атрад птушак. 3 сям.: галубіныя (Columbidae), дронтавыя (вымерлыя), рабковыя. 316 відаў. Пашыраны ва ўмераных і трапічных шыротах зямнога шара. Вядомы з верхняга эацэну. Дрэвавыя або наземныя птушкі. Бываюць галубы свойскія (больш за 150 парод) і паўсвойскія. Існуе галіна птушкагадоўлі — голубагадоўля. На Беларусі 6 відаў: з сям. галубіных вяхір, голуб шызы, клінтух, туркаўка звычайная, туркаўка кольчатая і з сям. рабковых — саджа звычайная, або капытка (Syrrhaptes paradoxus), — выпадкова залётны від. Вядомы таксама галубы: вандроўны голуб, белагруды (беласпінны; Columbus leuconota), каменны (скалісты; C. rupestris), буры (C. eversmanni), белабрухі рабок (Pterocles alchata) і інш.
Даўж. цела 15—78 см, маса 30 г — 20 кг (дронты). У большасці голубападобных самцы буйнейшыя і ярчэй афарбаваныя за самак. Апярэнне шчыльнае. Крылы падоўжаныя, завостраныя (акрамя дронтаў). Валлё і мускульны страўнік добра развітыя. Пераважна расліннаедныя, збіраюць корм звычайна на зямлі. Манагамы. Гняздуюцца на дрэвах, у дуплах, норах на абрывістых берагах рэк, нішах пабудоў, на дахах. Бацькі кормяць птушанят адрыжкай з валляка або асаблівым «птушыным малаком». Аб’екты спарт. палявання. Голубападобныя — крыніца інфекцыі пры арнітозах. Некат. ахоўваюцца.
Да арт.Голубападобныя. Галубы: 1 — каменны; 2 — белагруды; 3 — буры. Рабкі: 4 — саджа звычайная (а — самка; б — самец); 5 — белабрухі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕНЯЎБО́РАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,
машыны для выдалення камянёў пры ачыстцы с.-г. угоддзяў, буд-ве дарог, гідратэхн. збудаванняў і інш. Бываюць прычапныя і паўпрычапныя. навясныя і паўнавясныя, цыклічнага і бесперапыннага дзеяння.
Буйныя і сярэдняга памеру камяні выдаляюць карчавальнікамі, карчавальнікамі-збіральнікамі, машынамі са сківічным захопам, бульдозерамі, валуны — ланцуговымі або тросавымі прыстасаваннямі. Камяні сярэдніх памераў і часткова дробныя ўбіраюць паўпрычапной аднавосевай машынай з грабеньчатым рабочым органам (агрэгатуецца з трактарам «Беларусь»), Збіранне камянёў робяць прачэсваннем верхняга слоя глебы. Паднятыя грэбенем камяні скідваюцца ў бункер, а потым у прычэп ці на пляцоўку складзіравання. Дробныя камяні (дыям. да 30 см) выбіраюць машынамі з грабеньчатымі, ротарнымі, барабаннымі, элеватарнымі, грохатнымі, дыскавымі і камбінаванымі рабочымі органамі. Ёсць таксама К.м. для адначасовай уборкі і драблення камянёў. Камяні ў трансп. сродкі грузяць каўшовымі, грэйфернымі і інш. пагрузчыкамі, з поля вывозяць рознымі прычэпамі-самазваламі, лыжамі-самазваламі і інш.
І.І.Леановіч.
(Каменяўборачныя машыны: а — навясная з пярэднім сківічным захопам (1 — трактар, 2 — зубы, 3 — верхнія захопы, 4 — гідрацыліндры, 5 — заднія зубы); 6 — прычапная (1 — гідрасістэма павароту бункера, 2, 3 — хадавыя колы, 4 — грэбень; I — збіранне камянёў, II — пагрузка іх у бункер, III — выгрузка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСУ́РЫ (Missouri, на мове мясц. індзейцаў — ілістая рака),
рака ў ЗША, галоўны (правы) прыток Місісіпі. Даўж. 4090 км, пл.бас. 1371,1 тыс.км² (з іх каля 10 тыс.км² у межах Канады). Вытокі і большая ч.верхняга цячэння — у Скалістых гарах (у раёне Йелаўстонскага нацыянальнага парку). У сярэднім цячэнні (ад вусця р. Мілк да вусця р. Джэймс) рака перасякае плато Місуры, дзе месцамі цячэ ў цяснінах, утварае парогі. Ніжняе цячэнне ў Межах Цэнтральных раўнін, дзе рэчышча няўстойлівае, шырокая пойма абвалаваная для аховы ад паводак. Гал. прытокі: Йелаўстан, Плат, Канзас (справа). Жыўленне ў верхнім цячэнні снегавое, у сярэднім і ніжнім — пераважна дажджавое. Высокае веснавое разводдзе (павышэнне ўзроўню вады каля вусця да 12 м) і нізкая летняя межань. Характэрны моцныя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля 2600 м³/с (макс. 19 тыс.м³/с). Цвёрды сцёк 220 млн.т/год; вада брудна-бурага колеру. Сістэма буйных вадасховішчаў (Форт-Пек, Гарысан, Аахе) на М. і ў яе басейне служаць для рэгулявання сцёку, мэтаў ірыгацыі, энергетыкі. Суднаходства да г. Су-Сіці для вял. суднаў і да г. Форт-Бентан для малых суднаў у мнагаводны перыяд. Буйныя гарады і парты: Омаха, Канзас-Сіці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГО́НЬ,
з’ява, звязаная з працэсам гарэння; уключае вонкавае і сенсорнае ўспрыманне яго чалавекам. Сляды агню археолагі знаходзяць пры раскопках паселішчаў сінантрапаў і неандэртальцаў.
Доўгі час людзі карысталіся прыродным агнём, які ўзнікаў пры самазагаранні дрэў і раслін ад маланкі, вывяржэння вулканаў, загарання прыроднага газу і інш., і падтрымлівалі гарэнне ў ямах і агнішчах. У пач.верхняга палеаліту людзі навучыліся здабываць агонь ад трэння кавалкаў дрэва. Пазней (у пач.жал. веку) агонь высякалі з крэменю пры дапамозе жал. крэсіва, з 19 ст. сталі выкарыстоўваць запалкі, запальнічкі. Авалоданне агнём спрыяла канчатковаму аддзяленню першабытнага чалавека ад жывёльнага свету і зрабіла вызначальны ўплыў на развіццё агульначалавечай культуры і ўзаемаадносін паміж людзьмі. У стараж. беларусаў агонь лічыўся радавым і хатнім бажаством, абаронцам хатняга ачага і лек. сродкам. Уяўленні пра яго надпрыродную сілу захаваліся ў рытуальных звычаях раскладваць купальскія вогнішчы, скакаць цераз іх парамі для «ачышчэння» і інш. Да канца 19 ст. на Беларусі існавалі ахвяраванні ў гонар агню (спальвалі першы сноп жыта перад тым як сушыць у асеці); «жывым агнём», г. зн. здабытым ад трэння кавалкаў дрэва, абносіліся паселішчы ў час эпідэміі і эпізаотыі, пасевы ў час засухі ці вымакання. Багамі агню ва ўсіх славян лічыліся Сварожыч і Жыжаль. Некаторыя народы Індыі, Ірана і цяпер пакланяюцца агню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБА́РСТВА,
рамяство па вырабе скур для пашыву абутку. На Беларусі сыравінай служылі скуры рагатай жывёлы, зрэдку коней, свіней. Традыц. тэхніка вырабу скур уключала падрыхтоўчыя аперацыі (мачэнне, заленне, мяздрэнне, ачыстка ад шэрсці, абяззольванне, квашанне), дубленне (каб скура стала вільгаценепранікальнай) і апрацоўку (фарбаванне, пакрыццё тлушчам, глянцаванне і інш.). Гатовыя скуры адрозніваліся па гатунках: юхт (скура для верху абутку), падэшвенная, апойка (скура з цяляці-сысунка), саф’ян (мяккая скура з казліных, цялячых, авечых скур), замша (авечая ці аленевая скура без верхняга пласта), лайка (з авечых скур). Гарбарства на Беларусі было пашырана пераважна ў мястэчках і гарадах, а з сярэдзіны 19 ст. і ў вёсках, калі заможныя сяляне пачалі шыць скураны абутак. У канцы 19 — пач. 20 ст. гарбарная вытворчасць развівалася як фабрычна-заводская і саматужная (апошняя пераважала). Тыповымі былі невялікія гарбарні, у якіх працаваў гаспадар з 2—4 рабочымі або членамі сям’і. Найбольш вядомымі цэнтрамі гарбарства былі Гродна, Мір, Ліда, Пружаны, Кобрын, Ашмяны, Смаргонь, Віцебск, Полацк, Лепель, Магілёў, Давыд-Гарадок, Тураў, Слуцк, Мазыр і інш. Высокай якасцю славіліся магілёўскія і мазырскія скуры, якія карысталіся вял. попытам і за межамі Беларусі. У 1920—40-я г. саматужнае гарбарства было забаронена. У 1950-я г. кааператыўна-прамысловыя арцелі рэарганізаваны ў дзярж. прадпрыемствы. Гл. таксама Гарбарная прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-СІБІ́РСКІ АРТЭЗІЯ́НСКІ БАСЕ́ЙН,
у межах Заходне-Сібірскай раўніны, на тэр. Pacü і Казахстана, буйнейшы ў свеце. Пл. каля 3 млн.км². Ваданосныя комплексы звязаны з асадкавымі адкладамі меза-кайназою і пародамі складкавага фундамента Заходне-Сібірскай пліты. У будове басейна вылучаюць 2 гідрагеал. паверхі, падзеленыя тоўшчай гліністых адкладаў верхняга мелу-эацэну. Верхні паверх прадстаўлены ваданоснымі комплексамі алігацэну, неагену і антрапагену. Глыб. ад 1—2 да 1—20 м і больш, удзельны дэбіт свідравін да 5—7 л/с. Воды ў цэнтр. і паўн.ч. прэсныя (да 1 г/л), у паўд.ч. саланаватыя і салёныя (да 10—15 г/л і больш). Падземныя воды фарміруюцца ў выніку інтэнсіўнага сцёку і ў цеснай сувязі з кліматычнымі фактарамі і гідраграфічнай сеткай тэрыторыі. Ніжні паверх аб’ядноўвае ваданосныя комплексы мелавых і юрскіх адкладаў і прыпаверхневай ч. фундамента, якія залягаюць у цэнтр.ч. на глыб. да 1000—3000 м і больш, на перыферыі басейна — каля паверхні. Удзельны дэбіт свідравін да 1,7—3,5 л/с. Воды ў цэнтр.ч. салёныя (20—30 г/л і больш). Папаўненне запасаў падземных вод ніжняга паверха адбываецца на перыферыі, дзе ваданосныя слаі выходзяць на паверхню. З ваданосным гарызонтам ніжняга паверха звязаны буйныя запасы нафты і газу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАРНЕ́Т [франц. clarinette ад лац. clarus ясны (гук)],
драўляны духавы язычковы муз. інструмент. Складаецца з дзюбападобнага муштука з прымацаваным да яго трысняговым ці бамбукавым язычком, кароткай пашыранай часткі, верхняга і ніжняга кален з пальцавымі адтулінамі (7) і клапанамі (каля 20) і раструба. Сярод рэгістравых разнавіднасцей найб. пашыраны К. малы (пікала), сапранавыя, альт (басетгорн), бас-кларнет.
Прафес. К. створаны ў Германіі каля 1700 на аснове франц.нар. інструмента шалюмо (тыпу бел.жалейкі). Выкарыстоўваецца як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент.
На Беларусі паявіўся спачатку ў прафес. практыцы (Нясвіж, Гродна, Шклоў і інш.), з 2-й пал. 19 ст. таксама і ў народнай. У нар.інстр. ансамблях К. актыўна замяняе жалейку ў спалучэнні са скрыпкай і цымбаламі або з гармонікам, скрыпкай і барабанам. Найб. характэрны для Палесся і цэнтр. раёнаў Беларусі. Творы розных жанраў для К. і камерных ансамбляў з К. у складзе стварылі бел. кампазітары Л.Абеліёвіч, М.Аладаў, Г.Вагнер, В.Войцік, Г.Гарэлава, Я.Глебаў, Я.Дзягцярык, Дз.Камінскі, П.Падкавыраў, Р.Сурус, Л.Шлег і інш. Класы ігры на К. існуюць у муз.навуч. установах рознага ўзроўню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАЛЬВАРЫ́ЙСКІ КАСЦЁЛ І БРА́МА,
помнік архітэктуры 19 ст. ў Мінску. Пабудаваны ў 1839—41 на Кальварыйскіх могілках (вядомы з 17 ст.) на месцы б. касцёла (разбураны ў 1830) у стылі неаготыкі і класіцызму. Мураваны 1-нефавы з невял. трансептам і прамавугольнай алтарнай апсідай храм накрыты высокім 2-схільным дахам. Гал. фасад вырашаны ў выглядзе вял. стральчатага партала. Над прытворам узвышаецца масіўная квадратная ў плане вежа, падзеленая на 2 ч. карнізам з сухарыкамі. У верхняй яе ч. 2 вузкія стральчатыя аконныя праёмы, над якімі круглая люкарна. Сцены гал. і бакавых фасадаў дэкарыраваны аркатурнымі паясамі, прарэзаны стральчатымі аконнымі праёмамі, аздоблены ліштвамі. Брама ў класіцыстычных формах прыбудавана ў 1830 на сродкі Ю.Кабылінскага ў гонар яго жонкі. Цаглянае прамавугольнае ў плане збудаванне з вял.цэнтр. і сіметрычна размешчанымі па баках меншымі паўцыркульнымі праёмамі. Падзелена карнізам на 2 ярусы. Ніжні — руставаны, над бакавымі праёмамі верхняга яруса — ляпная геральдыка. На могілках захаваліся пахавальныя капліцы Паўла Равы (1855, эклектыка), Віткевічаў (2-я пал. 19 ст., неаготыка), 2 эклектычныя капліцы 2-й пал. 19 ст.; некалькі мураваных капліц у паўразбураным стане.
Літ.:
Rzymsko-katolicki cmentarz Kalwaryjski w Minsku na Bialorusi. Warszawa, 1996.
А.Ю.Пятросава, Т.І.Чарняўская.
Мінскі кальварыйскі касцёл і брама. Галоўны фасад касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПО́РНЫЯ ВО́ДЫ,
падземныя воды ў ваданосных пластах, якія ізаляваны слабаводапранікальнымі гарызонтамі; валодаюць пругкай ёмістасцю і пры ўскрыцці могуць самавылівацца на паверхню. Даюць узровень вады вышэй верхняга кантакту водазмяшчальных і водатрывалых парод. Характарызуюцца: п’езаметрычным узроўнем падземных вод (узровень, які ўстанавіўся ў свідравінах пры ўскрыцці Н.в., вымяраецца ў атмасферах ці абс. адзнаках вышынь); вышынёй напору (адлегласць паміж верхнім кантактам ваданосных і водатрывалых парод і п’езаметрычным узроўнем, вымяраецца ў метрах) і напорам (вышыня п’езаметрычнага ўзроўню над нулявой — узр. м. — паверхняй параўнання, вымяраецца ў метрах). Фарміраванне напораў адбываецца за кошт гідрастатычнага (гл.Артэзіянскія воды) і залішняга пластавога ціску. Гідрагеалагічныя структуры могуць складацца з некалькіх (10 і болей) гарызонтаў Н.в. П’езаметрычныя ўзроўні ўтвараюць п’езаметрычную паверхню, якая на гідрагеалагічных картах адлюстроўваецца лініямі роўных напораў — гідраізап’езамі. Паводле характару п’езаметрычнай паверхні вызначаецца напрамак руху і нахіл патоку Н.в. Жыўленне Н.в. адбываецца за кошт перацякання з грунтавых вод і паверхневага вадасцёку (у горных раёнах). Разгрузка Н.в. адбываецца на паверхню зямлі ў выглядзе ўзыходных крыніц, у грунтавыя воды, у вышэй- і ніжэйзалеглыя напорныя ваданосныя гарызонты (адпаведна ў абласцях разгрузкі і на водападзелах). Н.в.
добра захаваны ад паверхневага забруджвання, маюць высакаякасныя арганалептычныя ўласцівасці (смак, пах, колер, празрыстасць і інш.). Прэсныя Н.в. з’яўляюцца асн. крыніцай цэнтралізаванага гасп.-пітнога водазабеспячэння, мінеральныя выкарыстоўваюцца ў бальнеатэрапіі і вытв-сці лячэбна-сталовых вод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́ТА КРЫМІНА́ЛЬНАГА СУДА́,
вышэйшы судовы орган па крымінальных справах у губернях Рас. імперыі. Уведзены на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» 1775. У 1778 П.к.с. ўведзены ў Полацкай і Магілёўскай губ., у 1795 — у Мінскай губ. Апеляцыйная інстанцыя (2-я інстанцыя) для верхняга земскага суда, губернскага магістрата, верхняй расправы. У якасці рэвізійнай (рашаючай) інстанцыі разглядала справы аб злачынствах, якія прадугледжвалі смяротнае пакаранне, гандлёвае пакаранне, пазбаўленне гонару; у якасці суда 1-й інстанцыі — справы па абвінавачванні ў службовых злачынствах. Апеляцыйнай і рэвізійнай інстанцыяй для П.к.с. быў Сенат. У склад палаты ўваходзілі старшыня, 2 саветнікі і 2 асэсары. Паводле ўказа Паўла I ад 6.2.1797 П.к.с. на тэр. Беларусі скасаваны і заменены гал. судамі. Адноўлены ў 1831 як апеляцыйная і рэвізійная інстанцыя для павятовых судоў і магістратаў. Ў якасці 1 -й інстанцыі разглядалі справы аб службовых злачынствах чыноўнікаў. У адносінах да судоў 1-й інстанцыі мелі адм. паўнамоцтвы і маглі аб’яўляць вымовы і накладаць штрафы на чыноўнікаў ніжэйшых судоў. Пасля 1831 у склад палаты ўваходзілі старшыня, саветнік (з 1837 таварыш старшыні) і па 2 засядацелі ад дваран і купецтва. Справаводства вялося на рус. і польскай (да 1831) мовах. У 1867 П.к.с. паводле ўказа Сената аб’яднаны з палатамі цывільнага суда ў злучаныя палаты крымінальнага і цывільнага суда.