СА́ЙДА,

горад на Пд Лівана. Адм. ц. мухафазы Паўд. Ліван. Вядомы з 4-га тыс. да н.э.; адзін з найстараж. фінікійскіх гарадоў-дзяржаў. Да 16 ст. наз. Сідон. Каля 300 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Порт на Міжземным м., канцавы пункт нафтаправода з Саудаўскай Аравіі, вузел аўтадарог. Прам-сць нафтаперапр. і харчовая. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (цытрусавыя, аліўкі, вінаград, збожжавыя). Рыбалоўства. Археал. музей. Арх. помнікі: руіны фінікійскага храма і некропаля (10—5 ст. да н.э.); руіны замка св. Людовіка (12 ст.) і замка крыжаносцаў (13 ст.); вял. мячэць, караван-сарай (16—18 ст.). У горадзе і наваколлі — лагеры палесцінскіх бежанцаў.

т. 14, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЙМАНС ((Simons) Генры Калверт) (1899—1946),

амерыканскі вучоны-эканаміст. Адзін з заснавальнікаў Чыкагскай школы ў палітэканоміі, прыхільнікі якой выступалі за захаванне «чыстай канкурэнцыі» і лічылі непажаданым дзярж. ўмяшанне ў эканам. жыццё. З 1939 праф. Чыкагскага ун-та. Навук. працы па праблемах развіцця грашова-крэдытнай сістэмы, бюджэтна-фін. і падатковай палітыкі. Аўтар твораў «Эканамічная палітыка для свабоднага грамадства» (1948), «Федэральная пачатковая рэформа» (1950) і інш. Прапанаваў банкаўскую рэформу (1930-я г.), якая прадугледжвала скарачэнне грашовага абароту, спыненне абясцэньвання грошай і прадухіленне банкруцтва банкаў. Распрацаваў праект рэформы, паводле якой асн. крыніцай федэральных даходаў станавіўся падаходны падатак з грамадзян (20% ад усіх відаў даходаў) і скарачаліся ўскосныя падаткі.

т. 14, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІДА́РНАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,

разнавіднасць грамадзянскай адказнасці па абавязацельстве, у якім некалькі даўжнікоў. Звычайна ўзнікае пры непадзельнасці прадмета абавязацельства, сумесным прычыненні шкоды, а таксама ў выпадках, калі ў дагаворы не ўстаноўлена іншае. У цывільным праве Рэспублікі Беларусь у выпадку С.а. крэдытор мае права патрабаваць выканання ад усіх даўжнікоў сумесна і ад любога паасобна (поўнасцю ці ў частцы доўгу). Калі адзін з даўжнікоў задаволіў патрабаванне крэдытора поўнасцю, то астатнія нясуць перад ім адказнасць у роўных долях. Крэдытор, які не атрымаў поўнага задавальнення ад аднаго з салідарных даўжнікоў, мае права патрабаваць неатрыманае ад астатніх даўжнікоў. Салідарныя даўжнікі застаюцца абавязанымі да таго часу, пакуль абавязацельства не будзе выканана поўнасцю.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 14, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛО́ДКІ (Уладзімір Іванавіч) (н. 1.9.1956, чыг. ст. Галынец Магілёўскага р-на),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1990). Муж С.​А.​Салодкай. Скончыў Мінскі ін-т культуры (1985). З 1979 артыст Дзярж. нар. хору Беларусі, з 1984 — ансамбля нар. музыкі «Свята». З 1985 спявае ў дуэце з Салодкай. З 1994 адзін са стваральнікаў і саліст ансамбля нар. песні «Вяселле», з 1996 саліст Дзярж. ансамбля танца Беларусі. Валодае голасам прыгожага тэмбру, шырокага дыяпазону. У рэпертуары бел., рус., укр. нар. песні, а таксама аўтарскія творы, у т. л. «А дзе ж ты, бурлак, валачыўся» (балада), «Чапурушачка», «У лузе каліна стаяла», «Кірыла Тураўскі» (У.​Будніка).

Н.​Г.​Мазурына.

т. 14, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦІ́ ((Satie) Эрык Альфрэд Леслі) (17.5.1866, г. Анфлёр, Францыя — 1.7.1925),

французскі кампазітар. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі, у «Схола канторум» (1905—08). Паўплываў на эстэт. прынцыпы творчай групы «Шасцёрка», але пазней адышоў ад яе. У пач. 1920-х г. адзін са стваральнікаў Аркейскай школы (аб’яднанне маладых музыкантаў). Яго творчасці ўласцівы навізна, прастата, наўмысная экстравагантнасць, супярэчлівасць (адыграў значную ролю ў фарміраванні імпрэсіянізму, аднак пазней быў у апазіцыі да яго). Сярод твораў: сімф. драма са спевам «Сакрат» (1918), балеты, у т. л. «Парад» (у садружнасці з Ж.​Както і П.​Пікасо, 1917), «Эксцэнтрычная прыгажуня» (1920), аперэты, творы для аркестра, хору, фп. творы і інш.

т. 14, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕНТАРЖЭ́ЦКІ Баляслаў Часлававіч [1831, маёнтак (цяпер вёска) Багушэвічы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 1888], адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Вучыўся ў Віленскім дваранскім ін-це, Пецярбургскім ун-це; у час эміграцыі — у ваен. школе ў Францыі. Служыў у Мінскім дваранскім дэпутацкім сходзе. З 1860 знаходзіўся пад сакрэтным наглядам паліцыі. Як член Мінскага губ. к-та ўдзельнічаў у распрацоўцы ўмоў сялянскай рэформы 1861. У 1863 паўстанцкі камісар Мінскай губ. Знаходзіўся пры атрадзе С.​Ляскоўскага. Увосень 1863 эмігрыраваў. Сядзіба Свентаржэцкіх у Багушэвічах была знішчана паводле загаду М.​М.​Мураўёва.

Літ.:

Кісялёў Г.В. На пераломе дзвюх эпох: Паўстанне 1863 г. на Міншчыне. Мн., 1990.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 14, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́НА,

трава, скошаная і высушаная да вільготнасці 15—17% і ніжэй; адзін з асн. відаў грубых кармоў для жвачнай жывёлы ў стойлавы перыяд. Кармавая каштоўнасць С. залежыць ад яго бат. складу, месца росту травы (гл. Сенажаць), часу і спосабу яе ўборкі (гл. Сенаўборка), умоў захоўвання. Мае 6,5—20% пратэіну, 1—2% тлушчаў, 35—40% безазоцістых экстрактыўных рэчываў, 20—25% клятчаткі, 4—5% мінер. солей, карацін, вітаміны D, E, групы B. Найб. каштоўнае С. з бабовых (люцэрны, канюшыны, вікі, рутвіцы рагатай), злакавых траў (метлюжку лугавога, аўсяніцы лугавой, цімафееўкі лугавой, купкоўкі зборнай), разнатраўя (грэчкі птушынай, казлабароду лугавога і інш.). Малакаштоўнае С. з буйных асакі, сітняку, хвашчоў.

т. 14, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНТ-ГО́ДЭНС ((Saint-Gaudens) Агастэс) (1.3.1848, г. Дублін, Ірландыя — 3.8.1907),

амерыканскі скульптар; адзін са стваральнікаў нац. школы скульптуры 19 ст. Вучыўся ў Нац. акадэміі малюнка ў Нью-Йорку (1864—66), у Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1867—70). У 1870—75 працаваў у Рыме. У творчасці спалучаў імкненне да канкрэтнасці і строгай стрыманасці выявы з паэтычнасцю і вобразнай яркасцю характарыстыкі, смелай жывапіснай лепкай формы: помнікі адміралу Д.​Фарагуту ў Нью-Йорку (1881), А.​Лінкальну ў Чыкага (1887), надмагіллі сям’і Адамс на могілках Рок-Крык ў Вашынгтоне (1891), мемарыял Р.​Шоу ў Бостане (1897), барэльефны партрэт Р.​Л.​Стывенсана (1899—1900) і інш.

т. 14, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІДАРЭ́НКА-САЛДАЦЕ́НКА (Савелій Герасімавіч) (15.12.1905, в. Чырвоны Бераг Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 26.10.1980),

адзін з кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Маскоўскі пед. ін-т імя Леніна (1938), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1938). У Чырв. Арміі з 1927, з 1938 нач. штаба дывізіі, пам. нач. аператыўнага аддзела штаба БВА, нач. разведвальнага, аператыўнага аддзелаў штаба арміі. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 у партызанах, са жн. 1943 камандзір Магілёўскага партыз. злучэння, чл. Магілёўскага падп. абкома КП(б)Б. З 1944 нам. наркома асветы БССР, у 1946—62 на гасп. рабоце.

т. 14, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́КЕРТ ((Sickert) Уолтэр Рычард) (31.5.1860, г. Мюнхен, Германія — 22.1.1942),

англійскі жывапісец і графік; адзін з вядучых майстроў англ. імпрэсіянізму. З 1868 жыў у Вялікабрытаніі. Вучыўся ў маст. каледжы Слейда (з 1881). Зазнаў уплыў Дж.​Уістлера, Э.​Дэга. Заснавальнік «Новага англійскага мастацкага клуба» (1885—86). З 1928 прэзідэнт Каралеўскага т-ва брыт. мастакоў. Яго дакладным па назіраннях пейзажам Лондана і Венецыі, партрэтам, інтэр’ерам жылых памяшканняў і мюзік-холаў уласцівы гучнасць колеру і празрыстасць, меланхалічнасць настрою. Сярод твораў: «Царква Сен-Жак» (каля 1890), «Сан-Марка. Венецыя» (1895—96), «П’яцэта» (каля 1901), «Жанчына ў гандоле» (1905), «Нуда» (1913—14), «Тэатр Новага Бедфарда» (1915—16).

т. 14, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)