ГЕАТЭХНІ́Я (ад геа... + грэч. techne мастацтва, майстэрства, уменне),
прыродазнаўча-тэхнічная дысцыпліна, якая распрацоўвае прынцыпы і метады рацыянальнага ўмяшання ў прыродныя працэсы для наладжвання аптымальнага ўзаемадзеяння паміж грамадствам і прыродай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУЛЬФАКА́Р,
праход паміж Туркмена-Харасанскімі гарамі і Парапамізам. Злучае паўд. раёны Туркменістана з суседнімі часткамі Ірана і Афганістана. Даўж. 14 км. Па З. ў цясніне цячэ р. Герыруд (Тэджэн).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ САДЗЕ́ЙНІЧАННЯ ААН,
няўрадавая арг-цыя, член Сусветнай Федэрацыі Асацыяцый садзейнічання ААН. Засн. 17 арг-цыямі і ўстановамі Беларусі на ўстаноўчай канферэнцыі ў вер. 1989. Асн. мэты: развіццё і каардынацыя руху ў падтрымку ААН, інфармаванне грамадскасці пра яе дзейнасць, аб’яднанне намаганняў ва ўмацаванні даверу і дружбы паміж народамі, ахова правоў чалавека. Падтрымлівае на няўрадавым узроўні знешнюю палітыку, міжнар.эканам. і сац. праграмы Рэспублікі Беларусь. Дзейнічае ў цеснай сувязі з Прадстаўніцтвам ААН у Рэспубліцы Беларусь. Вышэйшы орган — канферэнцыя, паміж канферэнцыямі Беларускай асацыяцыяй садзейнічання ААН кіруюць праўленне, прэзідыум і прэзідэнт. Штаб-кватэра ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКАЯ БІ́ТВА 1564,
адбылася пад Оршай у канцы студз. ці пач.лют.паміж авангардам войска Маск. дзяржавы на чале з ваяводам П.Сярэбраным і атрадам войска ВКЛ на чале з Ф.Кмітам-Чарнабыльскім і Ю.Осцікавічам у ходзе Інфлянцкай вайны 1558—82. Групоўка рус. войска (паводле М.Стрыйкоўскага, 50 тыс.чал.) паспешна адступіла: яе камандаванне палічыла, што ў бой уступілі асн. сілы ВКЛ, якія нанеслі паражэнне другой групоўцы рус. войск у Ульскай бітве 1564. У выніку гэтай бітвы і бітвы на Уле на 1-м этапе вайны была адноўлена ваен. раўнавага паміжВКЛ і Маскоўскай дзяржавай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎГСБУРГСКІ РЭЛІГІ́ЙНЫ МІР 1555,
паміж германскімі пратэстанцкімі князямі і імператарам Карлам V. Абвешчаны 25 вер. на рэйхстагу ў Аўгсбургу (адсюль назва). Завяршыў шэраг войнаў паміж каталікамі і пратэстантамі. Прызнаў раўнапраўе каталікоў і лютэран (не распаўсюджваўся на цвінгліянцаў, кальвіністаў, анабаптыстаў), устанавіў права князёў вызначаць веравызнанне сваіх падданых («чыя краіна, таго і вера»), санкцыянаваў усе царк. пераўтварэнні ў пратэстанцкіх княствах, у т. л. праведзеную там секулярызацыю царк. уласнасці і інш. Завяршыў распад Германіі на аўт. землі, умацаваў уладу князёў, прывёў да адрачэння ад прастола Карла V, пахаваўшы яго ідэю пра стварэнне сусв. імперыі Габсбургаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ У́НІІ ПО́ЛЬШЧЫ З ЛІТВО́Ю 1385—1791,
«Akta Unii Polski z Litwą 1385—1791», зборнік дакументаў па гісторыі уніі (саюза) паміж Каралеўствам Польскім і ВКЛ. Выдадзены Польскай АН і Варшаўскім навук. т-вам (Кракаў, 1932). Складзены С.Кутшэбам і У.Сямковічам. Уключана 177 дакументаў на бел., польскай і лац. мовах. Першы змешчаны дакумент — акт Крэўскай уніі 1385, выдадзены Ягайлам, апошні — прынятая Чатырохгадовым соймам 1788—92 канстытуцыя (закон) 20.10.1791 «Аб заручэнні абодвух народаў», якой замацоўваўся саюз абедзвюх дзяржаў (ВКЛ і Польшчы) у складзе Рэчы Паспалітай. Акрамя тэкстаў усіх уній паміж Польшчай і ВКЛ змешчана шмат дадатковых дакументаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́Я (франц. allēe),
дарога ў парках, лесапарках, скверах, на бульварах, вуліцах, абапал абсаджаная дрэвамі або кустамі. Важны кампазіцыйны элемент паркавых ландшафтаў і азелянення нас. пунктаў, выконвае ахоўныя функцыі. Тыпы алей — прамыя ў рэгулярных і крывалінейныя ў пейзажных парках і садах.
Для алей часцей выкарыстоўваюць высакарослыя і шыракакронавыя пароды (дуб звычайны, ліпа драбналістая, клён вастралісты, лістоўніца еўрапейская, граб звычайны, елка, вяз і інш.). Сярэдняя адлегласць паміж дрэвамі 5 м, паміж радамі 10 м. У прысадах часам ствараюць нішы для лавак, скульптуры малых арх. формаў.
Бярозавая алея ў Цэнтральным батанічным садзе АН Беларусі ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАРАДЖА́ЛЬНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
гідратэхнічныя збудаванні для засцярогі партовай акваторыі ад хваляў, плыняў, наносаў і лёду. Бываюць унутраныя (прадухіляюць утварэнне хваляў у акваторыі порта) і знешнія. Да агараджальных збудаванняў адносяцца молы і хваляломы (на морах, вадасховішчах, азёрах), лёдаахоўныя дамбы і ледарэзы (на рэках). Паміж берагам і агараджальнымі збудаваннямі або паміж суседнімі агараджальнымі збудаваннямі пакідаюць праход для суднаў. З боку мора (вадаёма) кожнае агараджальнае збудаванне мае пашыраную частку абцякальнай формы, якая будуецца звычайна на глыбіні не меншай за падводную вышыню разліковай хвалі. Пры праектаванні агараджальных збудаванняў улічваюць канфігурацыю берага і дна, напрамак вятроў, плыняў і наносаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЁНКА,
аддзел задняй канечнасці ў земнаводных і наземных пазваночных, нагі ў чалавека паміж сцягном і ступнёй. Шкілет галёнкі складаюць вяліка- і малагалёначныя косці, якія зверху сучляняюцца, на працягу і канцах злучаны звязкамі. Мышцы галёнкі падзяляюцца на 3 групы: пярэднюю (складаецца з разгінальнікаў ступні і пальцаў), вонкавую (мышцы, што згінаюць, адводзяць і паварочваюць ступню), заднюю (згінальнікі пальцаў, ступні, галёнкі). Кровазабеспячэнне галёнкі адбываецца з разгалінаванняў падкаленнай артэрыі; паверхневыя вялікая і малая падскурныя вены і глыбокія вялікагалёначныя вены забяспечваюць адток крыві ад галёнкі. Галёнка членістаногіх — членік нагі паміж сцягонцам (у насякомых) ці каленным членікам (у павукападобных) і лапкай, звычайна членістай.
чэшскі хімік, стваральнік паляраграфіі. Чл. Чэхаславацкай АН (1952). Скончыў Пражскі ун-т (1918), з 1922 праф. гэтага ун-та, у 1926 працаваў у Сарбоне (Парыж). У 1950—67 дырэктар Дзярж. паляраграфічнага ін-та ў Празе, які з 1964 носіць яго імя. Пры даследаванні электролізу на ртутна-кропельным электродзе ўстанавіў залежнасць паміж патэнцыяламі аднаўлення і акіслення рэчываў і іх прыродай, а таксама паміж велічынёй дыфузійнага току і канцэнтрацыяй рэчыва ў электраліце (1922), што дало пачатак паляраграфіі. Нобелеўская прэмія 1959.
Тв.:
Рус.пер. — Основы полярографии. М., 1965 (разам з Я.Кута).