ГЛІ́НКА (Міхаіл Іванавіч) (1.6.1804, с. Наваспаскае Смаленскай вобл. — 15.2.1857),
рускі кампазітар. Заснавальнік рус.муз. класікі. Паходзіў са стараж.бел. шляхецкага роду герба «Тшаска». Музыцы вучыўся ў Дж.Філда і Ш.Маера, але ў асн. авалодаў тэхнікай кампазіцыі і інструментоўкі самастойна. У 1820-я г. вядомы як піяніст і спявак. Да таго ж часу адносяцца і яго першыя творы (камерна-інстр., аркестравыя, фп., вакальныя). У 1830—34 удасканальваў муз. адукацыю ў Італіі і Германіі (у Берліне займаўся ў тэарэтыка З.Дэна), дзе знаёміўся з муз. жыццём буйнейшых еўрап. гарадоў, вывучаў мастацтва бельканта. Сталы перыяд яго творчасці адкрывае опера «Жыццё за цара» (1836, пазней ставілася пад назвай «Іван Сусанін»), дзе ён выступіў як наватар у галіне муз. драматургіі: упершыню ў рус. музыцы ўвасобіў метад цэласнага сімф. развіцця опернай формы, поўнасцю адмовіўся ад размоўных дыялогаў. Ідэя патрыятызму ўвасоблена ў паслядоўным муз.-драматург. развіцці, заснаваным на крышталізацыі і разгортванні тэмы заключнага хору «Слаўся» — велічнага нар. гімна. У 1837—39 служыў капельмайстрам Прыдворнай пеўчай капэлы ў Пецярбургу. У канцы 1830 — пач. 1840-х г. створаны «Вальс-фантазія» (1839 для фп., арк.рэд. 1845 і 1856), музыка да трагедыі Н.Кукальніка «Князь Холмскі» (1840), найлепшыя рамансы «Начны зефір», «У крыві гарыць агонь жадання», «Я помню дзіўнае імгненне» на вершы А.Пушкіна, у якіх дасягнуў поўнай гармоніі музыкі і тэксту; элегія «Сумненне» і вак. цыкл «Развітанне з Пецярбургам» на словы Кукальніка. Першы ўзор рус. нар.-эпічнай оперы — «Руслан і Людміла» паводле Пушкіна (паст. 1842), у якой Глінка заснаваў драматургію на чаргаванні казачна-маляўнічых эпізодаў-карцін, прасякнутых сімф. развіццём. У оперы арганічна спалучаюцца фантаст. і рэальныя вобразы, рус.нар. песеннасць і мелодыка народаў Усходу. У 1844 жыў у Парыжы, у 1845—47 — у Іспаніі. Пад уражаннем паездкі стварыў «іспанскія уверцюры» — «Арагонская хота» (1845) і «Ноч у Мадрыдзе» (1848), дзе выкарыстаў свае запісы ісп.нар. песень і танцаў і зрабіў пачатак распрацоўкі ісп. фальклору ў еўрап. музыцы. У 1848 напісаў найб. значны сімф. твор «Камарынскую», у якой раскрыў спецыфічныя асаблівасці нац.муз. мыслення, сінтэзаваў багацце нар. музыкі і высокае прафес. майстэрства. З 1852 жыў у Расіі і за мяжой, займаўся літ. дзейнасцю, вывучаў стараж.муз. лады. Памёр у Берліне. Творчасць Глінкі дала магутны імпульс развіццю рус.муз. культуры, зрабіла вял. ўплыў на фарміраванне розных нац. кампазітарскіх школ. З 1960 праводзіцца конкурс вакалістаў імя Глінкі. Выдадзены поўны збор яго муз. твораў у 18 тамах (1955—69). У Беларусі ставіліся опера «Іван Сусанін» (1891, 1954, 1984), фрагменты «Руслана і Людмілы» (1887), выконваюцца яго сімф. і камерныя творы.
Літ.тв.: Литературное наследие. Т. 1. Автобиографические и творческие материалы; Т. 2. Письма и документы. Л.; М., 1952—53; Полн. собр. соч.: Лит. произв. и переписка. Т. 1—22(б). М., 1973—77.
Літ.:
Асафьев Б. М.И.Глинка. Л., 1978;
Канн-Новикова Е. М.И.Глинка. Вып. 1—3. М.; Л., 1950—55;
Ливанова Т., Протопопов В. Глинка. Т. 1—2. М., 1955;
Одоевский В.Ф. Музыкально-литературное наследие. М., 1956;
Стасов В.В. Избранные статьи о М.И.Глинке. М., 1955;
Серов А.Н. Избранные статьи. Т. 1. М.; Л., 1950;
Ларош Г.А. Избранные статьи о Глинке. М., 1953;
Памяти Глинки, 1857—1957: Исслед. и материалы. М., 1958;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.
Створаны ў вер. 1947 на базе пераведзенага ў Гродна Бабруйскага абласнога драматычнага тэатра. У станаўленні творчага калектыву значную ролю адыгралі адзін з заснавальнікаў т-ра і маст. кіраўнік (да 1950) М.Кавязін, рэжысёры А.Міронскі і І.Папоў. У першыя гады ў рэпертуары пераважалі п’есы сав. драматургаў, ставіліся творы замежнай класікі. У пач. 1950-х г. пастаўлены п’есы бел. драматургаў: «Калі зацвітаюць сады» В.Палескага, «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы, «Гэта было ў Мінску» В.Кучара, а таксама творырус. і замежнай класікі. У ліку лепшых спектакляў 2-й пал. 1950 — пач. 1960-х г. «Нявольніцы» А.Астроўскага, «Іспанцы» М.Лермантава, «Улада цемры» Л.Талстога, «У добры час!» В.Розава, «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай, «Юстына» Х.Вуаліёкі. У 2-й пал. 1960 — пач. 1970-х г. рэпертуар характарызаваўся пэўнай эклектычнасцю, нераўназначнасцю маст. якасці пастановак. У 1970-я г. пастаўлены бел. п’есы: «Трыбунал» А.Макаёнка, «Пад зоркамі» паводле рамана П.Пестрака «Сустрэнемся на барыкадах», «Апошні шанц» В.Быкава, «Адкуль грэх?» А.Петрашкевіча, «Амністыя» М.Матукоўскага, п’есы рус. і замежных аўтараў — «Навальніца» А.Астроўскага, «Акіян» А.Штэйна, «Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана, «Дом на скале» Вуаліёкі і інш. Станоўчыя зрухі ў творчасці калектыву адбыліся ў 2-й пал. 1970-х г., калі яго ўзначаліў У.Караткевіч. Рэпертуар т-ра вылучаўся жанравай і тэматычнай разнастайнасцю. Вял. ўвага аддавалася бел. драматургіі: «Паўлінка» Я.Купалы, «Мілы чалавек» К.Крапівы, «Несцерка» В.Вольскага, «Трывога» і «Францыск Скарына» Петрашкевіча; пастаўлены п’есы Астроўскага, М.Горкага, А.Вампілава, І.Друцэ, А.Арбузава, А.Гельмана, Т.Уільямса і інш. Сярод лепшых спектакляў 1980-х г.: «Князь Навагрудскі» Л.Пракопчыка і Дз.Кальчанкі, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Стары» М.Горкага, «Заўтра была вайна» паводле Б.Васільева, «Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» і «Лаліта» (паводле У.Набокава) Э.Олбі. У 1990-я г. ў рэпертуары: «Камедыя пра нешчаслівага селяніна, яго жонку Маланку, жыда Давіда і чорта, які страціў сэнс існавання» У.Рудава (паводле твораў К.Марашэўскага і Ф.Аляхновіча), «Сонейка, свяці» У.Ягоўдзіка (па матывах бел. казачнага фальклору), «Здурнелы Журдэн» М.Булгакава, «Нора» Г.Ібсена, «Дарагая Памэла» Дж.Патрыка, «Беззаганнае забойства» Ж.Рабера, «Карсіканка, або Ад’ютантша яго імператарскай вялікасці» І.Губача, «Сейлемскія ведзьмы» А.Мілера і інш. З 1979 працуе малая сцэна.
Значны ўклад у творчасць т-ра зрабілі нар. артысты Беларусі Г.Дубаў, Я.Кімберг, Ю.Сідараў, засл. арт. Беларусі С.Аляксандраў, З.Асмалоўская, М.Астанкава, А.Бірычэўскі, Г.Глінаецкі, В.Грачынскі, С.Іванова, М.Кавязіна, Н.Караткевіч, У.Мішанчук, Ю.Нікіцін, Т.Нікалаева, Г.Панкрат, Л.Сторажава, П.Філіпаў, Т.Шашкіна, засл. арт. Расіі А.Лявонаў і Н.Меліхава, засл. арт. Малдавіі І.Таран. У складзе трупы (1997): засл. арт. Беларусі А.Гайдуліс, Л.Дзяменцьева, М.Емяльянаў, А.Марцінюк, В.Смачнеў, засл. арт. Расіі Л.Рудой, засл. арт. Абхазіі У.Шакала. Гал. рэжысёр М.Разцоў (з 1991), гал. мастак Ф.Розаў (з 1991).
Т-р працаваў у будынку былога т-ра А.Тызенгаўза (гл. ў арт.Гродзенскі абласны тэатр лялек), з 1984 — у новым (арх. Г.Мачульскі). Будынак складаецца з 6-граннага асн. аб’ёму (з гал. глядзельнай залай на 700 месцаў) і П-падобнага 3-павярховага адм.-службовага корпуса (на 1-м паверсе малая глядзельная зала на 200 месцаў).
Да арт.Гродзенскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Дом на скале» Х.Вуаліёкі.Да арт.Гродзенскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Мілы чалавек» К.Крапівы.Да арт.Гродзенскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Заўтра была вайна» паводле Б.Васільева.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЁТЭ ((Goethe) Іаган Вольфганг фон) (28.8.1749, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 22.3.1832),
нямецкі пісьменнік, мысліцель і прыродазнавец; адзін з заснавальнікаў ням. л-ры новага часу. Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1826). Вучыўся ў Лейпцыгу (1765—68) і Страсбуры (1770—71). З 1775 жыў у Веймары. Першы зб. вершаў «Лейпцыгская кніга песень» (1769). Пад уплывам літ. руху «Бура і націск» напісаны драмы «Гёц фон Берліхінген» (1773), «Клавіга» (1774), «Стэла» (1775), сентыментальны раман «Пакуты маладога Вертэра» (1774). У 1786—88 і 1790 падарожнічаў па Італіі. Сябраваў з Ф.Шылерам, у канцы 1780-х г. разам з ім распрацаваў канцэпцыю т.зв. веймарскага класіцызму (трагедыі «Іфігенія ў Таўрыдзе», 1787; «Тарквата Таса», цыкл «Рымскія элегіі», абодва 1790). У гіст. драме «Эгмант» (1788) уславіў барацьбу за нац. незалежнасць. Яго негатыўныя адносіны да Французскай рэвалюцыі 1789—99 выявіліся ў «Венецыянскіх эпіграмах» (1790, выд. 1796), п’есе-памфлеце «Грамадзянін-генерал» (1793), скіраванай супраць рэв. насілля, і паэме-ідыліі «Герман і Даратэя» (1797). У паэме «Рэйнеке-Ліс» (1793) высмеяў феад. прыгнёт і дэспатызм. Класічны ўзор «рамана выхавання», спалучаны з сац. утопіяй, — «Гады вучэння Вільгельма Майстэра» (1795—96) і «Гады вандраванняў Вільгельма Майстэра» (ч. 1—3, 1821—29). Праблемы фарміравання асобы і ўзаемаадносін чалавека і грамадства закрануты таксама ў аўтабіягр. кнігах «З майго жыцця. Паэзія і праўда» (ч. 1—4, выд. 1811—33) і «Італьянскае падарожжа» (т. 1—3, 1816—29). Цікавасць да Б.Усходу выявілася ў зб. інтымнай лірыкі, навеянай перс. паэзіяй, «Заходне-ўсходні дыван» (1819). Твор усяго жыцця Гётэ, выдатны маст. помнік ням. і сусв. л-ры — трагедыя ў вершах «Фауст» (ч. 1—2, 1808—31), якая падвяла вынік развіццю еўрап. асветніцкай думкі 18 ст. У ёй філас. роздум пра сэнс быцця, спрадвечнае імкненне чалавека спасцігнуць таямніцы сусвету, вера ва ўсепераможнасць працы і пазнання. Гётэ аўтар літ.-маст. даследаванняў («Да дня Шэкспіра», 1771; «Пра нямецкае дойлідства», 1773; «Пра нямецкі тэатр», 1812—13, і інш.), прыродазнаўчых прац («Вопыт аб метамарфозе раслін», 1790; «Вучэнне пра колер», 1810, і інш.).
Шырокую вядомасць набылі малюнкі Э.Дэлакруа да «Фауста». На творы Гётэ пісалі музыку: Л.Бетховен — да драмы «Эгмант» (1810), Ш.Гуно — оперу «Фауст» (1859), А.Бойта — оперу «Мефістофель» (1868), Ж.Маснэ — оперу «Вертэр» (1886), Г.Берліёз — араторыю «Асуджэнне Фауста» (1846). На бел. мову творы Гётэ перакладалі А.Барычэўскі, Ю.Гаўрук, А.Дудар, Ю.Таўбін, В.Вольскі, С.Ліхадзіеўскі, А.Зарыцкі, В.Сёмуха, А.Лойка. І.Навуменка адзначыў тыпалагічныя паралелі асобных вобразаў і сцэн у творах Я.Купалы і Гётэ, падкрэсліваў значэнне «Фауста» для стварэння драм. паэм Я.Купалы «Адвечная песня» і «Сон на кургане». Бел. мастак А.Кашкурэвіч даў новую маст. інтэрпрэтацыю вобразаў «Фауста». Бел.т-р оперы і балета ажыццявіў пастаноўкі опер «Фауст» Гуно (1950), «Вертэр» Маснэ (1959).
Тв.:
Бел.пер. — Рэйнеке-Ліс. Мн., 1940;
Спатканне і ростань: Выбр. лірыка. Мн., 1981;
Фауст: Трагедыя. Мн., 1996;
У кн.: Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. Мн., 1928;
У кн.: Ліхадзіеўскі С. Берасцянка жывых трывог. Мн., 1962;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—13. М.; Л., 1932—49;
Собр. соч.Т. 1—10. М., 1975—80;
Фауст. Мн., 1971;
Избр. произв.Мн., 1977.
Літ.:
Барычэўскі А. Гётэ і ягоны Фауст // Полымя рэвалюцыі. 1932. № 1;
Вильмонт Н. Гете: История его жизни и творчества. М., 1959;
Тураев С. Иоганн Вольфганг Гете. 2 изд. М., 1957;
Шагинян М. Гете. М.; Л., 1950;
Эккерман И.П. Разговоры с Гете в последние годы его жизни. М.; Л., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МІ, Рэспубліка Комі,
у складзе Рас. Федэрацыі. Пл. 415,9 тыс.км². Нас. 1176 тыс.чал. (1997), гарадскога 74%. Сярэдняя шчыльн. 2,8 чал. на 1 км². Жывуць комі (23,3%), комі-пермякі (0,1%), рускія (57,7%), украінцы (8,3%), беларусы (2,1%), татары (2,1%), немцы (1%), чувашы (0,9%) і інш. Сталіца — г.Сыктыўкар. Найб. гарады: Варкута, Ухта, Пячора, Інта, Усінск, Саснагорск, Вуктыл.
Прырода. Размешчана на ПнУеўрап.ч. Расіі. Рэльеф пераважна раўнінны, слабахвалісты. З ПнЗ на ПдУ цягнецца Ціманскі краж (выш. да 471 м, Чэтласкі Камень). На У адгор’і Паўн., Прыпалярнага і Палярнага Урала (выш. да 1895 м, г. На́радная). Паміж Ціманскім кражам і Уральскімі гарамі Пячорская нізіна. Карысныя выкапні: буйныя запасы каменнага вугалю (Пячорскі вугальны басейн), прыроднага газу і нафты (Цімана-Пячорская нафтагазаносная правінцыя), баксітаў (Сярэднеціманская група радовішчаў), тытанавых руд, золата, фасфарытаў, марганцавых і поліметал. руд; ёсць разнастайныя буд. матэрыялы. Клімат на б.ч. рэспублікі ўмерана кантынентальны з працяглай і суровай зімой і кароткім, параўнальна цёплым летам. Кантынентальнасць клімату павялічваецца з ПдЗ на ПнУ. Сярэдняя т-растудз. ў Сыктыўкары -15,1 °C, ліп. 16,6 °C, у Варкуце адпаведна -20,6 °C і 12,4 °C. Ападкаў 500—700 мм, у гарах Урала да 1500 мм за год. На Пн і ПнУ (пераважна за Палярным кругам) шматгадовая мерзлата. Буйныя рэкі: Пячора з Усой і Іжмай, Вычэгда з Сысалай і Вым’ю, Мязень з Вашкай. Азёры — Ямвозера і Сіндарскае. 7% тэрыторыі займаюць балоты. Пераважаюць падзолістыя глебы, у паўн. частцы — тундравыя; у поймах Пячоры і Вычэгды — поймавыя глебы, якія з’яўляюцца асновай для развіцця сельскай гаспадаркі. Пад лесам каля 65% тэрыторыі, пераважна хваёвыя (хвоя, елка — 81% усіх лясоў), на Пд трапляюцца лісцевыя (бяроза, асіна); бліжэй да Урала кедравыя, піхтавыя і лістоўнічныя насаджэнні. Запасы драўніны каля 3 млрд.м³. На Пн — тундра. Шмат прамысл. звяроў: пясец, куніца, вавёрка, ліс, заяц, выдра; з птушак — цецярук, рабчык, глушэц, шэрая курапатка і інш. Рэкі багатыя каштоўнымі відамі рыб: сёмга, омуль, сіг, нельма і інш. Пячора-Ілычскі запаведнік.
Гісторыя. К. заселена з верхняга палеаліту. Да пач. 2-га тыс.н.э. завяршылася фарміраванне плем. аб’яднання прамых продкаў сучасных комі (зыран), якія ў рус. пісьмовых крыніцах 11—14 ст. згадваюцца як перм вычагодская. Яны займаліся пераважна паляўніцтвам і рыбалоўствам, а таксама лядна-агнявым земляробствам і жывёлагадоўляй; складваўся іх аселы побыт, узнікалі рамесныя цэнтры. З распадам першабытнаабшчыннага ладу ў 11—12 ст. зараджаліся феад. адносіны. У 12—14 ст. перм вычагодская плаціла даніну Вял. Ноўгараду; з 14 ст. ўзмацніўся ўплыў Маскоўскага княства. У 1478 К. афіцыйна ўключаны ў склад Расіі. У 15—18 ст. праз К. праходзілі гандл. шляхі з Вяцка-Камскага бас. ў Архангельск і ад Вял. Усцюга ў Сібір, у выніку заснаваны Усць-Сысольск (цяпер г.Сыктыўкар), Усць-Вым і інш.гандл. цэнтры. У 17—18 ст. узніклі саляварныя і гарнарудныя прадпрыемствы, нафтаперагонны з-д (1745). У 1-й пал. 19 ст. адбываліся масавыя выступленні сялян супраць самавольства ўлад і нац. прыгнёту. Пасля рэформы 1861 узмацніліся працэсы развіцця капіталіст. адносін, кансалідацыя комі ў нацыю. Вял. месца ў гаспадарцы занялі лесараспрацоўкі, пашыралася адыходніцтва. У сак. 1920 устаноўлена сав. ўлада. У 1921 створана Аўт. вобласць Комі (Зыран) у складзе РСФСР. У 1936 яна ператворана ў Комі АССР. У 1930—50-я г. адзін з цэнтраў ГУЛАГа. У вер. 1990 Вярх. Савет К. прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце. У 1991 уведзена пасада прэзідэнта. У 1992 падпісаны новы федэратыўны дагавор з Рас. Федэрацыяй і прынята назва Рэспубліка Комі.
Гаспадарка. Аснову эканомікі рэспублікі складае прам-сць. Пераважае паліўна-энергет. комплекс (66,7% усёй прамысл. прадукцыі). Здабыча каменнага вугалю (21,7 млн.т, 1996) у раёнах Варкуты, Інты. У сувязі з нерэнтабельнасцю галіны ажыццяўляецца праграма па закрыцці шахтаў (да 2000 г. іх застанецца 7) і скарачэнні здабычы вугалю ў 2 разы. Вядзецца здабыча нафты (7,5 млн.т, разам з газавым кандэнсатам), прыроднага газу (3,5 млрд.м³) на Вуктыльскім, Заходне-Тэбукскім, Усінскім і інш. радовішчах. Нафтаперапр.з-д у г. Ухта, газаперапр. ў г. Саснагорск. Частка нафты і газу перадаецца ў Цэнтр. раён Расіі. Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ (Сыктыўкар, Інта, Варкута, Ухта). Пячорская ДРЭС. Здабыча тытанавых руд на Ярэгскім радовішчы. Машынабудаванне і металаапрацоўка спецыялізуюцца на рамонце трактароў, дызельных рухавікоў, рачных суднаў, буд. машын, рухомага саставу чыгунак (Сыктыўкар, Варкута, Пячора, Ухта, Інта, Мікунь). Вял. значэнне мае лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць (16,6% прамысл. прадукцыі). Яна прадстаўлена нарыхтоўкай драўніны (бас. рэк Вычэгда, Мязень, Пячора), Сыктыўкарскім лесапрамысл. комплексам (цэлюлозна-папяровая і кардонная вытв-сць, гідролізны і фанерны з-ды), лесапілаваннем (Пячора, Сыктыўкар), вытв-сцю мэблі (Сыктыўкар, Ухта, Візінга), фанеры (Інта, Жэшарт) і драўнянастружкавых пліт (Жалезнадарожны). Вытв-сць цэглы, цэменту, вапны, жалезабетонных вырабаў. Развіты мяса-малочная, масласыраробная, хлебапякарная, мукамольная прам-сць. У лёгкай прам-сці вылучаюцца швейная, гарбарна-абутковая (Варкута, Сыктыўкар, Інта), замшавая (Усць-Цыльма) вытв-сць. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 1% тэрыторыі, у т. л. пад ворывам каля 25%. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (126,4 тыс. галоў, 1995), свіней (71,7 тыс. галоў), паўн. аленяў, тушку. З галін раслінаводства вылучаецца вытв-сць бульбы (235,9 тыс.т), агародніны (32,1 тыс.т), збожжавых (2,1 тыс.т) і кармавых культур. Развіты паляванне, рыбалоўства, зверагадоўля. Гал. віды транспарту — чыг. і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 1,7 тыс.км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 9 тыс.км. Гал. чыгунка Котлас—Варкута з адгалінаваннямі на Вендзінгу, Троіцка-Пячорск і Лабытнангі. Даўж. суднаходных шляхоў 3,1 тыс.км. Гал. суднаходныя рэкі Вычэгда і Пячора. Буйныя газаправоды: Вуктыл—Ухта—Таржок («Ззянне Поўначы»), Пунга—Вуктыл—Ухта, нафтаправод Усінск—Ухта—Яраслаўль. К. вывозіць нафту і нафтапрадукты, газ, каменны вугаль, лес і лесаматэрыялы, цэлюлозу, паперу, кардон, канцэнтраты каляровых металаў. Увозіць машыны і абсталяванне, мінер. ўгнаенні, прадукты харчавання і лёгкай прам-сці. Бальнеалагічны курорт Сярогава.
Літаратура. Вытокі л-ры К., якая развіваецца на комі-зыранскай і рус. мовах, у багатым і разнастайным фальклоры. Казкі, эпічныя і лірычныя песні, прыпеўкі, паданні, галашэнні і інш.творы вуснай нар. творчасці пачалі збіраць і запісваць рус. вучоныя ў 19 ст. Першыя помнікі пісьменства К. адносяцца да 14—16 ст. Заснавальнік пісьмовай л-ры К. — паэт-дэмакрат 19 ст. І.Куратаў. Асн. жанры л-ры — паэзія і драматургія — вызначыліся ў пач. 20 ст. У 1920-я г. плённа развівалася паэзія (М.Лебедзеў, В.Лыткін, В.Савін, В.Чысталёў). Каля вытокаў драматургіі творы М.Папова (сац.-быт. п’есы пра дарэв. жыццё вёскі), Лебедзева (аўтар першага на нац. мове драм. твора, вершавана-муз. камедый паводле фалькл. матываў, твораў пра гіст. мінулае і сучаснасць). Прадаўжальнікам традыцый у нац. драматургіі стаў М.Дзьяканаў (п’есы «Глыбокая запань», 1940, з С.Ярмоліным; «Вяселле з пасагам», паст. 1940, Дзярж. прэмія СССР 1951; «Залаты медальён», 1971). Нарысы і апавяданні пісаў Чысталёў. 1930—50-я г. — перыяд станаўлення жанравай і тэматычна разнастайнай л-ры. У 1934 створана аддзяленне Саюза пісьменнікаў рэспублікі К. Найб. развіццё атрымалі творы эпічнага жанру: аповесці і раманы І.Пысціна, В.Юхніна, Я.Рочава, Г.Фёдарава і інш. Лепшыя традыцыі нац. л-ры развіваліся і ў гады Вял.Айч. вайны (зб-кі паэзіі І.Вавіліна «Ні кроку назад», 1942; «Савецкі воін», 1944, і інш.). У пасляваен. перыяд з’явіліся творы пра гіст. мінулае, ваен. ліхалецце, пасляваен. адраджэнне: аповесці Пысціна «Франтавыя дні і ночы» (1946), Фёдарава «У дні вайны» (1952), раманы Юхніна «Ярка-чырвоная стужка» (1941, першы раман на мове комі), «Агні тундры» (ч. 1—3, 1949—57), Рочава «Два таварышы» (1951), гіст.-рэв. раманы Фёдарава «На досвітку» (ч. 1—3, 1959—62), «Бліскавіца» (1982) і інш. Тэмы рабочага класа, урбанізацыі і інш. адлюстраваны ў зб-ках апавяданняў і аповесцей «Дзе ты, горад?» (1971, Дзярж. прэмія Комі АССР 1972) І.Торапава, зборніку вершаў «Яснае рэха тайгі» (1970) і рамане «Чугра» (1981) Г.Юшкова, паэт. зб-ках «Нарадзіўся я на Поўначы» (1960), «Блакітная тайга» (1972), «Снежная рэспубліка мая» (1977) А.Ванеева і інш. Развіваецца літ.-знаўства (працы Ванеева, А.Мікушава і інш.). На бел. мову перакладзены асобныя творы Куратава (перакладчык М.Аўрамчык).
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтвы. На тэр. К. выяўлены мезалітычныя драўляныя і каменныя рэчы і пасудзіны, багата арнаментаваныя геам., зааморфнымі і антрапаморфнымі малюнкамі, касцяныя прылады эпохі бронзы і жалеза. Знойдзена шмат прадметаў «пермскага звярынага стылю» (1-е — пач. 2-га тыс.н.э.): бронзавыя літыя культавыя выявы рэальных і фантаст. птушак і звяроў, фігуры чалавека (Усць-Вым, Усць-Ухта, Подчар’е — т.зв. Подчарамскі скарб). Разнастайныя ўпрыгожанні вымскай культуры (10—14 ст.; Кічылькоскі і інш. могільнікі на р. Вым). Драўлянае дойлідства К. набліжана да паўночнарускага: у 19 ст. пераважалі рубленыя 1—2-павярховыя дамы на высокім падклецці, да якіх прылягаў крыты 2-павярховы двор. Цэрквы ставілі драўляныя (шатровая капліца Параскевы Пятніцы ў в. Крывое Удорскага р-на, 18 ст.) і мураваныя (Стафана Пермскага ў Усць-Вымі, 1759). У 1930-я г. разгарнулася буд-ва ў Сыктыўкары, узнікалі новыя гарады (Варкута, Ухта, Інта, Пячора і інш.). З сярэдзіны 1950-х г. узводзяцца новыя жылыя раёны, грамадскія будынкі: Рэсп.муз.т-р (1968, арх. А.Турчанінаў), гасцініца «Сыктыўкар» (1980, арх. А.Ракін і інш.) у Сыктыўкары. Традыц. віды нар. мастацтва: узорыстае ткацтва, вышыўка, вязанне, выраб футравага адзення і абутку, аздобленых мазаікай і аплікацыяй з футра і каляровага сукна, выемчатая трохгранная разьба на драўляных прадметах, пляценне з бяросты. Развіццё прафес.выяўл. мастацтва звязана з дзейнасцю графіка В.Палякова. У 1930-я г. працавалі графік М.Бязносаў, тэатр. мастакі В.Малахаў, В.Баусаў. У 1950—80-я г. развіваліся быт. жанр, партрэт (М.Жылін, В.Поснікаў), пейзаж (С.Торлапаў), нацюрморт (Е.Ярмоліна, А. і В. Куліковы). Пашырэнне атрымалі скульптура (Ю.Барысаў), гравюра, кніжная графіка. У 1943 створаны Саюз мастакоў, у 1958 — Саюз архітэктараў К.
Музыка комі да 1917 існавала ў вуснай традыцыі. Муз. фальклор уключае абрадавыя, прац., сямейна-быт., лірычныя, эпічныя, дзіцячыя песні, балады, прыпеўкі. Пашыраны сольныя і хар. спевы, звычайна 2—3-галосыя. Сярод нар. інструментаў: сігудэк (3-струнны смычковы і шчыпковы), чыпсаны і пэляны (дудкі, разнавіднасць шматствольных флейт), этыка пэлян (аднаствольная дудка), сюмэд пэлян (берасцяная дудка з падвойным язычком), сярган (бразготка), тотшкэдчан (калатушка) і інш., а таксама рус. балалайка і гармонік. На аснове муз. фальклору напісаны нац.творы: муз. драма «Усць-Куломскае паўстанне» А.Варанцова (1942), «Юбілейная кантата» С.Кандрацьева (1946), оперы «Навальніца над Усць-Куломам» Г.Дзехцярова (1960), «Домна Калікава» Б.Архімандрытава (1967), «На Ілычы» Я.Перапяліцы (1971); балет «Лясны чалавек» (1961), аперэта «Песні да зорак» (1963) Перапяліцы і інш. У розных жанрах працуюць кампазітары М.Герцман, П.Чысталёў, А.Рочаў, А.Осіпаў і інш. Дзейнічаюць: Рэсп.муз.т-р (з 1958), філармонія (з 1939), Дзярж. ансамбль песні і танца «Ранішні досвітак» (з 1939); муз. вучылішча (Сыктыўкар), муз. школы. У 1978 створаны Саюз кампазітараў К.
Літ.:
История коми литературы. Т. 1—3. Сыктывкар, 1979—81;
Грибова Л.С. Декоративно-прикладное искусство народов Коми. М., 1980;
Осипов А. О коми музыке и музыкантах. Сыктывкар, 1969;
Чисталев П.И. Коми народные музыкальные инструменты. Сыктывкар, 1984;
Чисталев П.Й., Скляр И.Г. Коми народные танцы. Сыктывкар, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЁРНС ((Burns) Роберт) (25.1.1759, Алаўэй, каля г. Эйр, Шатландыя — 21.7.1796),
шатландскі паэт. Першы зб. «Вершы, напісаныя пераважна на шатландскім дыялекце» (т.зв. «Кільмарнакскі зборнік», 1786). Пачынаў у рэчышчы сентыменталізму (паэма «Суботні вечар ласяляніна»), пазней палітра ўзбагацілася рысамі асветніцкага рэалізму і прэрамантызму. У лірыцы Бёрнса зліваюцца народна-песенная шатландская культура і традыцыі англ. асветніцкай л-ры, арганічна спалучаюцца фалькл. спадчына і дух высокай кніжнай паэзіі. Ён яскрава адлюстраваў не толькі побыт шатландскага сялянства (верш «Быў чэсны фермер бацька мой...»), але ўвасобіў неўміручы нар. дух (балада «Джон Ячменнае Зерне»), выявіў глыбіню пачуццяў простага чалавека (вершы «Каханне», «Начлег у дарозе» і інш.), выступіў з крытыкай сац., нац. і клерыкальнага прыгнёту (паэмы «Два пастухі», 1784; «Малітва святошы Вілі», 1785; вершы «Брус — да шатландцаў», «Шатландская слава», «За тых, хто далёка...», «Чэсная беднасць», «Дрэва Свабоды» і інш.). Мяккі гумар і задушэўны лірызм спалучаюцца ў яго паэзіі са злой іроніяй і сарказмам (асабліва ў эпіграмах). Аўтар поліфанічнай кантаты «Вясёлыя жабракі», вершаванай аповесці «Тэм О’Шэнтар». Збіраў і апрацоўваў шатландскія нар. песні для фалькл. зб-каў «Шатландскі музычны музей» (1787—1803), «Выбраны збор арыгінальных шатландскіх мелодый» (1793). Многія вершы Бёрнса сталі нар. песнямі. На бел. мову яго творы перакладалі Ю.Гаўрук, Я.Семяжон і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Шатландская слава: Выбр.Мн., 1957;
Вам слова, Джон Ячмень. Мн., 1983;
Рус.пер. — Роберт Бернс в переводах С.Маршака. Кн. 1—2. М., 1979;
Избранное. М., 1982.
Літ.:
Райт-Ковалева Р.Я. Роберт Бернс. М., 1965;
Елистратова Л.А. Роберт Бернс. 3 изд. М., 1965;
Колесников Б.И. Роберт Бернс: Очерк жизни и творчества. М., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ (франц. ensemble літар. разам) у архітэктуры і горадабудаўніцтве, гарманічнае адзінства прасторавай кампазіцыі будынкаў, інж. збудаванняў (масты, набярэжныя і інш.), манум. жывапісу і скульптуры, зялёных насаджэнняў. Ствараецца за невял. адрэзак часу, паводле адзінай задумы і ў адным стылі (Скарыны праспект у Мінску, Гарадніца ў Гродне і інш.) або за працяглы час дапаўненнем першапач. кампазіцыі. Цэласнасць такога ансамбля дасягаецца толькі пры захаванні агульных прынцыпаў яго пабудовы, арган. спалучэнні новага са старым (ансамбль Крамля Маскоўскага, П’яцца Сан-Марка ў Венецыі, Дварцовая плошча ў С.-Пецярбургу, Жыровіцкі Успенскі манастыр). Для больш глыбокага раскрыцця ідэйна-вобразнай сутнасці ансамбля і эмацыянальнага ўздзеяння на гледача ў яго кампазіцыю часам уключаюць творы розных відаў мастацтва (гл.Сінтэз мастацтваў): пл. Дзекабрыстаў у С.-Пецярбургу з помнікам Пятру I, палацава-паркавыя ансамблі 17—18 ст. (Версаль, Петрадварэц, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль і інш.), плошчы Перамогі ў Мінску і Віцебску. Прынцыпы ансамблевасці забудовы закладваюцца ў генпланах.
У кампазіцыі ансамбля адрозніваюць: глыбінна-прасторавую будову перспектывы (уздоўж выцягнутай плошчы, праспекта, вуліцы, бульвара), замкнёную ці напаўзамкнёную прастору, абмежаваную забудовамі ці зялёнымі насаджэннямі (гар. і паркавыя плошчы, унутрыквартальныя прасторы і інш.), жывапісную (гал. чынам у пейзажных парках і зялёных зонах). Як твор мастацтва ансамбль падпарадкоўваецца агульным прынцыпам пабудовы маст. формы (гарманічныя суадносіны частак і цэлага, вылучэнне гал. элементаў кампазіцыі і інш.). Пры стварэнні ансамбля актыўна выкарыстоўваюць сіметрыю, асіметрыю, маштаб, прапорцыі, кантраст, нюанс і інш. сродкі арх. выразнасці.
Літ.:
Иконников А.В. Эстетические проблемы архитектуры. М., 1970;
Формирование архитектурных ансамблей в современном городе. М., 1974.
Ю.Н.Кішык.
Да арт.Ансамбль у архітэктуры і горадабудаўніцтве. П’яцца Сан-Марка ў Венецыі.Да арт.Ансамбль у архітэктуры і горадабудаўніцтве. Праспект Ф.Скарыны ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БКА (Пятро) (Пётр Фёдаравіч; 6. 7.1905, в. Вялікая Уса Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 18.12.1969),
бел.паэт.Акад.АНБССР (1957, чл.-кар. 1950). Скончыў БДУ (1930). Працаваў сакратаром рэдакцыі час. «Узвышша», у газ. «Калгаснік Беларусі», час. «Полымя рэвалюцыі». З 1945 у АН Беларусі: у Ін-це л-ры, мовы і мастацтва, у 1952—56 заг. сектара лексікаграфіі, у 1956—57 дырэктар Ін-та мовазнаўства, у 1957—69 дырэктар Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, адначасова ў 1968—69 акад.-сакратар Аддз. грамадскіх навук. Друкаваўся з 1924. Першы зб. лірыкі «Шыпшына» (1927) выявіў прыхільнасць да рамант. паэзіі, літ. і фалькл. традыцый. Кнігі «Урачыстыя дні» (1930), «Хада падзей» (1932), «Чатыры вятры» (1935) вызначаюцца жанравай разнастайнасцю, узмацненнем грамадз. матываў. Асобныя вершы 1930-х г. рытарычныя, дэкларацыйныя. Тэма рэвалюцыі і Грамадз. вайны ў паэмах «Трывожны сігнал» (1929), «Арлянка» (1931), «Мужнасць» (1934), «У тыя дні» (1937), драм. паэме «Над Бярозай-ракой» (паст. 1940). Вершы часоў Айч. вайны прасякнуты філас. роздумам, напоўнены пачуццём любові да Радзімы, лірызмам. Гал. тэмы пасляваен. творчасці — аднаўленне, памяць вайны, барацьба за мір. Аўтар лібрэта оперы «Андрэй Касценя» (нап. 1947, паст. 1970), вершаванай п’есы «Святло з Усходу» (паст. 1957), літ.-крыт. і публіцыст. артыкулаў. Вёў даследчую работу ў галіне бел. лексікаграфіі, мастацтвазнаўства і фалькларыстыкі. Пераклаў на бел. мову асобныя творы А.Пушкіна («Барыс Гадуноў», вершы), М.Лермантава, М.Горкага (паэма «Дзяўчына і смерць», апавяданні), У.Маякоўскага, А.Пракоф’ева, Т.Шаўчэнкі (паэма «Марына», вершы), М.Рыльскага і інш.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—4. Мн., 1984—86.
Літ.:
Барсток М. Пятро Глебка. Мн., 1952;
Перкін Н. Пятро Глебка. Мн., 1955;
Пясняр мужнасці: Кніга пра Пятра Глебку. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЎСКІЯ,
бел. жывапісцы, браты. Ураджэнцы маёнтка Уборкі Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.
Апалінар Гілярыевіч(30.1.1883—1900) (30.1.1833—1900), пейзажыст і партрэтыст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1850—54), у 1855—60 удасканальваў майстэрства ў Жэневе, Дзюсельдорфе, Рыме і Парыжы. У 1860—80-я г. жыў у маёнтку Уборкі, зімой выязджаў у Пецярбург, дзе ў 1862—86 выкладаў у школе малявання Т-ва заахвочвання мастацтваў. Яго творы адметныя жыццёвай праўдай, высокім майстэрствам, глыбокай народнасцю, паэтычна апяваюць прыгажосць бел. прыроды, нар. побыт: «Балота», «Пейзаж з ракой і дарогай», «Вечар», «Краявід у маёнтку Кушалёва-Безбародкі Краснаполіца», «Від дубровы каля Бабруйска», «Ліпы», «На радзіме», «Пінскія балоты», «Рака Бярэзіна», «Свіслач», «Час жніва» і інш. Каля 20 карцін мастака знаходзяцца ў Нац.маст. музеі Беларусі («Партрэт маці», «Жаночы партрэт каля мальберта», «Купальшчыцы», «Яўрэй, які моліцца», «Вечар у Мінскай губерні», «Старая моліцца», «Цвіце канюшына», «Кузня», «Жанчына з палітрай», «Магдаліна каецца», «Партрэт Ф.Л.Лагорыо», шмат бел. пейзажаў і інш.). Рабіў замалёўкі нар. тыпаў («Селянін» і інш.).
Іпаліт Гілярыевіч (1.7.1828—?), пейзажыст. Спец. адукацыю атрымаў у школе Машчынскага (Мінск). З 1855 наведваў заняткі Пецярбургскай АМ. З яго пейзажаў найб. вядомыя: «На берагах ракі Бярэзіны», «Від у ваколіцах Бабруйска» і інш. Карціна «Каля крыжа. Смерць паўстанца» зберагаецца ў Нац.маст. музеі Беларусі.
Гілярый Гілярыевіч, акварэліст 2-й пал. 19 ст. Вучыўся ў Пецярбургу ў школе малявання Т-ва заахвочвання мастацтваў (да 1868), потым у АМ (да 1873). Сярод пейзажаў: «Від шпіля Петрапаўлаўскага сабора», «Кветкі» і інш.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. «Колькі праўды ў фарбах...» // Мастацтва Беларусі. 1983. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НІЮШ (Ларыса Антонаўна) (9.8.1910, хутар Жлобаўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.4.1983),
бел. паэтэса, празаік. Скончыла Ваўкавыскую польскую гімназію (1928). У 1937 выехала ў Прагу, дзе вучыўся, а пасля працаваў лекарам муж. Удзельнічала ў дзейнасці бел. эміграцыі (была сакратаром урада БНР). 5.3.1948 з мужам арыштавана ў Празе, прывезена ў Мінск. У 1949 прыгаворана Вярх. судом БССР да 25 гадоў лагераў. Пакаранне адбывала ў Комі АССР (Інта, Абезь). Вызваленая ў 1956, пасялілася ў г.п. Зэльва Гродзенскай вобл., дзе, маючы грамадзянства Чэхаславакіі, жыла да смерці. Друкавалася з 1939 у эмігранцкіх выданнях (у час вайны ў газ. «Раніца», «Беларускі работнік», час. «Новы шлях»). У першым зб. «Ад родных ніў» (Прага, 1942, факс. выд., Слонім, 1995) пераважаюць нац.-вызв. матывы. Аўтар зб. «Невадам з Нёмана» (1967), «На чабары настоена» (1982), кн. для дзяцей «Казкі для Міхаські» (1972), «Добрай раніцы, Алесь» (1976). У творчасці паэтэсы вобраз Беларусі скразны. Вершы Геніюш меладычныя, прасякнуты фалькл. ўплывамі (паэмы «Куфар», 1967; «Маёй бабусі», апубл. ў 1989; «Даўніна», апубл. ў 1990). Звярталася да гісторыі Беларусі. Нязломнасцю духу вызначаюцца лагерныя творы («Крывёй напоўніліся поймы рэк», «Мы — народ»), кн. ўспамінаў «Споведзь» (апубл. ў 1990). На вершы Геніюш напісаны песні. Пра жыццё і творчасць Геніюш дакумент. фільм «Вянок цярновы васількоў» (сцэнарый Р.Барадуліна), маст. фільм «Птушкі без гнёздаў» (рэж. М.Грыгор’еў).
Тв.:
Dziewiać wieršaú. Biełastok. 1987;
Вершы: Рукапісны зборнік з 1945—47 гг. Лондан, 1992;
Маці і сын. Беласток, 1992;
Белы сон. Мн., 1990;
Споведзь. Мн., 1993.
Літ.:
Бічэль-Загнетава Д. З прынямонскіх вярбін // Полымя. 1988. № 4;
Яе ж. Ларыса Геніюш // Беларусь. 1985. № 8;
Сачанка Б. Ларыса Геніюш // Маладосць. 1988. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́СЭ ((Hesse) Герман) (2.7.1877, г. Кальв, Германія — 9.8.1962),
нямецка-швейцарскі пісьменнік. У 1891—92 вучыўся ў Маўльбронскай семінарыі. З 1912 жыў у Швейцарыі, у 1923 адмовіўся ад герм. грамадзянства і прыняў швейцарскае. Зведаў уплыў псіхааналізу З.Фрэйда і «аналітычнай псіхалогіі» К.Г.Юнга. Пачынаў як паэт-неарамантык (зб. «Рамантычныя песні», 1899). Філас. раманы «Петэр Каменцынд» (1904), «Гертруда» (1910), «Росхальдэ» (1914), «Дэміян» (1919), «Стэпавы воўк» (1927), раман-утопія «Гульня шкляных перлаў» (1943; бел.пер. В.Сёмухі, 1992), аповесці «Пад коламі» (1906), «Кнульп» (1915), «Клейн і Вагнер» (1920), «Курортнік» (1925), «Паездка ў Нюрнберг» (1932), «Нарцыс і Гольдмунд» (1930), «Паломніцтва ў Краіну Усходу» (1932) прысвечаны праблемам сцвярджэння асобы ў дэталізаваным грамадстве, ролі мастака ў сучасным свеце, лёсу культуры, цывілізацыі, чалавека-творцы. Яго проза адметная літ. гульнёй, стылістычным поліфанізмам, іроніяй, парадыйнасцю, стылізацыяй пад трактат, навук. даследаванне і інш. Аўтар паэмы ў прозе «Сідхартха» («Індыйская паэма», 1922), паэтычных цыклаў, апавяданняў, эсэ, публіцыст. артыкулаў, дарожных нататкаў. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі В.Сёмуха, М.Сяднёў. Нобелеўская прэмія 1946.
Тв.:
Бел.пер. — Пра мастацкую творчасць: [Эсэ] // Сяднёў М. Масеева кніга. Мн., 1994;
Паэт;
Воўк // Крыніца. 1995. № 3;
Рус.пер. — Паломничество в Страну Востока: Повесть;
Игра в бисер: Роман;
Рассказы. М., 1984;
Последнее лето Клингзора. М., 1986;
Письма по кругу: Худож. публицистика. М., 1987;
Сиддхартха. Мн., 1993;
Собр. соч.Т. 1—8. М.;
Харьков, 1994—95.
Літ.:
Березина А.Г. Герман Гессе. Л., 1976;
Седельник В.Д. Гессе и швейцарская литература. М., 1970;
Павлова Н.С. Герман Гессе // Павлова Н.С. Типология немецкого романа, 1900—1945. М., 1982;
Каралашвили Р. Мир романа Германа Гессе. Тбилиси, 1984;
Залоска Ю. Майстар гульні // Крыніца. 1995. № 3;
Лявонава Е. Паэтыка душы ў творах Германа Гесэ // Там жа.