ПЕ́РСЫ (саманазва ірані),
нацыя, асн. насельніцтва Ірана. Агульная колькасць больш за 25 млн. чал. (сярэдзіна 1990-х г.). Жывуць таксама ў ЗША (больш за 230 тыс. чал.), Іраку (220 тыс. чал.) і інш. Гавораць на персідскай мове (фарсі). Вернікі — мусульмане-шыіты.
т. 12, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДО́ВІЧЫ,
катэгорыя насельніцтва Стараж. Русі, якая знаходзілася ў залежнасці ад гаспадара ў адпаведнасці з «радам» (дамовай). Паводле свайго юрыд. становішча Р. блізкія да закупаў. «Руская праўда» прадугледжвала за забойства Р. такі ж штраф, як і за забойства халопа або смерда.
т. 13, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ДЛЕНД (ад англ. woodland лясная мясцовасць),
назва апошняга з трох археалагічна выяўленых перыядаў гісторыі насельніцтва ўсх. раёнаў Паўн. Амерыкі (1-е тыс. да н.э. — 16 ст. н.э.). Вызначаюць 3 стадыі яго развіцця: на ранняй (1-е тыс. да н.э.) асн. заняткамі насельніцтва былі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва (на перыферыі зоны яны існавалі і на больш позніх стадыях); на сярэдняй (1-е тыс. да н.э. — сярэдзіна 1-га тыс. н.э.) развівалася земляробства, узнікалі аселыя паселішчы, пачалася апрацоўка серабра, медзі, метэарытнага жалеза; на позняй (5—16 ст.) ствараліся протагарадскія цэнтры з землянымі насыпамі вакол гарадзішчаў, характэрны вял. земляныя піраміды з храмавымі будынкамі на вяршыні, высокі ўзровень маст. апрацоўкі металаў і керамікі. У першае стагоддзе еўрап. каланізацыі Паўн. Амерыкі гэтыя культ. цэнтры перасталі існаваць.
т. 4, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПАНСЕРЫЗА́ЦЫЯ,
метад дынамічнага назірання за станам здароўя насельніцтва, які ўключае комплекс прафілакт., дыягнастычных і лячэбна-аздараўленчых мерапрыемстваў. Ажыццяўляецца дыспансерамі для ўмацавання здароўя і захавання працаздольнасці насельніцтва. Уключае пастаянны нагляд за станам здароўя асоб, якія знаходзяцца на дыспансерным уліку, вывучэнне і аздараўленне ўмоў іх працы і быту, выяўленне і лячэнне хворых на пач. стадыях хвароб, правядзенне індывідуальнай і сац. прафілактыкі.
Адрозніваюць 2 формы Д.; здаровых асоб (дзеці, падлеткі, цяжарныя, спартсмены) і хворых (хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы, язвавая хвароба, цукр. дыябет, новаўтварэнні і інш.). На Беларусі ўведзена ў 1919—21 як спосаб работы ўстаноў аховы маці і дзіцяці, з 1925—27 — прамысл. рабочых.
Літ.:
Демченкова Г.З., Полонский М.Л. Теоретические и организационные основы диспансеризации населения. М., 1987.
Э.А.Вальчук.
т. 6, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯ́ЧАЯ СМЯРО́ТНАСЦЬ,
смяротнасць дзяцей да 1 года на 1 тыс. жыванароджаных; адзін з найважнейшых паказчыкаў стану здароўя насельніцтва. Узровень Дз.с. бывае нізкі (да 30%), сярэдні (30—50%) і высокі (больш як 50%). Найб. паказчык Дз.с. — першыя 27 дзён — неанатальная смяротнасць (ранняя — першы тыдзень жыцця і позняя — 8—27 дзён), у наступныя 11 месяцаў — постнеанатальная Дз.с. Перынатальная Дз.с. — мёртванароджаныя, ці Дз.с. у першыя 7 сутак (паказчыкі: да 10—15 % — нізкі, 15—25 — сярэдні, больш як 25% — высокі). Перынатальную Дз.с. падзяляюць на антэнатальную (да родаў), інтранатальную (пры родах) і постнатальную (першы тыдзень). Асн. прычына перынатальнай Дз.с. ў апошнія дзесяцігоддзі — асфіксія, расстройствы дыхання. прыроджаныя анамаліі развіцця. Розніца ўзроўню нараджальнасці і смяротнасці вызначае паказчык натуральнага прыросту насельніцтва. На Беларусі Дз.с. складае 12,5% (1996).
Р.У.Дэрфліо.
т. 6, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗГО́І,
1) катэгорыя насельніцтва ў Кіеўскай Русі і некат. усх.-слав. княствах 11—12 ст. Упамінаюцца ў Рускай праўдзе, устаўнай грамаце 1136—37 (з прыпіскаю 1150) смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча і царк. статуце наўгародскага кн. Усевалада Мсціславіча (12 ст., па інш. меркаваннях 14 ст.). Большасць І. паходзіла з сялян, якія пакінулі сваю абшчыну, засталіся без зямлі, сродкаў вытв-сці і мусілі перайсці ў феад. залежнасць. І. станавіліся таксама б. рабы, якім удалося атрымаць ці выкупіць у феадала свабоду. У далейшым яны маглі перайсці ў склад вотчынных сялян. І. меліся ва ўдзелах царк. і свецкіх феадалаў. У працэсе феадалізацыі грамадства зліліся з асн. масай феадальна-залежнага насельніцтва.
2) Людзі, якія па розных абставінах выбылі са свайго б. грамадскага становішча.
А.В.Іоў.
т. 7, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́НСКІ (Мсціслаў Адамавіч) (28.4.1839, Вількамірскі пав. Віленскай губ. — 12.11.1868),
этнограф, фалькларыст, публіцыст. Вучыўся ў Варшаўскай медыка-хірург. акадэміі (1860—62). Супрацоўнічаў у газ. «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»), час. «Tygodnik Ilustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік»), «Kłosy» («Калоссе»), «Biblioteka Warszawska» («Варшаўская бібліятэка») і інш. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру бел., літ. і польск. народаў. У арт. «Дзяды» (1862), «Танцы насельніцтва з-пад Віліі» (1864), «Прыказкі жыхароў з-пад Віліі» (1866), «Некалькі слоў пра звычаі насельніцтва ў Мінскай губерні», абразках «Уражанні з падарожжа», «Успамін пра Пініпчыну» (усе 1867) і інш. падаў цікавыя звесткі пра побыт, абрады, звычаі, адзенне, фальклор беларусаў, літоўцаў і палякаў. Паэтычнасць бел. нар. песень адзначаў у працы «Пра паэтычныя ўяўленні літоўска-крывіцкага народа ў яго песнях» (1867).
А.Ф.Літвіновіч.
т. 7, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РТАЧНАЯ СІСТЭ́МА забеспячэння насельніцтва, форма прамога рэгулявання забеспячэння насельніцтва шляхам устанаўлення нарміраванага водпуску тавараў па картках. Упершыню ўведзена ў Парыжы ў 1793 у час франц. рэвалюцыі. Пашыранай была ў гады 1-й сусв. вайны 1914—18 (у агульнадзярж. маштабе яе выкарыстала Германія, у Расіі была ўведзена мясц. гар. ўправамі ў пач. 1916). У Сав. Расіі існавала ў 1918—21, у СССР у 1928—36, у гады Вял. Айч. вайны і ў часы пасляваеннага аднаўлення нар. гаспадаркі. У снежні 1947 у СССР была праведзена грашовая рэформа і адменены карткі на харч. і прамысл. тавары. З канца 1980-х у СССР, у 1990-х гг. у некаторых рэгіёнах Беларусі ўжываліся элементы К.с.: водпуск харч. тавараў па картках (талонах) і інш.
т. 8, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САЎСКАЯ РАЁННАЯ АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з крас. 1942 да ліп. 1944 на тэр. Косаўскага р-на, уваходзіла ў Брэсцкую абл. антыфаш. арг-цыю. Створана на базе падп. груп, што ўзніклі ў першыя месяцы вайны. Складалася з ячэек, аб’яднаных у падраёны. К-т арг-цыі (кіраўнікі М.Ф.Трында, А.М.Мініч, В.Т.Радзюк) наладзіў сувязь з падпольшчыкамі Слонімскага р-на і дапамог ім у стварэнні сваёй антыфаш. арг-цыі. Падпольшчыкі вялі агітацыю сярод насельніцтва, збіралі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, харч. прадукты, медыкаменты, адзенне, палілі і разбіралі масты, парушалі сувязь ворага, з дапамогай насельніцтва перакопвалі дарогі на Ружаны, Пружаны і інш., рабілі на іх завалы; удзельнічалі ў Косаўскім баі 1942.
В.У.Скалабан.
т. 8, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПІ́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура гета-фракійскіх плямён, якія ў 1—2 ст. насялялі рэгіён Верхняга Паднястроўя. Назва ад могільніка каля в. Верхняя Ліпіца Івана-Франкоўскай вобл. (Украіна). Асн. заняткі насельніцтва — жывёлагадоўля, жалезаробчая вытв-сць. Паселішчы размяшчаліся на схілах гор. Жытлы — зямлянкі чатырохвугольнай і авальнай формы пл. да 25 м² з каменнымі агнішчамі. Большасць вядомых пахаванняў — грунтавыя могільнікі з абрадам трупаспалення. Рэшткі трупаспалення разам з асабістымі рэчамі змяшчалі ў керамічную урну і накрывалі міскаю. Насельніцтва вырабляла жал. сякеры, долаты, нажы. крэсівы, спражкі і інш. Кераміка — ляпная і ганчарная (цюльпанападобныя і акруглыя гаршкі, нярэдка з наляпнымі валікамі, міскі, чашы на высокай ножцы і інш.). Выкарыстоўваліся прывазныя і мясц. рэчы з каляровых металаў: падвескі, фібулы, люстэркі і інш.
А.В.Іоў.
т. 9, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)