ВІ́ЛЬСАНА КА́МЕРА,
прылада для рэгістрацыі слядоў (трэкаў) зараджаных часціц. Створана Ч.Вільсанам (1912). Дзеянне заснавана на з’яве кандэнсацыі перанасычанай пары (утварэнні дробных кропляў вадкасці) на іонах, якія ўзнікаюць уздоўж трэка хуткай зараджанай часціцы. Кроплі дасягаюць бачных памераў і могуць быць сфатаграфаваны. Уласцівасці часціцы вызначаюць па даўжыні яе прабегу і значэнні імпульсу, які вымяраецца па скрыўленні траекторыі часціцы ў магн. полі, куды змешчана камера. Вільсана камера адыграла вял. ролю ў вывучэнні будовы рэчыва і ўласцівасцей элементарных часціц; з яе дапамогай адкрыты пазітрон, мезоны, гіпероны, дзіўныя часціцы і інш.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.
т. 4, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́НАР,
паняцце маралі, у якім выяўляецца ступень самапавагі чалавека і павагі да яго з боку грамадства. Яно блізкае па значэнні да паняцця годнасць. Аднак калі годнасць асобы грунтуецца на прызнанні роўнага права кожнага чалавека на павагу, то гонар адлюстроўвае перш за ўсё меру павагі, якую ён заслужыў у грамадстве. Маральная каштоўнасць чалавека ў паняцці гонару цесна звязана з яго канкрэтным сац. становішчам, грамадскім прызнаннем заслуг, аўтарытэту. Гонар прадугледжвае адпаведнасць паводзін чалавека маральным прынцыпам і нормам, распаўсюджаным у пэўнай сац. супольнасці, падтрыманне пэўнай індывідуальнай або сац.-групавой рэпутацыі (гонар школы, гонар афіцэра, дваранскі гонар і інш.).
В.А.Паўлоўская.
т. 5, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАЎНЫ́Я ДУ́ГІ,
дугападобныя горныя збудаванні, якія аддзяляюць катлавіны ўскраінных мораў ад глыбакаводных жалабоў. Асновай астраўным дугам служаць падводныя хрыбты (шыр. 40—400 км, даўж. да 1000 км і больш), пераважна вулканічныя, са шматлікімі вяршынямі, што выступаюць над узр. м. ў выглядзе град або «гірлянды» а-воў (напр., Алеуцкія, Курыльскія, Японскія а-вы). Звычайна арыентаваны паралельна глыбакаводным жалабам. Для астраўных дуг уласцівы рэзка дыферэнцыраваныя гравітацыйныя і магнітныя палі, павышаныя значэнні цеплавога патоку, інтэнсіўны вулканізм і сейсмічнасць. Паміж астраўнымі дугамі і глыбакаводным жолабам размешчана зона канцэнтрацыі землетрасенняў — зона Беньёфа — Заварыцкага, якая сыходзіць пад астраўныя дугі.
т. 2, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́ЎНАЯ МАГУ́ТНАСЦЬ,
сярэдняе за перыяд значэнне імгненнай магутнасці пераменнага току. Вызначаецца
, дзе T — перыяд, p — імгненная магутнасць. Характарызуе скорасць пераўтварэння электрамагн. энергіі ў інш. віды энергіі (цеплавую, светлавую, мех. і г.д.). Для эл. ланцуга аднафазнага (сінусаідальнага) току
, для трохфазнага пры сіметрычнай нагрузцы
, дзе U, I — дзейныя значэнні напружання і току адпаведна, φ — вугал зруху фаз паміж U і I, cos φ — каэфіцыент магутнасці. З поўнай магутнасцю S актыўная магутнасць звязана суадносінамі
. Адзінка вымярэння актыўнай магутнасці — ват (вт).
т. 1, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛІТЫ́ЧНЫЯ МО́ВЫ,
мовы, у якіх граматычныя значэнні выражаюцца не формамі слоў (як у сінтэтычных мовах), а гал. чынам службовымі словамі, парадкам слоў, інтанацыяй і інш. Да аналітычных моў належаць англ., франц., новаперс., балг. і інш. мовы. Аналітычныя спосабы часткова выкарыстоўваюцца і сінтэтычнымі мовамі, у т. л. і бел., напр. пры ўтварэнні складаных формаў ступеняў параўнання прыметнікаў і прыслоўяў («самы цікавы», «больш прыгодны», «надзвычай вясёлы», «найбольш поўна»), будучага і прошлага часу дзеясловаў («буду пісаць», «пайшоў быў»), загаднага ладу («давай спяваць», «няхай квітнее»), складаных тыпаў выказніка («працаваць аграномам», «станавіцца мацнейшым»). Гл. таксама Тыпалагічная класіфікацыя моў.
т. 1, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІМЕ́ДА АКСІЁМА,
зводзіцца да таго, што пры паўтарэнні дастатковай колькасці разоў меншага з двух зададзеных адрэзкаў можна атрымаць адрэзак, большы за большы з іх (сфармулявана Архімедам). Адносіцца таксама да плошчаў, аб’ёмаў, лікаў і інш. У агульным выпадку, калі A і B — два значэнні адной і той жа велічыні і A < B, можна заўсёды знайсці такі цэлы лік m, што Am > B; на гэтым заснаваны працэс паслядоўнага дзялення ў арыфметыцы і геаметрыі. У 19 ст. выявілася існаванне т.зв. неархімедавых велічынь, у дачыненні да якіх Архімедава аксіёма не выконваецца (напр., вектары, для якіх паняцце няроўнасці страчвае сэнс).
т. 1, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́СТА (партуг. casta род, пакаленне ад лац. castus чысты),
1) эндагамная група людзей, аб’яднаных адзінствам спадчынных прафесій, строга абмежаваная ў зносінах з інш. сац. групамі. У старажытнасці прыкметы падзелу грамадства на К. сустракаліся ў Кітаі, Іране, Японіі, Егіпце і інш. У Індыі яны сталі пануючай сілай (у 1940-я г. было каля 3,5 тыс. К. і падкастаў); эканам. і грамадскую дзейнасць членаў К. кантралявалі каставыя саветы (панчаяты); выгнанне з К. ставіла чалавека па-за грамадствам. Паводле Канстытуцыі Індыі (1950) фармальна прызнана раўнапраўе К. Гл. таксама брахманы, варна, «недатыкальныя».
2) У пераносным значэнні К. — замкнёная грамадская групоўка.
т. 8, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́ЛЬНЫЯ ЎМО́ВЫ ў фізіцы,
1) умовы, што вызначаюцца ціскам p = 101325 Па (нармальная атмасфера) і тэмпературай T0 = 273,15 К (0 °C), пры якіх аб’ём 1 моль ідэальнага газу V0 = 2,24136∙10−2 м³. Нармальнае паскарэнне свабоднага падзення прымаецца роўным gn = 9,80665 м/с2.
2) Умовы выкарыстання вымяральных прылад, пры якіх т-ра, сілкавальнае напружанне і інш. велічыні, што ўплываюць на іх паказанні, маюць нармальныя значэнні або знаходзяцца ў дапушчальных межах. Для эл. прылад за Н.ў. прымаюцца: т-ра 20 ±2 °C, сілкавальнае напружанне — названае па шкале прылады ±2%, частата ў межах 49—51 Гц.
т. 11, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРВІ́ЗМ,
кірунак у фізіялогіі і медыцыне, які разглядае ідэю аб пераважным значэнні нерв. сістэмы ў рэгуляцыі фізіял. функцый і працэсаў у арганізме жывёл і чалавека. Паняцце Н. уведзена І.П.Паўлавым (1883). Распрацоўка канцэпцыі звязана з імёнамі П.К.Анохіна, Л.А.Арбелі, К.Бернара, С.П.Боткіна, І.М.Сечанава, М.Я.Увядзенскага, А.А.Ухтамскага і інш. і значна паўплывала на развіццё фізіялогіі і медыцыны. Абсалютызацыя Ідэі Н. некат. фізіёлагамі прывяла да недаацэнкі інш. рэгулюючых сістэм. Лічыцца, што рэгуляцыя фізіял. функцый засноўваецца на каардынацыйным узаемадзеянні нерв. сістэмы і гумаральна-гарманальных фактараў. На Беларусі гэты кірунак распрацоўвалі А.Ю.Бранавіцкі, І.А.Булыгін, М.І.Грашчанкоў, Д.М.Голуб, В.М.Гурын, У.М.Калюноў, Д.А.Маркаў, У.У.Салтанаў і інш..
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРНА́С (Parnasos),
горны масіў у Грэцыі, на Пн ад Карынфскага зал. Выш. 2457 м. Складзены з вапнякоў, вяршыня скалістая. Да выш. 1000 м укрыты міжземнаморскімі хмызнякамі і хваёвымі лясамі. Каля падножжа П. — стараж.-грэч. г. Дэльфы, археал. запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны; рэшткі помнікаў архітэктуры 7 ст. да н.э. — 1 ст. н.э. Паводле стараж.-грэч. міфалогіі П. — месцазнаходжанне Апалона і муз; у пераносным значэнні — садружнасць паэтаў, парнаскія кветкі — вершы, парнаскія сёстры — музы. Адсюль выраз «Узысці на П.»: дасягнуць сапр. поспеху і прызнання ў л-ры і мастацтве. Арх. музей. Нац. парк.
т. 12, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)