помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Ражанка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1674 з цэглы і бутавага каменю на паўн. ускраіне вёскі, перабудаваны ў 1924—25. Аднанефавы крыжападобны ў плане храм з нізкай 5-граннай апсідай. Да бакавых сцен асн. аб’ёму далучаны 2 прамавугольныя ў плане капліцы. Тарцы высокіх 2-схільных дахаў над нефам і капліцамі закрыты ступеньчатымі шчытамі. Да паўд.-зах. вугла нефа прыбудавана 3-ярусная вежа (васьмярык на 2 чацверыках), накрытая 8-гранным спічастым шатром, да апсіды з паўн. боку — невял. сакрысція. Вуглы асн. аб’ёму і трансептаў умацаваны контрфорсамі і завершаны дэкар. вежачкамі — пінаклямі. У цэнтры гал. фасада — акно-ружа, вышэй яго — дэкар. арнамент, пояс і шчыт. Гал. ўваход вырашаны стральчатым парталам. У 1990 касцёл капітальна адрамантаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМЕРКАВА́ЛЬНАЕ ЎСТРО́ЙСТВАў электраэнергетыцы,
электраўстаноўка для прыёму электраэнергіі (ад генератараў электрастанцыі, сілавых трансфарматараў, пераўтваральнікаў пераўтваральнай падстанцыі і інш.) і яе размеркавання паміж асобнымі спажыўцамі (па кабельных і паветр. лініях электраперадач). У склад Р.ў. ўваходзяць: выключальнікі, раз’яднальнікі, разраднікі, рэактары электрычныя, зборныя шыны (звычайна секцыянаваныя), трансфарматары току і напружання, вымяральныя прылады. Кіраванне апаратурай Р.у. аўтаматычнае ці паўаўтаматычнае.
Абсталяванне аднаго ланцуга Р.ў. канструкцыйна вылучаецца ў адну ячэйку. Р.ў. напружаннем да 35 кВ звычайна размяшчацца ў памяшканні (закрытае Р.ў.), пры напружаннях 35 кВ і вышэй — на адкрытым паветры (адкрытае). Ва ўмовах моцна забруджанай атмасферы і пры магчымасці асядання на ізалятарах токаправодных рэчываў Р.ў. робяць закрытымі да напружання 220 кВ. Найчасцей усе элементы Р.ў. да 35 кВ манціруюцца ў метал. заводскіх шафах (т.зв. камплектныя Р.ў.), пашыраны кампактныя герметычныя, у якіх ізаляцыяй служыць элегаз (гексафтарыд серы SF6) пад ціскам у некалькі атмасфер.
латышскі паэт.Засл. дз. культ. Латвіі (1965). Скончыў Рыжскі пед.ін-т (1950). Друкуецца з 1946. Аўтар зб-каў вершаў «Маладосць» (1953), «Сонца ўзнімаецца вышэй» (1957, Дзярж. прэмія Латвіі 1957), «Гады і сляды» (1964), «За возерам высокія горы» (1977), «Экватар раздзяляе шлях» (1981), зб. вершаў і прозы «Белы карабель у сініх водах» (1974) і інш. У творах узнімае праблемы развіцця асобы, яе грамадз. адказнасці, узаемасувязі лёсу чалавека і народа. Паэзіі Веяна характэрны гарманічнасць пачуццяў, вобразнасць, музычнасць. Пераклаў на лат. мову зб. вершаў П.Панчанкі, асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, М.Танка, П.Пестрака, Р.Барадуліна, В.Віткі, А.Зарыцкага, К.Кірэенкі, С.Шушкевіча. На бел. мову творы Веяна пераклалі Э.Агняцвет, Барадулін, Е.Лось.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФЕРАМАГНЕТЫ́ЗМ (ад анты... + ферамагнетызм),
магнітаўпарадкаваны стан рэчыва, якому ў адсутнасць знешняга магн. поля адпавядае антыпаралельная арыентацыя магн. момантаў суседніх атамаў (іонаў) і нулявая намагнічанасць рэчыва ў цэлым. Выяўлены ў канцы 1920-х г., тэарэтычна абгрунтаваны Л.Неелем (1932, Францыя) і Л.Д.Ландау (1933).
Антыферамагн. структура — сістэма ўстаўленых адна ў адну магн. падрашотак, у вузлах якіх знаходзяцца іоны аднаго віду з аднолькавымі па значэнні і напрамку магнітнымі момантамі. У знешнім магн. полі антыферамагнетыкі слаба намагнічваюцца. Пры т-рах вышэй за Нееля пункт (TN) антыферамагн. парадак разбураецца за кошт цеплавога руху атамаў (іонаў) і антыферамагнетык пераходзіць у парамагн. стан (фазавы пераход 2-га роду), таму пры T=TN тэмпературныя залежнасці магн. успрымальнасці, цеплаёмістасці і інш. маюць анамаліі. На частотах, блізкіх да ўласнай частаты прэцэсіі магн. момантаў падрашотак, назіраецца антыферамагнітны рэзананс.
Літ.:
Преображенский А.А., Бишард Е.Г. Магнитные материалы и элементы. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РНАЯ КІСЛАТА́, ортаборная кіслата,
слабая неарганічная кіслата (H3BO3). Бясколерныя крышталі, шчыльн. 1480 кг/м³. Раствараецца ў вадзе, лепш у гарачай (пры 0 °C у 100 г вады раствараецца 2,6 г борнай кіслаты, пры 100 °C — 39,7 г).
У прыродзе існуе як мінерал сасалін, а таксама ў тэрмальных водах і прыродных расолах, з якіх яе атрымліваюць. Вышэй за 70 °C борная кіслата страчвае ваду і ператвараецца ў метаборную кіслату (HBO2), пры награванні да 160 °C — у аксід бору. У водных растворах існуюць паліборныя кіслоты (nB2O3∙mH2O), у свабодным стане выдзелены толькі іх солі. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці спец. шкла, эмаляў, цэментаў, флюсаў, мыйных і касметычных сродкаў, як антысептычны, дэзінфекцыйны і кансервавальны сродак, інгібітар карозіі, рэагент у фатаграфіі, мікраўгнаенне. ГДК у сцёкавых водах сан.-быт. прызначэння 0,5 мг/л. Мазі, пасты, прысыпкі з борнай кіслатой і борны спірт (раствор борнай кіслаты ў спірце) выкарыстоўваюць як лек. сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ТЫ,
тып шытага скуранога абутку з высокімі халявамі. Былі вядомы ўсх. славянам са стараж. часоў. У пісьмовых крыніцах згадваюцца ў 10—11 ст. Магнаты, гарадская знаць насілі боты з лепшых гатункаў скуры, найб. багатымі лічыліся каляровыя саф’янавыя боты, упрыгожаныя цісненнем, вышытым арнаментам. У гараджан былі больш простыя і танныя. У 2-й пал. 19 ст. боты сталі шыць і для заможных сялян, якія надзявалі іх пераважна на святы. Боты былі звычайна мужчынскім абуткам, але насілі іх і жанчыны. Шылі боты са скуры буйн. раг. жывёлы, коней, свіней, авечак. У мужчынскіх ботах халявы рабілі вышэй за калена, іх загіналі, адвароты дэкарыравалі. Жаночыя шылі з карацейшымі і вузейшымі халявамі, высокім і тонкім абцасам; на заднікі ў святочныя боты набівалі медныя пласцінкі і каляровыя кавалачкі скуры. Як зручны і практычны абутак боты, пераважна фабрычнага вырабу, бытуюць і ў наш час.
Н.І.Буракоўская.
Боты. Вёска Цераблічы Столінскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЬСУ́,
правінцыя ў Паўн. Кітаі. Пл. 362,9 тыс.км². Нас. каля 35 млн.чал. (1994). Адм. ц.г.Ланьчжоў. Рэльеф пераважна горны. На Пн — горы Бэйшань (выш. да 2791 м), на Пд ад іх горы Наньшань (вышэй за 5000 м), Міньшань, Цыньлін. На крайнім У частка Лёсавага плато. Клімат кантынентальны. Ападкаў 150—400 мм, на ПдУ да 600 мм. Паўн. Ганьсу адносіцца да бяссцёкавых раёнаў Цэнтр. Азіі, сярэдняя дрэніруецца р. Хуанхэ і яе прытокамі, паўд. належыць бас. Янцзы. Пераважаюць горна-стэпавыя і горна-пустынныя ландшафты. С.-г. раён, апрацоўваецца каля 15% тэрыторыі, значная частка штучна арашаецца. Пасевы пшаніцы, проса, гааляну, кукурузы, ячменю, цукр. буракоў, тытуню, бавоўны. Жывёлагадоўля качавая (авечкі, буйн. раг. жывёла і які, вярблюды, коні). Нафтаздабыча і нафтаперапрацоўка (цэнтр г. Юймынь). Здабыча каменнага вугалю, меднай і жал. руд. Прам-сць: хім., металаапр., атамная (вытв-сць расшчапляльных матэрыялаў). Асн.прамысл.цэнтр. — г. Ланьчжоў. Транспарт чыгуначны і аўтамабільны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎЧУ́К НАТУРА́ЛЬНЫ,
высокаэластычны матэрыял, прадукт расліннага паходжання, асн. кампанент якога палімер ізапрэну. Атрымліваюць каагуляцыяй латэксу натуральнага — млечнага соку каўчуканосных раслін, пераважна гевеі бразільскай. Прамысл. сарты К.н. — смокед-шытс і крэпы маюць 5—7% па масе некаўчукавых рэчываў (бялкоў, ліпідаў, смол і інш.), якія ўплываюць на яго стабільнасць і ўмовы перапрацоўкі.
Поліізапрэн К.н. мае 98—100% звёнаў ізапрэну ў 1,4-цыс канфігурацыі (стэрэарэгулярны поліізапрэн). Пры т-ры вышэй за 10 °C аморфнае рэчыва, шчыльн. 913 кг/м³, т-ра шклавання ад -70 да -72 °C, крышталізуецца пры ахаладжэнні ніжэй за -10 °C ці пры расцяжэнні. Не раствараецца ў вадзе, ацэтоне, этаноле. Набракае, а потым раствараецца ў бензіне, эфіры, бензоле, талуоле. Вулканізацыяй К.н. атрымліваюць высокаэластычную, зноса- і марозаўстойлівую гуму. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шын, гумава-тэхн. вырабаў, кляёў, эбаніту, электраізаляцыйных матэрыялаў, гумавых вырабаў санітарна-гігіенічнага, мед., харч. і спарт. прызначэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я ГІМАЛА́І,
сістэма хрыбтоў і масіваў у сярэдняй частцы Гімалаяў, у Індыі і Непале. Цягнуцца прыблізна на 2000 км паралельна Вял. Гімалаям, на Пд ад іх. Шыр. ад 10—20 км на У да 100 км на 3. Пераважаюць выш. 3000—3500 м (найб. да 6000 м). Горныя хрыбты і масівы расчлянёны шырокімі падоўжнымі далінамі і катлавінамі. Папярочныя даліны вузкія і глыбокія. У грабянёвай зоне — кары, трогі, невял. ледавікі. Снегавая лінія на выш. 4,5 тыс.м на У і 5 тыс.м на 3. Складзены з парод палеазойскага і мезазойскага ўзросту (пераважна са сланцаў, кварцытаў, вапнякоў). Густая рачная сетка (пераважна прытокі р. Ганг). Рэкі асабліва паўнаводныя летам. На З — лістападныя мусонныя лясы, цвердалістыя вечназялёныя і хваёвыя, на У — вечназялёныя вільготныя, хваёвыя, якія з вышынёй змяняюцца вечназялёнымі дубовымі, хваёва-шыракалістымі і хваёвымі лясамі. Вышэй — хмызняковыя зараснікі, субальпійскія і альпійскія лугі. Да выш. 2,5 тыс.м — плантацыі цытрусавых, чаю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛДУВАЙ, Олдавай (Olduvai, Oldoway),
цясніна на Пн Танзаніі, за 36 км на ПнУ ад воз. Эясі, дзе знойдзены рэшткі выкапнёвых прыматаў, адны з найстаражытнейшых у свеце, і рэшткі палеалітычных культур. Даследавалі ў 1930—60-я г. Л.С.Б.Лікі і М.Лікі. У 1959—63 у ніжнім пласце, які пачаў намнажацца каля 1,9 млн.г. назад, знойдзены косці зінджантрапа і прэзінджантрапа, жылыя і лагерныя стаянкі з галечнымі прыладамі, чоперамі і прыладамі на адшчэпах. Косці прыматаў маюць узрост 1,75 млн. гадоў. У пласце, які залягаў вышэй (1,2—0,5 млн. гадоў), разам з каменнымі прыладамі знойдзены косці людзей, што займалі прамежкавае становішча паміж Homo habilis (чалавекам умелым) і пітэкантрапам. Гэтыя пласты перакрыты стараж.-ашэльскімі (шэльскімі) праслойкамі, у ’адной з якіх выяўлены косці т.зв. олдувайскага пітэкантрапа. Прылады працы гэтага перыяду больш дасканалыя, трапляюцца грубыя ручныя рубілы. У верхнім пласце знойдзены косці, якія нагадваюць косці неандэртальца.