САМАДЗЕ́ЙНАЕ ВЫЯЎЛЕ́НЧАЕ І ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́Е МАСТА́ЦТВА,
аматарская творчасць у галіне жывапісу, скульптуры, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Займае важнае месца ў духоўным развіцці грамадства як структурны элемент маст: культуры і сродак далучэння да яе шырокіх слаёў насельніцтва; эфектыўная форма фарміравання гарманічна развітой асобы. У адрозненне ад прафес.маст. творчасці менш звязана з маст.-вобразнымі і стылістычнымі традыцыямі эпохі, агульнапрынятымі, гістарычна сфарміраванымі канонамі; спалучае маст. формы фальклору, нар. і прафес. мастацтва. Існуе ў арганізаваных (студыі, клубы, гурткі пры палацах і дамах культуры, дамах рамёстваў, навуч. установах і інш.) і неарганізаваных формах.
На Беларусі найб. масавы характар набыло ў 1920-я г. У першыя гады сав. улады гурткі і студыі мелі пераважна агітацыйна-прапагандысцкую накіраванасць, ствараліся пры заводах і фабрыках, установах, часцях Чырв. Арміі. Многія мастакі-аматары ўдзельнічалі ў ажыццяўленні т.зв. Ленінскага плана манум. прапаганды, стваралі бюсты паліт. і грамадскіх дзеячаў, помнікі, якія ўслаўлялі свабодную працу, працавалі над афармленнем вуліц і плошчаў, агітпаяздоў, агітпараходаў, агітпавозак (агітпараход і агітпоезд на Гомельшчыне ў 1919, мінскі агітпоезд на Віцебшчыне ў 1934). Значная работа вялася па наладжванні навуч. працэсу ў галіне самадз.выяўл. мастацтва. У Гомелі ў 1919—21 працавалі студыя выяўл. мастацтва імя М.Урубеля (сярод яе выхаванцаў нар. мастак Расіі Г.Ніскі), студыя пры Чангарскай кавалерыйскай дывізіі, студыя скульптуры пад кіраўніцтвам Ф.Валяро. У 1920-я г. створаны студыі выяўл. мастацтва ў Мінску, Оршы, Полацку, Гарадку. На выстаўцы твораў С.в. і д.-п.м. (1919) экспанаваліся работы рамеснікаў і мастакоў Бабруйска. У 1920—30-я г. развіваліся пераважна разьба па дрэве, аплікацыя саломкай, размалёўка, вышыўка, лозапляценне, кераміка. У 1936 у Мінску адбылася выстаўка работ самадз. мастакоў, у 1937 і 1938 — выстаўкі самадз. і нар.маст. творчасці. Іх развіццю садзейнічалі створаныя ў канцы 1930-х г. дамы нар. творчасці (з 1979 навукова-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культурна-асветнай работы).
У Вял.Айч. вайну самадз. мастакі Беларусі актыўна ўдзельнічалі ў выданні і афармленні друкаваных і рукапісных падпольных перыядычных выданняў, змяшчалі ў іх партрэты нар. мсціўцаў, пейзажныя замалёўкі, сатыр. малюнкі. У канцы 1940-х—1950-я г. колькасць новых студый і гурткоў павялічылася, праводзіліся творчыя семінары самадз. мастакоў, актывізавалася выставачная дзейнасць. У 1947, 1952, 1959 адбыліся рэсп. выстаўкі самадз. і нар. мастацкай творчасці, у 1955 выстаўка на Дэкадзе бел. мастацтва і л-ры ў Маскве. Значнае месца ў творчасці мастакоў-аматараў займалі тэмы Вял.Айч. вайны, адраджэння нар. гаспадаркі, роднага краю. У 1960—70-я г. актывізавалася дзейнасць арганізацыйна-метадычных устаноў, створаны дамы маст. самадзейнасці (з 1978 дамы самадзейнай творчасці).
На развіццё С.в. і д.-п.м. на Беларусі значна паўплываў удзел самадз. мастакоў і майстроўдэкар.-прыкладнога мастацтва ў рэсп. і ўсесаюзных фестывальных выстаўках-конкурсах, прысвечаных розным знамянальным падзеям, рэсп. выстаўкі дзіцячай выяўл., дэкар.-прыкладной і тэхн. творчасці. Іх творчасці ўласцівы разнастайнасць манер і тэхніка-выканаўчых прыёмаў, актыўны пошук індывід. формы, шырыня жанрава-тэматычнага дыяпазону, паўната адлюстравання жыцця. У драўлянай скульптуры значнае месца займалі фалькл. матывы. Сярод вядомых майстроў С.в. і д.-п.м. Беларусі 1960—90-х г. І.Абравец, Т.Агафоненка, В.Альшэўскі, В.Аляксеенка, К.Арцёменка, Г.Асіпкова, Л.Бабровіч, П.Букасаў, В.Бусараў, С.Бык, Л.Галаенка, Н.Ганчарова, Г.Ганчаронак, П.Гатоўка, В.Гаўрылюк, Ф.Генкін, В.Гвоздзеў, П.Гольцаў, У.Гулякевіч, В.Дабраквашын, Ф.Дудо, М.Ерафееў, В.Жарнасек, І.Занковіч, М.Засінец, Л.Казачонак, С.Какшынскі, В.Кандраценка, І.Кішкурна, М.Корабаў, Дз.Крупеня, З.Ляйко, А.Міхеенка, М.Няхай, А.Пупко, В.Рудовіч, Л.Саланенка, В.Самойленка, С.Серак, Ф.Сухавіла, Дз.Сырамятнікаў, Б.Тарасенка, Л.Трахалёва, Дз.Цубер, С.Шаўроў, А.Шышанкоў і інш. У 1990-я г. ліквідаваны Рэсп. навукова-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культурна-асветнай работы, у некат. раённых гарадах, гар. пасёлках, калгасах і саўгасах яны заменены дамамі (цэнтрамі) рамёстваў (на 2001 больш за 40). Лепшым самадз. студыям і клубам надаецца званне «народны» (гл.Народныя студыі і клубы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва).
Р.Ф.Шаура.
Да арт.Самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Г.Асіпкова. Песня. 1976.Да арт.Самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. В.Бусараў. Ганчар. 1984.Да арт.Самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. М.Засінец. Маці. 1976.Да арт.Самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. С.Бык. Партрэты М.Багдановіча, Я.Коласа, Я.Купалы.Да арт.Самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Л.Трахалёва. Дзот. 1989.Да арт.Самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. В.Жарнасек. У прадмесці Лепеля. 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ШКО́ЛА ГРАВЮ́РЫ,
мастацкая школа ў бел. графіцы канца 17—18 ст. Склалася ў Магілёве, працягвала традыцыі Віленскай шкалы гравюры і Куцеінскай школы гравюры. Развіццё школы звязана з дзейнасцю друкароў і гравёраў Магілёўскага богаяўленскага брацтва (гл.Магілёўская брацкая друкарня), гал. ролю ў яе фарміраванні адыгралі Ф.Ангілейка, М.Вашчанка, В.Вашчанка; сярод майстроў Афанасій П. (Пігарэвіч), Сямён, М.Антушкевіч, Я.Стральбіцкі, М.Чарняўскі. Развівалася пераважна кніжная гравюра (дрэварыт і медзярыт), стылістычна блізкая да тагачасных бел. абразоў і паліхромнай драўлянай пластыкі. Вядома больш за 40 выданняў Магілёўскага брацтва, якія мелі тытульныя лісты, былі ўпрыгожаны фігуратыўнымі ілюстрацыямі, застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі. Упершыню пасля выданняў Ф.Скарыны фігуратыўная старонкавая ілюстрацыя адыгрывала гал. ролю ў маст. аздабленні кніг, у адным выданні спалучаліся дрэварыты і медзярыты. Некаторыя ілюстрацыі мелі подпісы мастакоў. Творы выкананы ў стылі т.зв. магілёўскага барока (спалучэнне мясц.маст. традыцый з рысамі зах.-еўрап. барока і візант. мастацтва). У аснове маст. прынцыпаў М.ш.г. — натурныя назіранні, шырокае выкарыстанне традыцый нар. мастацтва, што выявілася ў нар. характары тыпажу, адлюстраванні адзення, прадметаў побыту, арх. дэталей і інш. Характэрнымі рысамі школы з’яўляюцца лаканічная лінеарная, пластычна выразная гравіроўка, прастата і ўраўнаважанасць кампазіцыйнай будовы, перавага фігур над арх. фонам. Найб. выразныя яны ў іл. да кніг «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко» (1678, надрукавана ў Слуцку), «Акафісты і каноны» (1693), «Дыоптра» (1698), «Перла мнагацэннае» і «Неба Новае» (1699), «Ирмолой сиречь Осмогласник» Іаана Дамаскіна (1700), «Кнігі жыцій святых» (1702), «Часослов сиречь Последование службы» (1703), «Асмагласнік» (1730). Асаблівай дэкаратыўнасцю вызначаўся тытульны ліст: абапал традыц. брамы на фоне пышнага расл. арнаменту змяшчалі медальёны, картушы з выявамі анёлаў, святых, сцэн на рэліг. сюжэты. Картушы і медальёны з сюжэтнымі выявамі характэрны таксама застаўкам і канцоўкам. Своеасаблівым спалучэннем расл. арнаментаў з выявамі чалавечых фігур, часам з сюжэтнымі сцэнамі на тэмы жыцця святых вызначаюцца ініцыялы («Евангелле вучыцельнае», 1697). Яркая з’ява бел. кніжнай гравюры 17 ст. — медзярыты М.Вашчанкі да «Манархіі Турэцкай», цалкам свецкі цыкл, выкананы з жыццёвай пераканаўчасцю, што надае творам жанравы характар. Змяшчэнне на тытульным лісце «Кнігі жыцій святых» віду Магілёва з выявамі будынкаў грамадз. прызначэння — адзін з першых прыкладаў свецкага гар. пейзажа ў кірылічнай кнізе.
Літ.:
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984;
Пікулік А.М. Барочныя тэндэнцыі ў мастацтве магілёўскіх старадрукаў // Барока ў беларускай культуры і мастацтве. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ СПА́СКІ МАНАСТЫ́Р Існаваў у 2-й пал. 16 — пач. 20 ст. ў Магілёве. Комплекс уключаў мураваныя будынкі ў стылі барока: Спаса-Праабражэнскую царкву, манастырскі корпус, агароджу з брамай і званіцай. З Магілёўскім архірэйскім палацам і Магілёўскай духоўнай семінарыі будынкамі ўтвараў адзіны буйны горадабудаўнічы ансамбль. Драўляная Спаская царква вядома з 1478, у 1594 пабудавана новая, драўляная (згарэла ў 1709). З канца 15 ст. пры царкве існавалі драўляныя будынкі, дзе размяшчаліся манаскія келлі. Каля 1600 правасл. брацтва (вядома ў 1597) засн. пры манастыры школу. З 1618 да сярэдзіны 17 ст. манастыр пераходзіў да уніятаў, у 2-й пал. 17 ст. вернуты праваслаўным. У 1740—42 магілёўскі епіскап Іосіф Ваўчанскі пачаў будаваць мураваную Спаса-Праабражэнскую царкву. Буд-ва яе амаль завершана да 1748 пад кіраўніцтвам епіскапа Ераніма Ваўчанскага (згарэла ў 1748, засталіся муры і сцены). З 1756 буд-вам царквы кіраваў архіепіскап Г.Каніскі, у 1762 дабудаваў яе арх. І.К.Глаўбіц (да 1802 была кафедральным саборам). Царква ўяўляла сабой крыжова-купальны храм з 2-вежавым гал. фасадам. Над сяродкрыжжам на высокім светлавым 8-гранным барабане ўзвышаўся сферычны купал, завершаны галоўкай. Да глухіх граней барабана далучаліся 4 2-ярусныя вежачкі з невысокімі купаламі, якія разам стваралі 5-купальную кампазіцыю. Гал. фасад завяршалі 2-ярусныя вежы, паміж якімі быў высокі ступеньчатага абрысу франтон. Сцены фасадаў завяршаліся шырокім тонкапрафіляваным карнізам, рытмічна чляніліся лучковымі аконнымі праёмамі з дэкар. ляпнымі дэталямі, паміж аконнымі праёмамі — спараныя пілястры з дарычнымі капітэлямі. У інтэр’еры былі творы мясц.майстроў: жывапісца М.Пігарэвіча і чаканшчыка П.Слізіка (Сліжыка). Царква разбурана ў Вял.Айч. вайну, пазней знесена, частка пабудоў захавалася. У 1785 завершана буд-ва мураванай агароджы з брамай і манастырскага корпуса. Г-падобны ў плане манастырскі корпус разам з агароджай абкружаў усю тэр. манастыра і ўтвараў трапецападобны ў плане ўнутр. дворык. Корпус складаўся з 2-павярховай часткі (дзе размяшчалася кансісторыя, захавалася) і 1-павярховага крыла (манаскія келлі, убудаваная царква, гасп. памяшканні, частка захавалася). Гал. фасад 2-павярховага корпуса аздоблены на ўсю вышыню пілястрамі і іанічнымі капітэлямі. Высокія прамавугольныя аконныя праёмы дэкарыраваны ліштвамі з замковым каменем, падаконнымі прамавугольнымі нішамі. Фасады 1-павярховага крыла расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з простымі ліштвамі, міжаконнымі лапаткамі. У 1918 манастыр закрыты.
Т.І.Чарняўская.
Да арт.Магілёўскі Спаскі манастыр. Спаса-Праабражэнская царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕВА-ПЯЧЭ́РСКАЯ ЛА́ЎРА,
мужчынскі правасл. манастыр у Кіеве. Засн. ў 1051 пры князю Яраславе Мудрым манахамі Антоніем і Феадосіем у пячэрах (адсюль назва) на правым беразе Дняпра. У 11 ст. адзін з гал. цэнтраў распаўсюджання хрысціянства на Русі, стараж. кніжнасці (вялося летапісанне, складзены зб. жыціяў манахаў «Кіева Пячэрскі пацярык»), стараж.-рус. і ўкр. іканапісу. У 1096 манастыр моцна пацярпеў ад набегу полаўцаў, у 1240 разбураны войскамі хана Батыя, у 1482 разрабаваны і спалены крымскім ханам Менглі-Гірэем. У 16—17 ст. адзін з цэнтраў антыкаталіцкага і антыуніяцкага руху на Украіне. З 1598 манастыр меў статус лаўры, пры якой у пач. 17 ст. адкрыта друкарня (у 2-й пал. 17 ст. надрукавана больш за 120 назваў кніг), у 1631 заснавана школа (гл.Кіеўская акадэмія). Да часу секулярызацыі (1786) К.-П.л. належалі 3 гарады, 7 мястэчак, каля 200 вёсак і хутароў (больш за 70 тыс. прыгонных), 2 папяровыя ф-кі, 11 цагельняў, 6 шклозаводаў і інш. У 1917 у лаўры было 300 манахаў, 6700 дзесяцін зямлі. З 1926 музей-запаведнік, у 1929 зачынены манастыр (часова дзейнічаў у 1942—61). У 1988 адчынены Свята-Успенскі Кіева-Пячэрскі манастыр, у 1989 — духоўная семінарыя. У 1187—1870 у Феадосіевай пячоры лаўры знаходзіліся мошчы Ефрасінні Полацкай.
Арх. комплекс Верхняй лаўры і ансамбля Блізкіх і Далёкіх пячор склаўся ў 11—19 ст.Найб.стараж. пабудовы: гал. храм — Успенскі сабор (1073—78, рэстаўрыраваны ў 1723—29, зруйнаваны ў 1941), Троіцкая надбрамная царква (1106—08, перабудавана ў 1722—29) з размалёўкамі ўкр.майстроў і разным іканастасам. У стылі ўкр. барока пабудаваны каменныя абарончыя сцены (1690—1702), царква Усіх святых (1696—98) над Эканамічнай брамай, царква Спаса на Бераставе (1113—25, зруйнавана, адноўлена ў 1-й пал. 17 ст.) са званіцай (1813—14, арх. А.І.Мяленскі, класіцызм), Коўніраўскі корпус (1744—72, арх. С.Дз.Коўнір), цэрквы Узвіжання (1700) на Блізкіх і Раства Багародзіцы (1696) са званіцай (1754—61) на Далёкіх пячорах. Гал. вертыкаль лаўры, што звязвала ўсе тры ансамблі ў адзіную прасторавую кампазіцыю — Вял. лаўрская званіца (1731—45, арх. Ф.Васільеў, будаваў Г.І.Шэдэль, выш. 96,5 м). З 1926 гіст.-культ. музей-запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У краінах Стараж. Усходу, Грэцыі, Рыме мастацтву вучыліся ў майстроў, якія перадавалі свае веды і вопыт вучням. У сярэднявеччы было пашырана цэхавае навучанне. З 16 ст. ў Еўропе пачалі адкрывацца маст. школы-акадэміі. У Расіі ў 17 ст. М.а. атрымлівалі ў Аружэйнай палаце ў Маскве, з 1711 у Рысавальнай школе пры Пецярбургскай друкарні; з 1757 цэнтрам маст. адукацыі стала Пецярбургская акадэмія мастацтваў.
На Беларусі ў 19 ст.вял. ролю ў падрыхтоўцы мастакоў адыгралі Віленская мастацкая школа, Віленская школа малявання, Полацкая езуіцкая акадэмія і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзніклі Віцебская школа-майстэрня Ю.Пэна, рысавальны клас (1899), школы-студыі Я.Кругера (1906) у Мінску, Ф.Пархоменкі ў Магілёве. У 1920-я г. створаны маст. школы і студыі ў Мінску, Гаралку, Оршы, Полацку, Гомельская мастацкая студыя, Віцебскае маст. вучылішча, у 1947 — Мінскае мастацкае вучылішча. Спецыялістаў з вышэйшай М.а. рыхтуюць Беларуская акадэмія мастацтваў, Беларуская акадэмія музыкі.
Па асобных маст. спецыяльнасцях вядзецца падрыхтоўка ў Беларускай політэхнічнай акадэміі, Беларускім педагагічным універсітэце, Беларускім універсітэце культуры, Брэсцкім універсітэце, Віцебскім універсітэце, Віцебскім тэхналагічным універсітэце, Гомельскім універсітэце, Гродзенскім універсітэце, Магілёўскім універсітэце. Спецыялістаў з сярэдняй М.а. рыхтуюць Мінскае, Гомельскае маст. вучылішчы, Бел.рэсп. вучэбны комплекс гімназія-каледж мастацтваў (гл.Беларускі ліцэй мастацтва), Віцебскае і Гродзенскае вучылішчы мастацтваў, Магілёўскае вучылішча культуры, Маладзечанскае музычнае вучылішча, Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, Віцебскае вышэйшае прафес. вучылішча нар.маст. промыслаў, Бабруйскае вышэйшае прафес. вучылішча дэкар.-прыкладнога мастацтва, Кобрынскае вышэйшае прафес. вучылішча выяўл. мастацтва і маст. промыслаў, Мінскі гар. вучэбна-прафес. цэнтр дэкар.-прыкладнога мастацтва, Мірскае маст.прафес.-тэхн. вучылішча рэстаўрацыйна-буд. работ. На Беларусі працуюць (1999): 24 дзіцячыя маст. школы, Мінскі маст. ліцэй пры Бел.АМ, 76 сярэднеадукацыйных школ з маст. ухілам, 6 з муз.-маст., 2 з муз.-выяўл. і харэаграфічным, 16 з архітэктурна-выяўл., 116 з агульнаэстэт. ухілам, маст. аддзяленні пры дзіцячых школах мастацтваў, студыі выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва пры Нац. цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, Мінскім Палацы дзяцей і моладзі, гар. і раённых дамах культуры, дамах нар. рамёстваў. Для ўдасканалення майстэрства мастакоў існуюць Творчыя акад. майстэрні Мін-ва культуры Беларусі, мастацтвазнаўцаў — аспірантуры пры Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, Бел.АМ, Бел. акадэміі музыкі, Віцебскім ун-це, Бел. ун-це культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ ТВО́РЧАСЦЬ, народнае мастацтва,
калектыўная мастацкая дзейнасць, якая ствараецца народам і бытуе ў нар. масах, адлюстроўвае яго жыццё, погляды, ідэалы. Уключае ўсе віды непрафес. мастацтва: народную паэтычную творчасць (фальклор), народную музыку, народны тэатр, народны танец, народнае дойлідства (гл. таксама Драўлянае дойлідства), народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, самадзейнае мастацтва, самадзейнае мастацтва музычнае і інш.
Зарадзілася ў глыбокай старажытнасці, з’яўляецца асновай сусв.маст. культуры. У Н.т. — вытокі прафес. мастацтва. На працягу развіцця Н.т. таксама адчувала ўплывы прафес.маст. культуры, перапрацоўвала і дапасоўвала яе дасягненні ў адпаведнасці з мясц. густамі і патрабаваннямі. Характэрная рыса Н.т. — калектыўнасць: творы асобных майстроў пастаянна ўдасканальваюцца калектывам, што спрыяе ўзнікненню і развіццю традыцый, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Нароўні з калектыўнасцю выканання ёй уласціва імправізацыйнасць, таму замацаваныя шматвяковым адборам традыцыі зазнаюць пастаянныя, але толькі частковыя спецыфічныя змены. У Н.т. стваральнікі твора адначасова з’яўляюцца яго выканаўцамі, а выкананне ў сваю чаргу можа стаць тым варыянтам, што ўзбагачае традыцыю; важную ролю адыгрывае таксама цесны кантакт выканаўцаў з рэцыпіентамі мастацтва (гледачамі, слухачамі), якія часта могуць выступаць удзельнікамі творчага працэсу. Адметная рыса Н.т. — яе сінкрэтызм, высокамаст. адзінства яе відаў: у нар. абрадавых дзействах зліваліся паэзія, музыка, танец, тэатр, дэкар. мастацтва; у нар. жыллі непадзельнае цэлае стваралі архітэктура, разьба, размалёўка, кераміка, вышыўка і інш.; нар. паэзія цесна звязана з музыкай. Вывучаюць Н.т. фалькларысты, этнографы, мастацтвазнаўцы.
На Беларусі Н.т. узнікла на агульнай усх.-слав. глебе, але выпрацавала свае адметныя нац. рысы. На змест і форму бел. Н.т. ўплывалі гіст.-эканам., сац.паліт., прыродна-кліматычныя ўмовы, моўныя, псіхал. і інш. асаблівасці развіцця бел. этнасу. Яна вызначаецца глыбокімі каранямі, што зыходзяць з часоў першабытнага грамадства, багаццем творчай фантазіі, арыгінальнасцю і цэласнасцю маст. задумы, сілай і шчырасцю пачуцця, разнастайнасцю выяўл. сродкаў, гарманічным спалучэннем практычнай мэтазгоднасці і дэкар. аздаблення, высокім густам і тонкім адчуваннем творцаў і выканаўцаў. Сучасная Н.т. вызначаецца актыўным засваеннем рэчаіснасці ў спалучэнні з беражлівым захаваннем, адраджэннем і развіццём стараж. традыцый. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі з 1970 выдае серыю «Беларуская народная творчасць».
Літ.:
Народны тэатр.Мн., 1983;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии: Опыт, системно-типолог. исслед. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ МУЗЫКА́НТЫ,
народныя выканаўцы-інструменталісты. Вядомы ва ўсіх народаў свету. На Беларусі маюць розныя назвы: збіральныя — музыкі, скамарохі (на Магілёўшчыне), «вясёлыя людзі» (вясельныя музыканты на Гродзеншчыне), у якіх адлюстравана грамадская функцыя Н.м., і канкрэтныя — скрыпач, дудар, цымбаліст, гарманіст, барабаншчык і інш. ад назвы муз. інструмента. Вылучаюцца прафесіяналы і аматары. Н.м.-прафесіяналы абслугоўваюць звычайна вяселлі, хрэсьбіны, бяседы, танцы, ігрышчы; раней суправаджалі і паказы нар.т-ра батлейка, ігралі на кірмашах (лірнікі). Н.м.-аматары музіцыруюць для ўласнай забавы. Асобную групу складаюць пастухі, паляўнічыя (у мінулым і вартаўнікі, званары), дзейнасць якіх мае прыкладное значэнне (у народзе музыкантамі іх не лічаць, а іх інструменты — трубу, рог, дудку, трашчотку, звон — да ўласна муз. інструментаў не адносяць). Мастацтва ігры Н.м. пераймаюць па традыцыі ў сям’і (на Беларусі шмат патомных музыкантаў), спасцігаюць самавукам (нар. вызначэнне — «прыродныя музыкі») або ў славутых нар. музыкантаў-«майстроў» (некат. з іх, напр. А.Свірыдовіч з в. Малая Ганута Чэрвеньскага р-на, стварылі свае мясц. выканальніцкія нар. школы). Часта Н.м. валодаюць некалькімі муз. інструментамі, спалучаюць выканальніцтва з іх вырабам. На Беларусі Н.м. ў асн. мужчыны, але ў апошнія дзесяцігоддзі павялічваецца колькасць музыкантаў-жанчын. Дзейнасць Н.м. спрадвеку звязана з рознымі праявамі жыцця бел. вёскі, пра што сведчаць многія нар. песні, казкі, паданні.
Сярод сучасных Н.м. шмат таленавітых салістаў і ансамблістаў, у т. л. гарманісты К.Зяброў (в. Краснае, Мсціслаўскі р-н), М.Рабіза (г.п. Варапаева, Пастаўскі р-н), А.Свірыдовіч (в. Аляксандраўка, Чэрвеньскі р-н), дудачнікі М.Глушань (пас. Карчаватка, Жыткавіцкі р-н), В.Пратасевіч (г. Узда), В.Швед (в. Глушкавічы, Лельчыцкі р-н), скрыпачы А.Высоцкі і А.Лось (в. Пярэбнавічы, Смаргонскі р-н), М.Ляшчынскі (г.п. Лельчыцы), С.Маленчык (г. Шчучын), М.Тысевіч (в. Аброва, Івацэвіцкі р-н), скрыпач і кларнетыст М.Семянчук (в. Гарадзец, Столінскі р-н), цымбалісты М.Мірон (в. Дзягільна, Дзяржынскі р-н), Л.Мелец (в. Пожарцы, Пастаўскі р-н), І.Шульга (в. Пярэбнавічы), барабаншчыца К.Шэкун (в. Усполле, Мсціслаўскі р-н), выканаўцы на пішчыку І.Піцуха (в. Сіманавічы, Драгічынскі р-н) і парных дудках І.Мураўёў (в. Ластрыгіна, Мсціслаўскі р-н). Іх мастацтва вывучаецца, прапагандуецца ў тэле- і радыёперадачах, этнагр. кіна- і тэлефільмах.
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Очерки Витебской Белоруссии. [Ч.] 2. Дудар и Музыка // Этногр. обозрение. 1892. Кн. 13—14, № 2—3;
Назіна І.Дз. Беларускія народныя музычныя інструменты. Мн., 1997.
І.Дз.Назіна.
Да арт.Народныя музыканты. Майстар і выканаўца на дудцы В.С.Пратасевіч (злева); выканаўца на акардэоне і язычковай дудцы А.А.Высоцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКЛАДАЗНА́ЎСТВА,
філалагічная навука пра сутнасць, своеасаблівасць, гіст. заканамернасці ўзнікнення і развіцця, сац.-гіст. ролю і прынцыпы аналізу перакладу. У самаст. галіну ведаў вылучылася ў сярэдзіне 20 ст. ў сувязі з ростам ролі перакладу ў жыцці грамадства. Цесна звязана з кантрастыўнай граматыкай, параўнальнай стылістыкай, эстэтыкай, літ.-знаўствам, семіётыкай, кібернетыкай, сацыялінгвістыкай, псіхалогіяй творчага працэсу і інш. навукамі. Складаецца з 3 гал. галін — гісторыі, тэорыі і практыкі перакладу — і некалькіх дапаможных: перакладазнаўчай бібліяграфіі, тэксталогіі, гістарыяграфіі, храналогіі (пакуль што мала распрацавана). Найб. развіццё атрымалі тэорыя, крытыка і гісторыя перакладу мастацкага. Пры разглядзе перакладаў маст. л-ры выкарыстоўваецца агульнафілал. шлях аналізу, які арганічна паядноўвае літ.-знаўчы і лінгвістычны падыходы і завяршаецца вывадамі агульнаэстэт. характару. У распрацоўцы тэорыі маст. перакладу найб. заслуга вучоных і перакладчыкаў б.СССР: Г.Гачэчыладзе, В.Капцідава, І.Кашкіна, А.Кундзіча, М.Новікавай, У.Росельса, М.Рыльскага, П.Топера, А.Фёдарава, К.Чукоўскага, а таксама І.Левага (Чэхія), А.Попавіча (Славакія), А.Курэлы, (Германія), Э.Кары (Францыя), Т.Савары (Вялікабрытанія) і інш.
На Беларусі П. зарадзілася ў пач. 20 ст. (М.Багдановіч, С.Палуян), як навука склалася ў 1950—70-я г. На станаўленне П. паўплывалі перакладчыцкая дзейнасць Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа, А.Куляшова, У.Дубоўкі, М.Танка і інш., выказванні пра пераклад і творчая практыка Ю.Гаўрука, Я.Семяжона, М.Лужаніна, Н.Гілевіча, А.Зарыцкага, В.Сёмухі, і інш.Бел. перакладазнаўцы займаліся і займаюцца даследаваннем творчасці асобных майстроўмаст. перакладу — Багдановіча (А.Лойка, Н.Лапідус), Я.Купалы (С.Александровіч, Дз.Палітыка), Я.Коласа (В.Рагойша), Куляшова (М.Кенька), М.Танка (А.Верабей, В.Гапава), аналізам рус. і ўкр. перакладаў бел. л-ры (М.Арочка, Ц.Ліякумовіч, Рагойша, А.Яскевіч) і перакладаў яе на замежныя мовы (В.Небышынец, В.Нікіфаровіч, Д.Фактаровіч), разглядам бел. пераўвасабленняў замежнай прозы і паэзіі (М.Навіцкі, У.Сакалоўскі, К.Шэрман). Найб. поспехаў бел. П. дасягнула ў вывучэнні гіст.-сацыялагічных пытанняў маст. перакладу (П.Копанеў) і тэарэт. праблем перакладу з блізкароднасных моў (Э.Мартынава, Рагойша, Яскевіч). Развіваецца крытыка перакладу (А.Вярцінскі, Т.Кабржыцкая, Л.Казыра, А.Клышка, Н.Мацяш, М.Стральцоў, І.Чарота і інш.), перакладазнаўчая бібліяграфія (Л.Бабкова, М.Васілеўская, І.Фалькоўская).
Літ.:
Федоров АВ. Основы общей теории перевода: (Лингвистич. пробл.). 4 изд. М., 1983;
Копанев П.И. Вопросы истории и теории художественного перевода. Мн., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́ШЧА,
архітэктурна арганізаваная прастора, уключаная ў вулічную сетку населенага пункта і абмежаваная будынкамі, скверамі, паркамі або натуральным рэльефам (бераг ракі, яр, гара). Бываюць П. адм.-грамадскія, тэатр., прывакзальныя, мемарыяльныя (ствараюцца ў гонар вял.гіст. падзей, дзярж. дзеячаў, вучоных, майстроў мастацтва), П. гандл., трансп. і інш.Гал. П. або сістэма П. уваходзяць у склад ядра цэнтра горада, звычайна маюць вял. памеры, значныя прылеглыя пабудовы (адм.-грамадскія будынкі); служаць месцам масавых мерапрыемстваў. П., у кампазіцыю якіх уключаюцца творы архітэктуры, манум. скульптуры і жывапісу, часам утвараюць асн.арх. ансамблі, якія і вызначаюць аблічча населеных месцаў. П. рознага прызначэння могуць мець азеляненне па перыметры, у цэнтр.ч. (партэр) або мяшанае. Партэрная частка П. бывае звычайна ў выглядзе газона ці спалучаецца з дрэва-кустовымі насаджэннямі, кронам якіх надаюць геам. форму, або з курцінамі зялёных масіваў, што абрамляюць П.
Правобразам гар. П. былі парадныя прамавугольныя ў плане двары палацавых і храмавых комплексаў Крыта, Егіпта, Вавілоніі, Асірыі. У Стараж. Грэцыі прамавугольныя ў плане П. — агоры, Рыме — форумы. У сярэдневяковых гарадах П. мела нерэгулярны план, у перыяд барока і класіцызму — чатырохвугольныя, круглыя, складаных абрысаў, шматвугольныя і інш формы, часта сіметрычныя (П. св. Пятра ў Рыме, Трафальгарская ў Лондане, дэ Голя ў Парыжы). У рас. гарадах ствараліся крамлёўскія, гар., саборныя, гандлёвыя плошчы. Выдатныя ўзоры П. у Расіі створаны архітэктарамі класіцызму 18—19 ст. (Тэатральная ў Маскве, Дварцовая плошча ў С.-Пецярбургу і інш.).
На Беларусі П. вядомы са старажытнасці. З развіццём гар. паселішчаў як цэнтраў рамяства і гандлю, гал. ролю ў структуры гарадоў адыгрывалі гандл. П., вядомы яны і ў мястэчках. У 18 ст. ў гарадах на гал. П. узводзілі адм., гандл. і культавыя будынкі, стваралася ансамблевая забудова (Варнянскі архітэктурны ансамбль, Гарадніца, Пастаўскі архітэктурны ансамбль, Полацкая Парадная плошча). У канцы 18 — пач. 19 ст. многія гарады (Барысаў, Бабруйск, Віцебск, Мінск і інш.) былі распланаваны паводле рэгулярнай схемы, кампазіцыйныя восі іх складалі гал. вуліцы, на перасячэнні якіх ствараліся цэнтр. П. З 2-й пал. 20 ст. П. выконваюць ролю грамадскіх цэнтраў, маюць значныя памеры, вылучаюцца ансамблевасцю забудовы (Перамогі плошча, Якуба Коласа, Кастрычніцкая, Прывакзальная ў Мінску, Перамогі плошча ў Віцебску, пл. Цырыманіялаў у Брэсцкай крэпасці-героі, Тэатральная ў Магілёве, Будаўнікоў у Наваполацку).
Літ.:
Заславский Е.Л. Проблема формирования архитектурных ансамблей главных городских площадей // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1981. №4;
Общественные центры городских населенных мест БССР. Мн., 1991.
Плошча святога Пятра ў Рыме.Плошча Кастрычніцкая ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ГРАБ (Zagreb),
горад, сталіца Харватыі, на р. Сава, каля падножжа хр. Мядзведніца. 868 тыс.ж., з прыгарадамі каля 1 млн.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог з Цэнтр. і Зах. Еўропы да Адрыятычнага м. і на Балканскі п-аў. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд. (аўтамабілі, чыг. вагоны, эл. машыны, трансфарматары, акумулятары, мед. тэхніка і інструменты), хім., нафтаперапр., лёгкая, фармацэўтычная, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч., паліграфічная. Акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т. Штогадовыя міжнар.гандл. кірмашы і фестывалі фальклору.
Стараж.-рымская Андаўтонія. З канца 11 ст. належаў Венгрыі; рэзідэнцыя епіскапства (засн. да 1094). З 1242 свабодны каралеўскі горад, стаў эканам. цэнтрам Харватыі. З 1527 З. (пад ням. назвай Аграм) у складзе Габсбургскай манархіі. З сярэдзіны 17 ст. тут знаходзіўся харвацкі бан (намеснік караля). У 1606 у З. з’явіліся езуіты, якія заснавалі акадэмію (1669) і друкарню (1664). Эканам. і культ. развіццё горада актывізавалася ў 19 ст.; цэнтр нац. адраджэння харватаў (гл.Ілірызм). У 1846 у З. створаны Нац. музей, у 1867 — Югаславянская акадэмія навук і мастацтваў, у 1874 — універсітэт. 29.10.1918 у З. харвацкі сейм абвясціў незалежнасць Харватыі і ўступленне яе ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У перыяд паміж сусв. войнамі адзін з найб. прамыслова развітых гарадоў краіны. У 1941—45 сталіца створанай харвацкімі фашыстамі (усташамі) Незалежнай дзяржавы харватаў. У час ням.-фаш. акупацыі адзін з гал. цэнтраў Руху Супраціўлення. Вызвалены 8.5.1945 войскамі Нар.вызв. арміі Югаславіі. З 1991 сталіца незалежнай Харватыі.
Гіст. ядро З. — раёны Каптол і Градзец, размешчаныя на ўзгорках (Верхні горад): рэшткі ўмацаванняў (13—18 ст), гатычны сабор св. Сцяпана (13—19 ст.) і гатычная царква св. Марка (14—19 ст., у інтэр’еры работы скульпт. І.Мештравіча), барочныя царква св. Кацярыны (1620—19 ст.) і епіскапскі палац (каля 1730—19 ст.), у стылі класіцызму — палац Елачычаў (19 ст., фасад — 1831, арх. Б.Фелбінгер). З 2-й пал. 19 ст. на Пд складваецца новы цэнтр З. з кварталамі, скверамі, параднымі пабудовамі з рысамі эклектызму і неакласіцызму: Харвацкі нар. тэатр (1894—95), біржа (1923—27), жылыя дамы ў стылі функцыяналізму. З 2-й пал. 1940-х г. будуюцца грамадскія будынкі, новыя жылыя раёны, спарт. комплексы. Музеі: Галерэя старых майстроў (галерэя Штросмаера), Музей мастацтваў і рамёстваў, Гар. галерэя сучаснага мастацтва і Галерэя прымітывістаў, археал. і этнагр. музей.
Літ.:
Маркова Е.С. Загреб в XVI в.: Из истории социально-экон. отношений в феод. городе. М., 1976;
Яе ж. Из истории социально-экономического развития славянского города XIII—XVII вв. М., 1980.