СТРУКТУ́РНАЯ ПЕРАБУДО́ВА ЭКАНО́МІКІў Рэспубліцы Беларусь,
сукупнасць мер па змене матэрыяльнай базы вытв-сці ці спосабу кіравання прадпрыемствамі, накіраваных на фарміраванне сістэмы грамадскай вытв-сці, якая найб. поўна адпавядае грамадскім патрэбам, забяспечвае дынамізм, збалансаванасць і высокую эфектыўнасць узнаўленчых працэсаў на базе паскарэння навукова-тэхнічнага прагрэсу, тэхн. рэканструкцыі. Асн. ўмова перабудовы — эфектыўная інвестыцыйная палітыка, якую ажыццяўляе ўрад. Яна ўключае: выдзяленне неабходных бюджэтных сродкаў на рэалізацыю агульнадзярж. праграм, павышэнне ролі фін. рэсурсаў прадпрыемстваў у капіталаўкладаннях (амартызацыйныя адлічэнні, прыбытак), прыцягненне замежных інвестыцый і крэдытаў у рэальны сектар эканомікі, сродкаў насельніцтва на будаўніцтва жылля, бюджэтна-падатковыя і цэнавыя пераўтварэнні і інш. С.п.э. на перспектыву намечана ў «Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2001—2005 гады». Яе стратэгічная мэта — ўзмацненне сац. арыентацыі эканомікі, павелічэнне долі спажывання ў нац. даходзе, павышэнне дабрабыту народа. Гал. сродкі рэалізацыі прыярытэтаў: актывізацыя інавацыйнай і інвестыцыйнай дзейнасці, паскарэнне развіцця навукаёмістых і рэсурсазберагальных галін і вытв-сцей; развіццё жыл.буд-ва на неэмісійнай аснове з выкарыстаннем пазабюджэтных крыніц фінансавання; фарміраванне эфектыўнай сістэмы аховы здароўя; павелічэнне экспарту тавараў і паслуг; развіццё аграпрамысл. комплексу і звязаных з ім перапрацоўчых галін вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУН,
дынастыя і імперыя ў Кітаі ў 10—13 ст. Заснавальнік С., палкаводзец Чжао Куанінь захапіў у 960 уладу і абвясціў сябе імператарам Тайцзу [960—976], чым скончыў перыяд смут пасля падзення дынастыі Тан. Яго пераемнік Тайцзун [976—997] канчаткова аб’яднаў Кітай пад уладай С.; спыненне міжусобіц спрыяла хуткаму эканам. ўздыму краіны, росквіту кіт. сярэдневяковай культуры. Развівалася філасофія ў выглядзе неаканфуцыянства Чжу Сі. Але імператары цярпелі няўдачы ў барацьбе з паўн. качэўнікамі — кіданямі, тангутамі (гл.Сі-Ся), з-за чаго вымушаны былі плаціць ім даніну. Хуткі рост насельніцтва і недахоп ворных зямель прывялі ў канцы 11 ст. да росту сац. напружанасці. З мэтай яе памяншэння першы міністр Ван Аньшы правёў у 1069—85 шэраг рэформ, якія ўладкавалі сістэму падаткаў і землекарыстання; прыняты захады па асваенні свабодных зямель на Пд. У пач. 12 ст. на Пн Кітая ўварваліся чжурчжэні, якія ў 1127 захапілі сталіцу імперыі г. Бянь (цяпер Кайфын). Сунскі прынц Гаоцзу [1127—62] аднавіў імперыю С., якая ахоплівала толькі Паўд. Кітай. Паводле дагавора 1141, С. прызнала сябе васалам дзяржавы чжурчжэняў — імперыі Цзінь. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў С. вяла барацьбу супраць манголаў (гл.Мангольскія заваяванні), якія ў 1279 знішчылі імперыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЯЦКО́ Павел Уладзіміравіч (н. 5.3.1930, в. Грабава Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1980), праф. (1983). Скончыў Гродзенскі пед.ін-т (1953), працаваў у ім, потым у Мінскім пед. ін-це. З 1981 заг. кафедры Гомельскага, з 1990 — Гродзенскага ун-таў. Даследуе праблемы лексікалогіі, фаналогіі словаўтварэння, этымалогіі, граматыкі бел.літ. мовы, дыялекталогіі. Аўтар «Дыялектнага слоўніка: (З гаворак Зэльвеншчыны)» (1970), кн. «Народная лексіка» (1970), «Народная лексіка і словаўтварэнне» (1972), «Беларускае народнае словаўтварэнне: Афіксальныя назоўнікі» (1977); сааўтар «Беларускай граматыкі» (ч. 1, 1985), «Руска-беларускага слоўніка лінгвістычных тэрмінаў» (1988), «Слоўніка лінгвістычных тэрмінаў» (з М.Ф.Гуліцкім, Л.А.Антанюк, 1990), «Руска-беларускага фізічнага слоўніка» (з А.М.Каладзінскім, Д.М.Карацінскай, 1999), кн. «Слоўнік тэрміналогіі лінгвістычнай: беларуска-расійска-польскі і польска-расійска-беларускі» (на польскай мове, 1994), навучальных дапаможнікаў для ВНУ.
Тв.:
Пачатковы курс мовазнаўства. Гродна, 1993;
Праблемы нормы, культуры мовы. Гродна, 1998;
Праблемы лексічнага нармавання беларускай мовы. Гродна, 1999;
Уводзіны ў мовазнаўства. Гродна, 2001;
Культура мовы. Мн., 2002.
Літ.:
Прафесар П.У.Сцяпко: Бібліягр. агляд навук.-пед. дзейнасці ў галіне бел. і слав. мовазнаўства. Гродна, 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯРГЕ́ЕЎ Канстанцін Міхайлавіч (5.3.1910, С.-Пецярбург — 1.4.1992),
расійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар.арт.СССР (1957). Герой Сац. Працы (1991). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1930), у 1938—40 і з 1973 маст. кіраўнік у ім (з 1991 Акадэмія рус. балета імя А.Ваганавай, С. — прэзідэнт). У 1930—61 вядучы танцоўшчык, у 1951—55 і 1960—70 гал. балетмайстар Ленінградскага т-ра оперы і балета. Танцоўшчык лірыка-рамант. плана, выканаўца асн. класічнага рэпертуару т-ра. Сярод партый: Рамэо, Прынц («Рамэо і Джульета», «Папялушка» С.Пракоф’ева), Яўген («Медны коннік» Р.Гліэра), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Альберт («Жызэль» А.Адана), Зігфрыд («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага) і інш. Сярод пастановак: «Папялушка» Пракоф’ева (1946, 1964), «Сцежкаю грому» К.Караева (1958), «Гамлет» М.Чарвінскага (1970). Здзейсніў рэдакцыі класічных балетаў, у т. л. «Раймонда» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949). Зняўся ў кінафільмах-канцэртах, у т. л. «Майстры рускага балета» (1953). Аўтар сцэнарыяў тэлефільмаў-канцэртаў «Дыялог са сцэнай» (1988), «Нараджэнне танца» (1991). Творчасці С. прысвечаны тэлефільм «Канстанцін Сяргееў. Старонкі харэаграфіі» (1976). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1947, 1951. Прэмія Парыжскай акадэміі танца (1965).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАКАЖЭ́ВІЧ (Tokajzewicz) Юзаф (8.1.1841, г. Бельск-Падляскі Падляскага ваяв., Польшча — 2.8.1919),
польскі публіцыст, пісьменнік. Скончыў Беластоцкую гімназію (1859), вучыўся ў Маскоўскім (1859—61) і Парыжскім ун-тах. У 1861 за ўдзел у студэнцкай дэманстрацыі ў Пецярбургу арыштаваны. Удзельнік паўстання 1863—64. Пасля — у эміграцыі. Заснаваў «Міжнароднае таварыства польскіх студэнтаў». Рэдагаваў двухтыднёвік «Przyszłość» («Будучыня», 1866), выпускаў рэв.-дэмакр. выданне «Gmina» («Супольнасць», 1866—67, напачатку выдавалася ў друкарні А.Герцэна ў Жэневе). Прапагандаваў тэорыю абшчыннага сацыялізму Герцэна. Арт. «Рускае пытанне» (1868) прысвяціў становішчу рус. і бел. народаў. З 1882 на радзіме. У 1883—93 супрацоўнік час. «Kraj» («Край», Пецярбург). У 1902—04 жыў на Слонімшчыне ў маёнтку М.Федароўскага, вёў з імфалькл.-этнагр. даследаванні. Аўтар аповесцей «Пан сляпы Павал» (1881) і «Пан глухі Гавал» (1891), успамінаў «У дні вайны і голаду» (1900). Федароўскі прысвяціў яму ўспаміны «Юзаф Такажэвіч — апошні камандзір атрада 1863 г.» (1921).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАЙДЗЕ́НЬ, Трайдзен (?—1282?),
вялікі князь ВКЛ [каля 1270—82]. Уладу атрымаў пасля смерці галіцка-валынскага кн.Шварна, які дзякуючы шлюбу з дачкой Міндоўга некалькі гадоў быў вял. князем ВКЛ. Прыход да ўлады Т. стаў прычынай разрыву сувязі Літвы з Галіцка-Валынскім княствам і, верагодна, суправаджаўся рэпрэсіямі супраць хрысціянства. Тым не менш пад уладай Т., апрача этнічна літоўскіх зямель, засталіся землі і гарады Бел. Панямоння. Гал. рэзідэнцыяй Т. стаў замак Кернава. Пры ім да ВКЛ канчаткова далучаны прылеглыя землі яцвягаў, земгалаў і селаў, аднавіліся далёкія набегі на эстонскія ўладанні крыжакоў (в-аў Саарэмаа і інш.) і на Польшчу. Каля 1274 Т. спрабаваў захапіць у галіцка-валынскага кн. Льва Данілавіча падляшскі г. Драгічын. Т. супрацьдзейнічаў спробам экспансіі галіцка-валынскіх князёў у Панямонне і ваенным паходам татар на Літву (каля 1275 і ў 1277). Даваў прытулак уцекачам з Прусіі, дзе ў 1276 было задушана антыкрыжацкае паўстанне, рассяляў іх у ваколіцах Гародна і Слоніма. У 1279 нанёс паражэнне войскам Лівонскага ордэна пад Ашэрадам у Курляндыі. У 1281 Т. дамогся пераходу
пад кантроль ВКЛ новапабудаванага замка крыжакоў у Дынабургу (Даўгаўпілс). Дзякуючы шлюбу дачкі Т. Гаўдэмунды з князем Мазовіі Баляславам Плоцкім значна пашырыўся знешнепаліт. ўплыў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭКСТЫ́ЛЬНА-ДАПАМО́ЖНЫ́Я РЭ́ЧЫВЫ,
хімічныя прэпараты, якія выкарыстоўваюць у тэкст. прам-сці пры перапрацоўцы, фарбаванні і аздабленні валакністых матэрыялаў. Аблягчаюць перапрацоўку прыродных і хім. валокнаў (нітак), спрыяльна ўплываюць на якасць тэкст. матэрыялаў.
Для паляпшэння знешняга выгляду і аблягчэння апрацоўкі валокнаў або нітак (надання ім мяккасці, гнуткасці, фрыкцыйных і антыстатычных уласцівасцей) выкарыстоўваюць авіважныя сродкі — паверхнева-актыўныя рэчывы (ПАР) пераважна неіонагенныя. Авіважную апрацоўку (авіваж), да якой звычайна адносяць і шліхтаванне (на~ данне ніткам склеенасці для павышэння зносаўстойлівасці), ажыццяўляюць апусканнем нявысушаных валокнаў у водны раствор або эмульсію авіважнага сродку. Аналагічны працэс апрацоўкі сухой ніткі (валакна) наз. замасліваннем. Замаслівальнікі — звычайна сумесі арган. злучэнняў (напр., алкілфасфатаў, алкілстэаратаў), якія выкарыстоўваюць у выглядзе раствораў у мінер. маслах або водных эмульсій масленых кампазіцый. Авіваж тканін (аблягчае шыццё вырабаў) часта ажыццяўляюць разам з апрэтаваннем (апрэты надаюць тканінам незмінальнасць, гідрафобнасць, негаручасць і інш.спец. ўласцівасці). У якасці Т.-д.р. выкарыстоўваюць некат. антыстатыкі і антыпірэны. Да Т.-д.р. адносяць таксама змочвальнікі (пераважна аніённыя і неіонагенныя ПАР), якія павышаюць хуткасць і эфектыўнасць апрацоўкі матэрыялу растворамі солей, фарбавальнікамі і інш., выраўноўвальнікі — розныя ПАР, што забяспечваюць раўнамернасць афарбоўкі, дыспергатары, эмульгатары і інш.
Літ.:
Серебрякова З.Г. Поверхностно-активные вещества в производстве искусственных волокон. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАЭЛЕМЕ́НТ,
фотаэлектронная прылада, у якой пры паглынанні аптычнага выпрамянення ўзнікае электрарухальная сіла (фотаэрс) ці эл. ток (фотаток).
Адрозніваюць вакуумныя і газанапоўненыя Ф., дзеянне якіх заснавана на знешнім фотаэфекце, і паўправадніковыя — на ўнутр. фотаэфекце. У вакуумных Ф. светлавы паток выклікае фотаэлектронную эмісію з паверхні фотакатода, у выніку пры замыканні ланцуга Ф. ў ім узнікае фотаток, прапарцыянальны светлавому патоку. Для газанапоўненых Ф. (у адрозненне ад вакуумных) характэрна нелінейная залежнасць фотатоку ад інтэнсіўнасці святла. У паўправадніковых Ф. (на аснове селену, крэмнію, арсеніду галію і інш.) пры паглынанні аптычнага выпрамянення павялічваецца колькасць рухомых носьбітаў зараду — электронаў і дзірак, якія прасторава раздзяляюцца эл. полем p-n-пераходу ці кантакту метал-паўправаднік, што прыводзіць да ўзнікнення фотаэрс. Выкарыстоўваюцца як прыёмнікі аптычнага выпрамянення (у т. л. бачнага святла) у аўтам. кантрольнай і вымяральнай апаратуры, у фота- і кінатэхніцы, факсімільнай сувязі і інш.; паўправадніковыя Ф. — таксама для прамога пераўтварэння энергіі сонечнага выпрамянення ў электрычную (у сонечных батарэях, фотаэл. генератарах).
Р.М.Шахлевіч.
Схемы фотаэлементаў са знешнім (1) і ўнутраным (2) фотаэфектам: K — фотакатод; Φ — светлавы паток; A — анод; RH — нагрузка; E — крыніца пастаяннага току; n і p — вобласці паўправадніка з донарнай і акцэптарнай дамешкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ХАДЖЭ́ННЕ Ў ЦА́РГРАД»,
помнік стараж.-рус. і бел. літаратуры 14 — пач. 15 ст. Напісана смаленскім дзякам Ігнаціем, які ў 1389 суправаджаў у вандроўцы ў Царград (Канстанцінопаль) рус. мітрапаліта Пімена і пасля абрання мітрапалітам Кіпрыяна быў пакінуты ў складзе дыпламат. місіі пры Канстанцінопальскай патрыярхіі. Помнік дайшоў у 2 рэдакцыях: кароткай (15 ст.) і летапіснай (16 ст.) і ў шэрагу іх варыянтаў. Складзены паводле загаду смаленскага епіскапа Міхаіла як працяг летапісу, які, магчыма, Ігнацій вёў з 1370 (пазней названы «Сказание летом въ кратце»). У «Хаджэнні» апісаны прылеглыя да горада мясціны. барацьба паміж Іаанам IV Калуянам і Мануілам II Палеалогам за візант. пасад у 1390, землетрасенне 1391, каранацыя Мануіла II у 1393. Твор вызначаецца высокімі маст. якасцямі і багатай інфармацыяй пра шлях на Усход, насельніцтва Прычарнамор’я, грамадска-паліт. жыццё Візантыі. У ім ёсць унікальныя звесткі пра помнікі архітэктуры і мастацтва, манастыры, хрысц. святыні і інш. Спалучае летапісны стыль і традыцыі паломніцкай л-ры; твор пераходны да свецкага апавядання пра падарожжы, ён адзін з першых узораў аўтабіягр.бел. прозы.
Да тэксту Ігнація ў летапіснай рэдакцыі памылкова далучана ананімнае «Апісанне Іерусаліма», выпадкова пераплеценае ў 16 ст. разам з «Хаджэннем».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛАДЗІ́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
машына для адводу цеплаты ад цела, якое ахаладжаецца, і перадачы яе ахаладжальнаму асяроддзю (вадзе, навакольнаму паветру). Дзеянне грунтуецца на розных халадзільных цыклах. Найб. пашыраны кампрэсійныя і абсарбцыйныя Х.м., у якіх ахаладжэнне дасягаецца кіпеннем холадагенту. У халадзільнай тэхніцы выкарыстоўваюць таксама параэжэктарныя і тэрмаэл. Х.м.
У кампрэсійных Х.м. холадагент кіпіць (выпараецца) у выпарніку і аднімае цеплату ў цела, што ахаладжаецца. Утвораная пара адпампоўваецца кампрэсарам, сціскаецца ім і падаецца ў кандэнсатар, дзе ахаладжаецца вадой або паветрам (кандэнсуецца). Потым холадагент зноў паступае ў выпарнік. У абсарбцыйных Х.м. рабочае рэчыва — растворы 2 кампанентаў з рознымі т-рамі кіпення. Кампанент з больш нізкай т-рай кіпення выконвае функцыю холадагенту, другі — абсарбенту. У выпарніку за кошт цеплаты, што аднімаецца ад ахаладжальнага цела, холадагент выпараецца, а ўтвораная пара паглынаецца абсорберам. У параэжэктарных Х.м. сціснутая вадзяная пара расшыраецца ў эжэктары, стварае разрэджванне ў выпарніку, што даводзіць т-ру кіпення вады да ≈5 °C (выкарыстоўваецца як холадагент); тэрмаэлектрычныя заснаваны Пельцье з’яве, складаюцца з электрычна звязаных тэрмаэлементаў. Выкарыстоўваюцца Х.м. ў розных галінах прам-сці (харч., буд., хім., медыцыне) і побыце (гл.Халадзільнік).