ЧО́РНАЯ,

рака ў Мсціслаўскім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток р. Віхра (бас. р. Дняпро). Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 99 км². Пачынаецца за 800 м на ПдУ ад в. Судоўшчына, вусце за 1,5 км на ПдУ ад в. Банькаўшчына. Рэчышча на працягу 700 м ніжэй аўтадарогі Мсціслаў—Горкі і паміж вёскамі Старое Сяло і Дзеснакіта (2,5 км) каналізаванае.

т. 17, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУРА́,

рака ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Уса (бас. р. Нёман). Даўж. 27 км. Пл. вадазбору 99 км². Пачынаецца за 1 км на Пд ад в. Дружная, упадае ў Усу за 1,8 км на ПнУ ад в. Пруды. Рэчышча на працягу 16 км (ад вытоку да в. Янкавічы) каналізаванае. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 17, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́НКА,

рака ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Янка (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 105 км². Пачынаецца за 700 м на ПдУ ад в. Дамашы, вусце за 7 км на У ад в. Дуброўка. Цячэ ў межах зах. ч. Полацкай нізіны па забалочанай лясістай мясцовасці. Рэчышча каналізаванае.

т. 18, кн. 1, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ТРА,

рака ў Літве і Гродзенскім і Шчучынскім р-нах Гродзенскай вобл. Беларусі, правы прыток р. Нёман.

Даўж. 140 км. Пл. вадазбору 2060 км². Пачынаецца на тэр. Літвы (Варэнскі р-н), каля 20 км цячэ па мяжы Беларусі і Літвы. Асн. прытокі: Скарбянка, Нявіша, Жэчка, Астрынка, Рыча, Скідзелька (злева), Пыранка (справа). Даліна да воз. Корава выразная, шыр. 300—500 м. Пойма двухбаковая, шыр. 300—500 м, да вусця р. Рыча нізкая, роўная, забалочаная, ніжэй — звілістая, сухая. Рэчышча моцназвілістае, ніжэй в. Агароднікі Шчучынскага р-на на працягу 3 км камяністы перакат. Шыр. рэчышча ў межань 10—20 м. Берагі да р. Скарбянка спадзістыя, слабазабалочаныя, ніжэй — стромкія, выш. 1—5 м, у ніжнім цячэнні да 15 м. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў канцы сак. — пач. красавіка. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у пач. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 12,8 м³/с. На левабярэжжы — Катранская пушча. Зоны адпачынку Котра (уздоўж ракі) і Скідзель (на левабярэжжы). Ад вусця ўверх па цячэнні (35 км) рыбапрамысл. ўчастак. У пойме меліярац. каналы.

Рака Котра ў вёсцы Галавачы Гродзенскага раёна.

т. 8, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНЦЗЫ́, Янцзыцзян (Блакітная рака), Чанцзян (Доўгая рака),

самая доўгая рака Кітая і Еўразіі. Даўж. 5800 км, пл. бас. 1808,5 тыс. км². Пачынаецца на У Тыбецкага нагор’я, дзе наз. Муруй-Ус, цячэ ў шырокай забалочанай даліне. Спускаецца з нагор’я, пераразае Сіна-Тыбецкія горы (пад назвай Цзіньшацзян), утварае глыбокія цясніны з парогамі і вадаскатамі (падзенне ракі ў верхнім цячэнні каля 5 тыс. м). У сярэднім цячэнні перасякае паўд. ч. Сычуаньскай катлавіны, ніжэй якой утварае 3 стромкасценныя цясніны. Ніжняе цячэнне (пад назвай Чанцзян) у межах Цзянханьскай і Вял. Кітайскай раўнін, дзе шыр. асн. рэчышча да 2 км, шмат рукавоў, праток. Упадае ва Усх.-Кітайскае м., утварае дэльту (пл. каля 80 тыс. км²). Асн. прытокі: Ялунцзян, Міньцзян, Цзялінцзян, Ханьшуй (злева). На правым беразе — буйныя азёры Дунтынху, Паянху, Тайху, якія рэгулююць сцёк ракі. Асн. жыўленне ад мусонных дажджоў, у верхнім цячэнні — ад раставання горных снягоў і ледавікоў. Летнія паводкі з пад’ёмамі ўзроўню вады на раўнінах да 10—15 м, у цяснінах да 30—40 м. Сярэдні расход вады ў вусці 34 тыс. м³/с, макс. — да 70—100 тыс. м³/с. У мінулым на Я. былі катастрафічныя паводкі, для аховы ад якіх уздоўж рэчышча пабудаваны дамбы (даўж. 2,7 тыс. км). Уплыў марскіх прыліваў на 700 км ад вусця. Цвёрды сцёк 280—300 млн. т за год. На большай ч. рэчышча воды ракі маюць жоўтае адценне (назва «Блакітная рака», якую далі еўрапейцы, не адпавядае рэчаіснасці). Значныя гідрарэсурсы. Шырока выкарыстоўваецца для арашэння (пераважна рысавых палёў). Гэчжоўбаскі гідравузел. Суднаходная на 2850 км (ад падножжа Сіна-Тыбецкіх гор), для марскіх суднаў — ад г. Ухань. Агульная даўж. водных шляхоў у яе бас. каля 70 тыс. км. Рыбалоўства; прамысл. значэнне маюць карп, лешч, кітайскі акунь, таўсталобік і інш. У бас. Я. жыве больш за ​1/3 насельніцтва Кітая. Буйныя гарады: Ібінь, Чунцын, Ухань, Нанкін, у дэльце — г. Шанхай.

т. 18, кн. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛІЦА, Лукаўскі канал,

рака ў Беларусі, у Рагачоўскім і Жлобінскім р-нах Гомельскай вобл. Левы прыток Добасны (бас. Дняпра). Пачынаецца за 1,2 км на ПдЗ ад в. Старая Кашара Рагачоўскага р-на, упадае ў Добасну за 2 км на ПдУ ад в. Малевічы Жлобінскага р-на. Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 197 км. Рэчышча каналізаванае, прытокі — меліярац. каналы працягласцю 168 км.

т. 3, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́ЖЫНКА,

рака ў Беларусі, у Валожынскім р-не Мінскай вобл., правы прыток Іслачы (бас. Нёмана). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 168 км².

Пачынаецца каля в. Брылькі на зах. схілах Мінскага узв., цячэ праз г. Валожын. Асн. прыток р. Рачоўка. Рэчышча ў вярхоўі слабазвілістае, у ніжнім цячэнні на працягу 22 км каналізаванае. Берагі стромкія, ніжэй ад г. Валожын абрывістыя. У пойме сетка меліярац. каналаў.

т. 3, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАЦЕ́ЙКА, Верацця, Вярэцейка, Вярэцця,

рака ў Ваўкавыскім, Мастоўскім і Бераставіцкім р-нах Гродзенскай вобл., правы прыток Свіслачы (бас. Нёмана). Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 321 км². Пачынаецца каля в. Зборы Ваўкавыскага р-на. Асн. прытокі: Залучанка, Бурчак. Даліна ў вытоку выразная. Пойма пераважна двухбаковая, шыр. 300 м—1,5 км, асобныя ўчасткі забалочаныя. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. Створана сажалка, у пойме меліярац. каналы.

т. 4, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНД-КУ́ЛІ (Grand Coulee),

каньён на Пн Калумбійскага плато на ПнЗ ЗША. Даўж. каля 70 км, шыр. 2,5—7 км, глыб. да 270 м. Адкрываецца ў даліну р. Калумбія каля г. Гранд-Кулі. Утвораны патокамі вады ледавікоў, у тоўшчы базальтаў. Рэчышча ў асноўным сухое, месцамі знаходзяцца прэсныя ці саленаватыя азёры. Каля Гранд-Каньёна на р. Калумбія — аднайм. ГЭС з вадасховішчам.

т. 5, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧО́СА,

рака ў Беларусі, у Веткаўскім і Добрушскім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток Іпуці (бас. Дняпра). Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 232 км². Пачынаецца за 1,2 км на ПдУ ад пас. Уютны Веткаўскага р-на. Цячэ па мяжы Беларусі і Бранскай вобласці Расіі, упадае ў Іпуць за 4 км на У ад в. Дзям’янкі Добрушскага р-на. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае.

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)