МІ́ЦУЛЬ (Эдуард Леанардавіч) (н. 9.5. 1924, ст. Добрык Унецкага р-на Бранскай вобл., Расія),
бел. эстрадны спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1970). Вучыўся у Бел. кансерваторыі (1952—55). З 1952 артыст хору Бел. тэлебачання і радыё, з 1953 — Дзярж. акад. харавой капэлы Беларусі. У 1955—81 саліст эстрады Белдзяржфілармоніі, у 1990-я г. выступаў у складзе мужчынскага вак. ансамбля «Памяць сэрца» Рэсп. Палаца ветэранаў; пастаянны ўдзельнік міжнар. муз. фестывалю «Залаты шлягер» (Магілёў). Валодае голасам шырокага дыяпазону, яго выканальніцкай манеры ўласцівы глыбіня і эмацыянальнасць. У рэпертуары эстр. песні сучасных, у т. л. бел., кампазітараў, апрацоўкі нар. песень. Шэраг песень запісаны ім для бел., кінафільмаў («Каханнем трэба даражыць», «Я родам з дзяцінства» і інш.).
Г.М.Загародні.
т. 10, с. 490
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗІ́МАВА (Ірына Васілеўна) (н. 22.2.1932, Тбілісі),
бел. мастацтвазнавец, педагог. Скончыла Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1957). Працавала ў Дзярж. маст. музеі Беларусі, у Палацы мастацтваў Бел. саюза мастакоў, у 1962—70 выкладала ў Бел. тэатр.-маст. ін-це, у 1975—82 у Мінскім ін-це культуры. Даследуе тэорыю і гісторыю бел. і сусв. выяўл. мастацтва, праблемы эстэт. выхавання. Аўтар прац «А.А.Барысаў. Жыццё і творчасць» (1959), «Жывапіс» (1962), «М.А.Савіцкі» (1973), «Зоя Літвінава. Мая Радзіма» (1983) і інш. Аўтар уступных артыкулаў да каталогаў твораў бел. мастакоў: В.Цвіркі (1988), В.Жолтак (1999) і інш. Працуе таксама ў галіне станковай і кніжнай графікі.
Л.Ф.Салавей.
т. 11, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́Д»,
газета, орган Бел. сял. партыі. Выдавалася з 18.8.1927 да ліп. 1929 у Вільні на бел. мове. Адлюстроўвала паліт. пазіцыю правацэнтрысцкай групоўкі ў бел. нац.-вызв. руху Зах. Беларусі. Апублікавала шэраг артыкулаў па праблемах бел. вызв. руху («Не дадзімся збіць з беларускай дарогі» М.Пронскага, «Беларускі рух і бальшавікі», «Дзе выхад?» і інш.). Надрукавала выступленне ў сейме дэпутата ад Навагрудскай акр. Я.Станкевіча, крытычны арт. «Польскае вучыцельства ў Заходняй Беларусі», нататкі пра Паўн. кірмаш і маст. выстаўку ў Вільні, рэцэнзію на падручнік С.А.Любіч-Маеўскага, ліст А.Каўша. Друкавала паэму «Новая зямля» Я.Коласа, у бел. перакладзе аповесць «Абарона зямлі» У.Рэйманта. Выйшла 25 нумароў.
А.С.Ліс.
т. 11, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРАНО́ЎСКІ (Мікалай Міхайлавіч) (н. 21.2.1952, в. Бечы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастацтвазнавец, мастак. Вучыўся ў Ленінградскім ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Рэпіна (1986—89). Скончыў Бел. АМ (1993). З 1986 у Нац. маст. музеі Беларусі (з 1990 гал. хавальнік). У 1989—91 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы, у 1994—99 — у Бел. АМ. Даследуе праблемы сучаснага бел. мастацтва. Аўтар творчых партрэтаў да каталогаў бел. мастакоў (У.Слабодчыкава, Ю.Герасіменкі, П.Дурчыка, А.Кузняцова і інш), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Rondo» (1998), «Пірасмані з Баранавічаў», «Intervert» (абодва 2000). Адзін з аўтараў альбома «Сяргей Ткачэнка. Жывапіс» (2000). Працуе таксама ў жывапісе і скульптуры.
Г.А.Фатыхава.
т. 11, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЛЬКО́ (Іван Дзмітрыевіч) (21.11.1929, в. Макраны Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 27.12.1979),
бел. літ.-знавец, крытык, паэт. Канд. філал. н. (1968). Скончыў БДУ (1958). З 1951 працаваў настаўнікам, з 1961 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкаваўся як крытык з 1958. Даследаваў праблемы сучаснай паэзіі, гісторыі і тэорыі бел. вершаскладання («Вершаскладанне, 1977). Кн. «Беларускі верш. Старонкі гісторыі і тэорыі» (1969) — першае ў бел. літ.-знаўстве гісторыка-тэарэт. даследаванне праблем бел. верша. З 1954 выступаў як паэт. Яго паэзіі ўласцівы зварот да маральна-этычных праблем сучаснасці, любоў да роднай зямлі.
Тв.:
Святло зары вячэрняй: Вершы. Мн., 1983;
Верш і мова: (Прабл. тэорыі і гісторыі бел. верша). Мн., 1986.
В.Ю.Дэконская.
т. 13, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТО́РЫН (сапр. Хаймовіч) Фелікс Барысавіч
(н. 5.2.1948, Мінск),
бел. паэт, перакладчык. Піша на бел. і яўр. (ідыш) мовах. Скончыў Мінскі мед. ін-т (1972). Працуе ўрачом. Друкуецца з 1968. Аўтар паэт. зб-каў «Раніца» (1981), «Зялёны тралейбус» (1986), «Я дрэва пасадзіў» (1991). У баладах адлюстраваў гіст. асоб (лагойскі граф Тышкевіч, М.Гусоўскі, В.Вашчыла, С.Налівайка, К.Каліноўскі, А.Вярыга-Дарэўскі, М.Багдановіч і інш.), эпізоды бел. гісторыі. На бел. мову перакладае паэзію і прозу з рус., ням. і ідыш.
т. 2, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ВЫДАВЕ́ЦКА-МАСТА́ЦКІ КЛУБ «ПАГО́НЯ» ў Таронта,
грамадска-культурная арг-цыя бел. эмігрантаў. Засн. ў студз. 1967 ініцыятыўнай групай беларусаў у г. Таронта (Канада). Членамі клуба з’яўляюцца эмігранты-суайчыннікі, а таксама прадстаўнікі Аўстраліі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Францыі. Мэта — пашырэнне бел. культуры сярод сародзічаў, прадстаўнікоў інш. нацыянальнасцяў. Пры фін. падтрымцы клуба выходзяць кнігі на бел. і англ. мовах, пласцінкі з бел. песнямі і музыкай, выкананы насценныя гербы, нагрудныя значкі з выявай «Пагоні». Выдае бібліягр. каталогі, арганізуе выстаўкі.
А.С.Ляднёва.
т. 2, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАСТА́ЎНІЦКІ САЮ́З МІ́НСКАГА ПАВЕ́ТА,
прафесіянальна-паліт. арг-цыя бел. настаўнікаў у крас.—ліп. 1920 у Мінску. У кіраўніцтва саюза ўваходзілі Я.Бурвель (старшыня), С.Булат, Я.Шнаркевіч, П.Зарэмба і інш. Выступаў за арг-цыю бел. школьніцтва ў павеце, беларусізацыю нар. асветы, паліт. і сац. абарону бел. настаўнікаў, матэрыяльную дапамогу бедным дзецям, за аб’яднанне бел., польск., яўр. і т.зв. рускамоўных настаўніцкіх арг-цый Мінскага пав. ў адзіны настаўніцкі саюз і інш. Спыніў дзейнасць з прыходам Чырв. Арміі.
У.В.Ляхоўскі.
т. 2, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́ЦІ»,
грамадска-літаратурны часопіс. Выдаваўся ў 1952—57 у Нью-Йорку на бел. мове Згуртаваннем бел. моладзі і Бел. студэнцкім т-вам у ЗША. У раздзелах «Царква і моладзь», «Новае ў навуцы і тэхніцы», «Хроніка», «Гумар» і інш. змяшчаў матэрыялы і дакументы пра дзейнасць маладзёжных арг-цый, грамадскае і культ. жыццё бел. моладзі, студэнцтва і інш. у ЗША. Друкаваў творы Я.Купалы, М.Багдановіча, Н.Арсенневай, А.Савёнак, М.Белемука, Ю.Віцьбіча і інш. Выйшла 10 нумароў.
А.С.Ляднёва.
т. 4, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БУШКІН (Мікалай Іванавіч) (н. 13.12.1946, в. Сярагі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. эканаміст. Д-р эканам. н. (1991), праф. (1993). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1967). З 1973 у Бел. эканам. ун-це; з 1997 дырэктар Вышэйшай школы турызму Бел. эканам. ун-та. Даследуе праблемы кіравання прац. працэсамі. Аўтар падручніка для ВНУ па асновах менеджменту.
Тв.:
Управленческий труд в торговле. Мн., 1988 (разам з Г.А.Каралёнкам);
Управление процессами труда на предприятиях торговли. Мн., 1993 (разам з Р.М.Карсекам).
т. 7, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)