венгерскі паэт. Вывучаў філалогію ў Сегедскім і Венскім ун-тах і ў Сарбоне. Першы зб. вершаў «Папрашайка прыгажосці» (1922). Працаваў у жанрах санета, паслання, пейзажнай замалёўкі, балады, оды і інш. У ранніх творах істотны ўплыў экспрэсіянізму і сюррэалізму. Аўтар зб-каў «Не я крычу» (1925), «Ні бацька, ні маці» (1929), «Пні карчуй і не скуголь» (1931), «Ноч ускраіны» (1932), «Мядзведжы танец» (1934), «Вельмі балюча» (1936). Паэзія мае выразны філас. характар, у ёй спалучаюцца гратэск і лірызм, адметная метрычнай і страфічнай разнастайнасцю, асацыятыўнасцю. Скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЛА́НДСКАЯ МО́ВА,
адна з кельцкіх моў. Пашырана ў Ірландскай Рэспубліцы (афіц. мова разам з англ.), Паўн. Ірландыі (Вялікабрытанія), часткова ў ЗША. Вылучаюцца 3 дыялектныя зоны (мунсцерская, канахцкая і ульстэрская), паміж якімі значныя адрозненні. Нормы адзінай літ. мовы новага перыяду пачалі выпрацоўвацца ў пач. 20 ст., яны вельмі няўстойлівыя, адлюстроўваюць адрозненні дыялектаў на ўсіх узроўнях.
Пісьменнасць узнікла ў 4—7 ст.н.э. (т. зв. агамічныя надпісы, гл.Агамічнае пісьмо). З канца 5 — пач. 6 ст. пісьменнасць на аснове лац. алфавіта. Першыя помнікі 6 ст. захаваліся ў спісах 11 ст. На І.м. існуе багатая арыгінальная л-ра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТАНІ́СЦКІЯ ШКО́ЛЫ,
ваенныя навучальныя ўстановы ніжэйшага разраду ў 1805—58 у Рас. імперыі для кантаністаў. У іх вучыліся дзеці з 7 (з 1824 — з 10) да 15 гадоў, пасля чаго асн. частка навучэнцаў залічвалася салдатамі ў войска тэрмінам на 20 гадоў. астатнія працягвалі навучанне да 18 гадоў і атрымлівалі чын унтэр-афіцэра. Асн. мэта К.ш. — падрыхтоўка добра абучаных і «адданых прастолу» салдат. Праграма навучання была вельмі абмежаваная (Закон Божы, чытанне, пісьмо, лік), унутр. распарадак вызначаўся празмернай жорсткасцю, пераважала ваен. муштра. У сувязі з ліквідацыяй ваен. пасяленняў К.ш. часткова расфарміраваны, некат. пераўтвораны ў вучылішчы ваен. ведамства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ТНЫЯ (Ungulata),
надатрад млекакормячых. 6 атр.: даманы, няпарнакапытныя, парнакапытныя, сірэны, мазаляногія (Tylopoda) і хобатныя (Proboscidea). 91 сучасны род. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды (у Аўстралію і Новую Зеландыю завезены). На Беларусі 5 відаў: алень высакародны, дзік, зубр, казуля, лось. Зубр занесены ў Чырв. кнігі МСАП і Беларусі. Да капытных належаць свойскія буйная рагатая жывёла, авечка, каза, конь, свіння.
Памеры ад дробных (даманы) да вельмі буйных (сланы). Пальцаў ад 1 да 5, найб. развітыя 3-і і 4-ы пальцы; у сапр. К. канцавыя фалангі гэтых пальцаў заканчваюцца капытамі. У многіх вызначаецца палавы дымарфізм. Расліннаедныя, некат. ўсёедныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНАЛІ́Т (ад імя ням. горнага інж. Р. фон Карналя),
мінерал падкласа хларыдаў, водны хларыд калію і магнію, KMgCl3·6H2O. Прымесі свінцу, цэзію, брому. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Звычайна суцэльныя або зярністыя агрэгаты, часам таблітчастыя, дыпірамідальныя крышталі. Колер малочна-белы, прымесямі жалеза можа быць афарбаваны ў чырвоны, буры, жоўты колеры. Бляск тлусты. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 2,5. Шчыльн. 1,6 г/см³. Вельмі гіграскапічны. Па паходжанні хемагенны, трапляецца разам з галітам, сільвінам і інш. галоідамі. Рудаўтваральны мінерал калійных солей. Сыравіна для вырабу калійных угнаенняў, метал. калію і магнію. На Беларусі выяўлена радовішча К. ў Прыпяцкай упадзіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у стараж.г. Горы Вялікія (цяпер в. Горы Горацкага р-на Магілёўскай вобл.). Быў умацаваны 7 бастыёнамі, злучанымі паміж сабой валамі-курцінамі, а таксама шырокім і глыбокім ровам. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак быў заняты ў вер. 1654 войскамі А.М.Трубяцкога. У 1663 «фортеция Горская» згадваецца як вельмі разбураная, але ў дакументах 1680-х г. ужо ўпамінаюцца замак і гар. астрог. У апошні раз умацаванні Горскага замка спрабаваў выкарыстаць у 1708 шведскі кароль Карл XII. Пазней Горскі замак страціў сваё ваен. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ЛАБ АКІЯНІ́ЧНЫ, глыбакаводны жолаб,
вузкае доўгае паніжэнне дна акіяна, элемент рэльефу пераходнай зоны паміж мацерыком і акіянам. Даўжыня дасягае некалькіх тысяч кіламетраў, шырыня — дзесяткаў і соцень кіламетраў, глыб. больш за 5000 км, сярэдняя стромкасць схілаў каля 5°, у месцах глыбінных разломаў схілы бываюць вельмі стромкія. Размяшчаюцца ўздоўж горных узбярэжжаў мацерыкоў (напр., Перуанскі і Чылійскі жалабы каля зах. берагоў Паўд. Амерыкі) або са знешняга боку астраўных дуг (Алеуцкі, Курыла-Камчацкі, Японскі, Філіпінскі жалабы). З Ж.а. звязаны макс. глыбіні Сусветнага ак., у т. л.найб. на Зямлі глыб. 11022 м (у Марыянскім жолабе Ціхага ак.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ЎЦЕВЫ ГРЫБ, воўчы грыб (Tylopilus felleus),
шапкавы базідыяльны грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі расце ў лясах. Вельмі падобны да баравіка, адрозніваецца ружовым колерам гіменафора і горкім смакам мякаці. Неядомы. можа выклікаць атручэнне. Выкарыстоўваецца як жаўцягонны сродак (адсюль назва).
Шапка дыям. 3—8 см, пукатая, сухая, бураватая або бурая. Мякаць мяккая, белая, на зломе ружовая, без асаблівага паху. Гіменафор прырослы або выемчаты, трубачкі белыя, потым брудна-шаравата-ружовыя. Ножка падоўжана-клубнепадобная або цыліндрычная, суцэльная, уверсе з яўна бачным чорна-бурым сеткавым малюнкам. Споры верацёнападобнападоўжаныя, гладкія, светла-ружавата-бураватыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАЛІ́РЫЙ (Iphiclides podalirius, або Papilio podalirius),
дзённы матыль сям. паруснікаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы. Трапляецца на лясных палянах, у зарасніках цёрну. На Беларусі вельмі рэдкі (адзначаны ў Брэсцкай, Гродзенскай і Магілёўскай абл.). Занесены ў Чырв. кнігу.
Размах крылаў да 8 см. Афарбоўка бледна-жоўтая, на пярэдніх чорныя клінападобныя палосы, заднія з чорна-блакітнай аблямоўкай. Каля асновы задніх крылаў пляма, на канцы хвосцікі даўж. да 20 мм. Дарослыя кормяцца нектарам кветак, вусені — лісцем цёрну, вішні і інш. раслін, пераважна з сям. ружавых. 1—2 пакаленні за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́ССЕ (назва звязана са значнай аблесенасцю тэрыторыі),
палескі тып ландшафту, нізіны ў раёнах пашырэння алювіяльных і водна-ледавіковых пяскоў ускраіннай паласы плейстацэнавага мацерыковага зледзянення ў межах паўд. тайгі, мяшаных і шыракалістых лясоў Еўропы. Пяскі запаўняюць плоскія паніжэнні, звязаныя з тэктанічнымі ўпадзінамі. Залішняе атмасфернае ўвільгатненне і недастатковы дрэнаж (рэчышчы густой рачной сеткі вельмі мала ўрэзаны) абумовілі фарміраванне буйных масіваў балот, якія параслі хвояй, бярозай, вольхай і інш. Палескі тып ландшафту характэрны для Палескай нізіны, Мяшчорскай нізіны, усх. раёнаў Польшчы (у бас. рэк Вепш і Буг), пашыраны таксама на Пд Канады і ў паўн. раёнах ЗША). Гл. таксама Беларускае Палессе.