КАСМІ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ ВЫВУЧЭ́ННЯ І КАНТРО́ЛЮ ПРЫРО́ДНАГА АСЯРО́ДДЗЯ,

сукупнасць метадаў, спосабаў і апаратуры для фіксавання параметраў, вывучэння і кантролю будовы, саставу і дынамікі прыроднага асяроддзя з космасу. З дапамогай ШСЗ вядуць пошук карысных выкапняў, вывучаюць дынаміку перыяд. (сутачных, сезонных і інш.) і эпізадычных (ураганы, тайфуны, вывяржэнні вулканаў, пылавыя буры і інш.) прыродных з’яў, фіксуюць праявы антрапагеннай дзейнасці (рэгіянальныя змены ландшафтаў вакол гарадоў, забруджванне вод, энергет. страты з індустр. і жылых аб’ектаў і інш.). З дапамогай касм. метадаў назірання вызначаюць запас вільгаці на палях, стан пасеваў с.-г. культур, прагназуюць ураджай і інш. У лясной гаспадарцы выкарыстоўваюцца для картаграфавання ляснога фонду, інвентарызацыі лясных рэсурсаў і інш. Вызначаюцца высокай навук. і эканам. эфектыўнасцю. Уваходзяць у сістэму экалагічнага маніторынгу.

т. 8, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНАЯ МЕЛІЯРА́ЦЫЯ,

комплекс мерапрыемстваў па паляпшэнні біялагічнай прадукцыйнасці і інш. карысных якасцяў прыроднага асяроддзя біял. метадамі. Можа мець самаст. значэнне, выкарыстоўваецца як адзін з этапаў аднаўлення парушаных зямель або ўваходзіць у агульнае кола меліярац. мерапрыемстваў па паляпшэнні прыроднага асяроддзя с.-г. і інш. угоддзяў.

т. 3, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭГРАДА́ЦЫЯ ПРЫРО́ДЫ,

пагаршэнне ці страта станоўчых якасцей прыроднага асяроддзя. Тэрмін часцей выкарыстоўваецца ў адносінах да канкрэтных аб’ектаў і кампанентаў прыроднага асяроддзя, напр., дэградацыі глеб (паніжэнне ўрадлівасці глеб, выкліканае прыроднай зменай умоў глебаўтварэння або гасп. дзейнасцю чалавека), дэструкцыі ландшафтаў, рэкрэацыйнай дыгрэсіі (гл. Дыгрэсія) і інш., папярэджанне якіх складае адну з гал. задач аховы прыроды. Да Д.п. адносіцца таксама біядэградацыя.

т. 6, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАСТРАТЭ́ГІЯ (ад геа... + стратэгія),

разгляд значэння прыроднага асяроддзя ў дачыненні да праблемы экалагічнага, эканоміка-паліт. дабрабыту, пераважна ў міжнар. маштабе.

т. 5, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВЫ ЗАПА́С, эксплуатацыйны запас,

частка (колькасць) узнаўляемых прыродных рэсурсаў, якую магчыма перыядычна адбіраць з прыроднага асяроддзя без шкоды для іх ўзнаўлення.

т. 13, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДРО́СТ,

маладое пакаленне дрэвавых раслін пад полагам лесу або на высечках, здольнае сфарміраваць дрэвастой. Утвараецца шляхам прыроднага аднаўлення відаў мацярынскага дрэвастою (насеннага або парасткавага паходжання) і ў выніку налёту насення інш. відаў дрэў (змена парод). Ствараецца таксама пасадкай. У лясных фітацэнозах часта ўтварае самастойны ярус. На развіццё П. ўплываюць асветленасць, тэмпературныя і глебавыя ўмовы і інш. Адрозніваюць П. па вышыні, таўшчыні, энергіі росту. Жыццяздольнасць, вышыня і ўзрост П. з’яўляюцца крытэрыем пры ацэнцы прыроднага аднаўлення лесу. На Беларусі да П. гасп.-каштоўных парод адносіцца маладое пакаленне хвоі, елкі, дубу, лістоўніцы і інш.

т. 11, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТЭРЫЯРАЦЫ́ЙНЫ КАДА́СТР,

сістэматызаваны збор звестак пра пагаршэнне складу і стану навакольнага прыроднага асяроддзя; адзін з відаў кадастраў. У Д.к. уваходзяць звесткі пра ўзроўні і крыніцы забруджання вод, глеб і атмасферы, парушаныя землі, іншыя негатыўныя змены, што ўзніклі ў прыродзе (у т. л. пагоршанне навакольнага прыроднага асяроддзя, што адбываецца пад уздзеяннем антрапагенных фактараў — дэтэрыяцыя асяроддзя). Д.к. складаецца па рэгіёнах; матэрыялы, якія змяшчаюцца ў ім, асабліва каштоўныя пры распрацоўцы мерапрыемстваў па рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, аптымізацыі ўмяшання ў навакольнае асяроддзе, вызначэнні кола неабходных прыродаахоўных мерапрыемстваў і шляхоў паляпшэння якасці навакольнага асяроддзя. Складанне Д.к. патрабуе навук. вывучэння прыродных аб’ектаў і з’яў.

т. 6, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕБА́СТР (грэч. alabastros),

1) мінерал, тонказярністая масіўная разнавіднасць гіпсу.

2) Адна з назваў буд. гіпсу. Атрымліваюць абпальваннем (120 — 170 °C) прыроднага гіпсу да ператварэння яго ў паўгідрат сульфату кальцыю.

т. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖГО́РНЫ ПРАГІ́Н,

тэктанічная дэпрэсія паміж складкавымі горнымі збудаваннямі, утвораная ад прагінання зямной кары з адначасовым падыманнем навакольных хрыбтоў. Звычайна запоўнены магутнымі тоўшчамі абломкавых адкладаў. З М.п. часта звязаны радовішчы нафты, прыроднага газу, вугалю і інш. карысных выкапняў.

т. 10, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТО́КА,

другараднае рэчышча (рукаў), якое ўтвараецца пры разгалінаванні ракі астравамі, або кароткі вадацёк прыроднага паходжання, які злучае возера з ракой або 2 возеры. На Беларусі рачныя П. найчасцей трапляюцца на рэках Палесся, паміж азёрамі — у Бел. Паазер’і.

т. 13, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)