СПОРТ (ад англ. disport гульня, забава),

спаборніцкая дзейнасць, спец. падрыхтоўка да яе (спарт. трэніроўка) і спецыфічныя адносіны, нормы і дасягненні, якія ўзнікаюць на аснове сукупнасці ўсіх відаў такой дзейнасці. Гістарычна склалася пераважна ў сферы фізічнай культуры. У больш вузкім сэнсе С. — спаборніцтвы, накіраваныя непасрэдна на дэманстрацыю фіз. дасягненняў, аб’ектыўнага параўнання і ацэнкі пэўных магчымасцей чалавека (сіл, здольнасцей, уменняў).

Першыя спаборніцтвы ўзніклі ў старажытнасці ў форме ініцыяцый — рытуалаў пасвячэння юнакоў у воіны. У далейшым спаборніцтвы набылі сакральны (магічны) характар. Захаваліся гістарычна дакладныя звесткі аб правядзенні рытуальных спаборніцтваў у Месапатаміі (з 4-га тыс. да н.э.), Егіпце, Індыі, Кітаі (з 3—2-га тыс. да н.э.). У Стараж. Грэцыі склалася цэлая сістэма спаборніцтваў, якія прысвячаліся антычным багам і героям: Немейскія гульні, Істмійскія гульні, Піфійскія гульні, Алімпійскія гульні і інш. Сучасны С. склаўся ў пач. 19 ст. ў Англіі як сац. інстытут прафіляванага развіцця фіз., псіхічных і інш. здольнасцей чалавека з мэтай іх супараўнання ва ўмовах рэгламентаванай спаборніцкай дзейнасці.

Вызначаюць 3 асн. ўзаемазвязаныя арганізац. формы С.: масавы (рэкрэацыйны), рэзервовы і С. вышэйшых дасягненняў. С. масавы (С. для ўсіх) з’яўляецца ч. фіз. культуры, ахоплівае практычна ўсе сац. групы насельніцтва і садзейнічае фіз. выхаванню, аздараўленню, арганізацыі вольнага часу, пашырэнню адносін і інш. С. рэзервовы ўключае сістэму адбору і падрыхтоўкі юных спартсменаў (напр., сістэма спартыўных школ). С. вышэйшых дасягненняў уключае С. рэкордны і відовішчна-камерцыйны. Арганізатарам рэкорднага С. выступае дзяржава; яна ажыццяўляе ўмовы для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спартсменаў і каманд, выкарыстоўвае іх дасягненні дзеля фарміравання прэстыжу краіны на міжнар. арэне. На гэтай аснове рэкордны С. звязваецца з дзярж. палітыкай. Мэта відовішчна-камерцыйнага С. — атрыманне непасрэднага прыбытку ад арганізацыі спарт. відовішча. У гэтай сувязі ён набывае рысы шоу-бізнесу. Сац. значэнне С. пашыраецца ў сувязі з узнікненнем новых арганізац. захадаў, рэарганізацыі і будаўніцтва новых спартыўных збудаванняў, пашырэння спартыўных спаборніцтваў і інш. Важным фактарам развіцця С. з’яўляецца прапаганда яго ў сродках масавай інфармацыі, выяўленчым мастацтве, кіно, літаратуры і інш.

Літ.:

Матвеев Л.П. Введение в теорию физической культуры. М., 1983;

Визитей Н.Н. Физическая культура и спорт как социальное явление: Филос. очерки. Кишинев, 1986;

Кулинкович Е.К. Спорт: люди и рекорды. Мн., 1998;

Пономарчук В.А., Козлова В.С. Институт спорта: (история и реалии). Мн., 2002.

Я.​К.​Кулінковіч.

т. 15, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУКТУ́РНА-ФУНКЦЫЯНА́ЛЬНЫ АНА́ЛІЗ,

тэарэтыка-метадалагічны кірунак у сацыялогіі, які зыходзіць з прыярытэту сістэмнага аналізу пры вывучэнні сац. рэальнасці, яе структуры і функцыян. сувязі яе элементаў. Тэарэт. асновы С.-ф.а. распрацоўвалі Э.​Дзюркгейм, А.​Р.​Радкліф-Браўн, Б.​К.​Маліноўскі, В.​Парэта і іх паслядоўнікі Т.​Парсанс, Р.​К.​Мертан, К.​Дэвіс і інш. Яны разглядалі грамадства, сац. з’явы і працэсы як цэласную сістэму, элементы якой узаемазвязаны і выконваюць пэўную функцыян. ролю ў адносінах адзін да аднаго і да сістэмы ўвогуле. Адрозніваюць С.-ф.а. як сацыялагічную тэорыю і як метад сац. даследавання. Як сацыялагічную тэорыю С.-ф.а. распрацоўвалі Парсанс, М.​П.​Фуко, Н.​Дж.​Смелсер, Дэвіс, С.​Айзенштат і інш., якія асн. задачай сацыялогіі лічылі вывучэнне механізмаў, што забяспечваюць цэласнасць сац. структуры, а функцыянаванне грамадства і яго асобных падсістэм разглядалі з пункту гледжання выканання імі пэўнага комплексу функцыян. патрабаванняў. У аснове С.-ф.а. Парсанса — ідэя сац. парадку, які адлюстраваны ў імкненні сац. суб’ектаў да падтрымання раўнавагі сістэмы. Фуко, К.​Леві-Строс гал. задачай С.-ф.а. лічылі выяўленне элементаў грамадскай сістэмы і вызначэнне іх асн. функцый у забеспячэнні цэласнасці грамадства Як метад сацыяльнага даследавання С.-ф.а. распрацаваў Мертан. Унутры метаду С.-ф.а. існуюць 2 асн. падыходы: структурны (аналіз сац. структур) і функцыянальны (аналіз сукупнасці сац. функцый і вызначэнне структур, якія ажыццяўляюць пэўныя функцыі). Сумяшчэнне ідэі стабільнага функцыянавання, грамадства, характэрнай для С.-ф.а., і ідэі развіцця прывяло да распрацоўкі ў 1960—70-х г. канцэпцыі неаэвалюцыянізму (Парсанс, Э.​А.​Шылз), паводле якой устойлівае развіццё сац. сістэмы патрабуе вырашэння 4 асн. праблем: атрыманне рэсурсаў з навакольнага асяроддзя і іх размеркаванне ўнутры сац. сістэмы (адаптацыя), мабілізацыя рэсурсаў для дасягнення пэўных мэт і вызначэнне парытэту паміж імі (метадасягненне), каардынацыя адносін унутры сістэмы (інтэграцыя), забеспячэнне індывідаў неабходнай матывацыяй (падтрыманне «цэласнага стандарту»), Найноўшыя версіі С.-ф.а. характарызуюцца сінтэзам шэрагу ідэй сацыялагічнай думкі. С.-ф.а. пашыраны ў галінах сацыялогіі палітыкі, сацыялогіі сям’і, сацыялогіі злачыннасці і інш.

Літ.:

Дюркгейм Э. О разделении общественного труда: Метод социологии: Пер. с фр. М., 1996;

Американская социологическая мысль;

Р.​Мертон, Дж.​Мид, Т.​Парсонс, А.​Шюц. М., 1996;

Парсонс Т. О структуре социального действия: Пер. с англ. М., 2000.

І.​В.​Катляроў.

т. 15, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛУНЫ́ (ад слав. валяць), круглякі,

згладжаныя вадой ці лёдам абломкі горных парод памерам больш за 10 см. Большыя за 1 м валуны наз. глыбамі або камлыгамі. Утвараюцца пры выветрыванні, разбуральнай дзейнасці мораў, азёр, рэк, ледавікоў і іх талых вод, пры апаўзанні кавалкаў горных парод па схілах гор. Найб. пашыраны ў паверхневых ледавіковых утварэннях значнай ч. Паўн. Амерыкі і Еўразіі ў вобласці мацерыковых зледзяненняў плейстацэну. Ледавіковыя (эратычныя — вандроўныя) валуны трапляюцца па ўсёй тэр. Беларусі, найб. на канцова-марэнных узвышшах. Прынесены ад 600 тыс. да 20 тыс. гадоў назад з Балт. шчыта, ПнЗ Рускай пліты. Памер валуноў памяншаецца з Пн на Пд: у Бел. Паазер’і іх велічыня дасягае 6—11 м (найб. «Вялікі камень» 11 × 5,6 × 2,8 м), на Бел. градзе 5—8 м, на Бел. Палессі 1—3 м. Каля 65—75% вялікіх валуноў — граніты, 20—25% — гнейсы, ёсць граніта-гнейсы, кварцыты, кварцавыя парфіры, даламіты і інш. Валуны рэдкіх горных парод, якія маюць абмежаванае карэннае месцазнаходжанне, адносяць да кіроўных, па іх вызначаюць напрамкі руху стараж. ледавікоў.

З валунамі звязаны язычніцкі культ каменя, пра што сведчаць іх назвы (Пярун, Вялес, Дажбогаў, Святы камень) і легенды. Валуны служылі ахвярнікамі ў капішчах, выкарыстоўваліся для стварэння с.-г. календароў (гл. «Янова»), ім пакланяліся. З хрысціянскіх часоў захаваліся Даўгінаўскі крыж-стод, Крыж Стафана Баторыя, крыжы-абярогі і інш. Многія валуны — помнікі эпіграфікі часоў Полацкага княства (Барысавы камяні, Рагвалодаў камень і інш.). Валуны выкарыстоўваліся ў буд-ве абарончых збудаванняў, замкаў, храмаў (Сафійскі сабор 11 ст. ў Полацку, Гродзенская Барысаглебская царква 12 ст., вежы Навагрудскага 13 ст. і Крэўскага 14 ст. замкаў), для брукавання дарогі і інш. На палях валуны перашкаджаюць земляробству. У сярэднім на Беларусі 9% ворных зямель у рознай ступені завалунена, найб. у Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл. (каля 70%). Валуны выкарыстоўваюць на падмурак, як закладачны матэрыял у целе плацін, на атрыманне друзу і бутавага каменю, для ўмацавання адхонаў, стварэння арх. кампазіцый у парках і скверах і інш. Вялікія і адметныя валуны ўзяты пад ахову дзяржавы як помнікі прыроды (больш за 100 у Беларусі). Даследаванні валуноў вядуцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі, дзе створана Эксперыментальная база па вывучэнні ледавіковых валуноў (калекцыя больш за 2000 валуноў з розных рэгіёнаў Беларусі экспануецца на адкрытай пляцоўцы).

Літ.:

Ляўкоў Э.А. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. Мн., 1992;

Ледавіковыя валуны Беларусі: Эксперым. база вывучэння валуноў. Мн., 1993.

Э.​А.​Ляўкоў.

т. 3, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНЫ ПРАГРЭ́С (НТП),

працэс бесперапыннага ўзаемазвязанага, паступальнага развіцця навукі і тэхнікі, які праяўляецца ў пастаянным уздзеянні навук. ідэй (адкрыццяў і ведаў) на ўзровень удасканалення сродкаў і прадметаў працы, тэхналогіі і арг-цыі вытв-сці. Ажыццяўляецца ў форме паступовага эвалюцыйнага ўдасканалення матэрыяльнай вытв-сці і яго навук.-тэхн. асноў або ў форме карэннага якаснага пераўтварэння вытв. сіл на базе выкарыстання прынцыпова новых навук. і тэхн. дасягненняў, што забяспечваюць пераход да больш прагрэс. этапу развіцця грамадскай вытв-сці; мае рэв. характар развіцця і прымае форму навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. У рэальных працэсах развіцця грамадства эвалюцыя і рэвалюцыя — неабходныя ўзаемазвязаныя формы (роўныя кампаненты) НТП. Эвалюцыя падрыхтоўвае рэвалюцыю і стварае для яе неабходныя ўмовы, а рэвалюцыя адкрывае якасна новыя магчымасці эвалюцыі, садзейнічае яе далейшаму развіццю.

Навука і вытв-сць пачалі збліжацца ў 16—18 ст., калі развіццё гандлю, мараплавання, мануфактурнай вытв-сці і інш. патрабавалі тэарэт. і эксперым. вырашэння практычных задач; 2-1 яе этап звязаны з машыннай вытв-сцю ў канцы 18 ст., калі навука і тэхніка ўзаемна стымулявалі паскораныя тэмпы развіцця. Бурнае развіццё навукі з канца 19 ст. і ў 20 ст. прывяло да значных адкрыццяў, што стала пачаткам новага кірунку НТП. Хуткае развіццё і практычнае выкарыстанне эл. энергіі, стварэнне рухавіка ўнутр. згарання, рост хім. і нафтахім. прам-сці, укараненне новых тэхналогій, выкарыстанне энергіі атамнага ядра, атрыманне штучных алмазаў, вынаходства і развіццё ЭВМ, асваенне космасу і інш.

Асн. кірункі НТП: комплексная аўтаматызацыя і камп’ютэрызацыя вытв-сці; пошук новых крыніц энергіі, стварэнне новых сродкаў транспарту і сувязі, асваенне новых тэхналогій, у т. л. біятэхналогій. Многія кірункі НТП цесна ўзаемазвязаны, іх размежаванне ўмоўнае. Затраты на НТП пастаянна павялічваюцца і ў эканамічна развітых краінах складаюць значную долю валавога ўнутр. прадукту. Усё большае значэнне набывае павышэнне эфектыўнасці выкарыстання навукова-тэхнічнага патэнцыялу.

На Беларусі НТП развіваўся ў непасрэднай сувязі з развіццём мануфактурнай і машыннай вытв-сці, прамысл. пераваротам 19 — пач. 20 ст.; яго тэмпы паскорыліся ў ходзе індустрыялізацыі ў 1930-я г. і асабліва ў 2-й пал. 20 ст., калі ўзніклі новыя галіны вытв-сці: аўтамабіле-, трактара-, прыладабудаванне, электра-, радыётэхнічная, электронная, хім., нафтаперапрацоўчая і інш. прам-сць. Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі» ў бюджэце краіны ўстанаўліваецца ліміт агульных расходаў на навук.-тэхн. дзейнасць і нарматыў фінансавання фундаментальных і пошукавых даследаванняў.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 11, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЗКІЯ ТЭМПЕРАТУ́РЫ.

крыягенныя тэмпературы, тэмпературы ніжэй за 120 К. Т-ры. меншыя за 0,3 К, адносяць да звышнізкіх. Пры Н.т., асабліва блізкіх да абсалютнага нуля, цеплавы рух атамаў рэчыва памяншаецца і пачынаюць праяўляцца яго квантавыя ўласцівасці (напр., звышправоднасць, звышцякучасць). Пры Н.т. стан цвёрдага рэчыва разглядаецца як упарадкаваны, што дазваляе апісваць яго ўласцівасці з дапамогай квазічасціц. Кандэнсаваны (вадкі або цвёрды) стан рэчыва пры Н.т. вывучае фізіка нізкіх тэмператур. Эфекты, што праяўляюцца пры Н.т., выкарыстоўваюць у касм. матэрыялазнаўстве, крыябіялогіі, крыяэлектроніцы і інш.

Атрыманне Н.т. заснавана на звадкаванні газаў у спец. устаноўках — звадкавальніках, дзе моцна сціснуты газ пры расшырэнні да звычайнага ціску ахаладжаецца і кандэнсуецца (паводле Джоўля—Тамсана эфекту). Як холадаагенты выкарыстоўваюць паветра, азот, неон, вадарод, гелій (т-ра кіпення TH = 4,2 К). Для падтрымання Н.т. TH холадаагента павінна быць пастаяннай пад атм. ціскам, для чаго выкарыстоўваюць спец. тэрмастаты. Адпампоўваннем газу, што выпараецца, з герметызаванай пасудзіны памяншаюць ціск над вадкасцю і гэтым зніжаюць т-ру яе кіпення. Так дасягаюцца Н.т.: ад 77 да 63 К пры дапамозе вадкага азоту, ад 27 да 24 К — вадкага неону, ад 20 да 14 К — вадкага вадароду, ад 4,2 да 1 К — вадкага гелію. Пры больш нізкіх т-рах вадкія газы цвярдзеюць і страчваюць ахаладжальныя якасці (за выключэннем ізатопа гелію ​4He, які застаецца вадкім амаль да абс. нуля). Метадам адыябатычнага размарожвання парамагнітных солей дасягаюць т-ры 10​−3 К, гэтым жа метадам з выкарыстаннем ядзернага парамагнітнага рэзанансу ў сістэме атамных ядраў дасягнута т-ра 10​−6 К. Т-ры парадку 10​−3 К атрымліваюць таксама больш зручным метадам — растварэннем вадкага ​3He у вадкім ​4He. Вымярэнне Н.т. да 1 К ажыццяўляюць газавым тэрмометрам. У дыяпазоне 0,3—5,2 К нізкатэмпературная тэрмаметрыя засн. на залежнасці ціску насычаных пароў гелію ад т-ры. У практычнай тэрмаметрыі выкарыстоўваюць пераважна тэрмометры супраціўлення.

На Беларусі даследаванні з выкарыстаннем Н.т. вядуцца з 1964 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, з 1980-х г. — у Цэнтры крыягенных даследаванняў пры гэтым ін-це (В.​І.​Гасцішчаў, С.​Я.​Дзям’янаў і інш.), а таксама ў інш. ін-тах Нац. АН, БДУ.

Літ.:

Лоунасмаа О.В. Принципы и методы получения температур ниже 1 К: Пер. с англ. М., 1977;

Капица П.Л. Физика и техника низких температур: Науч. тр. М., 1989;

Вепшек Я. Измерение низких температур электрическими методами: Пер. с чеш. М. 1980.

С.​Я.​Дзям’янаў.

т. 11, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТКА́ЦТВА,

сукупнасць тэхнал. працэсаў па вырабе тканін тэкстыльных. Уключае падрыхтоўчыя аперацыі, выраб тканін на ткацкіх станках і заключныя аперацыі апрацоўкі тканін.

Да падрыхтоўчых аперацый адносяцца перамотка нітак асновы і ўтку, снаванне, шліхтаванне, прабіранне асновы і звязванне канцоў нітак — стваранне паковак нітак асновы і ўтку для работы на станку. Перамотка нітак асновы ажыццяўляецца на матальных машынах і аўтаматах, перамотка ўтку на шпулі для чаўнаковых станкоў — на ўточна-перамотачных аўтаматах. Для бесчаўнаковых станкоў выкарыстоўваюцца бабіны з матальных або прадзільных машын. Уточная пража праходзіць дадатковыя аперацыі — увільгатненне, эмульграванне, запарванне. Пры снаванні ніткі з вял. колькасці бабін або шпуль навіваюцца на снавальны валік (на снавальных машынах). Для павышэння трываласці, зносаўстойлівасці, супраціўляльнасці сціранню і расцяжэнню ніткі асновы шліхтуюцца — прамочваюцца клейкім калоідным растворам (шліхтай). У вочкі (дзіркі) галеў рамізак ніткі прасоўваюць для ўтварэння зева на станку (прастора для руху чаўнака) і атрымання тканіны зададзенага перапляцення. Прабіранне нітак у зубы бёрда забяспечвае ўшчыльненне ўточнай ніткі і атрыманне неабходнай шчыльнасці тканіны на аснове. З падрыхтаваных нітак асновы і ўтку на ткацкіх станках вырабляюць тканіны пэўных перапляценняў, шчыльнасці і шырыні. Заключныя аперацыі: вымярэнне даўжыні тканіны, чыстка, стрыжка (на стрыгальных машынах), кантроль якасці (паводле колькасці дэфектаў вызначаецца гатунак тканіны) і ўкладка, што ажыццяўляюцца на паточных лініях.

Т. вядома з 6—5-га тыс. да н.э. на Б.​Усходзе (Сірыя, Месапатамія, Егіпет). Пазней удасканальваліся канструкцыі станка, ствараліся прыстасаванні для падрыхтоўкі пражы. Механізацыя працэсаў Т. адносіцца да 16—18 ст. У канцы 19—20 ст. створаны станкі з аўтам. зменай чаўнакоў, у пач. 20 ст. — бесчаўнаковыя.

На Беларусі Т. вядома з часоў позняга неаліту і ранняга бронзавага веку. У 11—13 ст. вырабляліся тканіны палатняныя, саржавыя, што сведчыць пра высокі ўзровень развіцця Т. Для вырабу тканін выкарыстоўвалі 4-нітовае прыстасаванне, якое нагадвала бердзечка (прыстасаванне для Т. паясоў). Бел. нар. Т. 19 — пач. 20 ст. адлюстроўвае багаты маст. і тэхн. вопыт рамяства: пераважна 2- і 4-нітовая тэхніка, бранае і выбарнае Т., перабор «пад палатно» і інш. (гл. Тканіны мастацкія). З канца 19 ст. існавалі саматужныя ткацкія промыслы, якія выраблялі тканіны на продаж: ствараліся ткацкія школы-майстэрні, дзе павышаўся якасны ўзровень саматужнага Т. ў выніку ўкаранення больш дасканалага абсталявання, выкарыстання новых тэхнік Т. (напр., шматнітовае Т., розныя віды перабору). З 1930-х г. традыцыйнае нар. Т. пачало скарачацца. У канцы 20 ст. лепшыя традыцыі бел. нар. Т. распрацоўваліся на Аршанскай, Гомельскай, Гродзенскай, Пінскай, Полацкай, Слуцкай фабрыках маст. вырабаў (гл. адпаведныя арт.).

І.​У.​Косціна.

т. 15, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНАЯ ТЭ́ХНІКА,

галіна тэхнікі, якая займаецца атрыманнем ядзернай энергіі і выкарыстаннем яе ў розных галінах нар. гаспадаркі. Асн. прызначэнне — атрыманне вял. колькасці энергіі ў адносна невял. аб’ёме ў выніку рэакцыі дзялення атамаў цяжкіх элементаў (у асн. урану, плутонію, торыю). Навук. аснова — ядзерная фізіка.

Я.т. ўзнікла ў пач. 20 ст. як тэхніка ядзерна-фіз. эксперыментаў. У сярэдзіне 20 ст. пачала выкарыстоўвацца ў ваен. справе, на транспарце, у энергетыцы. Адрозніваюць Я.т. грамадзянскага (мірнага) і ваен. прызначэння. У грамадз. Я.т. энергія вылучаецца ў кіравальным ядз. устройстве — ядзерным рэактары, у ваен. — у некіравальным ядзерным выбуху атамнай бомбы, снарада і інш. (гл. Ядзерная зброя). Я.т. аб’ядноўвае: метады і сродкі разведкі, здабычы. раздзялення ізатопаў, атрымання ядзернага паліва для ядз. рэактараў; абагачэнне ядзернага паліва; рэактарабудаванне; захоўванне адпрацаванага ядз. паліва і яго хім. перапрацоўку, захоўванне і пахаванне радыеактыўных адходаў; сродкі транспарціроўкі свежага і адпрацаванага ядз. паліва; тэхналогію атрымання новых канструкцыйных і падзельных матэрыялаў, здольных працяглы час працаваць у розных асяроддзях пад уздзеяннем патокаў хуткіх і цеплавых нейтронаў; метады і сродкі аховы персаналу ад выпрамянення. З Я.т. цесна звязаны стварэнне надзейных сістэм аўтам. рэгулявання і кіравання рэактарамі і ядз. сілавымі ўстаноўкамі, распрацоўка рацыянальных сістэм адводу і выкарыстання цяпла, што выдзяляецца ў рэактары. тэорыі і метадаў разліку ядз.-фіз. і цеплавых працэсаў і інш. навукова-тэхн. праблем.

На Беларусі Я.т. пачала развівацца з 1958 (прынята рашэнне Прэзідыума АН БССР пра буд-ва атамнага рэактара ІРТ-2000 цеплавой магутнасцю 2000 кВт). Рэактар запушчаны ў 1962 г. На ім вяліся даследаванні па ядз. фізіцы, радыяцыйнай хіміі, фізіцы цвёрдага цела, біялогіі і інш. У 1968 запушчана шматкамерная універсальная гама-ўстаноўка на 420 тыс. грам-эквіваленту радыю (УГУ-420). Работы па Я.т. і падрыхтоўцы спецыялістаў у гэтай галіне вяліся ў асн. у створаным у 1965 Ін-це ядз. энергетыкі і Ін-це фізікі АН Беларусі, БДУ. У гэты перыяд праведзены даследаванні па выкарыстанні дысацыіруючага цепланосьбіта для ахаладжэння атамнага рэактара і як рабочага цела. У 1985 пачаты выпрабаванні першай у свеце перасоўнай АЭС з рэактарам, які ахаладжаецца чатырохвокісам азоту (ПАЭС «Памір»). У 1995 уведзены ў эксплуатацыю найб. ў Еўропе нейтронны генератар НГ-12-1 з патокам 10​12c​−1. Ёсць некалькі гама-ўстановак і паскаральнікаў электронаў рознага прызначэння.

Літ.:

Петросьянц А.М. Атомная наука и техника — народному хозяйству. М., 1981;

Кащеев В.П., Левадный В.А. Атомная энергия: Прошлое, настоящее и будущее. Мн., 1984.

В.​Ц.​Казазян.

т. 18, кн. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАРГАНІЧНАЯ ХІМІЯ

Сістэматычныя даследаванні па неарганічнай хіміі на Беларусі пачаліся ў 1921 на кафедры неарганічнай, аналітычнай і фізічнай хіміі БДУ (Б.​М.​Беркенгейм). Вывучаліся прыродныя рэсурсы рэспублікі; кіслародныя злучэнні тытану (А.​У.​Памфілаў), гідраксіды і аксіды металаў, структура нікель-жалезных і інш. сплаваў (М.​Ф.​Ярмоленка); прапанаваны новы варыянт афармлення перыядычнай сістэмы хім. элементаў (Э.​В.​Змачынскі). У пасляваенны час даследаванні вядуцца ў БДУ (на кафедры неарганічнай хіміі, з 1978 таксама ў НДІ фізіка-хімічных праблем); Бел. тэхналагічным і нац. тэхнічным ун-тах; ін-тах агульнай і неарганічнай хіміі, цепла- і масаабмену, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, электронікі, хіміі новых матэрыялаў, радыеэкалагічных праблем Нац. АН Беларусі; Магілёўскім ун-це харчавання, Гомельскім ун-це транспарту, НДІ будаўнічых матэрыялаў і інш.

Закладзены фундаментальныя асновы і распрацаваны новыя метады сінтэзу шэрагу неарганічных матэрыялаў з зададзенымі хім. ўласцівасцямі і структурнымі параметрамі, напр., высокадысперсных парашкоў, шчыльных керамічных матэрыялаў, валокнаў і інш. (М.​А.​Безбародаў, У.​С.​Камароў, М.​М.​Паўлючэнка, М.​Ф.​Ярмоленка, І.​М.​Ярмоленка). Значную ролю ў развіцці хіміі неарганічных рэчываў адыгралі даследаванні па кінетыцы і механізме цвердафазных рэакцый, тапахіміі неарганічных фасфатаў (Я.​А.​Продан), на аснове якіх распрацаваны і шырока выкарыстоўваюцца на практыцы метады сінтэзу гарачатрывалых фасфатных матэрыялаў, комплексных удабрэнняў угнаенняў*, фунгіцыдаў, дэтэргентаў, люмінафораў, пратонных цвердацельных праваднікоў, высокатэмпературных звышправаднікоў, керамічных і шклопадобных матэрыялаў. Распрацоўваюцца фундаментальныя аспекты сінтэзу, рэгулявання структуры і паверхневых уласцівасцей неарганічных адсарбентаў і каталізатараў; атрыманы тэрмастабільныя сітаватыя адсарбенты шпінельнай структуры, цэалітзмяшчальныя каталізатары, вугляродныя адсарбенты, керамічныя кампазіцыйныя матэрыялы на аснове тугаплаўкіх неарганічных валокнаў на аснове аксідаў, карбідаў, барыдаў, сіліцыдаў (У.​С.​Камароў, А.​І.​Рацько). Даследаванні шляхоў абагачэння калійных і фосфарных мінеральных удабрэнняў угнаенняў* (М.​П.​Круцько, Ф.​Ф.​Мажэйка з супрацоўнікамі) заклалі аснову тэхналогіі айч. прамысловасці мінеральных удабрэнняў угнаенняў*. Вядуцца даследаванні метадаў сінтэзу і ўласцівасцей нанаструктураваных, мезапорыстых паўправадніковых аксідных матэрыялаў для гетэрагеннага каталізу і фотакаталізу, біянеарганічных матэрыялаў на аснове нанакрышталічнага гідраксіапатыту (А.​І.​Кулак). Вывучаліся састаў, структура і ўласцівасці індывідуальных і сумесна асаджаных аксідаў і гідраксідаў металаў і крэмнію, у т. л. ў выглядзе нанаструктураваных сістэм (В.​В.​Свірыдаў, М.​Ф.​Ярмоленка), а таксама фотахромных злучэнняў ртуці і серабра, тэрмічнага і фотахімічнага раскладання цвёрдых цел (Г.​А.​Браніцкі, Т.​П.​Каратаева, В.​В.​Свірыдаў); атрыманыя вынікі заклалі аснову стварэння новых матэрыялаў (на аснове аксідаў, халькагенідаў, нанапамерных часцінак металаў на цвёрдых носьбітах) з зададзенымі саставам, структурай і ўласцівасцямі і вызначылі новыя кірункі даследаванняў — фотахімія цвёрдых цел і распрацоўка фатаграфічных працэсаў запісу інфармацыі (Г.​А.​Браніцкі, С.​К.​Рахманаў, В.​В.​Свірыдаў), хімія кандэнсаваных сістэм з рэгулявальнай гаручасцю (А.​І.​Лесніковіч, В.​В.​Свірыдаў), высокатэмпературных неарганічных матэрыялаў (А.​А.​Вечар), ультрадысперсных і нанаструктураваных сістэм, атрыманых хім. і электрахім. метадамі (Г.​А.​Браніцкі, Т.​М.​Вараб’ёва, А.​І.​Кулак, А.​І.​Лесніковіч, С.​К.​Рахманаў, Дз.​В.​Свірыдаў). У рамках гэтай тэматыкі вызначаны заканамернасці і механізм фотакаталітычнага аднаўлення іонаў металаў на паверхні аксідаў і ў сістэмах паўправаднік—малыя часцінкі металу, працэсаў спектральнай сенсібілізацыі гэтых сістэм; выяўлены эфекты фотаактывавання сістэм малыя часцінкі металу—паўправадніковы аксід або ёдыд (С.​К.​Рахманаў, В.​Г.​Сакалоў). Распрацаваны працэсы фотаэлектрахім. запісу інфармацыі (А.​І.​Кулак, Дз.​В.​Свірыдаў, Я.​А.​Стральцоў), узмацнення слабых сярэбраных відарысаў на фотаслаях (Г.​А.​Браніцкі, В.​В.​Свірыдаў, В.​Дз.​Сташонак), вырабу фоташаблонаў для інтэгральных схем і пячатных плат без выкарыстання фотарэзістаў (Т.​М.​Вараб’ёва, В.​Г.​Сакалоў, Л.​І.​Сцяпанава), хім. і электрахім. асаджэння з раствораў металічных, сплаўных, кампазітных пакрыццяў на металы і дыэлектрыкі (Т.​М.​Вараб’ёва, Т.​В.​Гаеўская, Л.​І.​Сцяпанава) для электроннай і радыёпрамысловасці і інш., асаджэння золь-гель метадам плёнак аксідаў металаў (Г.​А.​Браніцкі, М.​І.​Іваноўская) для метал-аксідных газавых сенсараў і плёначных нанакампазітных каталізатараў метал-аксід. Устаноўлены прынцыпы электрахім. атрымання тонкіх плёнак халькагенідаў металаў, іх цвёрдых раствораў і звышструктур на аснове халькагенідных сістэм (Я.​А.​Стральцоў), стварэння эфектыўных фотакаталізатараў на аснове дыаксіду тытану для ачысткі і абеззаражвання вады (А.​І.​Кулак, Дз.​В.​Свірыдаў); распрацаваны метады сінтэзу і вывучаны ўласцівасці паўправадніковых нанакрышталёў (М.​В.​Арцем’еў, В.​С.​Гурын), у т. л. выяўлены нелінейныя з’явы ў нанаструктураваных электрахім. сістэмах (Г.​А.​Рагойша); распрацаваны і ўкаранёны працэсы перапрацоўкі адходаў каштоўных металаў, што дало магчымасць стварыць буйны рэспубліканскі цэнтр па гэтай перапрацоўцы — «Унікаштмет» БДУ (Г.​М.​Корзун, С.​К.​Рахманаў).

Знойдзены новыя шляхі кіравання кінетычнай стабільнасцю кандэнсаваных сістэм з адначасовым утрыманнем гаручых кампанентаў і акісляльніку; выяўлены прынцыпы рэгулявання параметраў гарэння розных гетэрагенных кандэнсаваных сістэм; распрацаваны высокаэфектыўныя вогнетушыльныя матэрыялы, у т. л. для тушэння лясных пажараў і торфу, а таксама кампаненты паліва са значнай энергаёмістасцю і высокай тэрмастабільнасцю адначасова (В.​У.​Багданава, А.​І.​Лесніковіч); адкрыта і вывучана з’ява вадкаполымнага гарэння (П.​М.​Гапонік, А.​А.​Івашкевіч, А.​І.​Лесніковіч). Распрацаваны метады атрымання калоідных раствораў на аснове ультрадысперсных металаў і аксідаў, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці ракетнага паліва і пораху, лячэнні раку, рэнтгенаўскай дыягностыцы і інш. (С.​А.​Вараб’ёва, А.​І.​Лесніковіч). Выяўлены асаблівасці фарміравання элементаў мікра- і нанарэльефу паверхні крышталёў крэмнію пры траўленні ў шчолачных растворах, што выкарыстоўваецца пры вырабе мікрадатчыкаў і зондаў атамна-сілавых мікраскопаў (А.​В.​Юхневіч). Вывучана ўзаемасувязь структуры і ўласцівасцей фасфатных матэрыялаў (Л.​С.​Івашкевіч, А.​С.​Ляхаў); распрацаваны метады сінтэзу гарачатрывалых фасфатных сувязных для касмічнай і ваеннай тэхнікі (К.​М.​Лапко, В.​Ф.​Цікавы); атрыманы шэраг фасфатных матэрыялаў з выбіральнымі іонаабменнымі ўласцівасцямі, а таксама здольных эфектыўна сарбіраваць газападобныя рэчывы асноўнага характару (У.​А.​Люцко, У.​А.​Шаблоўскі). Даследаваны керамічныя матэрыялы са структурамі пераўскіту, флюарыту і пірахлору, цвёрдыя растворы на аснове манганітаў, кабальтытаў лантану-стронцыю, вісмутату барыю, дыаксіду цэрыю, аксіду вісмуту, што стала асновай для распрацоўкі высокатэмпературных цвёрдааксідных паліўных элементаў без каштоўных металаў (А.​А.​Вечар, Я.​М.​Навумовіч).

Даследуюцца механізм, тэрмадынаміка і кінетыка хім. рэакцый з мэтай распрацоўкі фізіка-хім. асноў сінтэзу новых матэрыялаў, стварэння новых і ўдасканалення існуючых тэхналагічных працэсаў. Да найб. важных належаць даследаванні высокатэмпературных раўнаваг і тэрмадынамічных характарыстык кандэнсаваных і парападобных галагенідаў (Р.​Б.​Даброцін, Г.​І.​Новікаў, А.​Г.​Палячэнак), злучэнняў фосфару (Г.​І.​Новікаў, В.​М.​Яглоў), аксідаў і гідратаў селену, а таксама фтарыдаў рэдказямельных элементаў (Р.​Б.​Даброцін), металічных і аксідных расплаваў (В.​П.​Глыбін); фазавых раўнаваг і кінетыкі абменных рэакцый у патройных сістэмах аксідаў, якія прыводзяць да ўтварэння ферытаў (Л.​А.​Башкіраў); электрахім. і тэрмахім. даследаванні ў галіне вадароднай энергетыкі (С.​А.​Жданок, А.​К.​Красін, Г.​І.​Новікаў). Да важнейшых распрацовак адносяцца: перапрацоўка фасфатнай сыравіны, у т. л. новымі плазмахім. і хлорным метадамі (М.​І.​Кузьмянкоў, У.​Дз.​Пячкоўскі); атрыманне неарганічных галагенідаў, у т. л. шчолачназямельных і рэдказямельных металаў (М.​І.​Вараб’ёў, Р.​Б.​Даброцін, А.​Г.​Палячэнак); сінтэз злучэнняў селену (Г.​Ф.​Пінаеў); тэхналогія вогнетрывалых бетонаў на вадкашкляных і фасфатных звязках, хуткацвярдзеючых цэментаў і магнезіяльных вяжучых, атрыманых з даламіту (М.​І.​Кузьмянкоў); атрыманне сплаваў пры дапамозе нізкатэмпературнай плазмы (М.​А.​Свідуновіч); тэхналогія шкла, у т. л. міжслойнай ізаляцыі ў мікраэлектроніцы, сіталу для гарачаўстойлівага посуду і ніткаправодаў у вытворчасці валокнаў, керамікі і інш. (Н.​М.​Бабкова, І.​А.​Лявіцкі, І.​У.​Пішч, В.​М.​Яглоў); атрыманне тонкіх і тоўстых слаёў аксідных высокатэмпературных звышправодных злучэнняў і сінтэз ферамагнітных матэрыялаў на аснове цвёрдых раствораў ферытаў з рэгулявальнай структурай і саставам для вертыкальнага запісу інфармацыі і паглынання ЗВЧ-хваль, што стала асновай развіцця ў краіне ўласнай вытв-сці крэдытных картак і інш. магнітных носьбітаў (Л.​А.​Башкіраў); тэхналогія глыбокай ачысткі газавых выкідаў і сцёкавых вод (В.​П.​Глыбін, Т.​А.​Жарская, У.​М.​Марцуль). Даследуюцца працэсы гідролізу іонаў металаў у водных растворах з утварэннем полілігандных, мона- і поліядзерных гідроксакомплексаў (Ю.​П.​Давыдаў, А.​К.​Баеў), што важна для прагназіравання міграцыі ў глебе і водных басейнах радыенуклідаў, распрацоўкі метадаў ачысткі сцёкавых вод і сінтэзу матэрыялаў на аснове аксідаў.

Літ.:

Химическое осаждение металлов из водных растворов. Мн., 1987;

Продан Е.А. Топохимия кристаллов. Мн., 1990;

Новікаў Г.І., Жарскі І.М. Асновы агульнай хіміі. Мн., 1995;

Комаров В.С. Адсорбенты: Вопросы теории, синтеза и структуры. Мн., 1997;

Жарский И.М., Новиков Г.И. Физические методы исследования в неорганической химии. М., 1998;

Химические проблемы создания новых материалов и технологий. Вып. 1. Мн., 1998; Вып. 2. Мн., 2003; Синтез, структура и свойства неорганических веществ и коллоидных систем. Мн., 2000; Гапоненко Н.В. Пленки, сформированные золь-гель методом на полупроводниковых и в мезопористых матрицах. Мн., 2003.

Т.​М.​Вараб’ёва, А.​І.​Васілеўская.

т. 18, кн. 2, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛУ́РГІЯ (ад грэч. metallurgeō здабываю руду, апрацоўваю металы),

галіна навукі, тэхнікі і прам-сці, якая ахоплівае працэсы атрымання металаў з руд і інш. матэрыялаў, змены хім. саставу, структуры і ўласцівасцей метал. сплаваў, надання металу пэўнай формы. Працэсы М.: падрыхтоўка руд (здрабненне, абагачэнне карысных выкапняў, абпал або сушка, агламерацыя, брыкетаванне і інш.); вылучэнне металаў з руд і інш. матэрыялаў, ачыстка іх ад непажаданых дамешкаў (рафінаванне металаў); вытв-сць металаў і сплаваў; тэрмічная апрацоўка, хіміка-тэрмічная апрацоўка, тэрмамеханічная апрацоўка, ліццё і апрацоўка металаў ціскам, зварка і паянне; нанясенне ахоўных і дэкаратыўных пакрыццяў з інш. металаў і неметалаў на паверхні метал. вырабаў (металізацыя). М. падзяляецца на чорную металургію (атрыманне чыгуну, сталі, ферасплаваў, пракату і некат. вырабаў з чыгуну і сталі) і каляровую металургію (вытв-сць і апрацоўка каляровых металаў і сплаваў). У залежнасці ад метадаў атрымання металаў і сплаваў адрозніваюць вакуумную металургію, гідраметалургію, парашковую металургію, піраметалургію, плазменную металургію, электраметалургію. Важнай галіной М. з’яўляецца металазнаўства.

М. ўзнікла ў глыбокай старажытнасці. Паводле археал. даных, медзь атрымлівалі ўжо ў 7—6-м тыс. да н.э., з 4—3-га тыс. да н.э. выкарыстоўвалі яе сплаў з волавам — бронзу. З сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. пачалі выплаўляць жалеза (гл. Сырадутны працэс), з сярэдзіны 14 ст. — чыгун (гл. Доменны працэс), з 18 ст. — сталь, выкарыстоўваючы тыгельную плаўку, а потым бесемераўскі працэс, мартэнаўскі працэс, тамасаўскі працэс, кіслародна-канвертарны працэс. Найб. актыўна як галіна прам-сці і навукі М. развіваецца з 19 ст. дзякуючы вынаходствам і распрацоўкам Г.Бесемера і С.​Дж.Томаса (Англія), А.​Мартэнса (Германія), П.Э.Мартэна (Францыя), П.П.Аносава і Дз.К.Чарнова (Расія) і інш. М. — адна з найважнейшых галін сучаснай прам-сці; маштабы вытв-сці металаў (у першую чаргу сталі) характарызуюць тэхніка-эканам. ўзровень развіцця краіны.

На Беларусі вытв-сць некаторых бронзавых рэчаў з прывазной сыравіны пачалася з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э., чорная М. з’явілася ў 7—6 ст. да н.э. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў печах-домніцах (сырадутных горнах), пераплаўлялі ці награвалі для апрацоўкі ў тыгельных, крычных і кавальскіх горнах (гл. Горан). Як навука М. на Беларусі развіваецца ў Фізіка-тэхнічным і інш. ін-тах Нац. АН, у БПА, галіновых НДІ, некаторых ВНУ. Асн. вытворца чорнага пракату для прам-сці краіны — Беларускі металургічны завод у Жлобіне, значная ч. прадукцыі якога ідзе на экспарт. Вытв-сць сталі і чыгунных вырабаў ёсць на з-дах «Цэнтраліт» (Гомель), МТЗ, МАЗ, станкабудаўнічым імя Кірава (Мінск), «Праммашрамонт» (Полацк), Мінскім механічным імя Вавілава і інш. Гл. таксама Металургічная прамысловасць.

Літ.:

Основы металлургии. Т. 1—7. М., 1961—75;

Воскобойников В.Г., Кудрин В.А., Якушев А.М. Общая металлургия. 4 изд. М., 1985;

Венецкий С.И. От костра до плазмы: Рассказ о многовековом пути, пройденном металлургией... М., 1986.

А.​П.​Ласкаўнёў.

т. 10, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́СНАСЦЬ, публічнасць,

права чалавека выражаць публічна свае погляды і перакананні, свабода вуснага і пісьмовага слова; адкрытасць і даступнасць для насельніцтва інфармацыі аб тым, што адбываецца ў дзяржаве і грамадстве. Патрабаванні да галоснасці, яе межы вызначаюцца адпаведнымі міжнар. прававымі актамі і заканадаўствам кожнай краіны. Ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (прынята ААН у 1948) абвяшчаецца, што кожны чалавек мае права на свабоду перакананняў і на іх свабоднае выражэнне, свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі і незалежна ад дзярж. межаў. Элементы галоснасці як адной з формаў рэалізацыі правоў грамадзян існавалі ўжо ў Стараж. Грэцыі (раз у месяц у Афінах адбываўся нар. сход і кожны з яго ўдзельнікаў мог выказваць сваю думку, пастаянна праводзіліся праверкі і публічныя справаздачы выбарных службовых асоб). Палажэнні пра адкрытасць і публічнасць у вырашэнні грамадскіх праблем знайшлі адлюстраванне ў хрысц. веравучэнні, англ. Вялікай Хартыі Вольнасцей (1215), Статуце ВКЛ 1588, «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна», абвешчанай у 1789 у час Франц. рэвалюцыі, Канстытуцыі ЗША (1791), у працах Дж.Лока, Т.Гобса, Ж.Ж.Русо, Ш.Л.Мантэск’ё, Ф.Скарыны, С.Буднага, М.Літвіна, А.Волана, Т.Джэферсана, Ф.Міранды, А.І.Герцэна, К.Каліноўскага і інш. Спец. пастановай урада Расіі 1859 дазвалялася публікацыя ў друку пра факты беспарадкаў і злоўжыванняў чыноўнікаў, іншых матэрыялаў з неафіц. крыніц. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 спец. Дэкрэтам аб друку абвяшчалася адмена ўсякіх адм. уздзеянняў на друк. Але ва ўмовах цэнтралізацыі ўсіх сфер жыцця ў СССР галоснасць была значна абмежавана, перш за ўсё ў адносінах да вышэйшых уладных структур; свабоднае выказванне думак было небяспечна па палітычных, ідэалагічных і інш. меркаваннях. Некаторае пашырэнне галоснасці назіралася ў перыяд паміж XX—XXII з’ездамі КПСС (1956—61). Пазней яна падтрымлівалася гал. чынам дысідэнцкім рухам і «самвыдатам». На афіц. узроўні пытанне пра галоснасць як неабходную перадумову дэмакратызацыі сав. грамадства ўпершыню пастаўлена ў спец. рэзалюцыі 19-й Усесаюзнай канферэнцыі КПСС (1988).

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэферэндуме 1996, гарантуе грамадзянам свабоду поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне, права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі, на свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, непасрэдны ўдзел у кіраванні справамі дзяржавы. Законам Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (1995) устаноўлена, што ўшчамленне свабоды масавай інфармацыі ў якой-небудзь форме, у т. л. праз цэнзуру, павінна цягнуць за сабой дысцыплінарную, крымін. і інш. адказнасць, устаноўленую заканадаўствам. Рэалізацыя правоў і свабод, звязаных з палітыкай галоснасці, забяспечваецца гарантыямі ад незаконных і адвольных абмежаванняў і забарон, строгім захаваннем прынцыпаў законнасці, справядлівага і публічнага разбору ў судзе розных відаў парушэнняў (гл. Галоснасць судаводства).

Літ.:

Гласность: Насущные вопр. и необходимые ответы. М., 1989;

50/50: Опыт словаря нового мышления. М., 1989;

Международные документы по правам человека. Франкфурт-на-Майне, 1990;

Конституция Республики Беларусь;

Науч.-правовой коммент. Мн., 1996.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 4, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)