аб’яднанне гурткоў «Народнай волі» Беларусі і Літвы ў 1881—84. Створана па ініцыятыве выканкома «Народнай волі» пад кіраўніцтвам Віленскай цэнтр. групы. У сферу дзейнасці арг-цыі паводле «Статута Віленскай цэнтральнай групы» ўвайшлі Віленская, Віцебская, Гродзенская, Ковенская, Магілёўская і Мінская губ. Ставілася мэта «пашырыць рэвалюцыйную арганізацыю на свой раён і давесці яе да такой ступені сілы, каб у момант перавароту гэтая мясцовасць пайшла за партыяй». У арг-цыю ўвайшлі нарадавольскія гурткі Вільні, Мінска, Гродна, Віцебска, Магілёва, Гомеля, Рагачова, Оршы, Беластока і інш. гарадоў краю. Былі арганізаваны новыя рабочыя гурткі, у Мінску і Магілёве наладжаны выраб фальшывых дакументаў, у Віцебску створана вял.б-ка нелегальнай л-ры, падрыхтавана да работы падп. друкарня. Наладжаны кантакты з замежным цэнтрам, ваен. арг-цыяй «Народнай волі», Польска-літоўскай сац.-рэв. партыяй, партыяй «Пралетарыят». Пасля арышту ў ліп. 1882 амаль усяго складу выканкома «Народнай волі» адносіны арг-цыі з цэнтрам былі разбураны. На гэтым этапе сярод нарадавольцаў краю стала папулярнай ідэя фарміравання груповак па нац. прыкмеце. Да сярэдзіны 1883 уплыў Віленскай цэнтр. групы і міжгуртковыя сувязі аслабелі. Кансалідуючай сілай выступала «Маладая партыя Народнай волі» (апазіцыйная плынь), члены якой лічылі неабходным засяродзіцца на прапагандзе сярод рабочых, адстойвалі прынцып федэрацыі і большай аўтаномнасці мясц. груп. Вясной 1884 па краі пракацілася хваля рэпрэсій, сувязі паміж гурткамі перапыніліся, паступова аб’яднанне нарадавольцаў краю перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЗІН (Сцяпан Цімафеевіч) (каля 1630, б. станіца Зімавейская на Доне, цяпер тэр. Валгаградскай вобл., Расія — 16.6.1671),
кіраўнік Сялянскай вайны 1670—71 у Расіі, данскі казак. Вызначаўся розумам, энергіяй, ваен. і дыпламат. здольнасцямі, валодаў 8 мовамі. У 1661—62 удзельнічаў у перагаворах дэлегацыі Войска Данскога і афіц. маскоўскага пасольства з калмыкамі пра сумесныя дзеянні супраць нагайскіх татар. У 1662—63 камандзір атрада данскіх казакоў у паходах супраць крымскіх татар. Удзельнік вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1667 узначаліў грабежніцкі паход казацкай беднаты на рэкі Волгу і Яік (Урал), у 1668—69 — паход казацкай флатыліі па Каспійскім м.: разрабаваны прыбярэжныя гарады і правінцыі Ірана, вызвалены рас. нявольнікі. Новы яго паход на Волгу вясной 1670 перарос у сял. вайну. Выступаючы нібыта ў абарону правоў царэвіча Аляксея Аляксеевіча і б. патрыярха Нікана, Р. абяцаў простаму народу «свабоду і збаўленне» ад «дрэнных» баяр, у занятых гарадах усталёўваў кіраванне на казацкі ўзор, распраўляўся з прадстаўнікамі царскай адміністрацыі. Пасля паражэння пад Сімбірскам (кастр. 1670) паранены вярнуўся на Дон, дзе ў крас. 1671 схоплены казацкай старшынай і выдадзены царскім уладам. Пакараны смерцю (чвартаваны) ў Маскве. Р. — герой нар. паданняў і песень, яму прысвечаны творы л-ры і мастацтва.
Літ.:
Сахаров А.Н. Степан Разин. 2 изд. М., 1987;
Чистякова Е.В., Соловьев В.М. Степан Разин и его соратники. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙЛО́ (сапр.Калечыц) Канстанцыя Антонаўна
(14.1.1893, Вільня — 4.6.1986),
бел. паэтэса. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Скончыла настаўніцкія курсы ў Вільні (1914). Настаўнічала на Лідчыне, загадвала бел. кнігарняй у Полацку (1915—16). З 1923 жыла ў Маскве. З 1933, пасля незаконнага арышту мужа В.А.Калечыца, працавала на з-дзе. Друкавалася з 1909 у газ.«Наша ніва». Першы зб. «Курганная кветка» (Вільня, 1914, факсімільнае выд.Мн., 1989) адрэдагаваў Я.Купала. Шырока выкарыстоўвала Фалька, матывы. Эмацыянальны пачатак, вобразна-экспрэсіўныя элементы нар. паэтыкі выразна выступаюць у рамант. вершах, інтымнай і патрыят. лірыцы («Люблю», «Беларусі», «Звон», «Курганная кветка», «Ляці, думка», «Ці помніш ты?»). Аўтар вершаваных драм «Кветка папараці» (1914), у якой выкарыстаны нар. міфалагічныя вобразы, звязаныя з купальскай абраднасцю, «Сённяшнія і даўнейшыя» (1914, паст. 1917) пра абуджэнне моладзі да новага жыцця. Пісала і апавяданні («Русалкі», 1910). Роздум над доляй селяніна, героіка вайны, працоўныя будні, матывы любові да Бацькаўшчыны, праблемы сучаснасці, лёс чалавека і роднага народа, яго мовы і культуры, прыроды, інтымны свет чалавека — асн. тэмы яе паэзіі (зб. «Світанне», 1950; «На адноўленай зямлі», 1961; «Май», 1965; «Роднаму краю», 1973; «Вясной», 1984, і інш.). Для дзяцей выдала зб. «Юрачка» (1957), «У бляску зор» (1968). Шчырасць, задушэўнасць, лірызм абумовілі меладычнасць яе твораў. Верш «Люблю» (муз. М.Равенскага) стаў папулярнай нар. песняй. Пахавана ў в. Вішнева Валожынскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДУНЬ,
гарадскі пасёлак у Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. За 30 км ад Воранава, 93 км ад Гродна, 24 км ад чыг. ст. Бастуны на лініі Вільнюс — Ліда. Вузел аўтадарог на Вільнюс, Ліду, Іўе, Васілішкі, Астрыну. 3,1 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў 1387 у грамаце Ягайлы як горад Радыня, цэнтр воласці. У 14—17 ст. непадалёк ад Р. існаваў Радунскі замак. Паводле перапісу 1538, у мястэчку Р. 7 вуліц, рынак, 43 крамы, 210 дамоў хрысціян. Цэнтр староства, далучанага ў 1568 да Лідскага пав. У 1649 Р. атрымала магдэбургскае права і ўласны герб: у сярэбраным полі выява чырв. рака. У 2-й пал. 18 ст. прыватнае ўладанне. З 1795 у Рас. імперыі, у Лідскім пав. Слонімскага намесніцтва, з 1801 у Віленскай губ. У 1897 у Р. 1621 ж., 313 дамоў, гарбарны з-д, млын, нар. вучылішча. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска, цэнтр Радунскага раёна. З чэрв. 1941 да 13.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія вясной 1942 расстралялі тут 1137 чал. З 30.4.1958 гар. пасёлак. З 25.12.1962 у Воранаўскім р-не.
Працуюць малочны і гароднінасушыльны з-ды, каўбасны цэх, хлебапякарня, камбінат быт. паслуг, прадпрыемства электрасетак; 2 сярэднія і музычная школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і супрацоўнікаў органаў дзярж. бяспекі, магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́ДАВАЕ ПЕ́ЧЫВА адзін з элементаў сямейных і каляндарных святаў і абрадаў многіх народаў свету. На Беларусі ім сустракалі і частавалі гасцей, бралі ў поле, едучы першы раз сеяць, пакідалі ў полі на дажынках, давалі жывёле, каб добра вялася, ім клікалі вясной буслоў і г. д. На радзіны звычайна пяклі жытнія пірагі (дарылі бабкам-павітухам), якія з жартамі ламалі, каштавалі, елі з баршчом за святочным сталом. Жанчын, што ішлі ў адведкі, частавалі пірагамі (на Брэстчыне такі пірог наз. скрушок). На вяселле акрамя каравая пяклі пшанічныя пірагі маладым — месяц, падручнік, крыж (булка з крыжам). Падручнік і крыж пяклі для маладой, з імі яна ехала да маладога і клала на века дзяжы свекрыві. Памінальнае печыва заўсёды было прэснае (мёртвы хлеб) — корж, гарачыкі, галушкі, праснак. Корж і гарачыкі крышылі ў канун, «па крошцы» раздавалі прысутным за жалобным сталом. На Каляды пяклі жытнія пірагі-каляднікі, якімі абдорвалі калядоўшчыкаў. На саракі выпякалі 40 піражкоў (птушкі з цеста, галушкі, варэнікі) з макам або з фасоляй (іх называлі саракі, жаваронкі, бапкі). У вялікі пост пяклі храсцы-крыжыкі, саху, барану (булку, абкладзеную шышкамі), якія бралі ў поле, едучы сеяць. На Благавешчанне пяклі пампушкі, галёпы, якімі сустракалі буслоў, на Вялікдзень — здобныя пірагі (паскі, калачы). На Палессі на Юр’я пяклі расянік і хадзілі з ім вакол жыта, у Бярозаўскім р-не гатавалі піражок-юрок і клалі ў жыта (калі жыта яго не закрывала, то гэта прадказвала дрэнны ўраджай). У некаторых мясцінах на Юр’я ішлі ў поле з хлебам і інш. частаваннем. На святы рабілі таксама варэнікі з хлебнага цеста з макам або канапляным семем (на Варвару, Міколу), каржы з мёдам (напярэдадні Купалля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБ (Тамаш Тамашавіч) (19.3.1895, в. Паляны Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 25.1.1938),
бел.паліт. і культ. дзеяч, публіцыст. Вучыўся ў Пецярбургу. Скончыў філас.ф-т Карлава ун-та ў Празе (1928). У 1-ю сусв. вайну на фронце. Дэлегат Усебел. з’езда 1917. Чл. Рады БНР і яе Выканаўчага к-та, нар. сакратар земляробства ва ўрадзе Я.Варонкі. Уваходзіў у Цэнтр.Бел. вайсковую раду. Быў дэлегатам 3-га Усерас. з’езда Саветаў (Петраград, студз. 1918). У 1919 выдаваў у Вільні газ.«Грамадзянін». Адзін з ініцыятараў стварэння і кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Арыштоўваўся польск. ўладамі летам 1919 у Гродне як супрацоўнік газ. «Родны край», вясной 1920 як чл. Мінскага падп. паўстанцкага к-та. З канца 1920 у эміграцыі ў Коўне (Каўнас), дзе ўдзельнічаў у выданні газ. «Сялянская доля»; з восені 1922 у Празе. Абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Пытанне народа і нацыі». Быў чл. замежнага бюро БПС-Р, сакратаром-кіраўніком Беларускага навуковага кабінета, удзельнічаў у рабоце Бел. рады ў Празе, Бел. культурнага т-ва імя Ф.Скарыны, Аб’яднання бел. студэнцкіх арг-цый. У 1934—38 заг.Беларускага загранічнага архіва, складаў бібліяграфію па беларусазнаўстве. Друкаваўся ў час. «Перавясла», «Іскры Скарыны», «Студэнцкая думка», «Золак», «Бюлетэні загранічнай групы Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў». Аўтар брашуры «Прамова бунтаўшчыка аб сацыялізме» (1922—24, пад псеўд. Антон Небарака), артыкулаў па гісторыі, пытаннях бел. адраджэнскага руху. Апублікаваў урыўкі з рамана «Паўстанцы» (Іскры Скарыны. 1934. № 3). На бел. мову пераклаў брашуру «Аб кааперацыйным ідэале» М.Туган-Бараноўскага, на чэшскую — кн. «Дэмакратыя, дыктатура, сацыялізм» В.Чарнова.
Літ.:
Мядзёлка П. Сцежкамі жыцця: Успаміны. Мн., 1974;
Ліс А. Рыцар беларускай свабоды // Спадчына. 1995. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБА́ (Salix),
род кветкавых раслін сям. вярбовых. Каля 350 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. Утвараюць шматлікія міжвідавыя гібрыды. На Беларусі 16 дзікарослых і каля 20 інтрадукаваных відаў. З дзікарослых найб. пашыраныя: вярба белая, або белалоз (Salix alba); казіная, або брэднік (Salix caprea); пяцітычынкавая, або вербалоз (Salix pentandra); пурпуровая, або жаўталоз (Salix purpurea); вастралістая, або ракіта, шэлюга, чырвоная вярба (Salix acutifolia); ломкая (Salix fragilis); трохтычынкавая, або белатал (Salix triandra); попельная (Salix cinerea); вушастая (Salix aurita); размарыналістая (Salix rosmarinifolia); кошыкавая, або прутападобная, руская (Salix viminalis); Старка, або прысадзістая (Salix starkeana). Растуць па берагах рэк, сажалак, у мяшаных лясах, на забалочаных лугах і балотах, на дзюнах і каля дарог. Некат. віды вытрымліваюць працяглае затапленне. Дрэвавыя віды часам утвараюць вярбовыя лясы, куставыя — зараснікі (вербалозы, вербнякі). Да рэдкіх відаў належаць вярба шарсцістапарасткавая (вядома каля 20 месцаў росту) і чарнічная, якая занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У зялёным буд-ве выкарыстоўваюцца пераважна інтрадукаваныя вярба Шверына (Salix schwerini) і Зібальда (Salix sieboldii). Куставыя віды вярбы называюць таксама лазой, лазняком.
Лістападныя двухдомныя насякомаапыляльныя дрэвы, кусты і кусцікі. Лісце суцэльнае, чаргаванае, рэдка — супраціўнае. Кветкі аднаполыя, дробныя, без калякветніка, з нектарнікамі, у прамастойных ці павіслых мужчынскіх і жаночых каташках. Цвітуць ранняй вясной да распускання лісця. Плод — шматнасенная каробачка. Насенне з доўгаваласістай лятучкай. Лек. (прэпараты з кары — вяжучы, гарачкапаніжальны, кроваспыняльны сродак), тэхн. (некат. хуткарослыя віды ідуць на стварэнне т.зв. «энергетычных плантацый»), дубільныя і меданосныя расліны. Выкарыстоўваюцца для азелянення і ў дэкар. садоўніцтве. Размнажаюць вярбу чаранкамі і каламі. Маладыя парасткі ідуць на пляценне кошыкаў, мэблі, агароджы; драўніна — на розныя вырабы; галінкі, лісце, пупышкі — на корм хатнім і дзікім жывёлам; кара — каштоўны дубільнік, выкарыстоўваецца на выраб. лек. прэпарату саліцыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ХАВІЦКІ ЗА́МАК Існаваў у 16—18 ст. ў г. Ляхавічы. Мураваны замак пабудаваны ў канцы 16 ст. гетманам Янам Хадкевічам замест невял. драўлянага замка. Займаў узвышэнне на левым беразе р. Ведзьма. Прамавугольны ў плане
(175 × 220 м),
абкружаны ровам, які жывіла вадой падпёртая плацінай рака. Земляны вал замка ў кожным куце пераходзіў у вял. бастыён развітой канфігурацыі з брустверамі, байніцамі для стралкоў і артылерыі. Пры кожным бастыёне быў каземат, дзе захоўвалі зброю, боепрыпасы і амуніцыю. Бастыёны злучаліся сістэмай падземных хадоў. Земляныя ўмацаванні былі абмураваны каменем і цэглай. Драўляны мост на палях, перакінуты цераз вадзяны роў, вёў у мураваную 4-ярусную браму замка з праездам у 1-м ярусе. Насупраць уваходу ў глыбіні замкавага двара стаяў 2-павярховы мураваны палац, рыты дахоўкай, а злева ад уваходнай брамы — арсенал. Уздоўж курцін на дзядзінцы размяшчаліся драўляныя будынкі службаў і казармаў. Л.з. адносіўся да адной з мадыфікацый новаітальянскай фартыфікацыйнай сістэмы, пашыранай у Еўропе ў канцы 16 ст., і лічыўся самым моцным з падобных збудаванняў ва ўсёй Рэчы Паспалітай.
Зімой 1595—96 Л.з. беспаспяхова штурмавалі казацкія загоны, у 1648—54 тройчы безвынікова асаджалі паўстанцы-сяляне і ўкр. казакі. У жн. — вер. 1655 замак не здолелі ўзяць рус. войскі на чале з А.М.Трубяцкім. Працяглую аблогу і неаднаразовыя штурмы войск рус. ваяводы І.А.Хаванскага вытрымаў замак вясной—летам 1660. Найб. разбурэнні прычынены замку ў Паўн. вайну 1700—21. У канцы 18 ст. замак страціў ваен. значэнне і паступова заняпаў. Археал. даследаванні Л.з. праводзіў М.М.Чарняўскі (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТЫ́ЧНЫЯ КЛУ́БЫ І РУ́ХІў СССР.
Існавалі ў 2-й пал. 1980-х г. — 1991 ва ўмовах радыкальнага рэфармавання краіны ў час перабудовы і сталі асновай будучай шматпарт. сістэмы. Першыя незалежныя ад улады самадзейныя групы ўзніклі восенню 1986. Яны не мелі афіц. статуса і ствараліся на аснове шырокага кола мэтаў і інтарэсаў (напр., нац.-культ. аб’яднанне «Талака» ў Мінску). Са студз. 1987 пасля спынення крымін. праследавання па паліт. матывах самадзейны рух імкліва палітызаваўся. У дыскусійных клубах «Перабудова» (Масква), «Дэмакр. перабудова» (Ленінград), «Сучаснік», «Світанак», «Тутэйшыя» (усе на Беларусі), Клубе сац. ініцыятыў, Федэрацыі сацыяліст. грамадскіх клубаў, ва Усесаюзным сац.-паліт. клубе «Абшчына» фарміраваліся групы будучых паліт. лідэраў, ішоў пошук новых ідэалаг. падыходаў. Масавай формай грамадска-паліт. руху сталі Нар. франты, першыя з якіх (Нар. фронт Эстоніі і літ.«Саюдзіс») узніклі вясной 1988. У чэрв. 1989 у Вільнюсе адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту«Адраджэньне». Да восені 1989 нар. франты створаны ва ўсіх сав. рэспубліках. На працягу 1987—89 аформіўся рас. нац.-патрыят. рух, каля вытокаў якога былі Аб’яднаны савет Расіі, Саюз духоўнага адраджэння Айчыны, Правасл. манархічны ордэн-саюз. З мэтай каардынацыі дзеянняў і абароны ад «антыперабудовачных сіл» у 1987—88 заснаваны Ліга рас. кааператараў і прадпрымальнікаў, Асацыяцыя сумесных прадпрыемстваў, першыя паліт. арг-цыі — Партыя свабоды працы, Усерас. саюз «Абнаўленне», рух «Прадпрымальнікі за новую Расію». Масавы экалагічны рух прайшоў шлях ад выключна прафес. клубаў, фондаў і цэнтраў да палітызаваных «Сац.-эканам. саюза», «Руху за стварэнне Партыі «зялёных». Такім чынам у 2-й пал. 1980-х г. адбываўся працэс зараджэння протапартый на базе шматлікіх клубаў і рухаў. 1.1.1991 набыў сілу закон СССР «Аб грамадскіх аб’яднаннях», які заканадаўча замацаваў існаванне ў краіне шматпарт. сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛЁТЫ ПТУ́ШАК,
штогадовыя рэгулярныя масавыя перамяшчэнні птушак з гнездавання ў месцы зімовак і наадварот; адна з форм міграцыі жывёл. Склаліся гістарычна і генетычна (спадчынна) замацаваны. Маюць зменлівы характар: папуляцыі аднаго віду могуць быць пералётнымі і аселымі (напр., галка ва Усх. Еўропе аселая, у Сібіры пералётная). Асн. прычыны П.п. — змена сезоннай і сутачнай фотаперыядычнасці, змены т-ры, прыстасаванне да сезонных ваганняў клімату і залежных фактараў (забеспячэнне кормам і інш.). Адлегласці, шляхі і скорасці П.п. розныя: ад 400 км (дразды, пуначкі і інш.) да 30 тыс.км у крачкі палярнай; за суткі пераадольваюць ад 30 км (сініцы) да 300 км (мухалоўкі, сітаўкі і інш.). На Беларусі сістэм. назіранні за П.п. вядуцца з 1960-х г.
Месцы гнездавання і зімовак птушак пастаянныя. Большасць еўрап. відаў зімуе ў Паўд, Паўд.-Зах. Еўропе і Афрыцы, заходнесібірскіх — у Зах. Азіі і ва ўсх.ч. Афрыкі, усходнесібірскіх і далёкаўсходніх — у Індыі, Аўстраліі, Амерыцы. У арыентацыі птушак вял. значэнне мае рэцэпторная сістэма, пачуццё геагр. размяшчэння, звязанае з магн. з’явамі на Зямлі і інш П.п. адбываюцца ўдзень (берасцянкі, буслы, жураўлі, шпакі), уначы (валасянкі, некат. кулікі, пастушкі), удзень і ўначы (гагары, гусі і інш.). Большасць птушак ляціць чародамі рознай канфігурацыі (гусі — ключом або клінам, жураўлі — клінам, качкі — шарэнгай, шпакі — шматслойнай чарадой), некат. віды — па адной ці невял. групамі. У час пералётаў птушкі ляцяць на выш. ад 100 да 1000 м, зрэдку большай. Вясной птушкі ляцяць хутчэй, чым восенню. Вывучаюць П.п. метадамі кальцавання птушак, радыёлакацыі, тэлеметрыі і інш. На пералётах мае вял. значэнне міжнар. ахова птушак.
Літ.:
Дольник В.Р. Таинственные перелеты. М., 1968;
Михеев А.В. Перелеты птиц. 2 изд. М., 1981;
Карри-Линдал К. Птицы над сушей и морем: Пер. со швед.М., 1984.