ПЕРАГРЭ́Ў,
1) награванне вадкасці вышэй пункта яе кіпення пры дадзеным ціску, таксама награванне цвёрдага крышталічнага рэчыва вышэй пераходу з адной крышт. мадыфікацыі ў другую (пры плаўленні не адбываецца). Перагрэтае рэчыва знаходзіцца ў няўстойлівым метастабільным стане. На П. вадкасці грунтуецца работа пузырковых камер.
2) Нагрэў вадзяной пары вышэй т-ры яе насычэння пры тым жа ціску.
3) П. металаў — дэфект структуры металаў, абумоўлены перавышэннем дапушчальнай т-ры ці працягласці нагрэву. Метал з такім дэфектам набывае (пасля ахаладжэння) буйнакрышталічную структуру, што пагаршае яго мех. ўласцівасці.
т. 12, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́ЎНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РА паветра,
тэмпература паветра, якая перавышае біялагічны мінімум на працягу ўсяго перыяду вегетацыі якой-н. расліны або на працягу пэўнай фазы яе развіцця. Вызначае межы пашырэння кожнай расліннай культуры. Сумы актыўнай тэмпературы вышэй за 5, 10 і 15 °C звычайна выкарыстоўваюцца як агракліматычныя паказчыкі для вызначэння патрэб у цяпле большасці раслін і для ацэнкі тэрмічных рэсурсаў тэрыторыі. Перыяд з т-рамі вышэй за 10 °C забяспечвае актыўную вегетацыю большасці с.-г. культур умеранага пояса. На тэр. Беларусі сума т-р паветра вышэй за 10 °C паступова памяншаецца (у °C) з Пд і ПдЗ на ПнУ прыкладна ад 2600 да 2100, вышэй за 5 °C — ад 2900 на ПдЗ да 2400 на крайнім ПнУ, за 15 °C — прыкладна ад 1900 на ПдЗ да 1350 на ПнУ.
т. 1, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ТАМСКАЕ НАГО́Р’Е.
У Забайкаллі, у міжрэччы р. Віцім і Чара ў Іркуцкай вобл. Расіі. Сістэма сярэднягорных масіваў выш. 1200—1300 м (найб. выш. да 1924 м), расчлянёных глыбокімі далінамі. Складзены з крышт. сланцаў, вапнякоў і кварцытаў. Шматгадовая мерзлата. Да выш. 1100 м — хваёва-лістоўнічная тайга, з дамешкамі кедру, вышэй — зараснікі кедравага сланіку і хмызняковыя бярозкі. Вышэй за 1200 м — камяністыя тундры.
т. 12, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАД’Я́ВАРКА, Пад’яворка,
рака ў Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Шчара (бас. Нёмана). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 226 км². Пачынаецца на зах. ускраіне Навагрудскага ўзвышша на У ад в. Явар, упадае ў Шчару вышэй р. Чарняўка на ПнЗ ад в. Вялікая Воля. Даліна трапецападобная, шыр. 500—800 м, месцамі 1,5 км. Пойма забалочаная, чаргуецца па берагах і двухбаковая, шыр. 50—150 м. Рэчышча на працягу 4,5 м вышэй в. Мельнікі каналізаванае. Каля в. Мядзвінавічы сажалка (пл. 0,09 км²).
т. 11, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Б’ЕФ (франц. bief),
частка вадаёма, ракі або канала, размешчаная каля воданапорнага збудавання (плаціны, шлюза) вышэй па цячэнні (верхні б’еф) або ніжэй (ніжні б’еф).
т. 3, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯ́СКІНСКІ ХРЫБЕ́Т (Alaska Range),
на Пд Аляскі, у Ціхаакіянскім поясе Кардыльераў Паўн. Амерыкі (ЗША). Даўж. каля 1000 км. Сярэдняя выш. каля 3000 м, найб. — 6191 м (г. Мак-Кінлі самая высокая вяршыня Паўн. Амерыкі). Восевая ч. хрыбта складзена з інтрузіўных (пераважна гранадыярытаў), па краях — з асадкавых парод. Схілы стромкія, моцна расчлянёныя. Аляскінскі хрыбет — важны клімата- і водападзел. На паўд. увільготненых схілах да выш. 800 м яловыя лясы, вышэй — вечныя снягі, буйныя ледавікі; на паўн. больш сухіх схілах мяжа лесу павышаецца да 1000—1200 м, вышэй — горныя тундры.
т. 1, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЯ́НСКІ ТАЎР, Усходні Таўр,
усходняя частка гор Таўр, у Турцыі. Працягласць каля 600 км. Выш. да 3090 м (г. Нурухак). Уключае хрыбты Ахыр, Энгізек, Малацця, Эргані, Нурхак, Хачрэш. Складзены з метамарфічных вывергнутых і асадкавых парод (вапнякі, пясчанікі). Развіты карст. Горы прарэзаны цяснінамі р. Джэйхан, Еўфрат, Тыгр. На паўн. сухіх схілах і ў ніжнім поясе — паўпустыні, вышэй — горны стэп. На паўд., больш вільготных схілах — зараснікі тыпу маквісу, вышэй — дубовыя паркавыя лясы, рэдкалессе з фісташніку і ядлоўцу, горны стэп і альпійскія лугі. Па Бітліскім і Пазарджыкскім праходах пракладзены чыгункі і шаша.
т. 1, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУВЕНЗО́РЫ (Ruwenzori),
горны масіў ва Усх. Афрыцы, на мяжы Заіра і Уганды. Складзены са стараж.-крыштал. парод. Выш. да 5109 м (пік Маргерыта). На ніжніх схілах да выш. каля 2600 м — перадгорныя і горныя лясы і саванны; уздоўж верхняй мяжы лесу — бамбукавыя зараснікі. На выш. 2600—3800 м — субальпійская расліннасць (гал. ч. дрэвападобны верас), вышэй за 3800 м — высакагорныя лугі, вышэй 4600—4800 м — вечныя снягі і ледавікі, агульная пл. каля 5 км². Далінныя ледавікі апускаюцца да выш. каля 4200 м. Запаведнік (горныя гарылы). Масіў адкрыты ў 1876 Г.М.Стэнлі.
т. 13, с. 425
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧА́ЖЫНА,
акруглае або выцягнутае мікрапаніжэнне на балоце. Узровень вады ў М. перыядычна ўзнімаецца вышэй за расліны (пераважна вільгацялюбныя сфагнавыя імхі). Характэрны для вярховых балот на Пн Беларусі.
т. 10, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́СТЫ (Misti),
дзеючы вулкан у Зах. Кардыльеры Андаў, на Пд Перу. Выш. 5821 м. Правільны конус. Вышэй 5400 м укрыты вечнымі снягамі. Складзены з андэзітаў. Каля падножжа — г. Арэкіпа.
т. 10, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)