ГЕ́РДЭР ((Herder) Іаган Готфрыд фон) (25.8.1744, г. Морунген, цяпер г. Моранг, Польшча — 18.12.1803),
нямецкі філосаф, літаратуразнавец, пісьменнік. Ідэолаг літ. руху «Бура і націск». У 1764—69 пастар у Рызе, з 1776 — у Веймары. Сябар І.В.Гётэ. Яго філас. дзейнасць — новы этап асветніцтва ў Германіі, яго літ. дзейнасць паўплывала на ням. рамантызм. Абагульніўшы дасягненні прыродазнаўчых навук і філасофіі 18 ст., абгрунтоўваў ідэю пра адзінства матэрыі і формы пазнання, крытэрыі прасторы і часу выводзіў з вопыту, сфармуляваў і адстойваў прынцып гуманізму. Ідэі прагрэсу надаваў усеагульны змест і выводзіў з арганічнага адзінства прыроды і грамадства. У творы «Ідэі да філасофіі гісторыі чалавецтва» (т. 1—4, 1784—91) выклаў сваё вучэнне, паводле якога паступальнае развіццё ўласціва ўсёй прыродзе, у т. л. і чалавеку. Паводле Гердэра, пасля смерці чалавека жыццё душы працягваецца і набывае формы вышэйшага быцця, недасягальныя для чалавечага розуму. Гердэр указваў на разнастайнасць творчых праяў чалавека ў розных народаў, падкрэсліваў нац. самабытнасць, раўнацэннасць розных культур. Палеміцы з І.Кантам «крытычнага перыяду» прысвечаны «Метакрытыка крытыкі чыстага розуму» (1799) і «Калігона» (ч. 1—3, 1800). У трактаце «Даследаванне пра паходжанне мовы» (1772) крытыкаваў тэалагічныя погляды на грамадскія з’явы і развіў вучэнне пра мову як прадукт чалавечага розуму. У літ.-крытычных працах «Пра найноўшую нямецкую літаратуру. Фрагменты» (1767—68) і «Крытычныя лясы» (1769) сфармуляваў гіст. падыход да мастацтва. Асаблівае значэнне для шцюрмерскай эстэтыкі мела яго праца «Шэкспір» (выд. 1773). У зб. «Народныя песні» (1778—79; 2-е выд. «Галасы народаў у песнях», 1807) змясціў пераклады нар. песень свету. Аўтар зб. «Раскіданыя лісткі» (1785—97), «Старых баек з новым выкарыстаннем» (1795—96), драматызаваных аповесцей «Брут» (1774), «Эон і Эоніс» (1801), «Раскаваны Праметэй» (1802), пералажэнняў рамансаў пра Сіда (1803) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Сид. Пб., 1922;
Избр. соч. М.; Л., 1959;
Идеи к философии истории человечества. М., 1977.
Літ.:
Гайм Р. Гердер, его жизнь и сочинения: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1888;
Гулыга А. В.Гердер. 2 изд. М., 1975;
Банникова Н.П. Гердер // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ТКА,
элементарная жывая сістэма, асноўная структурна-функцыянальная адзінка жывых арганізмаў (гл.Клетачная тэорыя). Можа існаваць як асобны арганізм (бактэрыі, прасцейшыя, некат. водарасці і грыбы) або ў складзе тканак шматклетачных жывёл, расл ш, грыбоў. Кожная К. складаецца з 2 асн.ч. — цытаплазмы і ядра (эўкарыёты) ці нуклеаіда (пракарыёты), дзе знаходзіцца генет. апарат. Саматычныя К. ўтвараюцца шляхам мітозу, палавыя — меёзу. Шматлікія функцыі К. (абмен рэчываў, раздражняльнасць, рух, дзяленне, самааднаўленне і інш.) выконваюцца спецыялізаванымі ўнутрыклетачнымі структурамі — арганоідамі (напр., сінтэз бялку — на рыбасомах, клетачнае дыханне — на мембранах мітахондрый). У К. бесперапынна падтрымліваецца пэўная канцэнтрацыя іонаў, якая адрозніваецца ад іх канцэнтрацыі ў навакольным асяроддзі. Абалонка К. (клетачная мембрана) у жывёл рухомая, здольная абвалакваць у асяроддзі кроплі з буйнымі малекуламі (пінацытоз) ці вірусы і невял. К. (фагацытоз). Раслінныя К. пакрыты цвёрдай абалонкай з порамі (плазмадэсмамі). Памеры К. — ад 0,1—0,25 мкм (некат. бактэрыі) да 155 мм (яйцо страуса ў шкарлупіне). Найменшая працягласць жыцця К. чалавека 1—2 дні (К. кішэчнага эпітэлію), інш. жывуць на працягу жыцця арганізма (нейроны, валокны шкілетных мышцаў). У арганізме К. адрозніваюцца па велічыні, форме, колькасці арганоідаў, наборы ферментаў, што абумоўлена каапераваннем К. і выкананнем імі спецыялізаваных функцый (напр., узбудлівыя К. — нервовыя, скарачальныя — мышачныя). Многія К. шматфункцыянальныя, напр. К. печані сінтэзуюць бялкі плазмы крыві і жоўць, назапашваюць глікаген і перапрацоўваюць яго ў глюкозу, акісляюць чужародныя рэчывы. Фактары рэгуляцыі ўнутры К. — метабаліты К., іоны, якія ўздзейнічаюць на гены (што прыводзіць да змянення колькасці ферменту) ці на сам фермент (змяняецца яго актыўнасць), і рэгуляцыя паводле прынцыпу адваротнай сувязі (прадукт рэакцыі вызначае яе інтэнсіўнасць). Фактары рэгуляцыі па-за К. — прамыя кантакты паміж К. і змяненне актыўнасці К. нерв. або гумаральнымі сігналамі. Надзейная і дакладная рэгуляцыя працэсаў унутры і па-за К. забяспечвае эвалюцыю арган. свету на Зямлі. Навука, якая вывучае К. — цыталогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНУФАКТУ́РА (позналац. manufactura ад лац. manus рука + factura выраб),
прадпрыемства, заснаванае на падзеле працы і ручной рамеснай тэхніцы; стадыя развіцця прам-сці, якая гістарычна папярэднічала буйной машыннай індустрыі. Узнікненне М. падрыхтавана развіццём рамесніцтва, таварнай вытв-сці, унутр. і знешняга гандлю, маёмасным расслаеннем сялян і рамеснікаў, паскорана першапачатковым накапленнем капіталу, вял.геагр. адкрыццямі, стварэннем рынку свабоднай рабочай сілы. Развілася з простай кааперацыі, фарміравалася пераважна двума шляхамі — аб’яднаннем у адной майстэрні рабочых розных спецыяльнасцей, калі гатовы прадукт атрымлівалі мех. злучэннем самаст. частковых прадуктаў (гетэрагенная М.), ці аб’яднаннем у адной майстэрні рамеснікаў адной спецыяльнасці з наступным раздзяленнем аднародных работ на больш дэталёвыя аперацыі, замацаваныя за асобнымі рабочымі (арганічная М.). З сярэдзіны 16 ст. М. ў Зах. Еўропе стала пануючай формай капіталіст. вытв-сці, у Расіі пашырылася ў 18 ст. У Беларусі першае прадпрыемства мануфактурнага тыпу — Налібоцкая шкляная мануфактура, пабудаваная ў пач. 1720-х г. Дзейнічала Урэцкая шкляная мануфактура, прадпрыемствы, на якіх выраблялі сукно і інш. тавары. У 2-й пал. 18 ст. сярод М. на Беларусі вылучаліся Гродзенскія каралеўскія мануфактуры (21 М.), заснаваныя па ініцыятыве гродзенскага старосты А.Тызенгаўза, якія выраблялі палатно, шоўк, сукно, дываны, габелены, паясы, металаапрацоўчую і інш. прадукцыю. Многія М. існавалі ў буйных феад. маёнтках. Новы этап у развіцці М. на Беларусі пачаўся пасля далучэння яе да Расіі; павялічылася іх колькасць, удасканальвалася тэхніка вытв-сці, больш шырока пачалі ўжывацца капіталіст. формы працы, з’явіліся новыя галіны прам-сці. У 1811 былі 33 М., на якіх працавала 1529 рабочых; у 1825 адпаведна 40 і 2880; у 1859—66 і 5740. Некат. М. былі вял. прадпрыемствамі, напр., на суконнай М. ў Хомску працавала больш як 500, на металургічнай у Налібаках — 600, на металургічнай і металаапрацоўчай у Старынцы — каля 900 рабочых. У канцы 1820-х г. М. Беларусі давалі больш за 10% тонкага сукна, 8% парусінавага палатна, больш за 50% аптэкарскага посуду ад агульнарас. вытв-сці. З развіццём М. падрыхтоўваўся прамысловы пераварот, М. выцясняліся фабрыкамі. Але многія прадпрыемствы мануфактурнага тыпу на Беларусі захаваліся і дзейнічалі на працягу 2-й пал. 19 і пач. 20 ст.
Літ.:
Романовский Н.Т. Развитие мануфактурной промышленности в Белоруссии (вторая половина XVIII — первая половина XIX в.). Мн., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПШАНІ́ЦА (Triticum),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў, з якіх 12 эндэмічныя для Пярэдняй Азіі. Адзін з цэнтраў паходжання П. — Закаўказзе. Найб. пашыраны стараж. збожжавыя культуры, асн.прадукт харчавання амаль трэці насельніцтва зямнога шара П. цвёрдая (T. durum) і найб. урадлівая П. мяккая, або звычайная (T. aestivum). Маюць больш за 4 тыс. сартоў, азімыя і яравыя формы. На Беларусі вырошчваецца пераважна П. мяккая.
Аднагадовыя травы выш. 40—200 см (выш. вызначае ўстойлівасць да палягання і звязана з урадлівасцю). Каранёвая сістэма валасніковістая. Сцябло — прамастойная, полая або запоўненая парэнхімай саломіна. Лісце лінейнае. Кветкі двухполыя, аднадомныя, няправільныя, сабраныя ў суквецце — складаны колас. У П. цвёрдай каласкі размешчаны на стрыжні шчыльна, у мяккай — рыхла. Плод — зярняўка. Зерне голае або плевачнае, белае, чырв. ці фіялетавае, мучністае або шклопадобнае, падоўжанай ці шарападобнай формы з баразёнкай на баку. Мае ў сабе да 30% бялку, 60—64% вугляводаў, 2% тлушчу, вітаміны, ферменты, мінер. рэчывы і інш. Па хлебапякарных уласцівасцях адрозніваюцца слабыя, сярэднія і моцныя сарты П. мяккай. З зерня П. атрымліваюць муку, крупы, крухмал, спірт. Вотруб’е і інш. адходы памолу — канцэнтраваны корм, сыравіна для камбікормавай прам-сці. Салома — грубы корм і подсціл для жывёлы, выкарыстоўваецца таксама ў вытв-сці паперы, кардону, упаковачнага матэрыялу, для пляцення кошыкаў, капелюшоў, дэкар. вырабаў. Зялёная маса скормліваецца жывёле.
На Беларусі П. вядома з 6—8 ст.: апаленае зерне знойдзена на гарадзішчах Банцараўскае (Мінскі р-н) і Загорцы (Гарадоцкі р-н Віцебскай вобл.). Вырошчваецца 15 сартоў азімай і каля 12 сартоў яравой П. (2000). Культывуюцца сарты мясц. селекцыі, атрыманыя ў Бел.НДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр. навук Беларусі, азімай П.: Бярэзіна, Каравай, Капылянка, Пошук і інш.; яравой П.: Беларуская 80, Ленінградка, Ростань і інш.
Літ.:
Вавилов Н.И. Мировые ресурсы сортов хлебных злаков, зерновых, бобовых, льна и их использование в селекции: Пшеница. М.; Л., 1964;
Носатовский А.И. Пшеница: Биология. 2 изд. М., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕН-П’ЕР І МІКЕЛО́Н (Saint-Pierre et Miquelon),
уладанне Францыі ў Атлантычным ак., на Пд ад в-ва Ньюфаўндленд. Складаецца з 8 астравоў, найб. з якіх Мікелон (пл. 216 км²) і Сен-П’ер (пл. 25 км²). Агульная пл. 242 км². Нас. 6,9 тыс.чал. (2000), нашчадкі франц. пасяленцаў з Нармандыі і Брэтані. Афіц. мова французская. Вернікі пераважна католікі. Адм., асноўны эканам. цэнтр і порт — г.Сен-П’ер. Астравы раўнінныя і ўзгорыстыя, выш. да 240 м (г. Гранд-Мантань на в-ве Мікелон). Клімат умераны марскі, вільготны. Сярэдняя т-раліп. 14 °C, лютага -3 °C. За год выпадае больш за 1400 мм ападкаў. У раслінным покрыве пераважаюць таежныя лясы з елкі, забалочаныя лугі, тарфяныя сфагнавыя балоты. Аснова гаспадаркі — рыбалоўства і перапрацоўка рыбы. Валавы ўнутр.прадукт 74 млн.дол., каля 11 тыс.дол. на 1 чал. (1996). Прыбярэжная лоўля рыбы. У г. Сен-П’ер халадзільнікі і прадпрыемствы па перапрацоўцы рыбы (сушка, саленне, вэнджанне, вытв-сць кансерваў, рыбнай мукі і тлушчу); прадпрыемствы па рамонце рыбалавецкіх суднаў і рыштунку, абслугоўванне рыбалавецкіх суднаў і інш. Ёсць асобныя лесанарыхтоўчыя і дрэваапр. прадпрыемствы. Мясц. значэнне мае харч. (хлебапякарная, безалкагольных напіткаў) і лёгкая прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 39 млн.кВт∙гадз (1996). На некалькіх звераводчых фермах вырошчваюць серабрыстых лісоў і норак. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 3 тыс.га зямлі. Пераважае жывёлагадоўля, гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Птушкагадоўля. Земляробства абмежавана неспрыяльнымі прыроднымі ўмовамі. Найб. развіта вырошчванне агародніны і бульбы. Транспарт марскі, аўтамаб., авіяцыйны. Усе знешнегандл. сувязі адбываюцца праз порт Сен-П’ер, на астравах 114 км аўтадарог, у т. л. 69 км з цвёрдым пакрыццём; 2 аэрадромы, у т. л.міжнар. на в-ве Сен-П’ер (паветраная сувязь пераважна з Канадай). Замежны турызм (пераважна з Канады, ЗША Францыі). Экспарт — рыба, рыбапрадукты і пушніна; імпарт — харч. і прамысл. тавары, паліва і інш. Уладанне атрымлівае эканам. дапамогу Францыі. Грашовая адзінка — франц. франк.
У пач. 16 ст. С.-П. і М. наведвалі нармандскія, гасконскія і брэтонскія рыбакі. У 1536 франц. мараплавец Ж.Карцье абвясціў астравы ўладаннем Францыі. Уваходзіла ў склад франц. калоніі Квебек. Пасля страты Квебека ў сярэдзіне 18 ст. — адзінае франц. ўладанне ў Паўн. Амерыцы; канчаткова замацаваны за Францыяй у 1816. З 1946 заморская тэрыторыя Францыі, з 1976 — заморскі дэпартамент, з 1985 — тэр. адзінка Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
працэс стварэння матэрыяльных і духоўных даброт, прызначэннем якіх з’яўляецца максімальнае задавальненне людскіх патрэб. Адрозніваюць вытворчасць індывідуальную (у межах прадпрыемства, фірмы) і грамадскую (як сістэму вытв. сувязей паміж прадпрыемствамі ў межах грамадства). Грамадская вытворчасць акрамя ўласна вытворчасці ўключае спажыванне, размеркаванне і абмен. На функцыянаванне вытворчасці ўплываюць яе аб’ём, цана, грашовая маса, попыт, прапанова, выручка, альтэрнатыўная вартасць, выдаткі, занятасць, інвестыцыі, экспарт, імпарт, валютны курс, схільнасць да спажывання і ашчаджання і інш. З боку паводзін суб’екта гаспадарання ў эканам. сістэме вытворчасць разглядаецца як аб’ект жаданняў, чаканняў, рызыкі, выбару і прыняцця рашэння, з боку функцыянавання — як працэс узаемадзеяння фактараў вытворчасці і іх трансфармацыі ў прадукты. Асн. фактары вытворчасці — зямля, праца, капітал і прадпрымальніцкі талент. Кожнаму з іх адпавядае свая форма даходу (рэнта, заработная плата, працэнт і прадпрымальніцкі прыбытак). Для вытворчасці характэрны падзел працы, які мае 2 бакі — спецыялізацыю і кааперацыю. Вылучаюць 3 узроўні падзелу працы: адзінкавы (унутры прадпрыемства), асобны (паміж прадпрыемствамі), агульны (у межах грамадства).
Эканам. суб’ектам вытворчасці з’яўляецца прадпрымальнік або калектыў. Яго гал.сац. функцыя — арганізацыя высокадаходнай і высокаэфектыўнай вытворчасці. Па меры максімізацыі вытворчасці пэўнага прадукту эфектыўнасць яго выкарыстання зніжаецца. Максімальная велічыня выпуску прадукцыі пры дадзеным аб’ёме выкарыстання фактараў вытворчасць вызначаецца вытв. функцыяй. На развіццё вытворчасці ўплываюць прадукцыйныя сілы і вытворчыя адносіны. Развіццё прадукц. сіл ідзе па шляху зніжэння матэрыялаёмістасці (уратоўванне прыроды) і працаёмістасці (уратоўванне чалавека). Чалавек усё больш вызваляецца ад непасрэднага працэсу вытворчасці і становіцца яго рэгуліроўшчыкам. Для развіцця вытв. адносін характэрны кансерватызм, адставанне ад развіцця прадукц. сіл. Гістарычна вядомы 3 формы вытворчасці: натуральная, таварная і планавая. Таварная вытворчасць узнікла з натуральнай, прайшла стадыю простай таварнай вытворчасці і зараз знаходзіцца на стадыі капіталістычнай, якая развіваецца ў планавую. Планамерна грамадская вытворчасць развіваецца толькі там, дзе створаны адпаведныя ўмовы: грамадская ўласнасць на сродкі вытворчасці, інфарм. інфраструктура, высокая вытворча-працоўная і эканам. культура ўсіх суб’ектаў гаспадарання. Звычайна вытворчасць выступае як бесперапынны працэс, г.зн. як узнаўленне вытв-сці. Адрозніваюць 2 асн. тыпы вытворчасці: экстэнсіўны (колькасны прырост сродкаў вытворчасці і рабочай сілы) і інтэнсіўны (якаснае абнаўленне сродкаў вытворчасці і рабочай сілы пры скарачэнні яе колькасці). Для Беларусі апошняга 50-годдзя характэрна пераважна экстэнсіўная вытворчасць. Валавы ўнутр.прадукт краіны ў 1995 склаў 10 304,4 млн.дол. ЗША (Расіі — 364 295 млн.дол.).
Літ.:
Маркс К. Капітал. Т. 1. Мн., 1952;
Хико Дж.Р. Стоимость и капитал: Пер. с англ.М., 1993;
Современная экономика. Ростов н/Д, 1995;
Рыночное реформирование экономики Беларуси: Темат. сб. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБІНАВА́ННЕў вытворчасці,
форма арганізацыі грамадскай вытв-сці, якая ўяўляе сабой тэхнал. спалучэнне ў адным прадпрыемстве (камбінаце) узаемазвязаных разнародных вытв-сцей адной або розных галін прам-сці. Прыкметы: аб’яднанне разнародных вытв-сцей; прапарцыянальнасць паміж імі; тэхніка-эканам. адзінства паміж гэтымі вытв-сцямі (зліццё розных спецыялізаваных вытв-сцей у адзіны арганізац.-тэхн. комплекс, які абслугоўваецца адзінай агульнакамбінацкай дапаможнай гаспадаркай, праца па адзіным плане і наяўнасць агульнага кіраўніцтва); вытв. адзінства (усе часткі камбіната размешчаны на адной тэрыторыі і звязаны паміж сабой агульнымі камунікацыямі).
У залежнасці ад характару вытв-сці, тэхналогіі і аб’яднання ў вытв. працэсе асобных стадый перапрацоўкі сыравіны і матэрыялаў К. выступае ў 3 асн. формах: паслядоўная перапрацоўка сыравіны да атрымання гатовай прадукцыі (напр., у чорнай металургіі на першай стадыі жал. руды выплаўляюць чыгун, затым у сталеліцейнай вытв-сці яго пераплаўляюць у сталь, а потым у пракатнай вытв-сці перапрацоўваюць у сартавы або ліставы пракат); комплексная перапрацоўка сыравіны, калі з аднаго яе віду выпрацоўваюцца розныя віды прадукцыі (напр., нафтаперапр. і нафтахім. камбінаты, дзе з нафтавай сыравіны атрымліваюць алефіны, араматычныя вугляроды, бутадыен, з якіх тут жа выпрацоўваюць хім. рэчывы для канчатковага прадукту вытв-сці камбіната — сінт. каўчук, пластмасы і інш.); выкарыстанне спадарожных прадуктаў і адходаў вытв-сці (напр., К. ў каляровай металургіі з хім. прам-сцю, калі адходы перапрацоўкі руды ў выглядзе сярністага ангідрыду выкарыстоўваюцца для атрымання серы і сернай к-ты). Многія сучасныя камбінаты спалучаюць 2 або нават 3 формы К.
Узровень К. характарызуюць наступныя паказчыкі: колькасць вытв-сцей, што ўваходзяць у склад камбіната; доля канкрэтнай прадукцыі, якая выпускаецца камбінатамі ў агульным аб’ёме вытв-сці; колькасць відаў карысных кампанентаў, атрыманых з зыходнай сыравіны; колькасць кожнага віду прадукцыі, створанай з адзінкі пэўнай сыравіны; удзельная вага сыравіны і паўфабрыкатаў, што перапрацоўваюцца ў наступны прадукт на месцы іх атрымання і інш. Камб шаты маюць істотныя эканам. перавагі ў параўнанні з некамбінаванымі прадпрыемствамі: для іх як для буйных прадпрыемстваў характэрны ўсе перавагі канцэнтрацыі вытв-сці; скарачаюцца выдаткі на перавозку паўфабрыкатаў і на стварэнне складскіх памяшканняў; расшыраецца сыравінная база ў выніку выкарыстання пабочных прадуктаў і адходаў вытв-сці, што паляпшае і экалагічную сітуацыю ў рэгіёне; больш інтэнсіўна выкарыстоўваюцца прылады працы за кошт высокага ўзроўню неперарыўнасці вытв. працэсаў; паскараецца абарачальнасць абаротных сродкаў за кошт скарачэння перапынкаў паміж асобнымі стадыямі вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТО́Й АЛЕ́НЫ ВО́СТРАЎ (Saint Helena Island),
уладанне Вялікабрытаніі ў паўд.ч. Атлантычнага ак. Уключае аднайм. востраў (пл. 122 км², нас. 7,2 тыс.чал., 1999), в-аў Узнясення (пл. 88 км², нас. 1,1 тыс.чал., 1993) а-вы Трыстан-да-Кунья (пл. 201 км², нас. 0,3 тыс.чал., 1993). Агульная пл. 411 км². Нас. каля 9 тыс.чал. (2000). Адм. ц. і порт — г. Джэймстаўн на в-ве Св. Алены. Афіц. мова англійская. Астравы вулканічныя, складзеныя з базальтаў, трахітаў, рыялітаў. Найвыш. пік Мэры на в-ве Трыстан з групы а-воў Трыстан-да-Кунья (2060 м). Клімат трапічны, пасатны, гарачы на в-ве Узнясення, цёплы на в-ве Св. Алены, марскі ўмераны на а-вах Трыстан-да-Кунья. На в-ве Св. Алены т-растудз. каля 23 °C, ліп. каля 20 °C, выпадае за год каля 1000 мм ападкаў. У расл. покрыве ўсіх астравоў пераважаюць травы і хмызнякі. Пад лесам каля 2 тыс.га (толькі на в-ве Св. Алены). Насельніцтва — нашчадкі англічан, афрыканцаў, выхадцаў з краін Азіі. Большасць вернікаў англікане і баптысты. Аснова эканомікі — рыбалоўства, промысел крэветак і лангустаў, сельская гаспадарка, выраб сувеніраў. Валавы ўнутр.прадукт на 1 чал. — 2000 дол. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 2,5 тыс.га зямлі пераважна на в-ве Св. Алены. Гал. экспартная культура — новазеландскі лён (ідзе на выраб высакаякасных канатаў, шпагату), займае каля 1,5 тыс.га. Вырошчваюць таксама бульбу, кукурузу, агародніну. Садоўніцтва. Жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Ёсць прамысл. прадпрыемствы па апрацоўцы лёну, вытв-сці канатаў, вырабу мэблі, вышывак і карункаў, харчовыя (у т. л. рыбаперапрацоўчыя), невял. электрастанцыі (6 млн.кВт∙гадз, 1996) і інш. Транспарт аўтамаб. і марскі. А-вы Св. Алены і Узнясення — базы бункероўкі суднаў, прамежкавыя пункты міжкантынент. кабеляў. Турызм (в-аўСв. Алены). Астравы экспартуюць рыбу і рыбапрадукты, канаты, рамесніцкія вырабы, імпартуюць прамысл. тавары і харч. прадукты. Атрымліваюць эканам. дапамогу ад Вялікабрытаніі. Грашовая адзінка — фунт в-ва Св. Алены.
Адкрыты партугальцамі ў 1502. У 1653 захоплены галандцамі. З 1673 пад уладай брыт. Ост-Індскай кампаніі. У 1815—21 месца ссылкі і смерці Напалеона I. З 1834 калонія Вялікабрытаніі. Пасля адкрыцця Суэцкага канала (1869) заняпаў. У 1-ю і 2-ю сусв. войны брыт. марская база. У 1967 на в-ве створаны заканад. і выканаўчы саветы, якія выбіраюцца мясц. жыхарамі. У 1988 прынята канстытуцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМЕ́Н РЭ́ЧЫВАЎ, метабалізм,
сукупнасць хім. ператварэнняў рэчываў у жывых арганізмах, якія забяспечваюць іх развіццё, жыццядзейнасць, самаўзнаўленне, сувязь з навакольным асяроддзем і адаптацыю да змен у ім. Аснову абмену рэчываў складаюць непарыўна звязаныя і ўзаемаабумоўленыя працэсы анабалізму, катабалізму і абмену энергіі. У сукупнасці яны забяспечваюць структурную і функцыян. цэласнасць арганізмаў, ляжаць у аснове іх гамеастазу. У планетарным маштабе абмен рэчываў складае важную частку кругавароту рэчываў у прыродзе. Для кожнага віду жывых арганізмаў характэрны свой, генетычна замацаваны ўзровень абмену рэчываў, які залежыць ад іх спадчынных уласцівасцяў, месца ў эвалюцыйным радзе, узросту, полу, умоў існавання і інш. фактараў (напр., абмен рэчываў ніжэйшы ў раслін і халаднакроўных жывёл, вышэйшы ў цеплакроўных, слабы ў час спячкі, анабіёзу, высокі ў перыяд размнажэння і г.д.). Пры вял. і разнастайным асартыменце арган. рэчываў, якія ўцягваюцца ў абмен, агульная яго схема ў розных арганізмаў падобная, вызначаецца ўпарадкаванасцю і падабенствам паслядоўнасці біяхім. ператварэнняў, што адбываюцца пры абавязковым удзеле ферментаў. Дзякуючы абмену рэчываў з пажыўных рэчываў утвараюцца характэрныя для дадзенага арганізма злучэнні, якія выкарыстоўваюцца як буд. ці энергет. матэрыял, пастаянна і няспынна абнаўляюцца органы і тканкі без прынцыповай змены іх хім. саставу. Асн. тыпы злучэнняў, якія ўдзельнічаюць у абмене рэчываў у арганізме, — бялкі, тлушчы, вугляводы, мінеральныя рэчывы. Іх навук. даследаванне вылучаецца ў самаст. раздзелы біяхіміі.
Ператварэнні рэчываў ад моманту іх паступлення ў арганізм да ўтварэння канчатковых прадуктаў распаду складаюць сутнасць т.зв. прамежкавага абмену рэчываў. Асн. яго этапы: ператраўленне і ўсмоктванне пажыўных рэчываў у страўнікава-кішачным тракце; дастаўка атрыманых рэчываў да розных органаў і тканак; іх перабудова, раскладанне і выкарыстанне для біясінтэзу спецыфічных рэчываў, клетак і тканак; раскладанне такіх рэчываў з утварэннем прамежкавых злучэнняў і канчатковых прадуктаў абмену; выдаленне апошніх з арганізма. Цэнтр. месца ў абмене рэчываў належыць цыклу трыкарбонавых кіслот, у якім перакрыжоўваюцца шляхі бялковага, вугляводнага, тлушчавага абмену (гл. схему). Найважн. прамежкавы прадукт абмену рэчываў — ацэтылкаэнзім A, які ўдзельнічае ва ўсіх працэсах анабалізму і катабалізму і аб’ядноўвае іх; асн. канчатковыя прадукты — H2O, CO3, NH3, мачавіна і інш. У рэгуляванні працэсаў абмену рэчываў гал. месца займаюць змены актыўнасці і інтэнсіўнасці сінтэзу клетак, абмен можа самарэгулявацца па прынцыпе адваротнай сувязі. Вял. значэнне ў рэгуляванні абмену рэчываў маюць біял. мембраны. У высокаарганізаваных жывёл рэгулюецца і каардынуецца нейрагумаральнай сістэмай пры ўдзеле біял. актыўных рэчываў (вітаміны, гармоны, медыятары і інш.). Разбалансаванне абмену рэчываў з’яўляецца прычынай або вынікам узнікнення разнастайных хвароб, фіксацыя змен у ім — важны дыягнастычны сродак. Гл. таксама Бялковы абмен, Вугляводны абмен, Тлушчавы абмен, Мінеральны абмен.
Літ.:
Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1985;
Страйер Л. Биохимия: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1984—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭА́КТАРЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,
прамысловыя апараты для ажыццяўлення рэакцый хімічных; адны з асн. апаратаў тэхнал, установак хім. вытв-сці. Назва Р.х. (газагенератар, канвертар і інш.) звычайна вызначаецца працэсам, які ў ім праводзіцца. У шырокім сэнсе да Р.х. могуць быць аднесены гарэлкі, рухавікі, акумулятары і інш. апараты, у якіх таксама адбываюцца хім. рэакцыі, але гал. з’яўляецца цеплавы ці эл. эфект, мех. работа і інш., а не іх хім.прадукт.
Р.х. класіфікуюць паводле характару працякання працэсу ў часе (Р.х. перыяд., бесперапыннага і паўбесперапыннага дзеяння), цеплавога рэжыму работы (ізатэрмічныя, адыябатычныя, політрапічныя), рэжыму руху рэакцыйнага асяроддзя (поўнага выцяснення або змяшэння, Р.х. прамежкавага тыпу), фазавага стану рэагентаў (Р.х. для гамагенных рэакцый у газавай ці вадкай фазах, для гетэрагенных рэакцый у сістэмах газ—вадкасць, газ—цвёрдае цела і каталітычных гетэрагенных рэакцый у сістэмах газ—цвёрдае цела, вадкасць—цвёрдае цела або ў вадкай фазе). Паводле тыпу канструкцыі Р.х. падзяляюць на ёмістасныя, калонныя, трубчастыя. Ёмістасныя Р.х. — полыя апараты найчасцей з прыладамі для перамешвання; у газа-вадкасных сістэмах перамешванне можа праводзіцца барбатаваннем. Цеплаабмен у такіх апаратах ажыццяўляецца праз паверхню Р.х. ці шляхам частковага выпарэння вадкага кампанента. Да рэактараў гэтага тыпу адносяць таксама апараты з нерухомым ці псеўдаажыжаным слоем (адным або некалькімі) каталізатара. У ёмістасных Р.х. праводзяць бесперапынныя, перыяд. і паўбесперапынныя працэсы. Калонныя Р.х. — пустацелыя або запоўненыя каталізатарам ці насадкай апараты. Для паляпшэння міжфазнага масаабмену ў іх выкарыстоўваюць дыспергаванне з дапамогай распырсквальнікаў, барбацёраў, мех. ўздзеяння (вібрацыя талерчатай насадкі, пульсацыя патокаў фаз) ці насадкі (цвёрдыя целы рознай формы — кольцы, кольцы з перагародкамі і інш.), якія забяспечваюць высакаскорасны плёначны рух фаз. У такіх Р.х. ажыццяўляюць бесперапынныя працэсы ў двух- ці трохфазных сістэмах. Трубчастыя Р.х. выкарыстоўваюць для правядзення каталітычных рэакцый з цеплаабменам у рэакцыйнай зоне праз сценкі трубак, высокатэмпературных газафазных рэакцый. Спецыфічныя ўласцівасці маюць Р.х. для электрахім, (гл. Электроліз), плазмахім. і радыяцыйна-хім. працэсаў. Разлік Р.х. грунтуецца на даных па тэрмадынаміцы і кінетыцы рэакцый, скорасці цёпла- і масаабмену (гл. Макракінетыка) з улікам структуры патокаў у апаратах; поўны разлік праводзяць метадам мадэліравання (гл. Мадэліраванне ў навуцы і тэхніцы) з выкарыстаннем ЭВМ.
Выкарыстоўваюць Р.х., у т. л. на прадпрыемствах Беларусі, у тэхналогіі неарган. (вытв-сць аміяку, салянай і азотнай кіслот, аміячнай салетры і інш.) і арган. рэчываў (дэгідрыраванне н-бутэнаў, атрыманне ацэтылену з вуглевадародаў, перапрацоўка вадкага і газападобнага паліва і інш.), тэхналогіі асн.арган. сінтэзу і палімераў (атрыманне ацэтылену крэкінгам метану, нітрабензолу, стыролу, полімерызацыя этылену, хлорыстага вінілу і інш.), а таксама ў інш. галінах прам-сці. Гл. таксама Хімічная тэхналогія.
Асноўныя тыпы рэактараў хімічных: а — праточны ёмісты рэактар з мяшалкай і цеплаабменнай абалонкай, б — мнагаслойны каталітычны рэактар з прамежкавымі цеплаабменнымі элементамі (ЦЭ), в — калонны рэактар з насадкай (Н) для двухфазнага працэсу, Г — трубчасты рэактар; 3 — зыходныя рэчывы, П — прадукты рэакцыі, Ц — цепланосьбіт, К — каталізатар.