«КАМА́РЫНСКАЯ»,

«Камарынскі», імправізацыйны танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп хуткі. Можа быць сольны, парны, масавы. Выконваць могуць мужчыны, жанчыны і дзеці. Яго адметнасць і прыгажосць у спалучэнні нац. асаблівасцей харэаграфіі розных народаў — бел., рус., укр., цыганоў, татар, армян, таджыкаў, малдаван і інш. Выканаўцы вар’іруюць і камбінуюць каленцы ў залежнасці ад уласных густу і фантазіі. Нягледзячы на разнастайнасць харэаграфічных малюнкаў, цэласны выгляд танца і мелодыя не мяняюцца. На Беларусі пашыраны ўсюды, асабліва ў раёнах, сумежных з Расіяй. Бел. варыянт танца вызначаецца найб. ярка выяўленай нац. харэаграфічнай лексікай.

А.Л.Варламаў.

т. 7, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)