МІРАНО́ВІЧ (Спартак Пятровіч) (н. 20.6.1938, г. Магнітагорск, Расія),
бел. трэнер (гандбол). Майстар спорту СССР (1964). Засл. трэнер Беларусі (1967), СССР (1977), засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1981). Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1963). З 1964 старшы трэнер зборнай каманды школьнікаў Беларусі — чэмпіёна СССР (1967), з 1969 — Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства. З 1970 трэнер зборнай каманды юніёраў СССР — пераможцы чэмпіянату свету сярод юніёраў (1977, 1979, 1983, 1985). З 1976 гал. трэнер каманды СКА (Мінск); пад яго кіраўніцтвам каманда была ўладальніцай Кубка еўрап. чэмпіёнаў (1987, 1989, 1990), Кубка ўладальнікаў кубкаў (1983, 1988), Кубка СССР (1980, 1981, 1982), чэмпіёнам СССР (1981, 1984, 1985, 1986, 1988, 1990), чэмпіёнам Беларусі (1993—99). З 1986 трэнер зборных каманд СССР — пераможцы XXIV Алімп. гульняў (1988, Сеул, Рэспубліка Карэя) і СНД — пераможцы XXV Алімп. гульняў (1992, Барселона, Іспанія), пераможцы Гульняў добрай волі (1986, Масква; 1990, г. Сіэтл, ЗША). У 1991—97 член выканкома Нац.алімп.к-та Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЧУ́РЫН (Іван Уладзіміравіч) (27.10.1855, с. Мічураўка Пронскага р-на Разанскай вобл., Расія — 7.6.1935),
расійскі селекцыянер-практык і раслінавод. Ганаровы акад.АНСССР (1935), правадз.чл. УАСГНІЛ (1935). Засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1934). Скончыў павятовае вучылішча (1869). З 1875 пачаў працу па зборы калекцый раслін і вывядзенні новых сартоў пладовых і ягадных культур. Аўтар многіх сартоў, у т. л. яблыні Пепін шафранавы, Бельфлёр-кітайка, Славянка і інш., грушы Бэра зімовая Мічурына і інш. Распрацаваў метады селекцыі пладова-ягадных культур, у т. л. метад аддаленай гібрыдызацыі і інш. Атрымаў гібрыды яблыні і грушы, яблыні і рабіны, абрыкоса і слівы, айвы і яблыні, чаромхі і вішні, міндаля і персіка. Імя М. і яго праца былі выкарыстаны Т.Дз.Лысенкам для абгрунтавання і папулярызацыі свайго вучэння.
Тв.:
Соч.Т. 1-4. 2 изд. М., 1948;
Избр. произв. 2 изд. М., 1955.
Літ.:
И.В.Мичурин в воспоминаниях современников. Тамбов, 1963;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІШЭ́НІН (Іван Дзмітрыевіч) (9.2.1899, г. Марыупаль Данецкай вобл., Украіна — 11.8.1974),
бел. вучоны ў галіне тэрапіі. Акад.АН Беларусі (1966), д-рмед.н. (1941), праф. (1964). Засл. дз. нав. Беларусі (1964). Засл. ўрач РСФСР (1945). Скончыў ун-т у г. Растоў-на-Доне (Расія, 1921), працаваў у ім. З 1931 у Ін-це працы і прафесійных захворванняў. З 1938 у Дагестанскім мед. ін-це (заг. кафедры). У 1949—66 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па рэўматызме, гепатытах, інтэрацэптыўных раздражненнях і каранарнай недастатковасці, патагенезе і лячэнні пнеўманій, уплыве ачаговых запаленняў на ўнутр. органы і нерв. сістэму, фіз. метадах дыягностыкі. Даследаваў клініку, укараніў у практыку новы спосаб лячэння інтэрстэцыяльных нефрытаў, рэфлекторны метад лячэння сардэчнай недастатковасці і падскурных трансфузій крыві.
Тв.:
Рефлекторный принцип в лечении сердечной недостаточности // Здравоохранение Белоруссии. 1957. № 2;
О патогенезе гиперхолестеринемии (разам з С.В.Ткачовым) // Докл.АНБССР. 1970. Т. 14, № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЗЕЎ (Андрэй Рыгоравіч) (8.11.1897, в. Сачылаў Пагарскага р-на Бранскай вобл., Расія — 16.4.1985),
бел. вучоны ў галіне глебазнаўства. Чл.-кар.АН Беларусі (1961), акад. Акадэміі с.-г. навук Беларусі (1959—61), д-рс.-г.н. (1952), праф (1953). Засл. дз. нав. Беларусі (1968). Скончыў БСГА (1925), працаваў там да 1941 і ў 1944—56 (з 1936 заг. кафедры). З 1958 нам. дырэктара Бел.НДІ глебазнаўства. З 1961 у БДУ (з 1968 заг. кафедры, з 1979 праф.-кансультант). Навук. працы па даследаванні і карціраванні глеб. Склаў зводную глебавую карту Беларусі. Кіраваў глебавымі даследаваннямі зямель рэспублікі, удзельнічаў у аграглебавым раянаванні, прагназіраванні ўплыву меліярацыі на змену глеб Бел. Палесся. Распрацаваў методыку якаснай ацэнкі (баніціроўка) глеб Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.
Тв.:
Руководство по почвенному исследованию земель колхозов и совхозов БССР. Мн., 1960 (разам з М.П.Булгакавым, ЮЛ.Гаўрыленка);
Качественная оценка земель в колхозах и совхозах БССРМн., 1971 (ў сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЙДЗЁНАЎ (сапр.Аляксееў) Сяргей Аляксандравіч
(26.9.1868, г. Казань, Расія — 5.12.1922),
рускі драматург. Скончыў Муз.-драм. вучылішча пры Маскоўскім філарманічным т-ве (1889). У 1889—93 акцёр на правінцыяльнай сцэне. У першай п’есе на аўтабіягр. аснове «Дзеці Ванюшына» (паст. 1901) карціна расколу ў асяроддзі рас. купецтва, выкліканага развіццём капіталіст. адносін. У п’есах «Нумар трынаццаты» (1903), «Аўдоціна жыццё» (паст. 1904), «Сцены» (1907), «Раман цёці Ані» (1912), «Работніца» (1915) і інш. паказаў маральную раз’яднанасць людзей у капіталіст. грамадстве. Аўтар п’есы пра рэвалюцыю 1905 «Масква: Сцэны з маскоўскага жыцця 1905 г.» (нап. 1921). Яго драматургіі ўласцівы імкненне ўвасабляць сац. праблемы ў форме інтымнай псіхал. драмы, дынамічнасць у развіцці канфлікту, тонкасць і лаканізм псіхал. характарыстык. П’еса «Дзеці Ванюшына» пастаўлена ў Бел.дзярж. т-ры імя Я.Коласа (1938), Гродзенскім абл.драм. т-ры (1948), Рускім дзярж.драм. т-ры Беларусі (1948 і 1971).
Тв.:
Дети Ванюшина. М., 1955.
Літ.:
Чернышев А.А. Путь драматурга: С.А.Найденов. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЎЧА́ТАЎ (Сяргей Сяргеевіч) (3.10.1919, г. Хвалынск Саратаўскай вобл., Расія — 22.7.1981),
рускі паэт.Герой Сац. Працы (1979). Скончыў Маскоўскі ін-т філасофіі, л-ры, гісторыі і Літ.ін-т імя М.Горкага (абодва 1941). Гал. рэдактар час. «Новый мир» (з 1974). Паэт.зб-кі «Касцёр» (1948), «Салдаты свабоды» (1952), «Патрабавальны падарожнік» (1963) пераважна на ваен. тэматыку. У кн. «Чвэрць стагоддзя», «Пёс, дзяўчо і паэт» (абедзве 1965), «Шыр» (1979) вершы, звернутыя да гісторыі і сучаснасці Айчыны, матывы пераемнасці пакаленняў, філас. роздум пра перажытае. Аўтар паэм «Праліў Екацярыны» (1956), «Васіль Буслаеў» (цалкам апубл. 1973), «Франтавая вясёлка» (1979), апавяданняў, літ.-крытычных кн. «Лірыка Лермантава. Нататкі паэта» (1964), «Паэзія ў руху» (1966), «Незвычайнае літаратуразнаўства» (1970), «Жывая рака» (1974), успамінаў «Мы ўваходзім у жыццё» (1978) і інш. Творчасць Н. адметная грамадзянскасцю, яснасцю і прастатой стылю. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў С.Гаўрусёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ТЧАНКА (Іван Мікалаевіч) (н. 10.1.1939, в. Горыцы Пагарскага р-на Бранскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне генетыкі і селекцыі с.-г. жывёл. Чл.-кар.АН Беларусі (1986), д-рс.-г.н. (1979), праф. (1981). Скончыў Віцебскі вет.ін-т (1960). З 1968 у Бел.НДІ жывёлагадоўлі (з 1971 заг. сектара, з 1974 нам. дырэктара), з 1986 нам. старшыні Дзяржаграпрама Беларусі, з 1988 старшыня Зах. аддзялення УАСГНІЛ, у 1991—93 віцэ-прэзідэнт Нац. цэнтра стратэг. даследаванняў, дырэктар рэсп. праграмы «Экалогія». Навук. працы па гадоўлі і селекцыі с.-г. жывёл, біятэхналогіі. Распрацаваў спосаб адбору свіней па ўстойлівасці да стрэс-сіндрому, вызначэння буйн. раг. жывёлы, устойлівай да лейкозу. Вывеў бел. мясную пароду свіней, Віцебскі тып буйной белай пароды свіней. Дзярж. прэмія СССР 1982.
Тв.:
Гетерозис в свиноводстве. Л., 1987;
Адаптация, стрессы и продуктивность сельскохозяйственных животных. Мн., 1988 (разам з С.І.Пляшчанкам, А.С.Зяньковым);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ЦІН (Іван Савіч) (3.10.1824, г. Варонеж, Расія — 28.10.1861),
рускі паэт. Вучыўся ў духоўнай семінарыі (1839—43). У 1859 адкрыў кніжны магазін, які стаў цэнтрам літ.-грамадскага жыцця Варонежа. Друкаваўся з 1853. У ранніх вершах (1849—54) побач з рэлігійнымі («Вечнасць», «Малітва») гучаць сац. матывы («Цішыня ночы», «Помста»). У творчасці 1850-х г. звярнуўся да тэмы нар. жыцця («Бурлак», «Жонка ямшчыка», «Араты», паэмы «Кулак», «Тарас»), Рэв. матывы ў вершах «Ганебна гіне наш час!..», «Цяжкі крыж нясем мы, браты...», «Падзе ганебнае тыранства...». Майстар паэт. пейзажу («Вечар пасля дажджу», «Раніца»). У празаічным «Дзённіку семінарыста» (1861) адлюстраваў побыт бурсы, стварыў вобраз разначынца. Многія вершы Н. пакладзены на музыку М.Рымскім-Корсакавым, Р.Гліэрам, С.Манюшкам і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Х.Жычка.
Тв.:
Соч.Т. 1—4. М., 1960—61;
Полн. собр. стихотворений. М.; Л., 1965;
Соч.М., 1984.
Літ.:
Тонков В.А. И С.Никитин: Очерк жизни и творчества. М., 1968;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЛІН (Павел Піліпавіч) (16.1.1908, г. Іркуцк, Расія — 2.10.1981),
рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1924. Першая кніга — «Чалавек ідзе ў гару. Нарысы звычайнага жыцця» (1936). Яго творчасці ўласцівы ўвага да рэальнага жыцця, вострая пастаноўка маральных, і грамадскіх праблем: апавяданне «Каханая дзяўчына» (1936, аднайм. фільм 1940), сцэнарый фільма «Вялікае жыццё» (1-я серыя 1940, Дзярж. прэмія СССР 1941; 2-я серыя 1958; пра шахцёраў Данбаса), аповесці «Выпрабавальны тэрмін» (1956, аднайм. фільм 1960), «Жорсткасць» (1956, аднайм. фільм 1960) і інш. Падзеі Вял.Айч. вайны на Беларусі ў аповесці «Праз могілкі» (1962, аднайм. фільм кінастудыі «Беларусьфільм», 1965). Аўтар рамана «Паездка ў Маскву» (1954), п’есы «На белым свеце» (1947, паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа) і інш. Неаднаразова быў на Беларусі. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.Жук, Т.Мартыненка.
Тв.:
Соч.Т. 1—2. М., 1985;
Жестокость: Повесть и рассказы. М., 1990.
Літ.:
Адамовіч А. Літаратура, мы і час.Мн., 1979. С. 116—118;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВІКАЎ (Іван Аляксеевіч) (13.1.1877, в. Ількова Арлоўскай вобл., Расія — 10.1.1959),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі с.-г.ін-т (1901). Друкаваўся з 1899. У раманах «Залатыя крыжы» (1908), «Паміж дзвюх зор» (1915), аповесцях, апавяданнях, п’есах — ідэйныя пошукі рус. інтэлігенцыі пач. 20 ст., тэма ідэальнага кахання. Найб. значныя творы — раманы «Пушкін у Міхайлаўскім» (1936) і «Пушкін на поўдні» (1943), пазней аб’яднаныя ў кн. «Пушкін у выгнанні» (1947). Аўтар гіст.-літ. даследаванняў «Слова пра паход Ігаравы» і яго аўтар» (1938), «Пушкін і «Слова пра паход Ігаравы» (1951), «Пісьменнік і яго творчасць» (1956). Пісаў вершы (зб-кі «Духу святому», 1908; «Пад родным небам», 1956), гіст. аповесці ў вершах («Народная памяць», 1946), кінасцэнарыі, творы для дзяцей. Майстар псіхал. партрэта, маляўнічага пейзажа, тонкі лірык. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў М.Татур.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1966—67;
Возлюбленная — Земля: Повести и рассказы. М., 1989;