рассеянне электронаў, нейтронаў, атамаў і інш. мікрачасціц крышталямі або малекуламі вадкасцей і газаў з утварэннем чаргаваных максімумаў і мінімумаў у інтэнсіўнасці рассеяных мікрачасціц.
Максімумы і мінімумы ў дыфракцыйнай карціне размяркоўваюцца ў адпаведнасці з унутр. будовай рассейвальнага асяроддзя. Д.ч. аналагічная дыфракцыя святла і пацвярджае квантавую прыроду мікрачасціц (гл.Карпускулярна-хвалевы дуалізм). Паводле квантавай механікі свабодны рух часціцы з масай m і скорасцю v (энергіяй
; пры ўмове v≪c, дзе c — скорасць святла ў вакууме) можна разглядаць як плоскую хвалю (гл.Хвалі дэ Бройля) з даўжынёй хвалі
, дзе h — Планка пастаянная. Пры ўзаемадзеянні часціцы з атамамі ці малекуламі рассейвальнага асяроддзя мяняецца яе энергія і характар распаўсюджання звязанай з ёй хвалі, што адбываецца ў адпаведнасці з агульнымі прынцыпамі дыфракцыі хваль. Д.ч. выкарыстоўваецца пры даследаванні паверхні цвёрдых цел, будовы крышталёў і складаных малекул.
А.І.Болсун.
Да арт.Дыфракцыя часціц. Дыфракцыйная карціна, утвораная пучком электронаў пры праходжанні іх праз монакрышталёвую плёнку монагідрату хлорыстага барыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДУЛЯ́ЦЫЯ ВАГА́ННЯЎ змена амплітуды, частаты ці інш. параметраў ваганняў па зададзеным законе, павольная ў параўнанні з перыядам гэтых ваганняў. У тэхн. прыладах і сістэмах мадуляцыя эл.-магн. ваганняў радыё- і аптычнага дыяпазонаў, а таксама акустычных хваль выкарыстоўваецца для трансфармацыі частотнага спектра зыходнага вагання з мэтай павышэння эфектыўнасці перадачы інфармацыі, для частотнага раздзялення розных сістэм і прылад, для забеспячэння іх адначасовай работы на розных нясучых частотах, змены часавых параметраў сігналаў і інш.
Найб. пашыраны амплітудная мадуляцыя, фазавая мадуляцыя, частотная мадуляцыя, розныя віды імпульснай мадуляцыі, а таксама іх камбінацыі, напр., амплітудна-фазавая. У залежнасці ад віду мадуляцыі амплітуда, частата ці фаза высокачастотных ваганняў («носьбіт» інфармацыі), а таксама палярызацыя (у выпадку святла; гл.Мадуляцыя святла) змяняецца (мадулюецца) у адпаведнасці з нізкачастотным сігналам, што перадаецца. Выкарыстанне канкрэтнага віду М.в. залежыць ад параметраў ліній сувязі, патрабаванняў да якасці перададзенай інфармацыі, характарыстык прыёмнай апаратуры і інш. Працэс, адваротны М.в., наз. дэмадуляцыяй і ажыццяўляецца ў прыёмнай апаратуры (гл.Дэтэктыраванне).
Амплітудная (б) і частотная (в) мадуляцыя ваганняў пры пілападобнай мадулюючай функцыі (а).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ЙНАЕ ПРАМЕНЕПЕРАЛАМЛЕ́ННЕ,
падваенне светлавых прамянёў пры праходжанні праз анізатропнае асяроддзе (напр., крышталь). Абумоўлена залежнасцю пераламлення паказчыка дадзенага асяроддзя ад напрамку эл. вектара светлавой хвалі (гл.Анізатрапія ў фізіцы, Крышталяоптыка).
Пры падзенні светлавой хвалі на анізатропнае асяроддзе ў ёй узнікаюць 2 хвалі з узаемна перпендыкулярнымі плоскасцямі палярызацыі (гл.Палярызацыя святла). У аднавосевых крышталях адна з хваль мае плоскасць палярызацыі, перпендыкулярную да плоскасці, якая праходзіць праз напрамак праменя святла і аптычную вось крышталя (звычайны прамень), плоскасць палярызацыі другой хвалі паралельная гэтай плоскасці (незвычайны прамень). Скорасць распаўсюджвання звычайнай хвалі і яе паказчык пераламлення не залежаць ад напрамку распаўсюджвання, а скорасць і паказчык пераламлення незвычайнай хвалі — залежаць, і для яе парушаюцца звычайныя законы пераламлення, напр., незвычайны прамень не можа ляжаць у плоскасці падзення. П.п. назіраецца таксама ў асяроддзях са штучнай анізатрапіяй, напр., пры накладанні эл. поля (Кера эфект), магн. поля (Катона—Мутона эфект) або поля пругкіх сіл (гл.Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў, Фотапругкасць).
Падвойнае праменепераламленне ў аднавосевым крышталі: 1 — падаючы прамень, 2 — крышталь, 3 — звычайны прамень, 4 — незвычайны прамень, α — вугал падвойнага праменепераламлення, OZ — аптычная вось крышталю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́НКА ЗАКО́Н ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ, формула Планка,
закон размеркавання энергіі ў спектры раўнаважнага выпрамянення пры пэўнай т-ры; адзін з асн. законаў цеплавога выпрамянення. Тэарэтычна выведзены М.Планкам (1900) на аснове гіпотэзы квантавання энергіі выпрамянення.
Паводле П.З.В. выпрамяняльная здольнасць uv,T абсалютна чорнага цела ў залежнасці ад частаты ϴ і абс. т-ры T вызначаецца формулай
, дзе h — Планка пастаянная, k — Больцмана пастаянная, c — скорасць святла ў вакууме. Пры высокіх частотах (hv ≫ kT) з П.з.в. вынікае Віна закона выпрамянення, пры нізкіх частотах (hv ≪ kT) — Рэлея—Джынса закон выпрамянення, пасля інтэгравання па частотах ад 0 да ∞ атрымліваецца Стэфана—Больцмана закон выпрамянення. На аснове П.з.в. вызначаны фіз. пастаянныя h і k, распрацаваны метады вызначэння т-ры нагрэтых цел (напр., паверхняў Сонца і зорак), ім карыстаюцца пры разліках энергет. характарыстык крыніц святла. П.з.в. — асобны выпадак Бозе—Эйнштэйна размеркавання часціц з нулявой масай спакою (фатонаў), ён стаў адной з перадумоў стварэння квантавай механікі. Гл. таксама Кірхгофа закон выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЭ́НЫ, сяжкі, вусікі,
парныя шматчленістыя прыдаткі галавы членістаногіх (акрамя павукападобных). У насякомых антэны розныя па форме (жгуцікападобныя, грабеньчатыя, пласціністыя, булавападобныя) і памерах; у ракападобных антэны — другая за антэнуламі пара галаўных прыдаткаў. Антэны выконваюць функцыі органаў нюху, дотыку, смаку, слыху, успрымання т-ры, вільготнасці і нават святла (у тлі), зрэдку служаць для захопу здабычы, утрымлівання самкі (у самцоў весланогіх), пухіркоў паветра (у жукоў-серабранак), для руху (у галінаставусых) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫМА́ЛЬДЗІ ((Grimaldi) Франчэска Марыя) (2.4.1618, г. Балоння, Італія — 28.12.1663),
італьянскі фізік і астраном. У 1647 атрымаў ступень д-ра і выкладаў філасофію і матэматыку ў Балонскай езуіцкай калегіі. Адкрыў дыфракцыю святла. Сумесна з Дж.Б.Рычолі склаў карту Месяца і ўвёў назвы месяцавых утварэнняў. Асн. вынікі яго навук. даследаванняў апублікаваны ў яго творы «Фізічная навука аб святле, колерах і вясёлцы» (1665).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮПРЭ́ ((Dupré) Жуль) (5.4.1811, г. Нант, Францыя — 6.10.1889),
французскі жывапісец, адзін з вядучых пейзажыстаў барбізонскай школы. Працаваў у Парыжы і Л’Іль-Адане. Для яго творчасці характэрны эмацыянальная, рамант. трактоўка драм. з’яў прыроды, цяга да гучнасці і насычанасці колеравага тону, кантрастаў святла і ценю («Вялікі дуб», 1844—45, «Дубы ля дарогі», 1850-я г., «Марскі адліў у Нармандыі», каля 1870), уключэнне ў пейзаж жанравых матываў («Пейзаж з каровамі», 1850-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІМА́ТАР (ад collimo, скажонае лац. collineo накіроўваю па прамой лініі),
аптычная прылада для атрымання пучкоў паралельных прамянёў. Складаецца з аб’ектыва (ці ўвагнутага люстэрка), у факальнай плоскасці якога размешчаны асветлены аб’ект, напр., скрыжаваныя ніці, шкала, адтуліна дыяфрагмы. Неідэальная паралельнасць выхаднога пучка абумоўлена канечнымі памерамі аб’екта і аберацыямі аб’ектыва (гл.Аберацыі аптычных сістэм). Выкарыстоўваецца ў астраноміі для праверкі вымяральных інструментаў, у спектральных прыладах для атрымання пучкоў святла, накіраваных у дыспергавальную сістэму і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РСТЭНС ((Carstens) Асмус Якаб) (10.5.1754, г. Шлезвіг, Германія — 25.5.1798),
нямецкі жывапісец і рысавальшчык; прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў АМ у Капенгагене (паміж 1776—83). Працаваў у Любеку (1783—87), Берліне (1787—92), Рыме (1792), у 1790—92 праф. Берлінскай АМ. Творчасці ўласцівы строгая веліч і манум. яснасць кампазіцый, уплывы ант. мастацтва і жывапісу Мікеланджэла. Сярод работ: картоны «Грэчаскія правадыры ў палатцы Ахіла» (1794), «Ноч і яе дзеці» (1795), «Нараджэнне святла» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯГА́ННЕ РАСЛІ́Н,
страта сцёбламі або ўсёй травяністай раслінай нармальнага прамастойнага становішча. Бывае сцябловае (недахоп святла ў загушчаных пасевах, павышанае азотнае жыўленне, пераўвільгатненне глебы, грыбковыя хваробы, наяўнасць пустазелля) і каранёвае (недастатковае развіццё каранёвай сістэмы і слабае счапленне яе з глебай). Для прадухілення П.р. выкарыстоўваюць спец. агратэхн. прыёмы: аптымальныя нормы сяўбы, прадухіленне празмернага азотнага жыўлення, падкормка фосфарна-калійнымі і мікраўгнаеннямі, апрацоўка інгібітарамі росту, укараненне ўстойлівых да палягання сартоў.