ПЯРЭДНЯШЧЭ́ЛЕПНЫЯ МАЛЮ́СКІ, пярэдняжаберныя малюскі (Prosobranchia),

падклас бруханогіх малюскаў. Вядомы з ранняга кембрыю (каля 560 млн. г. назад). Паводле розных класіфікацый, ад 2 да 24 атр., каля 500 сям., больш за 50 тыс. відаў. Жывуць у морах, прэсных водах і на сушы. Удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў. Некат. віды — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. На Беларусі 14 відаў, найб. трапляюцца бітыніі, жывародкі, вальваты.

Памеры ад 1 мм да 1 м, маса ад доляў міліграма да некалькіх кілаграмаў. Цела асім., звычайна ўкрыта ракавінай спіральнай. сподачкападобнай і інш. формы; складаецца з галавы, вантробнага мяшка з мантыяй і «нагі». Дыхае шчэлепамі, якія размешчаны перад сэрцам (адсюль назва). Крывяносная сістэма незамкнёная, нерв. складаецца з 5 пар нерв. вузлоў і перакрыжаваных нерв. ствалоў. Ёсць органы стрававання, зроку, раўнавагі, дотыку, хім. пачуцця. Расліннаедныя, дэтрытаедныя, драпежнікі. Раздзельнаполыя або гермафрадыты. Развіццё з ператварэннем або прамое. Водныя П.м. — корм для рыб і птушак. Некат. віды (літарыны, рапаны, марскія вушкі, трубачы і інш.) — аб’екты промыслу і марыкультуры.

А.​М.​Петрыкаў.

Пярэдняшчэлепныя малюскі: 1 — харонія-лямпа; 2 — смоўж шлем; 3 — плеўрабранхус; 4 — кабестана; ракавіны: 5 — сірынкс гіганцкі; 6 — лямбіс-скарпіён; 7 — верметус чэрвепадобны; 8 — епіскапская мітра.

т. 13, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ І ІРАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ,

узаемавызначальныя і ўзаемавыключальныя філас. паняцці, якія характарызуюць меру падуладнасці з’яў рэчаіснасці розуму чалавека; вызначаюць пазнанне і дзейнасць чалавека. Рацыянальнае (ад лац. rationalis разумны) — тое, што адносіцца да сферы розуму (развагі), што ім пазнана, абгрунтавана. Для рацыянальнага пазнання характэрна спасціжэнне рэчаіснасці ў адпаведнасці з законамі логікі, нормамі і правіламі мыслення, вынікам чаго з’яўляюцца мэтазгодныя ідэі, здольныя знайсці практычнае ўвасабленне. Вылучаюцца 2 формы рацыянальнага: развагавае (пазнанне адноснага) і разумовае (пазнанне абсалютнага; гл. Развага і розум). Рацыянальнае звычайна супрацьпастаўляюць і рацыянальнаму, і пачуццёваму. Ірацыянальнае (ад лац. irrationalis неразумны, несвядомы) — тое, што выходзіць па-за межы розуму і несумяшчальнае з ім; выступае асновай некаторых філас. кірункаў, напр., інтуітывізму, валюнтарызму і інш. Паняцце ірацыянальнага мае важнае значэнне ў гнасеалагічным плане, яно звязана з немагчымасцю суб’екта спасцігнуць «канчатковую» ісціну. Аднак у працэсе развіцця практыкі, пазнання і мыслення спектр ірацыянальнага ў пазнанні звужаецца. Паняцці Р. і і. атрымліваюць рознабаковую трактоўку і знаходзяць увасабленне ў філас. кірунках, тыпах тэарэт. асэнсавання рэчаіснасці — рацыяналізме і ірацыяналізме.

Літ.:

Порус В.Н. Парадоксальная рациональность. М., 1999;

Рациональность на перепутье. Кн. 1—2. М., 1999;

Иванов А.В. Пути противостояния современному иррационализму // Вест. Моск. ун-та. Сер. 7. Философия. 2000. №6.

Т.​І.​Адула.

т. 13, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛІКА́ТЫ ПРЫРО́ДНЫЯ,

прыродныя хім. злучэнні, крышт. рашоткі якіх утрымліваюць крэменекіслародныя тэтраэдры SiO4; клас пародаўтваральных мінералаў. Складаюць больш за 75% аб’ёму зямной кары, каля 95% вывергнутых парод. Уключаюць больш за 700 мінералаў (25% усіх мінер. відаў), у т. л. пародаўтваральныя: амфіболы, палявыя шпаты, піраксены, слюды і інш. Паводле тыпаў злучэння SiO4-тэтраэдраў і ўтварэння крышт. структур вылучаюць С.п.: астраўныя, кальцавыя, ланцужковыя, стужачныя, слаістыя і каркасныя. Паводле саставу падзяляюцца на алюма-, бора-, тытана-, цыркона-, ніобасілікаты і інш. Крышталізуюцца ў манакліннай (да 45%), рамбічнай (20%), трыкліннай (9%), тэтраганальнай (7%), трыганальнай і гексаганальнай (10%) і кубічнай (9%) сінганіях. Звычайна белыя, бясколерныя; з прымессю марганцу, жалеза, тытану, медзі, ванадыю і інш. — розных колераў. Бляск шкляны да алмазнага. Шчыльн. 2—6,5 г/см³. Цв. 1—8. Многія С.п. валодаюць кіслотатрываласцю і высокай т-рай плаўлення. Утвараюцца ў магматычных, метамарфічных, метасаматычных пародах, у пегматытах, а таксама пры гідратэрмальных працэсах і выветрыванні. С.п. — руды многіх металаў (нікелю, алюмінію, берылію, літыю, цэрыю, гафнію і інш.), выкарыстоўваюцца ў тэхніцы (слюды, азбест, сіліманіт, кіяніт, алівін, тальк і інш.), ювелірнай і вырабной справах (аквамарын, ізумруд, гранаты, нефрыт, раданіт і інш.), буд-ве (гліна, пясок, друз, бутавы камень).

В.​І.​Ярцаў.

т. 14, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛАДАНАКВЕ́ТНЫЯ, астравыя (Compositae, або Asteraceae),

сямейства двухдольных раслін парадку астравых. Найб. арганізаваныя прадстаўнікі вышэйшых раслін. Адзін з гал. ачагоў развіцця С. — сухія нагор’і Цэнтр. Мексікі. Удзельнічаюць у фарміраванні расл. покрыва ў паўпустынях, альпійскім поясе тропікаў і інш. Больш за 1 тыс. родаў, каля 30 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна. На Беларусі каля 250 відаў з 60 родаў. Буйнейшыя — бадзяк, васілёк, дзівасіл, зубнік, крываўнік, палын, пупок, старасцень, чартапалох, ястрабок. У садах і парках, радзей у пакоях культывуюцца каля 20 відаў з 12 родаў (напр., аксаміткі, вяргіня, пірэтрум, рудбекія).

Адна- і шматгадовыя травы, радзей кусты, паўкусты і дрэвы (у тропіках). Лісце простае, чаргаванае ці супраціўнае без прылісткаў. Для вегетатыўных органаў характэрны млечнікі або смаляныя хады. Трубчастыя кветкі размешчаны ў цэнтры кветаложа, афарбаваныя язычковыя — па краі. Суквецце — кошык, які мае ад аднаго (мардоўнік) да 1 тыс. і больш (сланечнік) кветак. Звычайна кошыкі сабраны ў разнастайныя верхавінкавыя суквецці (мяцёлчатыя, шчыткападобныя і інш.). Плод — сямянка. Сярод С. алейныя (напр., сафлор, сланечнік), агароднінныя (напр., артышок, салата), лек. (напр., календула, піжма, рамонак, палын, дэкар. (напр., астра, вяргіня, хрызантэма) расліны, некат. пустазелле [напр., амброзія, асот, галінзога (амерыканка), лопух, чартапалох].

А.​М.​Скуратовіч.

т. 14, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СНЕГАВО́Е ПО́КРЫВА,

слой снегу на паверхні Зямлі, які ўтвараецца ад снегападаў. Бывае часовае (растае за некалькі гадзін або дзён) і ўстойлівае (ляжыць на працягу ўсёй зімы або з невял. перапынкамі). Характарызуецца вышынёй і шчыльнасцю (вымяраецца снегамерам). Моцна адбівае сонечную радыяцыю (гл. Альбеда), істотна ўплывае на водна-цеплавы рэжым глебы, садзейнічае затрыманню цяпла, ахоўвае расліны ад вымярзання. Аказвае ўздзеянне на клімат, рэльеф, гідралагічныя і глебаўтваральныя працэсы, жыццё расл. і жывёльнага свету. Макс. плошчы на Зямлі С.п. займае ў канцы зімы Паўн. паўшар’я (99 млн. км²), мінім. — у канцы зімы Паўд. паўшар’я (47 млн. км²). Каля 30% снегу, які ўтвараецца штогод, служыць крыніцай жыўлення ледавікоў. На Беларусі ўстойлівае С.п. трымаецца ў сярэднім 100—110 сут на ПнУ і 70—80 сут па ПдЗ, утвараецца звычайна на ПнУ у пач., а на ПдЗ у канцы снежня, разбураецца ў сак., канчаткова сыходзіць праз 9—20 сут. Найб. выш. С.п. ў канцы лютага — пач. сак. — ад 15—20 см на Пд да 20—45 см на Пн. Шчыльнасць С.п. ў першыя месяцы зімы на адкрытых участках 0,1—0,15 г/см³, у канцы яе да 0,3—0,4 г/см³ (у лесе меншая). Гл. таксама Снегавая лінія, Снегазатрыманне.

т. 15, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ШКА,

выдаленне вадкасці (пераважна вільгаці) з цвёрдых, вадкіх і газападобных матэрыялаў; адзін з асн. тэхнал. працэсаў у прам-сці, сельскай гаспадарцы і буд-ве. Мэта С. — паляпшэнне якасці рэчываў і матэрыялаў, падрыхтоўка іх да перапрацоўкі, выкарыстання, транспарціроўкі і працяглага захоўвання.

Звычайна ажыццяўляецца шляхам выпарэння вадкасці і адвядзення пары, што ўтварылася пры падвядзенні цеплаты да матэрыялу пераважна пры дапамозе т.зв. сушыльных агентаў (нагрэтае паветра, топачныя газы і інш.). У тэхніцы найб. пашырана С. вільготных цвёрдых матэрыялаў (зярністых, парашкападобных, грануляваных, ліставых, тканых і інш.) з выкарыстаннем сушылак і сублімацыйнай С. (гл. Сублімацыя). Выкарыстоўваюць і інш. метады абязводжвання, напр., С. вадкасцей распыленнем і хім. звязваннем вільгаці рэчывамі (метал. натрый, кальцыю карбід і інш.), што не ўзаемадзейнічаюць з вадкасцямі, якія асушваюць; паглынанне вадзяной пары гіграскапічнымі рэчывамі (кальцыю хларыд, канцэнтраваная серная кіслата і інш.) і цвёрдымі адсарбентамі з высокай удзельнай паверхняй. Асн. метады С., ці асушкі, газаў заснаваны на абсорбцыі ці адсорбцыі вільгаці, а таксама на яе кандэнсацыі пры ахаладжэнні газу.

Літ.:

Сажин Б.С. Основы техники сушки. М., 1984;

Жданова Н.В., Халиф А.Л. Осушка углеводородных газов. М., 1984;

Муштаев В.И., Ульянов В.М. Сушка дисперсных материалов. М., 1988.

т. 15, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛЕРА́НТНАСЦЬ (ад лац. tolerantia цярпенне),

цярпімасць асобнага індывіда або супольнасці людзей да прадстаўнікоў інш. канфесій, паліт. партый, грамадскіх арганізацый, а таксама да іншадумства, чужых поглядаў, вераванняў і паводзін. Звычайна складваецца на працягу многіх гадоў у працэсе сацыялізацыі асобы пад уплывам сац. фактараў, грамадска-паліт. працэсаў, асаблівасцей этнакульт. развіцця, канфесіянальнай сітуацыі і г.д. Вызначаецца здольнасцю адначасова адзначаць станоўчыя і адмоўныя бакі псіхалогіі, паводзін чалавека ці груп людзей. Т. — важная прыкмета агульнай і паліт. культуры, неабходны элемент грамадз. супольнасці і прававой дзяржавы, дэмакратыі і гуманізму, ідэалагічнага і паліт. плюралізму. Яе разглядаюць як неабходную ўмову паспяховага вырашэння разнастайных асабістых і грамадскіх праблем шляхам узаемнага ўліку інтарэсаў, пошуку згоды і магчымых кампрамісаў. Праявы неталерантных адносін найчасцей выкліканы неспрыяльнымі сац.-эканам., грамадска-паліт. абставінамі. пагаршэннем умоў для ўсебаковага развіцця нац. культур і моў. Тыповы прыклад недастатковай Т. — непрыняцце пэўных ідэй, меркаванняў толькі таму, што яны выказаны непрафесіяналамі. У палітыцы Т. азначае цярпімае стаўленне да апазіцыі. Для ментальнасці і нацыянальнага характару беларусаў характэрны этнакульт. і рэліг. Т., аб чым сведчаць адсутнасць на бел. землях вострых, крывавых канфліктаў на этн. і канфесіянальнай глебе, працяглае мірнае суіснаванне нац. супольнасцей, канфесій, плённае ўзаемадзеянне розных нар. традыцый, звычаяў, абрадаў і інш.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 15, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЎТАМЕРЫ́Я (ад грэч. tauto тое самае + meros доля, частка),

з’ява раўнаважнага існавання 2 ці больш структурных ізамераў (таўтамераў), якія лёгка ператвараюцца адзін у адзін; асобны выпадак структурнай ізамерыі. Рэчывы, схільныя да Т., ва ўмовах усталяванай раўнавагі маюць адначасова малекулы ўсіх таўтамераў у пэўных суадносінах.

Працэс узаемаператварэння таўтамераў наз. таўтамерызацыяй. Таўтамеразацыя адбываецца пераважна за кошт міграцыі катыёнаў (катыёнатропная Т.), радзей — аніёнаў (аніёнатропная Т.). Найб. пашырана прататропная трыядная Т. — міграцыя пратона (H​+) паміж крайнімі атамамі трыяды (сістэма 3 атамаў, з якіх 2 атамы злучаны падвойнай сувяззю), што адбываецца адначасова з перамяшчэннем падвойнай сувязі. Да такога віду адносіцца, напр., кета-енольная Т., якая найб. вывучана для ацэтавоцатнага эфіру, у якім прыблізна 7% малекул енольнай формы (гл. Спірты). У асобных выпадках таўтамеры могуць быць вылучаны ў індывід. стане, аднак з цягам часу кожны з іх у выніку Т. зноў ператвараецца ў раўнаважную сумесь. Т. — адна з прычын дваістай рэакцыйнай здольнасці арган. злучэнняў. Звычайна існаванне таўтамераў у рэчыве выяўляюць спектральнымі метадамі. Выкарыстоўваюць у сінтэзе некаторых лек. сродкаў і фарбавальнікаў.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

Кета-енольная таўтамерыя для ацэтавоцатнага эфіру: а — кетонная форма (этылавы эфір ацэтавоцатнай кіслаты), б — енольная форма (этылавы эфір β-аксікратонавай кіслаты).

т. 15, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНСКРЫ́ПЦЫЯ ў музыцы,

пералажэнне муз. твора (аранжыроўка) для іншага, чым гэта прадугледжана арыгіналам, інструмента, голасу, выканальніцкага складу; вольная віртуозная апрацоўка твора. Адыгрывае важную ролю ў станаўленні і развіцці інстр. музыкі нац. культур.

Т. з’явілася ў 16—17 ст. як пералажэнне нотных тэкстаў для выканання на інш. інструментах. Росквіт Т. ў 18 ст. звязаны з творчасцю І.​С.​Баха (клавірныя Т. канцэртаў А.​Вівальдзі), у 19 ст. — Ф.​Ліста (канцэртныя Т. для фп. 9 сімфоній Л.​Бетховена, песень Ф.​Шуберта, урыўкаў з опер В.​А.​Моцарта, Дж.​Вердзі). Істотнае развіццё набыла аркестравая Т., стваральнікі якой звычайна ўносілі ў яе ўласны творчы элемент (Моцарт перааркестраваў оперы Г.​Ф.​Гендэля, Г.​Берліёз — К.​В.​Глюка, М.​Рымскі-Корсакаў і Дз.​Шастаковіч — М.​Мусаргскага).

Сярод бел. кампазітараў і музыкантаў-выканаўцаў да Т. звярталіся А.​Клумаў (фп. сюіта на тэмы з балета «Гаянэ» А.​Хачатурана), Я.​Глебаў (пералажэнні для скрыпкі і фп., кларнета і фп. фрагментаў з уласных балетаў і сімфоній), Дз.​Камінскі (творы Г.​Вагнера, Б.​Сметаны, І.​Стравінскага), І.​Алоўнікаў (фп. Т. на тэмы з балетаў Глебава, Г.​Вагнера) і інш.

І.​Дз.​Назіна.

т. 15, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМІ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,

метад даследавання фіз.-хім. і хім. працэсаў, што адбываюцца ў рэчыве ва ўмовах праграмаванага змянення т-ры; адзін з метадаў фізіка-хімічнага аналізу. Дазваляе вызначаць т-ры фазавых пераходаў, будаваць дыяграмы стану, атрымліваць інш. даныя аб саставе і структуры рэчываў.

Устаноўка для Т.а. ўключае печ, трымальнік узораў, датчык для вызначэння т-ры печы і ўзору (тэрмапара з самапісцам). Пры награванні (ахалоджванні) узору даследуемага рэчыва з дапамогай фотарэгіструючых пірометраў і аўтам. патэнцыяметраў у каардынатах т-ра — час запісваюць тэрмаграмы — крывыя награвання (ахалоджвання); зломы або гарыз. ўчасткі на іх адпавядаюць ператварэнням у рэчыве, што адбываюцца з цеплавым эфектам. Больш адчувальны дыферэнцыяльны тэрмічны аналіз (ДТА), калі ў часе рэгіструюць змяненне рознасці т-р узору і эталону — рэчыва, якое ў дадзеным інтэрвале т-р не мае ніякіх ператварэнняў (звычайна гэта аксід алюмінію Al2O3). ДТА часта выкарыстоўваюць у спалучэнні з адным або некалькімі фіз. ці фіз.-хім. метадамі (напр., тэрмагравіметрыяй — метадам рэгістрацыі змянення масы ўзору пры праграмаваным змяненні т-ры, мас-спектраметрыяй, дылатаметрыяй).

Літ.:

Берг Л.Г. Введение в термографию. 2 изд. М., 1969;

Уэндланд У. Термические методы анализа: Пер. с англ. М., 1978.

т. 16, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)