КАІТАФО́БІЯ (ад коітус + ...фобія),

назойлівая боязь палавога акта. Абумоўлена псіхасацыяльнымі фактарамі, пераважна асобаснымі: думкі, пачуцці, успаміны, сумненні, страхі, што ўзнікаюць незалежна ад жадання хворага. К. бывае пры псіхатраўмах, агрэсіўных паводзінах ці няўпэўненасці партнёра, пры палавым акце ў неадэкватных абставінах (спешка, страх быць заспетым пабочнай асобай, антыгігіенічныя ўмовы і інш.), неасцярожных першых зносінах і інш. Найчасцей К. ўзнікае ў мужчын у форме псіхагеннай імпатэнцыі; у жанчын К. звязана з анаргазміяй і вагінізмам. Лячэнне псіхатэрапеўтычнае, іншы раз хірургічнае.

І.​У.​Дуда.

т. 7, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІ́СІЯ ЕЎРАПЕ́ЙСКІХ СУПО́ЛЬНАСЦЕЙ (Commission of the European Communities; CEC),

выканаўчы орган Еўрапейскіх супольнасцей. Створана паводле Брусельскага дагавора (падпісаны 8.4.1965). Дзейнічае з 1.7.1967. Выпрацоўвае праекты рашэнняў Еўрап. савета, кантралюе выкананне дагавораў аб стварэнні Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі, Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі і пастаноў Еўрап. савета, прымае рашэнні па пытаннях, прадугледжаных дагаворамі і інш. Члены камісіі прызначаюцца ўрадамі дзяржаў-членаў і могуць быць адхілены ад выканання сваіх функцый толькі рашэннем асобага суда. Месцазнаходжанне — г. Брусель.

т. 7, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОРТ (англ. court),

пляцоўка для гульні ў тэніс, якая раздзелена сеткай на 2 роўныя ч. і размечана лініямі. Для адзіночнай гульні мае памеры 23,77 × 8,23 м; для парнай — 23,77 × 10,97 м. Памеры са свабоднай прасторай павінны быць не менш за 36 × 18 м (звычайна 40 × 20 м). Выш. сеткі над сярэдняй лініяй 0,91 м, каля слупоў 1,07 м. Мае гліна-пясчаны грунт, можа мець травяное, драўлянае, коркавае, асфальтавае ці бетоннае пакрыццё. Абносіцца загараджальнай сеткай для затрымання мяча.

т. 8, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІ́СКІ»,

бел. нар. гульня. Ад 6 да 20 чал. выбіраюць вядучага «ліса», строяцца ў круг і кладуць каля сябе Л. (невял. прадмет, які павінен быць у кожнага гульца). «Ліс» падыходзіць да аднаго з гульцоў і просіць «ліску», а той адказвае, што аддасць, калі «ліс» абгоніць яго. Пасля гэтага «ліс» бяжыць у адзін, а гаспадар «ліскі» ў процілеглы бок круга. Хто раней зойме свабоднае месца, той гаспадар Л., а «лісам» становіцца той, хто адстаў.

Я.​Р.​Вількін.

т. 9, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ЖАЛЬ,

у беларускай народнай міфалогіі бог агню, апякун рамёстваў, найперш кавальскага. Яго ўяўлялі магутным дэманам, які пад зямлёй у вогненнай кузні куе зброю, каб скінуць Перуна. Ж. паважалі за мужнасць і непакорнасць, але баяліся яго. Былі ўпэўнены, што, калі ён доўга працаваў у кузні, перагравалася зямля і пачыналася засуха, гарэлі тарфяныя балоты і лясы. Калі Ж. выходзіў з-пад зямлі, Пярун у гневе кідаў у Ж. вогненныя стрэлы-маланкі. Не папаўшы ў Ж., маланка магла быць прычынай пажару.

т. 6, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗДЗЕ́ЛКА ў цывільным праве,

дзеянне грамадзян і юрыд. асоб, накіраванае на ўстанаўленне, змяненне або спыненне грамадзянскіх правоў і абавязкаў. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь З. могуць быць адна-, двух- і шматбаковыя, ажыццяўляцца ў вуснай або пісьмовай форме (простай або натарыяльнай). Аднабаковая З. стварае абавязкі для асобы, якая яе здзяйсняе, і для гэтага дастаткова выяўлення волі аднаго боку. Для двух- і шматбаковых З. неабходна выяўленне волі ўсіх яе ўдзельнікаў. З., здзейсненыя неадпаведна патрабаванням закону, лічацца несапраўднымі з наступленнем адпаведных вынікаў.

т. 7, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДЖАНЫЯ ІДЭ́І,

уяўленні і веды, якія не могуць быць набыты, паколькі не маюць адносін да пачуццёвага свету (напр., матэм. і лагічныя аксіёмы, маральныя каштоўнасці, зыходныя філас. прынцыпы); паняцце тэорыі пазнання. Пачынальнік вучэння аб П.і. — Платон. Паводле адных філосафаў, П.і. дадзены ад Бога (Р.​Дэкарт); іншыя лічылі іх задаткамі розуму, развіццю якіх садзейнічае пачуццёвы вопыт (Г.​Лейбніц). У сенсуалістычнай філасофіі (Т.​Гобс, Дж.​Лок) існаванне П.і. адмаўлялася. Існуе тэндэнцыя разглядаць П.і. як набытыя ў спадчыну. Гл. таксама Апастэрыёры і апрыёры.

т. 13, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭЛІМІНА́РНЫ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р,

папярэдняе пагадненне, у якім варагуючыя бакі ўстанаўліваюць асн. ўмовы будучага мірнага дагавора. Вызначае агульныя ўмовы спынення вайны, у т. л. новыя граніцы і тэр. змены. У ім могуць быць палажэнні, што адносяцца да стварэння камісій па дэлімітацыі граніц, аб вызваленні акупіраваных тэрыторый, кампенсацыі ваен. выдаткаў, аб абмене ваеннапалоннымі і да т.п. Напр., пагадненне з Польшчай, падпісанае 12.10.1920 прадстаўнікамі РСФСР і УССР з аднаго боку і Польшчай — з другога, што папярэднічала Рыжскаму мірнаму дагавору 1921.

т. 13, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУАНСО́Н (франц. poinęon),

1) у металаапрацоўцы — адна з асн. дэталей інструменту, што выкарыстоўваецца пры штампоўцы і прасаванні. Пры штампоўцы П. аказвае непасрэдны ціск на метал, што апрацоўваецца, і ў залежнасці ад прызначэння можа быць прашыўным, прабіўным, прасечным ці вырубным. Пры прасаванні П. перадае ціск праз прэс-шайбу на загатоўку, што выціскаецца праз матрыцу.

2) У паліграфіі — стальны брусок прамавугольнага сячэння з рэльефным відарысам літары, знака і інш., які служыць для атрымання паглыбленага відарыса пры вырабе матрыц.

т. 13, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТЫ́ЧНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,

сілы, з’явы, аб’екты прыроды, якія абавязаны сваім паходжаннем жыццядзейнасці існуючых арганізмаў; частка прыроднага асяроддзя. Для эндапаразітаў і некаторых мікраарганізмаў біятычнага асяроддзя — унутранае асяроддзе арганізма-гаспадара. Біятычнае асяроддзе праяўляецца ва ўзаемным уплыве арганізмаў розных відаў у самых разнастайных формах. Адны з іх могуць быць асяроддзем існавання для іншых (напр., гаспадар для паразіта), садзейнічаць размнажэнню (напр., насякомыя-апыляльнікі для кветкавых раслін), служыць кормам (напр., ахвяра для драпежніка, травяністыя расліны для капытных), аказваць хім., мех. і інш. ўздзеянне. Гл. Абіятычнае асяроддзе.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)