ЛУТС ((Luts) Оскар) (7.1.1887, с. Каарэперэ Йыгеваскага пав., Эстонія — 23.3.1953),

эстонскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Эстоніі (1945). Вучыўся ў Юр’еўскім (г. Тарту; 1911—12) ун-це. Працаваў ваен. фармацэўтам у Віцебску. Друкаваўся з 1907. У сац.-псіхал. п’есах «Качан капусты», «Паўнверэ», «Камерсанты» (усе 1913) намаляваў каларытныя нар. характары. Рэалістычна-гумарыстычныя замалёўкі правінцыяльнага жыцця школьнікаў у трылогіі «Вясна» (ч. 1—2, 1912—13), «Лета» (ч. 1—2, 1918—19), «Вяселле Таотса» (1921), карціны жыцця гар. ускраін у трагікамічна-гратэскавых аповесцях «Жыццё Андраса» (1923), «Будныя дні» (1924), «На задворках» (1933). Творы адметныя займальнасцю, дынамічнасцю сюжэта, псіхалагізмам, выразнасцю вобразаў. Аўтар успамінаў (т. 1—13, 1930—41): «Старыя сцежкі» (1930), «Зімовыя дарогі», «Праз вецер і ваду» (абедзве 1931) і інш., фельетонаў. На бел. мову асобныя творы Л. пераклаў А.​Кудравец.

Тв.:

Рус. пер. — На задворках и другие повести. Таллин, 1962;

Лето. 3 изд. Таллин, 1970;

Весна. М., 1972.

О.Лутс.

т. 9, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ДЫНЬШ ((Mediņš) Яніс) (9.10.1890, Рыга — 4.3.1966),

латышскі кампазітар, дырыжор; адзін з заснавальнікаў лат. класічных оперы і балета. Брат Екабса Медыньша і Язепса Медыньша. Скончыў 1-ы Рыжскі муз. ін-т па класах фп., скрыпкі і віяланчэлі (1909). З 1904 скрыпач аркестра Лат. т-ра ў Рызе, з 1913 (з перапынкам) дырыжор Лат. оперы. У 1928—44 гал. дырыжор сімф. аркестра і муз. кіраўнік Лат. радыё. У 1921—44 выкладаў у Латв. кансерваторыі (з 1929 праф.). З 1944 жыў у Германіі, з 1948 — у Стакгольме. Сярод твораў: оперы «Агонь і ноч» паводле Я.​Райніса (1921, дылогія), «Багі і людзі» (1922), «Хлопчык з пальчык» (1927), «Свавольніца» (1939), балеты «Перамога кахання» (1935), «Стальныя крылы» (1936; усе паст. ў Рызе); сімф. творы, у т. л. 4 арк. сюіты, паэмы «Іманта» (1924), «Сіняя гара» (1927); канцэрты для віяланчэлі і для фп. з арк.; камерна-інстр. творы, сольныя песні.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 10, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МУЗЫКА́ЛЬНАЯ ЖИЗНЬ»,

музычны крытыка-публіцыстычны ілюстраваны часопіс. Выдаецца з 1957 у Маскве на рус. мове 2 разы на месяц. Разлічаны на аматараў музыкі і самадз. музыкантаў. Змяшчае матэрыялы па эстэт. праблемах муз. мастацтва, гутаркі аб творах класічнай і сучаснай музыкі, інтэрв’ю з вядомымі муз. дзеячамі і выканаўцамі, іх творчыя партрэты, рэцэнзіі на канцэрты і муз. спектаклі, водгукі на новыя кнігі; ноты, грампласцінкі, песні і інстр. творы рас. і інш., у т. л. бел., кампазітараў, папулярныя творы муз. класікі. У часопісе асвятляецца развіццё бел. муз. культуры, дзейнасць навуч. і культ. устаноў (№ 20 за 1982 прысвечаны музыцы Беларусі). На яго старонках выступалі бел. кампазітары і музыказнаўцы Р.​Аладава, Э.​Алейнікава, У.​Алоўнікаў, В.​Антаневіч, Г.​Глушчанка, Т.​Дубкова, І.​Зубрыч, І.​Лучанок, Л.​Мухарынская, І.​Нісневіч, Р.​Сергіенка, В.​Сізко, Б.​Смольскі, Л.​Сцяпура, Г.​Цітовіч, Т.​Шчарбакова і інш.

Т.​А.​Шчарбакова.

т. 11, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛІ́ ((Dali) Сальвадор) (11.5.1904, г. Фігерас, Іспанія — 23.1.1989),

іспанскі жывапісец, графік і тэарэтык мастацтва; адзін з заснавальнікаў і вядучы прадстаўнік сюррэалізму. Вучыўся ў АМ у Мадрыдзе (1921—26), захапляўся футурызмам, кубізмам, метафіз. жывапісам. З 1929 у Парыжы, дзе пад уплывам П.Пікасо і А.Брэтона склаўся як сюррэаліст. Абапіраючыся на тэорыю псіхааналізму З.​Фрэйда, стварыў уласны творчы метад, які назваў «паранаістычна-крытычным». Свае ідэі сцвердзіў у першых сюррэаліст. фільмах, зробленых у супрацоўніцтве з Л.Буньюэлем («Андалускі пёс», 1929, і «Залаты век», 1931), што прынесла Д. славу самага эксцэнтрычнага і экстравагантнага мастака 20 ст. Жывапісныя творы Д., адметныя нястрыманай фантазіяй і віртуознай тэхнікай, як правіла, уяўляюць сабой фантасмагорыі, дзе самым ненатуральным сітуацыям і спалучэнням прадметаў надаецца знешняя дакладнасць і пераканаўчасць: «Пастаянства памяці», «Старасць Вільгельма Тэля» (абодва 1931), «Архітэктанічны «Анжэлюс» Міле» (1933), «Прадчуванне грамадзянскай вайны» (1936), «Сон Хрыстафора Калумба» (1959), «Лоўля тунца» (1967) і інш. З 1940 у ЗША, дзе яго ілюзійны прыём жывапісу дасягнуў найб. вастрыні («Сон, выкліканы палётам пчалы вакол граната за хвіліну да абуджэння», 1944, «Атамная Леда», 1949). З 1955 у Іспаніі, пад уплывам ісп. барочнага жывапісу ствараў творы хрысц. тэматыкі «Тайная вячэра», 1955, і інш.). Займаўся сцэнаграфіяй, плакатам, дэкар. мастацтвам, ілюстраваў творы М.​Сервантэса, У.​Шэкспіра і інш. Аўтар аўтабіягр. кніг «Тайнае жыццё Сальвадора Далі» (1942—1944) і «Дзённік генія» (1964). У 1972 у Фігерасе адкрыты музей мастака, у якім ён і пахаваны.

Тв.:

Рус. пер. — Дневник одного гения. М., 1991.

Я.​Ф.​Шунейка.

С.Далі. Архітэктанічны «Анжэлюс» Міле. 1933.

т. 6, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКА́ЛЬНАЯ МУ́ЗЫКА,

музыка для спеваў; галіна муз. мастацтва, у якой асн. сэнсавая нагрузка ўскладаецца на пеўчы голас. Вакальная музыка (акрамя вакалізу) звязана з літ. тэкстам і таму адносіцца да жанру праграмнай музыкі. Спецыфіка вакальнай музыкі ў тым, што вак. мелас нараджаецца ў выніку цеснага ўзаемадзеяння моўнай прасодыі з уласна музычнай інтанацыяй. У стараж. формах фальклору гэтая сувязь мела сінкрэтычны характар, пасля падзелу паэзіі і музыкі на самаст. віды мастацтва — сінтэтычны. Вакальная музыка можа быць з інстр. і аркестравым суправаджэннем і без яго (а капэла). Ахоплівае камерна-вак. творы для аднаго, 2 ці 3 галасоў (песня, раманс, вак. дуэт, трыо, вак. цыкл і інш.), ансамбля ці хору (хар. мініяцюра, паэма, канцэрт), буйныя творы для хору з арк. (кантата, араторыя, вакальна-сімфанічная паэма), сцэн. творы (опера, аперэта, мюзікл). З даўніх часоў вакальная музыка выкарыстоўваецца ў рэліг. кульце. Песнапенні складаюць асн. частку богаслужэнняў правасл. царквы (літургія, усяночная, паніхіда) і каталіцкай (меса, рэквіем; гл. Царкоўная музыка). На Беларусі традыцыі вак. свецкай харавой музыкі закладзены ў канцы 15 ст. ў кантах і псальмах. Вакальная музыка займала значнае месца ў творчасці многіх пакаленняў бел. кампазітараў. У 1980—90-я г. бел. кампазітары распрацоўваюць новыя, раней амаль не ўласцівыя нац. муз. мастацтву жанры вакальнай музыкі: духоўны хар. канцэрт (Л.​Шлег, А.​Бандарэнка), літургія (А.​Залётнеў, С.​Бельцюкоў), меса (А.​Літвіноўскі), вак. сімфонія (А.​Мдывані, А.​Сонін, В.​Войцік). Вакальная музыка розных жанраў прадстаўлена і творамі кампазітараў бел. замежжа (М.​Равенскі, М.​Шчаглоў, Э.​Зубковіч і інш.).

Э.​А.​Алейнікава.

т. 3, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЬКО́ (Віктар Апанасавіч) (н. 28.4.1940, г. Калінкавічы Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1970). Працаваў шахцёрам, геолагам, журналістам. У 1973—76 у час. «Нёман», у 1986—88 сакратар праўлення СП Беларусі. Працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1963. Напачатку пісаў на рус. мове. Творы яго маюць аўтабіягр.дакумент. аснову. Аповесці «Высакосны год» (1972), «Аповесць аб беспрытульным каханні» (1975), «Суд у Слабадзе» (1978, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1982) паказваюць вайну, убачаную вачыма дзіцяці, знявечанае вайною маленства, выяўляюць вытокі чалавечай мужнасці. З сібірскімі ўражаннямі аўтара звязаны творы «Цёмны лес, тайга густая» (1973), «Добры дзень і бывай» (1974, прэмія Ленінскага камсамола 1977). Клопатамі аб прыродзе, роздумам пра адносіны чалавека да яе, да жыцця прасякнуты аповесці «Цвіце на Палессі груша» (1978), «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» (1991), раман «Неруш» (1981). Своеасаблівым падагульненнем творчых пошукаў, звязаных з распрацоўкай тэмы вайны і тэмы ўзаемаадносін чалавека з навакольным светам, стаў раман «Хроніка дзетдомаўскага сада» (1987). Пачуццём сучаснасці, адчуваннем драматызму сённяшняга лёсу чалавека, глыбокім непакоем насычаны аповесці «Но Пасаран» (1990), «Да сустрэчы...» (1997). Прозе К. ўласцівы філас.-публіцыстычнае пераасэнсаванне жыццёвага матэрыялу, эмацыянальна-аналіт. і абагульнена-сімвалічная манера пісьма, глыбіня псіхал. аналізу, драматызм.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1990.

Літ.:

Брыль Я. «Ён — строгі да праўды» // Зб. тв. Мн., 1981. Т. 4;

Васючэнка П. Вайна і дзяцінства ў творчасці В.​Казько // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1985. № 1;

Лецка Я. Вайна стукае ў сэрца // Полымя. 1979. № 11.

С.​А.​Андраюк.

В.А.Казько.

т. 7, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СЬ КАЛГА́СНАЯ»,

штомесячны літаратурна-мастацкі часопіс. Выдаваўся ў 1932 у Мінску на бел. мове Аб’яднаннем пралетарска-калгасных пісьменнікаў Беларусі. Меў на мэце выхоўваць новых пісьменнікаў з асяроддзя калгаснага сялянства. Друкаваў творы пра сацыяліст. перабудову вёскі, жыццё калгасаў, саўгасаў, МТС. Сярод аўтараў Я.​Купала, П.​Броўка, А.​Куляшоў, К.​Чорны, М.​Зарэцкі, Я.​Скрыган і інш. Выйшла 8 нумароў.

т. 3, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РАС (Bērōssos; каля 350—280 да н.э.),

вавілонскі жрэц. Заснавальнік астралагічнай школы на в-ве Кос. Аўтар «Гісторыі Вавілона» ў 3 кн. (на грэч. мове), дзе на падставе стараж. храмавых хронік апісаў перыяд ад стараж. часоў да смерці Аляксандра Вялікага. Кніга 1-я прысвечана астралогіі. Творы Бераса вядомы па асобных фрагментах і цытатах у працах ант. і візант. гісторыкаў.

т. 3, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІТО́Н (Аляксандр Навумавіч) (20.12.1911, г. Марыупаль — 6.5.1969),

бел. скрыпач і педагог. Засл. арт. Беларусі (1940). Праф. (1947). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1935). У 1937—51 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Выступаў як саліст і ансамбліст, меў у рэпертуары і творы бел. кампазітараў. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу скрыпачоў, віяланчэлістаў і піяністаў (1937—38). Пасля 1951 працаваў у Грузіі і Расіі.

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХАЎНІ́ (сапр. Грыгаран Ахаўні Аршакаўна; нарадзілася 15.7.1911, г. Карс, Турцыя),

армянская пісьменніца. Засл. дз. культуры Арменіі (1967). Аўтар зб-каў вершаў «Лірыка» (1930), «Манташ» (1934), «Баявыя песні» (1942), «Мой песеннік» (1944). Раманы «Шырак» (кн. 1—2, 1954—63), «Добрай раніцы, Арэг» (1980) пра жыццё дарэв. і сучаснай арм. вёскі. Пераклала на арм. мову паасобныя творы Я.​Купалы.

т. 2, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)