МАНЬЧЖУ́РА-КАРЭ́ЙСКІЯ ГО́РЫ.

На ПнУ Кітая, на Пн КНДР і ў Прыморскім краі Расіі (усх. адгор’і). Даўж. больш за 1000 км. Пераважаюць выш. 1000—2000 м, найбольшая 2750 м (вулкан Пэктусан). Складзены пераважна з гранітаў, сланцаў, базальтаў, вапнякоў. Плато і пласкагор’і, падзеленыя кароткімі хрыбтамі. Хваёвыя і шыракалістыя лясы, хмызнякі. Каля грабянёў кедравыя сланікі. Радовішчы каменнага вугалю, каляровых металаў.

т. 10, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНО́РКА (Menorca),

востраў у зах. ч. Міжземнага м., у складзе Балеарскіх а-воў. Тэр. Іспаніі. Пл. 754 км². Пераважаюць вапняковыя плато выш. да 357 м, якія ўступамі абрываюцца да мора. Развіты карст. Клімат міжземнаморскі, ападкаў 500—600 мм за год. Міжземнаморскія хмызнякі і лясы. Вырошчванне вінаграду, аліў, цытрусавых, міндалю. Авечкагадоўля, рыбалоўства. Марскія курорты, турызм. Порт Маон.

т. 10, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНТАВА́Й (Mentawai),

група астравоў у Індыйскім ак., каля паўд.-зах. ўзбярэжжа Суматры. Тэр. Інданезіі. Каля 70 астравоў агульнай пл. 6,1 тыс. км² (найб. в-аў Сіберут). Рэльеф узгорысты (выш. да 406 км), каля паўн.-ўсх. берагоў каралавыя рыфы. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Ападкаў 3—4 тыс. мм за год. Вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы. Плантацыі каўчуканосаў, какосавай пальмы. Рыбалоўства.

т. 10, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ШНА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Віцебскім р-не. Створаны ў 1979 з мэтай аховы прыродных месцаў росту журавін. Пл. 399 га. Размешчаны на балоце Мошна. У складзе расліннасці хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы з пашырэннем журавін, бярозава-хваёва-асаковыя фітацэнозы, хвойнікі багуновыя і асаковыя, бярэзнікі асаковыя. На ўчастках з мінер. глебамі яловыя, асінавыя і бярозавыя лясы.

т. 10, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯВО́ЛЬНІЦКІ БЕ́РАГ,

устарэлая назва нізіннага ўзбярэжжа Гвінейскага зал. (зал. Бенін) у Афрыцы, паміж вусцямі рэк Нігер і Вольта. Бераг нізінны, забалочаны, з лагунамі і пратокамі. У вусцях рэк і па берагах лагун — мангравыя зараснікі, за імі паўторныя саванны (на 3) і вечназялёныя лясы (на У). У 16—18 ст. Н.б. — адзін з гал. раёнаў гандлю рабамі (адсюль назва).

т. 11, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНА́МСКІ ПЕРАШЫ́ЕК (ісп. Istmo de Panama, англ. Isthmus of Panama),

найбольш вузкая ч. Цэнтр. Амерыкі ў Панаме, злучае мацерыкі Паўн. і Паўд. Амерыкі. Абмываецца Карыбскім м. і Панамскім зал. Ціхага акіяна. Найменшая шыр. 48 км. Нізінная ўзгорыстая раўніна выш. да 180 м. Складзена пераважна з вулканічных парод. Вечназялёныя трапічныя лясы і саванны. У найб. нізкай ч. П.п. Панамскі канал.

т. 12, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЧО́РСКАЯ НІЗІ́НА.

На ПнУ Усх Еўрап. раўніны, паміж Уралам і Ціманскім кражам, у бас. р. Пячора (Рэспубліка Комі і Ненецкая аўт. акр., Расія). Плоскія раўнінныя ўчасткі чаргуюцца з узгорыста-градавымі. Шмат азёр. Уздоўж марскога берага развіты тэрасы, да 30 км. На Пн — тундра (Вяліказямельская, Малазямельская, Ціманская); на Пд — хваёвыя лясы, на водападзелах — балоты. Радовішчы вугалю, нафты.

т. 13, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКАГА ГЕАГРАФІ́ЧНАГА ТАВАРЫ́СТВА ХРЫБЕ́Т.

На ўсх. ускраіне Тыбецкага нагор’я, паміж вярхоўямі рэк Янцзы і Меконг, у Кітаі. Даўж. каля 450 км. Выш. да 5999 м. Складзены пераважна з вапнякоў, сланцаў і пясчанікаў. Глыбока расчлянёны. Ледавікі, снежнікі. На ПнЗ пераважаюць горныя стэпы, на ПдУ да выш. 4000 м трапляюцца хвойныя лясы, вышэй разнатраўна-злакавыя лугі. Даследаваны і названы П.К.Казловым.

т. 13, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЛПАЎСЕ́ЛЬКЯ (Salpausselkä),

узвышша на Пд і ПдУ Фінляндыі. 3 паралельныя канцавыя грады выш. да 247 м цягнуцца на 550 км уздоўж паўн. узбярэжжаў Фінскага зал. і Ладажскага воз. Адлегласць паміж градамі 30—50 км. Узгоркава-марэнны рэльеф. Складзены з пясчанікаў, галечнікаў, марэннага матэрыялу. Хвойныя і мяшаныя лясы. Некат. рэкі (Іматра і інш.) утвараюць парогі і вадаспады.

т. 14, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТО́ГА ІЛЬІ́ ГО́РЫ (Saint Elias Mountains),

горны вузел у сістэме Кардыльер у Паўн. Амерыцы, на мяжы Аляскі (ЗША) і Канады. Даўж. 350 км. Найб. высокія вяршыні — г. Логан (6050 м) і Св. Ільі (5488 м). Складзены пераважна з гранітаў і асадкавых парод. Вышэй за 500 м — снежнікі, фірнавыя палі, буйныя ледавікі. На ніжніх схілах — хвойныя лясы.

т. 14, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)