. Каўказа ў бас.р. Кубань, на З і ПдЗ абмываецца Азоўскім і Чорным м.Пл. 76 тыс.км². Нас. 5011 тыс.чал. (1997), гарадскога 54%. Сярэдняя шчыльн. 66 чал. на 1 км². Жывуць рускія (86,7%), украінцы (3,9), армяне (3,7), беларусы (0,8), немцы (0,6), грэкі (0,6), адыгейцы (0,5) і інш. Цэнтр — г.Краснадар. Найб. гарады: Новарасійск, Армавір, Ейск, Крапоткін, Ціхарэцк, Туапсэ, Лабінск.
Прырода. На тэр. краю Кубана-Прыазоўская нізіна, на У частка Стаўрапольскага ўзв.; на Пд перадгор’і і хрыбты зах. часткі Вял. Каўказа (выш. да 3256 м). Уздоўж Чорнага м. вузкая ўзбярэжная паласа. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каляровыя і рэдкія металы. буд. матэрыялы, каменная соль. Шмат крыніц мінер. вод, ілавыя гразі. Клімат ад умерана кантынентальнага да субтрапічнага. Сярэдняя т-растудз. ад -4 °C (на раўніне) да 5 °C (на ўзбярэжжы Чорнага м.), ліп. 22—24 °C, у гарах (на выш. 2000 м) адпаведна -8 ºС і 13 °C. Ападкаў ад 400 мм на ПнУ да 1400 мм у раёне г. Сочы і да 3200 мм у гарах у раёне Краснай Паляны. Гал. рака Кубань з прытокамі Уруп, Лаба, Белая і інш.; рэкі паўн. часткі — Ея, Чэлбас, Бейсуг; выкарыстоўваюцца для арашэння. Вадасховішчы Краснадарскае, Тшчыкскае і Шапсугскае. На Таманскім п-ве і ўзбярэжжы Азоўскага м. азёры-ліманы. Глебы на раўніне чарназёмныя, у даліне Кубані алювіяльныя, у перадгор’ях і гарах горна-лясныя і горна-лугавыя. Расліннасць на раўніне культурная, у гарах шыракалістыя (дубовыя, букавыя, у раёне Туапсэ—Сочы мяшаныя калхідскія) і цёмна-хваёвыя (каўк. піхта, елка) лясы, субальпійскія і альпійскія лугі. У складзе жывёльнага свету ліс, ласка, тхор, заяц-русак, грызуны (на раўніне); буры мядзведзь, рысь, лясны кот, лясная і каменная куніца (у гарах); заходнекаўк. тур, серна, снежная палёўка (у высакагор’і). Каўказскі запаведнік, Сочынскі прыродны нац. парк.
Гаспадарка. Сярод галін прам-сці вылучаюцца харч., маш.-буд. і металаапр., паліўная, хім. і нафтахім., мікрабіял., дрэваапр., лёгкая, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Харч.прам-сць (41% прамысл. прадукцыі краю) грунтуецца на магутнай базе с.-г. сыравіны. Прадпрыемствы алейна-тлушчавай прам-сці (236 тыс.т, 1996) сканцэнтраваны ў гарадах Краснадар, Армавір, Крапоткін, Лабінск, Беларэчанск; вінаробнай — Абраў-Дзюрсо, Туапсэ, Анапа, Ейск, Крымск, Славянск-на-Кубані, цукр. (1,1 млн.т) — Лабінск, Новакубанск. рыбная — Новарасійск, Прыморска-Ахтарск, Тэмрук. Развіты агароднінакансервавая, мясная, масласыраробная, мукамольная, піваварная, тытунёвая прам-сці. У маш.-буд. і металаапр. вылучаецца вытв-сць станкоў, электра- і радыёвымяральных прылад, кампрэсараў, газавай апаратуры, рысаўборачных камбайнаў (Краснадар), электратэхн. прылад, абсталявання для нафтавай прам-сці (Армавір), рухавікоў, абсталявання для харч. прам-сці (Новарасійск), цяжкіх пуцявых машын, абсталявання для хім. прам-сці (Ціхарэцк), дрэваапр. станкоў (Крапоткін). Суднамех. і суднарамонтныя з-ды ў Новарасійску, Туапсэ, Ейску. Здабыча (1996): нафты (1,6 млн.т, разам з Тазавым кандэнсатам) і прыроднага газу (1,8 млрд.м³) у раёнах Абінска, Славянска-на-Кубані, Хадыжэнска, Апшэронска і інш. Перапрацоўка нафты (3,1 млн.т) на з-дах у Краснадары і Туапсэ. Хім.прам-сць (вытв-сць пластмас, гумава-тэхн. вырабаў, лакафарбавых матэрыялаў) у Краснадары, Крапоткіне, Лабінску. Камбінат біяхім. і вітамінных прэпаратаў у Краснадары, ёдавы з-д у Славянску-на-Кубані. Вытв-сць электраэнергіі (6,7 млрд.кВт∙гадз, 1996) пераважна на ЦЭЦ. Дрэваапр.прам-сць (вытв-сць фанеры, мэблі, драўлянай і кардоннай тары) у Краснадары, Новарасійску, Беларэчанску, Армавіры, Ейску, Лабінску.
Развіты шарсцяная, баваўняная, швейная, трыкат., гарбарна-абутковая прам-сць. Буйная вытв-сць цэменту (1,7 млн.т, 4 з-ды ў Новарасійску), цэглы, жалезабетонных вырабаў, мяккіх дахавых матэрыялаў. Фарфора-фаянсавы з-д у Краснадары. К.к. адзін з важнейшых с.-г. раёнаў Расіі. Пл.с.-г. угоддзяў 4,8 млн.га, у т. л. пад ворнымі землямі 4 млн.га. Пасевы пшаніцы, рысу (пераважна ў нізоўях Кубані), кукурузы, сланечніку, цукр. буракоў, тытуню, эфіраалейных культур (у т. л. клешчавіны). Агародніна-, бульба- і бахчаводства. Збор (тыс.т, 1995): збожжа — 5727, сланечніку — 817, цукр. буракоў — 4236, агародніны — 661, бульбы — 612. Вінаградарства, садоўніцтва. На Пд ад Туапсэ, на ўзбярэжжы, вырошчваюць чай, цытрусавыя і інш. субтрапічныя культуры. Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (1,3 млн. галоў), свіней (1,7 млн. галоў), авечак, коз, птушку. Вытв-сць воўны 978 т (1995). Пчалярства. Даўж. чыгунак 2,2 тыс.км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 25,7 тыс.км. Гал. чыгункі Растоў-на-Доне—Армавір—Баку, Валгаград—Новарасійск, Армавір—Туапсэ—Сочы, аўтадарогі Новарасійск—Туапсэ—Сухумі, Растоў-на-Доне—Баку. Развіты марскі і паветр. транспарт. Марскія парты́: Новарасійск (вываз нафты і цэменту), Туапсэ, Сочы (Чорнае м.), Тэмрук, Ейск (Азоўскае м.). Найбуйнейшы аэрапорт — Адлер Суднаходства па р. Кубань (ад Краснадара да вусця). Газаправод Краснадар—Цэнтр. К.к. — буйнейшы ў Расіі курортны раён і цэнтр турызму. Курорты: Сочы, Анапа, Геленджык, Ейск, Гарачы Ключ, Туапсінская курортная зона.