СЬЕ́РА-НЕВА́ДА (Sierra Nevada),
хрыбет у сістэме Кардыльераў Паўн. Амерыкі, на ПдЗ ЗША. Даўж. 750 км, выш. 4418 м (г. Уітні). Складзены з гранадыярытаў. Сейсмічны раён. Каля ўсх. падножжа гразевыя вулканы, гарачыя крыніцы. Зах. схіл пакаты, з глыбокімі далінамі, добра ўвільготнены. Расліннасць — вечназялёныя хмызняковыя дубы (да выш. 1000 м), якія змяняюцца хвойнымі лясамі, вышэй за 3000 м — альпійскія лугі. Усх. схіл стромкі, парэзаны цяснінамі, адносна засушлівы. Расліннасць — горныя хваёвыя лясы і рэдкалессі. На вяршынях вечныя снягі. З гор праведзены водаправоды, якія дастаўляюць ваду ў гарады Сан-Францыска і Лос-Анджэлес. Нац. паркі Іасеміцкі, Кінгс-Каньён, Секвоя.
т. 15, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)