ДААСІ́ЗМ,

1) адна з асн. плыней кіт. філасофіі. Заснавальнікам лічыцца стараж.-кіт. філосаф Лао-цзы (6—5 ст. да н.э.), асн. ідэі якога выкладзены ў кн. «Дао дэ цзін». Даасізм — разнавіднасць наіўнага матэрыялізму стараж. кітайцаў з элементамі прымітыўнай дыялектыкі. Пастуліруецца існаванне аб’ектыўнага, незалежнага ад волі нябеснага ўладыкі, прыроднага і адначасова сац.-маральнага пачатку — дао, які ўвасабляе законы неба, прыроды, грамадства і азначае вышэйшую дабрачыннасць і справядлівасць. Усе рэчы ўзнікаюць і развіваюцца па ўласным прыродным шляху. Чалавек павінен прытрымлівацца дао і не ствараць штучных перашкод. Усе грамадскія ўстановы, у т. л. дзяржава, недахопы грамадства (несправядлівасць, няроўнасць і інш.) лічацца адхіленнямі ад сапраўднага дао. Сац. ідэал даасізму — адмова ад цывілізацыі і культуры, вяртанне да першабытнай натуральнасці. Рэзка крытыкуюцца насілле і войны. Прыхільнікі даасізму і яго папулярызатары Чжуанцзы, Ян Чжу, Інь Вэнь (4—3 ст. да н.э.).

2) Адна з кіт. рэлігій. Узнікла ў 2 ст. да н.э. У пач. 5 ст. распрацавана тэалогія і рытуал, у эпоху дынастыі Тан (да 10 ст.) даасізм карыстаўся асаблівай апекай дзярж. улады. Захаваўся да сярэдзіны 20 ст. як сінкрэтычная нар. рэлігія, што спалучала элементы канфуцыянства і будызму. Асн. мэта паслядоўнікаў даасізму — дасягненне даўгалецця. Даоскія магі, лекары, якія шукалі элексіры бяссмерця, садзейнічалі развіццю кіт. алхіміі.

В.І.Боўш.

т. 5, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)