АСНО́ЎНЫ АБМЕ́Н,

колькасць энергіі, затрачанай арганізмам чалавека ці жывёлы пры магчыма поўным мышачным спакоі для забеспячэння мінім. ўзроўню абмену рэчываў і функцыян. актыўнасці, неабходных для падтрымання жыцця. Мінім. энергет. затраты арганізма чалавека вызначаюцца ў стане мышачнага спакою ў ляжачым становішчы, нашча, праз 12—16 гадз пасля прыняцця ежы, пры т-ры камфорту (18—20 °C). Вымяраецца ў кіладжоўлях, кілакалорыях на адзінку масы або паверхні цела, за 1 гадз або 1 суткі; залежыць ад масы цела, росту, узросту, полу, віду, характару харчавання, умоў месцажыхарства і інш. Больш высокі ў маладых людзей, у мужчын (у параўнанні з жанчынамі), у людзей, якія займаюцца фіз. працай, у спартсменаў. У людзей, што галадаюць або доўга хварэюць, асноўны абмен паніжаны Паказанні асноўнага абмену выкарыстоўваюць для дыягностыкі некаторых захворванняў (напр., эндакрынных залоз). У жывёлагадоўлі па Асноўным абмене вызначаюць нормы кармлення.

т. 2, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТАНІ́ЧНЫ САД БДУ.

Арганізаваны ў 1933 па ініцыятыве У.У.Адамава на тэр. універсітэцкага гарадка ў Мінску. З 1967 у в. Шчомысліца пад Мінскам (на базе вучэбнай гаспадаркі БДУ). Пл. 25 га. Батанічны сад БДУ уключае дэндрарый (закладзены ў 1930-я г. дэндролагам І.​І.​Собалевым), лесапарк, участак сістэматыкі раслін (460 відаў), участкі кветкавых (400 відаў), с.-г. (харч., кармавых), тэхн. (160 відаў), лек. (150 відаў), фларыстычны ўчастак дзікарослых травяністых (350 відаў) раслін Сібіры, Д.​Усходу, Крыма, Каўказа, Карпат, Сярэдняй Азіі, Паўн. Амерыкі. У калекцыях больш за 1800 відаў, формаў і сартоў раслін, у т. л. рэдкія і каштоўныя дрэўныя экзоты (328 відаў). Большасць зімаўстойлівыя, добра цвітуць, пладаносяць і даюць насенне. База для падрыхтоўкі студэнтаў-біёлагаў, правядзення навук. даследаванняў і культ.-асв. работы ў галіне прыродазнаўства і аховы прыроды.

Батанічны сад БДУ. Адзін з сектараў дэндрарыя.

т. 2, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВЕ́ЖСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1991.

Падпісаны кіраўнікамі Беларусі (С.​Шушкевіч і В.​Кебіч), Расіі (Б.​Ельцын і Г.​Бурбуліс), Украіны (Л.​Краўчук і В.​Фокін) 8.12.1991 у бел. урадавай рэзідэнцыі каля б. хутара Віскулі Пружанскага р-на ў Белавежскай пушчы. Ад імя дзяржаў — заснавальніц СССР яны канстатавалі, што СССР як суб’ект міжнар. права і геапаліт. рэальнасць спыняе існаванне, і падпісалі Пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). у складзе Рэспублікі Беларусь, РСФСР і Украіны. СНД абвяшчалася адкрытай для далучэння інш. дзяржаў. Былі прыняты заявы кіраўнікоў 3 краін аб імкненні СНД праводзіць курс на ўмацаванне міжнар. міру і бяспекі, пра гарантыі выканання міжнар. абавязацельстваў па дагаворах і пагадненнях б. СССР, забеспячэння адзінага кантролю за ядзернай зброяй і яе нераспаўсюджаннем, пра каардынацыю эканам. палітыкі. Вярх. Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў Пагадненне аб стварэнні СНД 10.12.1991.

Я.​Р.​Гарэлік.

У час падпісання Белавежскіх пагадненняў 1991.

т. 2, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЭМІ́ЧНЫ ЛЕ́ТАПІС,

помнік бел.-літ. летапісання 16 ст., спіс 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Паводле складу і тэксту блізкі да Супрасльскага летапісу. У акадэмічны летапіс уваходзяць скарочаны агульнарус. летапіс, Смаленская хроніка, «Пахвала Вітаўту», смаленскія пагадовыя запісы за 1432—46 і «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх». Ва ўрыўках збераглася частка па гісторыі Маскоўскай Русі 14 — 1-й трэці 15 ст. (пачынаецца са звестак 1339, згублены лісты з запісамі падзей 1373—1414 і 1418—27). Не зберагліся пач. частка, прысвечаная гісторыі Кіеўскай Русі, і «Аповесць пра Падолле», што была змешчана ў канцы рукапісу. Тэкст Бел.-літ. летапісу 1446 месцамі перададзены недакладна, з памылкамі.

Летапіс уваходзіць у склад рукапіснага зборніка сярэдзіны 16 ст., які захоўваецца ў б-цы Рас. АН у Санкт-Пецярбургу. Апублікаваны ў 17-м (1907) і 35-м (1980) тамах Поўнага збору рус. летапісаў.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 1, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІСЛЯ́ЛЬНАЕ ФАСФАРЫЛІ́РАВАННЕ,

біясінтэз малекул адэназінтрыфосфарнай к-ты (АТФ) з адэназіндыфосфарнай (АДФ) і фосфарнай к-т за кошт энергіі акіслення субстрату: АДФ + H3PO4 → АТФ + H2O (гл. Акісленне біялагічнае). Асн. субстратам для акісляльнага фасфарыліравання служаць малекулы арган. рэчываў, пераважна арган. к-т, якія ўтвараюцца ў трыкарбонавых кіслот цыкле. Акісляльнае фасфарыліраванне адкрыта сав. біяхімікам У.​А.​Энгельгартам (1930). Адбываецца ў жывых клетках (у мітахондрыях) пры пераносе электронаў і пратонаў па дыхальным ланцугу з удзелам значнай колькасці дыхальных ферментаў і каферментаў (ферментны комплекс АТФ-сінтэтаза). Паказчык эфектыўнасці акісляльнага фасфарыліравання — адносіны колькасці фасфату, звязанага АДФ пры акісляльным фасфарыліраванні, да паглынутага кіслароду (P/O). Малекула АТФ утвараецца пры пераносе 2 электронаў праз пункт энергет. злучэння, у якім адбываецца утылізацыя энергіі, што вызваляецца. У выніку акісляльнага фасфарыліравання ў клетках назапашваецца АТФ — важнейшае макраэргічнае злучэнне, якое забяспечвае розныя працэсы жыццядзейнасці.

М.​М.​Філімонаў.

Спрошчаная схема акісляльнага фасфарыліравання.

т. 1, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБВІНАВА́ЎЧАЕ ЗАКЛЮЧЭ́ННЕ,

працэсуальны дакумент, у якім выкладзена і абгрунтавана рашэнне следчага (або асобы, якая праводзіла дазнанне) аб фармулёўцы абвінавачання асобы, прыцягнутай да крымін. адказнасці. У ім падсумоўваюцца вынікі папярэдняга следства па справе, робіцца вывад пра ўчыненне злачынства пэўнай асобай, пра дастатковасць падстаў для суд. разгляду справы. Складаецца з апісальнай і рэзалютыўнай частак. У апісальнай частцы выкладаецца сутнасць справы, у рэзалютыўнай змяшчаюцца звесткі пра абвінавачанага (абвінавачаных) і фармулёўка прад’яўленага абвінавачання са спасылкай на адпаведныя артыкулы Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Следчы падпісвае абвінаваўчае заключэнне і разам са справай перадае пракурору, які зацвярджае абвінаваўчае заключэнне і накіроўвае справу ў суд ці вяртае яе для дадатковага следства або спыняе справу. Абвінаваўчае заключэнне ўручаецца абвінавачанаму не пазней як за 3 сут. да суд. разгляду, што дае яму магчымасць азнаёміцца з доказамі і падрыхтавацца да абароны.

І.​І.​Пацяружа.

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ННАЯ ГАРА́,

месца масавай загубы мірнага насельніцтва ням.-фаш. акупантамі ў Вял. Айч. вайну каля чыг. ст. Бронная Гара Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. У маі—чэрв. 1942 гітлераўцы выкапалі тут 8 вялізных ям і абнеслі іх калючым дротам. Сюды па спец. пабудаванай чыг. ветцы яны дастаўлялі эшалоны з насельніцтвам, пераважна жанчынамі, дзецьмі, старымі, з Драгічына, Іванава, Гарадца, Брэста, Пінска, Кобрына, Бярозы-Картузскай. Людзей прымушалі распранацца, гналі да ям, загадвалі класціся радамі і расстрэльвалі з аўтаматаў. Да ліст. 1942 тут загублена больш за 50 тыс. чал. Каб замесці сляды злачынстваў, у сак. 1944 гітлераўцы прыгналі сюды 100 палонных, якія 2 тыдні раскопвалі і палілі трупы; потым фашысты расстралялі і спалілі тых, хто выконваў гэтыя работы. На месцы загубы ахвяр фашызму пастаўлены помнік і створаны мемарыял. Урочышча Бронная Гара ўвекавечана ў мемар. комплексе «Хатынь».

т. 3, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДСЛАЎСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,

сярэдняя агульнаадук. навуч. ўстанова ў мяст. Будслаў Вілейскага пав. (цяпер Мядзельскі р-н) у 1917—19. Засн. па ініцыятыве дзеячаў бел. нац.-вызв. руху І.​І.​Васілевіча (дырэктар) і Э.​А.​Будзькі ў канцы 1917 (афіц. адкрыта ў студз. 1918) на базе бел. пач. школы. У 1918/19 навуч. г. дзейнічала 1-я ступень гімназіі (2 падрыхтоўчыя, 2 першыя, 2-і, 3-і і 4-ы класы). Навучалася больш за 300 сял. дзяцей абодвух полаў. Выкладанне вялося на бел. мове. Пры гімназіі дзейнічаў вучнёўскі кааператыў. У 1918 пачалося буд-ва гімназіі паводле праекта, распрацаванага ў традыцыях нац. дойлідства арх. Л.​І.​Дубейкаўскім. Сродкі на будынак выдзеліў Нар. сакратарыят Беларусі. Мясц. спаланізаваныя памешчыкі разгарнулі кампанію супраць гімназіі, і перад пачаткам 1919/20 навуч. г. яна была забаронена польск. ўладамі.

С.​С.​Рудовіч.

т. 3, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮРО́ ЦК КПЗБ,

цэнтральны кіруючы орган Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ў 1929—38. Створана паводле рашэння Першага з’езда КПЗБ. Выбіралася на пленумах ЦК КПЗБ, складалася з 3—5 членаў. Падпарадкоўвалася Палітбюро ЦК КПП. Знаходзілася пераважна па-за межамі Польшчы (у Гданьску, Берліне, Капенгагене, Мінску). Кіравала Краявым сакратарыятам ЦК КПЗБ, Прадстаўніцтвам ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б, Мінскай школай КПЗБ, замежнай часткай Цэнтр. рэдакцыі, займалася агульнапаліт., арганізац., бягучымі і інш. пытаннямі. У розны час членамі Бюро ЦК КПЗБ былі А.​А.​Альшэўскі, М.​С.​Арэхва, М.​А.​Блінчыкаў, Ю.​Брун, С.​І.​Будзінскі, Р.​Д.​Вольф, А.​У.​Канчэўскі, П.​Корчык (І.​К.​Лагіновіч), С.​А.​Мертэнс, С.​Т.​Мілер, А.​М.​Розеншайн, А.​С.​Славінскі, Е.​І.​Шоламаў і інш. Спыніла дзейнасць у сувязі з неабгрунтаваным роспускам КПП, КПЗБ і КПЗУ.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 3, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГО́МЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,

баі бел. партызан па вызваленні ад ням.-фаш. захопнікаў тэр. Бягомльскага р-на ў ліст. — снеж. 1942 у Вял. Айч. вайну. Аперацыю праводзілі партыз. брыгады «Жалязняк» (вяла асн. баявыя дзеянні), «Дзядзькі Колі», асобныя атрады з брыгад Чашніцкай «Дубава», імя Даватара, «За Савецкую Беларусь» пад агульным кіраўніцтвам ваен. аператыўнага цэнтра Барысаўскай зоны. Каб паралізаваць рух праціўніка, партызаны разгарнулі баі на далёкіх камунікацыях на шляхах да Бягомля з Лепеля, Барысава, Докшыц, Мінска і інш. чыг. станцый і баз забеспячэння ворага, у выніку выбілі праціўніка з некалькіх апорных пунктаў, спалілі ўсе масты і пераправы, перакрылі шашэйныя дарогі на Плешчаніцы і Барысаў. 5—14 снеж. партызаны двайным рэйдам знішчылі вакол Бягомля невял. гарнізоны, масты, лініі сувязі. Да 20 снеж. раён быў вызвалены, утварылася Барысаўска-Бягомльская партыз. зона. У гонар Бягомльскай аперацыі ў Бягомлі помнік.

т. 3, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)