МІЗАНСЦЭ́НА (франц. mise en scéne размяшчэнне на сцэне),
размяшчэнне на сцэне акцёраў у той ці інш. момант спектакля. Адзін з важных сродкаў вобразнага выяўлення ўнутр. зместу п’есы, з’яўляецца істотным момантам рэжысёрскай задумы спектакля. М. ў кіно мае агульную прыроду з тэатральнай, але яна залежыць ад становішча кінаапарата, выбару плана, оптыкі, пазбаўлена ўмоўнасці. Кінаглядач бачыць М. ў шматлікіх планах і ракурсах. У сучасным кіно існуюць разнастайныя дынамічныя М.: шматпланавыя — адначасовае дзеянне на пярэднім і заднім планах; глыбінныя — дзеянне арыентавана ўглыб кадра; панарамныя (або кругавыя) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КЕЛЮ СУЛЬФА́Т,
хімічнае злучэнне нікелю з сернай кіслатой, NiSO4. Жоўтае крышт. рэчыва, шчыльн. 3680 кг/м³, пры награванні вышэй за 700 °C раскладаецца. Раствараецца ў вадзе. З водных раствораў крышталізуецца ў выглядзе ізумрудна-зялёнага гептагідрату ці нікелевага купарвасу NiSO4∙7H2O; у прыродзе мінерал марэназіт. Атрымліваюць узаемадзеяннем нікелю, яго аксіду NiO, гідраксіду Ni(OH)2 ці гідроксакарбанату з сернай к-той. Выкарыстоўваюць нікелевы купарвас для атрымання чыстага электралітычнага нікелю, інш. злучэнняў нікелю і нікельзмяшчальных каталізатараў, як кампанент электралітаў у гальванатэхніцы (гл.Нікеліраванне), а таксама як фунгіцыд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПРА́ЎЧЫЯ РАБО́ТЫбез пазбаўлення волі,
від крымін. пакарання і адм. спагнання ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь. Назначаецца судом (суддзёй) адпаведна на тэрміны ад 2 месяцаў да 2 гадоў і ад 15 сутак да 2 месяцаў. Адбываюцца па месцы работы або ў інш. месцах у раёне жыхарства асуджанага з утрыманнем да 20% заробку ў даход дзяржавы. Асобам, якія прызнаны непрацаздольнымі, суд можа замяніць П.р. на штраф. У выпадку злоснага ўхілення асуджанага ад адбыцця П.р. суд можа замяніць іх неадбыты тэрмін на пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕЛЕПІ́ПЕД (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач + epipedon плоскасць),
шасціграннік, процілеглыя грані якога папарна паралельныя; прызма, аснова якой паралелаграм. Усе грані П. — паралелаграмы. П. мае 8 вяршынь, 12 рэбраў; процілеглыя грані роўныя паміж сабой, усе 4 дыяганалі П. перасякаюцца ў 1 пункце і дзеляцца ім папалам. П. наз. прамым, калі яго бакавыя рэбры перпендыкулярныя да плоскасці асновы; прамавугольным, калі П. прамы і асновай служыць прамавугольнік (ці ўсе грані — прамавугольнікі). П., у якога ўсе грані квадраты, наз. кубам. Аб’ём П. роўны здабытку плошчы яго асновы на вышыню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЯСНЫ́ ЧАС,
сістэма адліку часу па гадзінных паясах, што распасціраюцца ўздоўж мерыдыянаў з даўгатой, кратнай 15°. Нумарацыя 24 паясоў (ад 0 да 23) вядзецца з З на У ад Грынвіцкага мерыдыяна. П.ч. у сумежных паясах адрозніваецца на 1 гадз. Межы часавых паясоў звычайна праводзяць па дзярж. і адм. граніцах, па рэках, хрыбтах і інш. Ва ўсіх пунктах, якія знаходзяцца ў межах аднаго пояса, лічыцца адзін і той жа час сярэдняга мерыдыяна дадзенага пояса. П.ч. уведзены ў 1883 у ЗША, у СССР — з 1919. Гл. таксама Дэкрэтны час, Мясцовы час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗНАЎЛЕ́ННЕ СТА́ТКА,
працэс аднаўлення і павелічэння пагалоўя с.-г. жывёл шляхам іх размнажэння і вырошчвання маладняку. Паводле характару У.с. вылучаюць гаспадаркі з закончаным абаротам статка (узнаўленне пагалоўя праходзіць у той жа гаспадарцы) і незакончаным (адкормачныя, малочныя, рэпрадукцыйныя і інш.). Хуткасць У.с. залежыць ад біял. асаблівасцей жывёл (плоднасць, узрост палавой спеласці і інш.), заатэхн. і эканам. фактараў вытв-сці (працягласць гасп. выкарыстання жывёл, узрост рэалізацыі маладняку, тэрмін вырошчвання рамонтнага маладняку і выбракоўкі матачнага пагалоўя), таксама ад забяспечанасці кармамі, структуры статка і інш. Узровень У.с. характарызуецца выхадам прыплоду на 100 матак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРА́ДАВЫ КРЫ́ЗІС,
у палітычнай практыцы парламенцкіх дзяржаў (дзе ўрад фарміруецца парламентам і адказны перад ім) сітуацыя, калі ўрад страціў падтрымку большасці ў парламенце або ў той яго палаце, перад якой нясе адказнасць. Звычайна пачынаецца з моманту выказвання парламентам вотуму недаверу ўраду. Пасля гэтага або ўрад ідзе ў адстаўку і пачынаецца фарміраванне новага ўрада або кіраўнік дзяржавы па просьбе ўрада распускае парламент і прызначае датэрміновыя парламенцкія выбары (урад разлічвае на падтрымку большасці ў новым складзе парламента). У.к. лічыцца пераадоленым з атрыманнем новым урадам вотуму даверу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАРО́ДНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,
функцыя адной або некалькіх пераменных, якая адпавядае ўмове: пры адначасовым множанні ўсіх пераменных на адзін і той жа адвольны лік значэнне функцыі памнажаецца на некаторую ступень гэтага ліку.
Напр.,
, дзе n — паказчык аднароднасці, або вымярэння аднароднай функцыі. Сустракаюцца ў геам. формулах. Калі
, дзе a, b, ..., 1 — даўжыні адрэзкаў, вымераных адным адвольным маштабам, то правая частка выразу павінна быць аднароднай функцыяй (вымярэнне 1, 2 або 3 у залежнасці ад таго, што вызначае x — даўжыню, плошчу або аб’ём).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАДНІ́К,
бел.нар. гульня. Удзельнічаюць ад 6 да 20 чал., гуляюць на пляцоўцы ці ў спарт. зале, перамяшчаюцца толькі павольна. Гульцы пры дапамозе лічылкі выбіраюць «рыбака» і завязваюць яму вочы. Пасля, пляскаючы ў далоні, ходзяць вакол «рыбака», які іх ловіць. Калі на шляху «рыбака» перашкода (сцяна, слуп, яма і г.д.), гульцы гавораць «глыбока», калі той абыходзіць перашкоду, кажуць «мялей», а калі абыдзе — «мелка» ці «чыстая вада». Злавіўшы гульца, «рыбак» павінен назваць яго імя, калі адгадае, злоўлены становіцца «рыбаком» і гульня пачынаецца спачатку. Калі ж імя не адгадана, дзеці крычаць «жабу злавіў», і «рыбак» адпускае гульца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАСНЁЎСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1870у Францыі,
буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя ў Францыі, якая знішчыла Другую імперыю і абвясціла рэспубліку. Падрыхтавана працяглым крызісам банапартысцкага рэжыму, паскорана паражэннямі франц. войск у франка-прускай вайне 1870—71. Непасрэдны штуршок — паражэнне пад Седанам і здача ў палон Напалеона III з арміяй (2 вер. 1870). 4 вер. паўстанцы Парыжа ўварваліся ў Бурбонскі палац і дамагліся ад Заканад. корпуса звяржэння дынастыі Бурбонаў. У той жа дзень у ратушы абвешчана рэспубліка. Перамога працоўных была выкарыстана буржуазіяй, якая узурпіравала ўладу; прадстаўнікі рэв. дэмакратыі ва ўрад не трапілі. Вераснёўская рэвалюцыя дала пачатак Трэцяй рэспубліцы ў Францыі.