ДАБРУ́ДЖА

(рум. Dobrogea),

гістарычная вобласць на Пд Еўропы, паміж ніжнім цячэннем Дуная і ўзбярэжжам Чорнага м., пераважна ў межах плато Дабруджа. Паўн. (большая) частка Дабруджы ўваходзіць у склад Румыніі, паўд. частка — у склад Балгарыі.

Стараж. Дабруджа была заселена фракійскімі плямёнамі. У 5 ст. да н.э. захоплена скіфамі, у 1 ст. н. э. — рымлянамі, з 3 ст. пацярпела ад нашэсцяў готаў, гунаў і інш. У пач. 6 ст. ў Дабруджы з’явіліся славяне. З 7 ст. ў складзе Першага (у 11—12 ст. належала Візантыі), з канца 12 ст. — Другога Балгарскага царстваў. У 14 ст. на тэр. Дабруджы ўтварыліся самаст. феад. дзяржавы. У 15 ст. захоплена Асманскай імперыяй. Пасля рус.-тур. вайны 1877—78 Паўд. Дабруджа ў складзе Балгарыі, Паўночная — Румыніі. Паводле Бухарэсцкага мірнага дагавора 1913 Паўд. Дабруджа перададзена Румыніі, паводле балг.-рум. дагавора 1940 вернута Балгарыі.

т. 5, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)