Існаваў у 16—18 ст. у в. Каралін (цяпер у межах г. Пінск Брэсцкай вобл.). Пабудаваны ў традыцыях новаітальян. фартыфікацыйнай сістэмы. У плане — падоўжаны чатырохвугольнік (75 × 37 × 46 × 75) з бастыёнамі на вуглах. Курціны і чатырохвугольныя з брустверамі бастыёны былі вымураваны з каменю (з боку поля бастыёны значна большыя). З ПдУ замак ахоўвалі стромкі бераг і водыр. Піна. Унутры валоў ішоў падземны скляпеністы праход вышынёй 2,1 м і шырынёй 90 см. У 2-й пал. 17 ст. замкам валодаў маршалак ВКЛ Ян Дольскі, потым — кн. Вішнявецкія. У ліп. 1660 у час аблогі П.К.з. разбураны рас. войскамі, у 1704 — войскамі шведскага караля Карла XII. У пач. 19 ст. яшчэ былі цэлыя 2 бастыёны і курціна. Пазней замак знік пад гар. забудовай. Рэшткі П.К.з. адлюстраваны на планах Пінска канца 18 ст., на малюнках Н.Орды 19 ст.
Літ.:
Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991. С. 159—160.
М.А.Ткачоў.
Руіны Пінскага Каралінскага замка 3 малюнка Н.Орды. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНАТО́РЫЙ (новалац. sanatorium ад лац. sano лячу),
стацыянарная лячэбна-прафілактычная ўстанова для лячэння з пераважным выкарыстаннем прыродных лек. фактараў (клімат, мінер.воды, лек. гразі і інш.) у спалучэнні з дыетычным харчаваннем, лячэбнай фізкультурай, фізіятэрапеўт. працэдурамі. Падзяляюцца на адна- і шматпрофільныя; для дарослых, дзяцей, падлеткаў, бацькоў з дзецьмі. Профіль С. вызначаецца ў залежнасці ад прыродных фактараў і мед. паказчыкаў. Існуюць С. для хворых на туберкулёз, захворванні органаў дыхання нетуберкулёзнага характару, органаў кровазвароту, стрававання, апорна-рухальнага апарату, нерв. сістэмы, нырак і мачавых шляхоў і інш. У С. могуць быць аддзяленні для асоб, што перанеслі інфаркт міякарда, кровазліцці ў мозг, траўмы касцей і інш.Асн. кірункі дзейнасці С.: лячэбны, рэабілітацыйны (замацаванне вынікаў лячэння), рэкрэацыйны (аздараўленне асоб з сіндромам хранічнай стомленасці, зніжэннем разумовай і фіз. працаздольнасці). На Беларусі 71 С. (2001), дзе ў першую чаргу атрымліваюць мед. дапамогу ліквідатары катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, інваліды, пенсіянеры, хворыя на туберкулёз, хворыя, што перанеслі інфаркт міякарда, аперацыі і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЧЫ́СТКА СЦЁКАВЫХ ВО́ДАЎ,
выдаленне забруджвальных рэчываў, якія ёсць у сцёкавых водах і могуць неспрыяльна паўплываць на здароўе чалавека і навакольнае асяроддзе. Праводзіцца ў спец.ачышчальных збудаваннях пры падрыхтоўцы сцёкавых водаў да скідвання ў прыродныя вадаёмы або для паўторнага выкарыстання ў паўторнапаслядоўных сістэмах водакарыстання ці сістэмах зваротнага водакарыстання. Існуюць метады механічнай, фіз.-хім., біялагічнай ачысткі сцёкавых водаў.
Пры механічнай ачыстцы нерастваральныя дамешкі выдаляюцца працэджваннем, адстойваннем, фільтраваннем, флатацыяй з дапамогай тлустых спіртоў, сернакіслага алюмінію або хлорнага жалеза, цэнтрабежнай сепарацыяй і інш. Пры фізіка-хімічнай ачыстцы выкарыстоўваюць: рэагентную каагуляцыю і працэс адгезіі (прыліпанне дамешкаў да паверхні інертных матэрыялаў); нейтралізацыю кіслот і шчолачаў вапнай; экстракцыю арган. растваральнікамі (бензол, бутылацэтат і інш.); перагонку з сухой парай (для выдалення фенолаў); сорбцыю праз актываваны вугаль; фільтрацыю праз іонаабменныя матэрыялы; апрацоўку хлорам (эл.-хім. акісленне); мокрае спальванне (для выдалення арган. рэчываў). Выдаленыя са сцёкавых водаў забруджвальныя рэчывы ў шэрагу выпадкаў — каштоўныя для нар. гаспадаркі прадукты, якія здабываюць з дапамогай спец.тэхнал. установак (гл.Утылізацыя забруджвальнікаў).
Літ.:
Технические записки по проблемам воды: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1983;
Очистка производственных сточных вод. 2 изд М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ННЫлекавыя,
фізіятэрапеўтычная працэдура, калі на цела ці частку цела хворага ўздзейнічаюць пэўным асяроддзем з лек. ўласцівасцямі. Гал.лек. фактары ванн: тэмпературнае, мех. і хім. ўздзеянне на арганізм. Вядомы з даўніх часоў. Выкарыстоўваюць на курортах, у водагразелячэбніцах, спец. аддзяленнях паліклінічных і бальнічных устаноў. Хваробы, пры якіх назначаюцца ванны, разнастайныя: функцыянальныя, арган., траўматычныя і інш. расстройствы і пашкоджанні арганізма. Выбар лек. асяроддзя ажыццяўляецца ўрачом; самастойна карыстаюцца ваннамі марскімі, сонечнымі (гл. ў арт.Загар, Сонцалячэнне), паветр. (гл. ў арт.Аэратэрапія), пясочнымі (выграванне ў пяску, псаматэрапія на пляжах). Асаблівае значэнне маюць ванны мінеральныя і гразевыя (пелоідныя). Для мінеральных выкарыстоўваюцца прыродныя, у т. л. субтэрмальныя і тэрмальныя, ці штучна прыгатаваныя мінеральныя воды, найчасцей сульфідныя, хларыдна-натрыевыя, ёдабромныя, радонавыя, якія могуць дадаткова насычацца газамі (вуглякіслыя, кіслародныя, азотныя, жамчужныя ванны) або араматычнымі і інш. рэчывамі (хвойныя, гарчычныя, шкіпінарныя, шалфейныя, крухмальныя ванны). Для гразевых ванн (агульных ці ў выглядзе аплікацый) выкарыстоўваюць прыродныя і штучна прыгатаваныя лек. гразі (тарфяныя, сапрапелевыя, вулканічныя, гліністыя і інш.). Вывучэннем мед. аспектаў выкарыстання ванн займаюцца бальнеалогія, кліматалогія, фізіятэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХІМІ́ЧНЫЯ ПО́ШУКІкарысных выкапняў,
метады пошуку карысных выкапняў, заснаваныя на заканамернасцях размеркавання і міграцыі хім. элементаў у верхніх слаях зямной кары. Падзяляюцца на літагеахім., гідрахім., біягеахім., газагеахім. (атмахім.), а таксама радыёметрычныя метады. Гэтыя метады заснаваны на тым, што ў пакладах карысных выкапняў канцэнтрацыя пэўных хім. элементаў значна вышэйшая за мясц.геахім. фон (які блізкі да лічбаў кларкаў), што вядзе да ўтварэння арэолаў рассейвання элементаў і геахімічных анамалій.
Літагеахім. метады грунтуюцца на вывучэнні першасных і другасных арэолаў рассейвання ў карэнных рудазмяшчальных пародах, паверхневых адкладах і глебах. Гідрагеахім. метады пошукаў — выяўленне павышаных канцэнтрацый хім. элементаў у падземных водах. Біягеахім. метадамі даследуюцца арэолы, што ўтвараюцца ў раслінах шляхам міграцыі элементаў з радовішча праз падземныя воды і глебу, або пры кантакце каранёў раслін з рудным целам. Газагеахім. метады (газавая здымка) выяўляюць канцэнтрацыю лятучых злучэнняў у зоне гіпергенезу пераважна пры пошуках радовішчаў нафты і газу. Радыёметрычным метадам вымяраюць інтэнсіўнасць і даследуюць спектр гама-, бэта- і альфа-выпрамяненняў ядраў прыродных радыенуклідаў. Геахімічныя пошукі выкарыстоўваюцца на ўсіх стадыях геолагапошукавых работ — ад рэгіянальнай геал. здымкі да дэталёвай і эксплуатацыйнай разведкі радовішчаў.
паклады карысных выкапняў, звязаныя са стараж. і сучаснымі геахім. працэсамі на паверхні Зямлі. Утвараюцца ў выніку мех. і біяхім. пераўтварэння і дыферэнцыяцыі мінер. рэчываў эндагеннага паходжання ў верхняй ч. зямной кары, якая ўключае грунтавыя і часткова пластавыя падземныя воды, на дне балот, азёр, рэк, мораў і акіянаў. Вылучаюць 4 гал. генетычныя групы гіпергенных радовішчаў: астаткавыя (утвараюцца ў выніку вынасу растваральных мінер. рэчываў з зоны выветрывання і назапашвання цяжкарастваральнага мінер. астатку — карыснага кампанента; руды жалеза, нікелю, марганцу, алюмінію і інш.),
інфільтрацыйныя (узнікаюць шляхам асаджэння з падземных вод паверхневага паходжання раствораных у іх мінер. злучэнняў з утварэннем пакладаў урану, медзі, золата, серабра, самароднай серы), россыпныя (утвараюцца пры намнажэнні ў рыхлых адкладах на дне рэк, азёр, марскіх узбярэжжаў цяжкіх каштоўных мінералаў, якія маюць тытан, вальфрам, волава), асадкавыя (узнікаюць у працэсе асадканамнажэння на дне марскіх і кантынентальных вадаёмаў, у выніку фарміруюцца паклады вугалю, гаручых сланцаў, нафты, гаручага газу, солей, многіх рудных і нярудных карысных выкапняў). Гіпергенныя радовішчы карысных выкапняў маюць прамысл. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІЯ ГАРАДСКІ́Я ЎМАЦАВА́ННІ.
Існавалі ў 14—18 ст. у сярэдневяковым г.Крычаў. Узніклі вакол гандлёва-рамеснага паселішча, т.зв. «Зубялышынскага пасада», уключалі вал і драўляныя збудаванні. З У пасад засцерагалі воды і высокі правы бераг р. Сож, з ПдЗ — забалочаны роў і ручай. Пазней на ручаі зроблена запруда з вял. ставам і млыном. Існавала некалькі брам, адна з якіх служыла выхадам з пасада на плаціну і да Крычаўскага замка. У пач. 16 ст. «Зубялышынскі пасад» перамясціўся за забалочаны роў, на паўд.-зах. частку плато перад замкам, дзе працягваўся рост сярэдневяковага Крычава. У 16 ст. і гэта частка горада абнесена земляным валам і драўлянымі сценамі. З Пн да яго прымыкалі крутыя схілы прыроднага яра і млынавы стаў на р. Крычаўка. Уезд і выезд з горада быў праз Мсціслаўскую і Магілёўскую брамы. У 17 ст. ўмацаванні часткова разбураны рус. войскамі (1633) і паўстанцамі-сялянамі (1648 і 1651) у час Антыфеадальнай вайны 1648—51, у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 поўнасцю разбураны. Пазней яны адноўлены і ўпамінаюцца ў дакументах пад назвай «астрог». Пасля Паўночнай вайны 1700—21 канчаткова разбураны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ МАНІТО́РЫНГ,
сістэма доўгачасовых пастаянных назіранняў, якая дае інфармацыю аб радыеактыўным забруджванні прыроднага асяроддзя для ацэнкі яго сучаснага стану і прагнозу змен у будучым. Асн. аб’екты Р.м. — атм. паветра, паверхневыя і падземныя воды, глебы (у т. л.с.-г. і лясныя ўгоддзі), лясная расліннасць. На Беларусі Р.м. уваходзіць у Нац. сістэму маніторынгу навакольнага асяроддзя; галаўная арганізацыя па Р.м. — Рэсп. цэнтр радыяцыйнага кантролю і маніторынгу прыроднага асяроддзя Дзярж.к-та па гідраметэаралогіі (засн. ў 1980). Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) на тэр. краіны ажыццяўляюцца назіранні за магутнасцю экспазіцыйнай дозы (гл.Дозы выпрамянення) гама-выпрамянення ў абл. і раённых цэнтрах (58 пунктаў назіранняў), узроўнем радыеактыўных выпадзенняў (30 пунктаў) і аэразолей у паветры (8 пунктаў). Праводзіцца Р.м. паверхневых вод на рэках Дняпро, Сож, Прыпяць, Іпуць і Беседзь (вызначаецца колькасць цэзію-137, стронцыю-90 і сумарная бэта-актыўнасць) і глебы на рэперных пляцоўках і 18 ландшафтна-геахім. палігонах. Паводле вынікаў назіранняў вызначаецца радыяцыйны стан мясцовасці, верт. і гарыз. міграцыя радыенуклідаў, робіцца доўгатэрміновы прагноз (на 30 і больш гадоў). Гл. таксама Радыяцыйная экалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДЫў чалавека,
фізіялагічны працэс заканчэння цяжарнасці, пры якім нараджаецца плод з усімі дадатковымі эмбрыянальнымі ўтварэннямі (плацэнтай, абалонкамі, каляплоднымі водамі). Адбываюцца пры ўзаемадзеянні родавых сіл (схваткі, патугі) з плодам у перыяд праходжання яго па родавых шляхах. Адрозніваюць Р. тэрміновыя (38—41 тыдзень цяжарнасці), заўчасныя (22—37 тыдняў), запозненыя (пасля 42-га тыдня цяжарнасці). Пры нармальных Р. плод праходзіць праз родавыя шляхі ў падоўжным размяшчэнні галоўкай, значна радзей тазам уніз. Паталаг. Р. бываюць ад змен родавых шляхоў, хвароб цяжарных, анамалій плода і яго размяшчэння (папярочнае), расстройстваў родавых сіл (слабыя, нерытмічныя і інш). Паталаг. Р. з выкарыстаннем хірург. спосабаў нараджэння дзіцяці (гл.Кесарава сячэнне) наз. аперацыйнымі. Р. падзяляюць на перыяды: першы — перыяд раскрыцця (раскрываецца шыйка маткі, плод паступальна рухаецца ад схватак, разрываецца плодны пузыр, выходзяць каляплодныя воды); другі — перыяд выгнання (плод выганяецца з дапамогай патуг); трэці — перыяд паследавы (паслед і яго абалонкі выдаляюцца ад схватак і патуг). Працягласць першых Р. 8—12 гадз, паўторных 6—10 гадз. Ускладненні Р.: траўматызм жанчыны і плода, крывацёк і інш. (гл.Родавая траўма нованароджаных). Прымаюць Р. ў радзільных дамах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД) ГЕАЛАГІ́ЧНАЯ,
асноўная адзінка міжнар. стратыграфічнай шкалы, якая адпавядае прыроднаму этапу (геал. перыяду) у развіцці зямной кары і арган. свету Зямлі (гл.Геахраналогія) і аб’ядноўвае адклады, што ўтварыліся за гэты перыяд; састаўная частка эратэмы. Вылучана 12 сістэм, якія ўтвараюць фанеразой (кембрыйская, ардовікская, сілурыйская, дэвонская, кам.-вуг., пермская, трыясавая, юрская, мелавая, палеагенавая, неагенавая і антрапагенавая, або чацвярцічная, гл. адпаведныя арт.) і вендская сістэма ў познім пратэразоі (гл.Стратыграфічная шкала). Кожная сістэма падзяляецца на 3, радзей на 2 аддзелы. На Беларусі ёсць адклады ўсіх сістэм. Пры вылучэнні сістэм крытэрыямі з’яўляюцца істотныя змены ў складзе арган. свету, якія выражаюцца ў развіцці новых груп фауны і флоры вял.сістэм. рангу (надсямействаў, сямействаў, родаў). Кожнай сістэме ўласцівы пэўны характар літагенезу. Адклады адных сістэм макс. пашыраны (дэвонскай, мелавой, антрапагенавай), другіх вядомы на абмежаванай тэрыторыі (ардовікскай, сілурыйскай і інш.). З адкладамі многіх сістэм звязаны карысныя выкапні (напр., нафта, каменная і калійныя солі, гаручыя сланцы, даламіты, мінер.воды і расолы — з адкладамі дэвонскай; бурыя вуглі — кам.-вуг. і неагенавай; бурштын — палеагенавай і неагенавай; торф, буд. матэрыялы — антрапагенавай).