ГАЛЫ́Н,
комплексныя злучэнні, крышталегідраты двайных сульфатаў саставу M1MIII(SO4)2∙12H2O ці MI2SO4 × M2III(SO4)3∙24H2O (MI — адназарадны катыён: Na+, K+, Rb+, Cs+, NH4+ і інш.; MIII — трохзарадны катыён: Al3+, Cr3+, Fe3+, Ga3+ і інш.). Існуюць таксама селенатны галын саставу MIMIII(SeO4)2∙12H2O і т.зв. псеўдагалын, які ўтвараюць двухзарадныя катыёны, напр. FeSO4xAl2(SO4)3∙24H2O.
Вядома некалькі дзесяткаў галынаў. Пры звычайных умовах устойлівыя крышт. рэчывы з вяжучым, кіслым смакам. На ўласцівасці галынаў больш значна ўплывае адназарадны катыён M+, У галынаў, якія маюць аднолькавы катыён M3+, у радзе Na, K, NH4, Rb, Cs растваральнасць у вадзе памяншаецца, т-ра плаўлення і тэрмічная ўстойлівасць павялічваюцца (напр., алюманатрыевы галын мае tпл 61 °C, алюмацэзіевы — 117 °C). Пры награванні плавяцца ў крышталізацыйнай вадзе, потым дэгідратуюць у 2 ці некалькі стадый. Прадукт дэгідратацыі — галын бязводны ці палены.
У прыродзе трапляецца алюмакаліевы, алюманатрыевы (мінерал чэрмігіт). Выкарыстоўваюць у асн. алюмініевы галын, хромава-каліевы (гл. Хромавы галын) і жалеза-амоніевы для дублення скуры, праклейвання паперы, як пратраву пры фарбаванні тканін, каагулянты пры водаачыстцы, рэактывы ў фатаграфіі.
І.В.Боднар.
т. 4, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)