ДАБРУ́ДЖА (рум. Dobrogea),

гістарычная вобласць на Пд Еўропы, паміж ніжнім цячэннем Дуная і ўзбярэжжам Чорнага м., пераважна ў межах плато Дабруджа. Паўн. (большая) частка Дабруджы ўваходзіць у склад Румыніі, паўд. частка — у склад Балгарыі.

Стараж. Дабруджа была заселена фракійскімі плямёнамі. У 5 ст. да н.э. захоплена скіфамі, у 1 ст. н. э. — рымлянамі, з 3 ст. пацярпела ад нашэсцяў готаў, гунаў і інш. У пач. 6 ст. ў Дабруджы з’явіліся славяне. З 7 ст. ў складзе Першага (у 11—12 ст. належала Візантыі), з канца 12 ст. — Другога Балгарскага царстваў. У 14 ст. на тэр. Дабруджы ўтварыліся самаст. феад. дзяржавы. У 15 ст. захоплена Асманскай імперыяй. Пасля рус.-тур. вайны 1877—78 Паўд. Дабруджа ў складзе Балгарыі, Паўночная — Румыніі. Паводле Бухарэсцкага мірнага дагавора 1913 Паўд. Дабруджа перададзена Румыніі, паводле балг.-рум. дагавора 1940 вернута Балгарыі.

т. 5, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРЫ́О (Dario) Рубэн [сапр. Гарсія Сармьента

(García Sarmiento) Фелікс; 16.11.1867, г. Сьюдат-Дарыо, Нікарагуа — 6.2.1916], нікарагуанскі паэт, журналіст, буйнейшы прадстаўнік т.зв. лацінаамер. мадэрнізму. Быў консулам Нікарагуа ў Парыжы (1893—98),

паслом у Іспаніі (1908—10), карэспандэнтам. Вядомасць прынеслі зб-кі «Рыфы» і «Рыфмы» (абодва 1887), «Блакіт» (1888), «Язычніцкія псалмы» (1896). Лірыка Д. вызначаецца пантэісцкім бачаннем свету, культам прыгажосці, музычнасцю і пластычнасцю: зб-кі «Песні жыцця і надзеі» (1905), «Паэма восені і іншыя вершы» (1910) і інш. Яго эсэістыка спрыяла засваенню лацінаамерыканскай еўрап. культуры і ўсведамленню нац. самабытнасці (зб-кі «Сучасная Іспанія», 1901, «Увесь палёт», 1912, і інш.). У вершах і публіцыстыцы адлюстраваліся рэзкае непрыманне каштоўнасцей бурж. грамадства, абарона права на паліт. незалежнасць. Аўтар мемуарнай прозы («Гісторыя маіх кніг», 1913, «Жыццё Рубэна Д., расказанае ім самім», 1915, і інш.).

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1981.

К.М.Міхееў.

Р.Дарыо.

т. 6, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕСЯЦІ́НА (лац. decima, франц. décime, dîme, ням. Zehnt, англ. tithe),

1) дзесятая частка даходу, якая збіралася царквою з насельніцтва ў сярэдневяковай Еўропе (Дз. царкоўная). Узнікла ў канцы 6 ст. У Стараж. Русі ўстаноўлена кн. Уладзімірам Святаславічам пасля хрышчэння Русі і прызначалася першапачаткова для Кіеўскай Дзесяціннай царквы, а пазней набыла характар паўсюднага падатку, які збіраўся царк. арг-цыямі (але не манастырамі). У ВКЛ у 15—16 ст. была Дз. «снаповая» (сяляне аддавалі кожны 10-ы сноп) і агульная (​1/10 частка збожжа, мёду і інш.).

2) Стараж.-рус. мера зямельных плошчаў. Першапачаткова ўяўляла сабой квадрат з бакамі, якія раўняліся ​1/10 вярсты (адсюль назва); пл. 2500 кв. сажняў. Як гал. пазямельная адзінка Расіі ўведзена Межавой інструкцыяй 1753 у выглядзе казённай Дз. плошчай 2400 кв. сажняў, або 1,0925 га. Скасавана ў 1918 з пераходам да метрычнай сістэмы мер.

Я.К.Анішчанка.

т. 6, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯНІ́КІН (Антон Іванавіч) (16.12.1872, в. Шпеталь-Дольны, Улацлаўскае ваяв., Польшча — 7.8.1947),

расійскі военачальнік, адзін з кіраўнікоў белай гвардыі, ваен. пісьменнік. Ген.-лейтэнант (1916). Скончыў Акадэмію Генштаба (1899). Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. У 1-ю сусв. вайну камандаваў стралк. брыгадай і дывізіяй, армейскім корпусам. У 1917 нач. штаба Вярх. галоўнакаманд., галоўнакаманд. Зах. і Паўд.-Зах. франтамі. У час грамадз. вайны ў Расіі адзін з гал. арганізатараў белага руху, галоўнакамандуючы добраахвотніцкай арміяй (1918—20) і ўзбр. сіламі Пд Расіі (1919—20), адначасова са студз. 1920 «вярх. правіцель Расіі». 4.4.1920 здаў камандаванне ген. П.М.Урангелю і выехаў у Вялікабрытанію. З канца 1890-х г. актыўна займаўся публіцыстыкай.

Тв.:

Путь русского офицера. М., 1990;

Очерки русской смуты. М., 1991.

Літ.:

Лехович Д. Белые против красных: Судьба генерала Антона Деникина М., (1992];

Гордеев Ю.Н. Генерал Деникин: Воен.-ист. очерк. М., 1993.

т. 6, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОЙЛ ((Doyle) Артур Конан) (22.5.1859. г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 7.7.1930),

англійскі пісьменнік. Скончыў мед. ф-т Эдынбургскага ун-та (1881). Дэбютаваў у 1879 апавяданнем «Тайна даліны Сэсаса». Аўтар прыгодніцкіх («Выгнаннікі», 1893, «Родней Стон», 1896) і навук.-фантаст. («Згублены свет», 1912, «Атручаны пояс», 1913) раманаў і аповесцей, у т. л. «Маракотава бездань» (1929). Сусв. вядомасць прынеслі творы, аб’яднаныя вобразам сышчыка-аматара Шэрлака Холмса: «Знак чатырох» (1890), «Сабака Баскервіляў» (1901—02), «Даліна жаху» (1914—15), зб. апавяданняў «Прыгоды Шэрлака Холмса» (1891—92) і інш. Прадаўжаючы традыцыі Э.По і У.Колінза, развіў дэтэктыўны жанр, у якім спалучаў драматызм і дынаміку апавядання з псіхал. перакананасцю вобразаў. У Лондане створаны мемар. Музей Шэрлака Холмса.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч.: У 12 т. Т. 1—3. М., 1992—94.

Літ.:

Карр Дж.Д. Жизнь сэра Артура Конан Дойла: [Пер. с англ.]. М., 1989.

Е.А.Лявонава.

т. 6, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́МРА,

старажытнарускі нар. струнны шчыпковы муз. інструмент. Найб. пашырана ў 16—17 ст. Мела грыф, авальны корпус. Як сольны і ансамблевы інструмент выкарыстоўвалася скамарохамі, якія стварылі сям’ю Д. (домрышка, Д., Д. басістая). У 2-й пал. 18 ст. паступова знікла. У сучасным выглядзе рэканструявана В.Андрэевым (1896). Мае паўсферычны корпус. кароткую шыйку з грыфам, на якім прарэзаны метал. лады, галоўку з калкамі, 3 метал. струны. Гук здабываецца плектрам. На аснове гэтай Д. ў 1896—98 С.Налімаў стварыў сям’ю аркестравых Д., якая стала асновай Велікарускага аркестра імя Андрэева. У 1908 Р.Любімаў і С.Бураў стварылі струнную Д. Абедзве разнавіднасці выкарыстоўваюцца ў аркестрах рус. нар. інструментаў. На Беларусі прафес. і самадз. музіцыраванне на Д. (сольнае, ансамблевае, аркестравае) развіваецца пераважна ў гар. асяроддзі. Секстэт Д. працаваў на Бел. тэлебачанні і радыё. Класы Д. ёсць у муз. навуч. установах Беларусі.

Домра, рэканструяваная С.І.Налімавым.

т. 6, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЗДО́ЎСКІЯ,

польскія, бел. і рускія акцёры 19 ст., бацька і дачка.

Войцех (?—1850), камедыйны акцёр, рэжысёр і антрэпрэнёр. З 1840 працаваў у Мінску (трупа Я.Хелмікоўскага), у 1842 выступаў у Гродне ў трупе пад кіраўніцтвам Шмідкафа; іграў на польскай і рус. мовах. З 1847 трымаў уласную антрэпрызу (працавала пераважна ў Мінску), дзе ў 1848—50 паставіў больш за 40 п’ес, у т. л. ўпершыню на Беларусі камедыі «Рэвізор» і «Жаніцьба» М.Гогаля, таксама п’есы Р.Квіткі-Аснаўяненкі, П.Каратыгіна, Ф.Коні, П.Грыгор’ева. У рэпертуары яго трупы былі оперы («Аскольдава магіла» А.Вярстоўскага, «Сарока-зладзейка» Дж.Расіні), муз.-драм. творы («Наталха-Палтаўка» І.Катлярэўскага), аперэты і вадэвілі.

Марыя (?—?), драм. актрыса і спявачка (мецца-сапрана). У 1847—63 выступала ў Мінску. Выканаўца вадэвільнага рэпертуару. Для яе кампазітар Ф.Міладоўскі напісаў аперэту «Канкурэнты» (тэкст М.Лапіцкага і У.Сыракомлі). У канцэртным рэпертуары актрысы творы А.Варламава, М.Глінкі, нар. песні.

Г.І.Барышаў.

т. 6, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДРУГА́Я ПРАМО́ВА РУСІ́НА АБ НАРАДЖЭ́ННІ ХРЫСТА́»

[«Ulia Concio Ruthena pro Nativitate Oni (Domini)»],

ананімны сатыр. твор бел. л-ры 1-й пал. 18 ст. Уваходзіць у рукапісны зб. твораў на бел., лац. і польск. мовах (нап. 1711—41, часткова апубл. 1965). Напісана на бел. мове лацінкай, цытаты з рэліг. л-ры на лац. мове, трапляецца польская і рус. лексіка. Пабудавана па канонах царк. казання, у аснове якога традыц. рэліг. сюжэт (пастыры—авечкі—ваўкі), напоўнены актуальным зместам. У творы выявіліся асветніцкія ідэі і парадаксальнасць, барочная квяцістасць стылю. Належыць, відаць, таму ж аўтару, што і «Прамова Русіна».

Публ.: Прамова Русіна аб нараджэнні Хрыста // Полымя. 1965. № 9.

Літ.:

Міско С. Невядомыя беларускія творы першай паловы XVIII ст. // Полымя. 1965. № 9;

Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Мн., 1968. Т. 1. С. 412—414;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 295—297.

т. 6, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЦЭ (Іон Панцялеевіч) (н. 3.9.1928, с. Харадыштэ Дандзюшанскага р-на, Малдова),

малдаўскі пісьменнік, драматург. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1957). Піша на малд. і рус. мовах. Друкуецца з 1951. Аўтар кніг апавяданняў «У нас на сяле» (1953), «Арэхавы шэпт» (1968), аповесцей «Лісце суму» (1957), «Апошні месяц восені» (1963, аднайм. кінафільм 1966), «Вяртанне на кругі свае» (1972), раманаў «Цяжар нашай дабрыні» (1963—68), «Белая царква» (1982), п’ес «Каса марэ» (1960), «Дойна» (1971), «Птушкі нашай маладосці» (1972), «Святая святых» (1976) і інш., адметных паглыбленым псіхалагізмам, мяккім лірызмам, рамант. прыўзнятасцю, яркім нац. каларытам. Творы Д. на бел. мову перакладалі Я.Брыль, М.Гіль, К.Кірэенка, А.Шарахоўская. У тэатрах Беларусі пастаўлены яго п’есы «Птушкі нашай маладосці» (1972), «Каса марэ» (1976), «Святая святых» (1977), «Імем зямлі і сонца» (1979). Дзярж. прэмія Малдовы 1967.

Тв.:

Бел. пер. — Цяжар нашай дабрыні. Мн., 1977.

т. 6, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ЎСКІ (Віктар Паўлавіч) (15.12.1927, г. Варонеж, Расія — 17.10.1994),

рускі і бел. дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1959), нар. арт. Расіі (1969). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па класах скрыпкі (1949) і сімф. дырыжыравання (1953). З 1952 працаваў у розных аркестрах Расіі, у т. л. ў Дзярж. сімф. аркестры СССР, Дзярж. акад. рус. нар. аркестры імя Осіпава, сімф. аркестры Смаленскай філармоніі (з 1994 імя Д.). У 1956—62 і 1991—94 гал. дырыжор Дзярж. акад. сімф. аркестра Беларусі. У рэпертуары буйныя творы муз. класікі, сучасных аўтараў. Першы інтэрпрэтатар многіх твораў бел. кампазітараў, у т. л. 5-й сімфоніі М.Аладава, сімф. паэмы «Нарач» У.Алоўнікава, вак.-сімф. паэмы «Вечна жывыя» і «Святочнай уверцюры» Г.Вагнера, фантазіі на тэмы бел. нар. песень В.Залатарова, 2-га канцэрта для скрыпкі з арк. П.Падкавырава, сімф. паэмы «Сказ пра Палессе» У.Будніка, 8-й сімфоніі Дз.Смольскага і інш.

т. 6, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)