СУХАВЕ́Й Святлана Іванаўна (н. 28.10.1952, г. Мазыр Гомельскай вобл.),

бел. актрыса тэатра і кіно. Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1973). З 1973 на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1981 актрыса Т-ра-студыі кінаакцёра. У кіно з 1967. Знялася ў фільмах: «Бабіна царства» (1967), «Сыны ідуць у бой» (1970), «Камандзір шчаслівай «Шчукі» (1972), «Фронт без флангаў», «Незабытая песня» (абодва 1974), «Порт» (1975), «Памяць зямлі» (тэлефільм, 5 серый; 1976), «Фронт за лініяй фронту» (1977), «Мужнасць» (тэлефільм, 7 серый; 1979—80), «Аўкцыён» (1982), «Не хачу жаніцца» (1994), «Любіць па-руску — 2» (1996), «Любіць па-руску — 3» (1999) і інш. Сярод роляў у Т-ры-студыі кінаакцёра: Раіса, Смельская («Жаніцьба Бальзамінава», «Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага), Мар’я Антонаўна («Фантазіі паводле Гогаля»), Наташа («Мы ідзём глядзець «Чапаева» А.​Данілава), Алена Пятроўна («Феномены» Р.​Горына), Каця («Карнавал у Венецыі» А.​Галіна), Мілюкова («Нябачны сябар» Ю.​Оснаса), Валянціна («Выкраданне Алены» Л.​Вернейля), Мама, Каралева («Шчаўкунок» А.​Палешчанковай), місіс Хігінс («Пігмаліён» Б.​Шоу), Элізабет («Стрэмка» Ф.​Саган) і інш.

т. 18, кн. 1, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)