БРА́НДЭНБУРГ (Brandenburg),

зямля (адм. адзінка) на ПнУ ФРГ. Пл. 29,05 тыс. км². Нас. 2,67 млн. чал. (1995). Адм. ц.г. Патсдам. Займае ч. Сярэднееўрап. раўніны, у межах якой вылучаюцца Мекленбургскае паазер’е на Пн і марэннае узв. Флемінг (да 201 м) на Пд; паміж імі — паласа пясчаных нізінных раўнін з шырокімі забалочанымі стараж. лагчынамі. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра ліп. 18 °C, студз. каля 0 °C, ападкаў 550 мм за год. З карысных выкапняў найб. значэнне мае буры вугаль, ёсць буд. матэрыялы і торф. Букавыя і дубова-букавыя лясы. Асн. прамысл. цэнтры (выплаўка сталі, металаапрацоўка, машынабудаванне, электратэхніка) сканцэнтраваны вакол Берліна: Араніенбург, Генігсдорф, Патсдам, Брандэнбург, Тэльтаў і інш. Другі прамысл. раён — Нідэрлаўзіц на ПдУ, дзе на базе здабычы бурага вугалю развіта энергетыка (буйныя ЦЭС у гарадах Любенаў, Фечаў, Лаўгамеры і інш.) і хім. прам-сць. Франкфурт-на-Одэры — буйны цэнтр эл.-тэхн., буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Вырошчванне збожжавых (пшаніца, жыта), бульбы, цукр. буракоў, агародніны і садавіны. Малочная жывёлагадоўля і свінагадоўля. Транспарт чыгуначны, аўтамаб., унутр. водны.

Тэр. сучаснага Брандэнбурга да 4 ст. насялялі герм. плямёны, з 5 ст. — палабскія славяне (стадаране, або гаваляне). У 1157 ням. войскі на чале з маркграфам Альбрэхтам Мядзведзем заваявалі сталіцу стадаран Брэну (Бранібор) пераназвалі яе Брандэнбургам і зрабілі цэнтрам новаўтворанага Брандэнбургскага маркграфства — фарпоста герм. экспансіі на У (войны з Польшчай у сярэдзіне 13 ст., 1308, 1315—17 і інш.). З 1356 Брандэнбург — курфюрства (з 1415 правілі Гогенцолерны; іх рэзідэнцыя з 1486 — Берлін). У 1618 Брандэнбург аб’яднаны з герцагствам Прусія ў Брандэнбургска-прускую дзяржаву (гл. Прусія). У 1815 утворана пруская правінцыя Брандэнбург (існавала да 1945). З 1945 у складзе сав. зоны акупацыі. З 1949 зямля ГДР, з 1990 зямля ФРГ.

У.Я.Калаткоў (гісторыя).

т. 3, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДА-КАШАЛЁЎСКІ РАЁН,

на ПнУ Гомельскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 45,9 тыс. чал. (1996), гарадскога 26%. Цэнтр раёна — г. Буда-Кашалёва; г.п. Уваравічы; 269 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 21 сельсавет: Акцябрскі, Буда-Люшаўскі, Бярвенаўскі, Глазаўскі, Губіцкі, Гусявіцкі, Дуравіцкі, Забалоцкі, Івольскі, Камунараўскі, Кашалёўскі, Крыўскі, Ліпініцкі, Марозавіцкі, Мікалаеўскі, Недайскі, Патапаўскі, Рагінскі, Узаўскі, Чабатовіцкі, Шырокаўскі. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) частка раёна забруджана радыенуклідамі, 10 населеных пунктаў адселены.

Раён размешчаны ў межах Чачорскай раўніны (паўн.-ўсх. частка) і Гомельскага Палесся (паўн.-зах. частка). Паверхня раўнінная. Пераважаюць выш. 130—150 м, найвыш. пункт 157,6 м (каля в. Анастасьеўка). Карысныя выкапні: торф, цэментныя, тугаплаўкія, керамічныя гліны, буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -7 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 562 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Найб. р. Дняпро, цякуць Уза, Ліпа і Чачора (прытокі р. Сож). Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Пад лясамі 22,5% тэр. раёна; лясы ў асноўным хваёвыя і чорнаальховыя; найб. масівы на З — Борхаўская лясная дача і інш. На тэр. раёна біял. заказнік Буда-Кашалёўскі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 106,5 тыс. га, з іх асушана 27,7 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 13 калгасаў і 16 саўгасаў; 2 птушкафабрыкі, 25 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч., лёгкай (ільновалакно) і буд. матэрыялаў прам-сці. Лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Бабруйск—Гомель, аўтадарога Магілёў—Гомель. У раёне 25 сярэдніх, 13 базавых і 3 пач. школы, 6 муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 35 дашкольных устаноў, 46 клубаў, 44 б-кі, 5 бальніц, 33 фельч.-ак. пункты. Выдаецца газ. «Авангард».

т. 3, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НЦАВІЦКІ РАЁН,

на ПнУ Брэсцкай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,7 тыс. км². Нас. 37,7 тыс. чал. (1996), гарадскога 40%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал. км². Цэнтр раёна — г. Ганцавічы; 36 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 8 сельсаветаў: Агарэвіцкі, Дзяніскавіцкі, Любашаўскі, Люсінскі, Малькавіцкі, Нацкі, Хатыніцкі, Чудзінскі.

Раён у межах паўд.-ўсх. ч. Прыпяцкага Палесся. Паверхня плоскахвалістая раўнінная, пераважна выш. 150—160 м, найвыш. пункт 195,8 м (на Пн раёна, каля в. Шашкі). Карысныя выкапні: торф, буд. пяскі гліны. Сярэдняя т-ра студз. -5,7 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 645 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Найб. р. Лань (на ёй вадасх. Лактышы) з прытокамі Нача, Цна, Бобрык. Пашыраны тарфяна-балотныя, дзярнова-падзолістыя, забалочаныя глебы. Лясы займаюць 53% тэр. раёна; пераважна хваёвыя, чорнаальховыя і бярозавыя. Пад балотамі — 16 тыс. га, найб. балотныя масівы Саніта, Падвялікі Мох, Пусташ-Дабралуцкае, Галь, Пятрова Паляна. На тэр. раёна гідралагічны заказнік Падвялікі Мох і частка заказніка Выганашчанскае, біял. заказнік Борскі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 50,1 тыс. га, з іх асушана 29,4 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 14 калгасаў і саўгасаў. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля. Пасевы збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў і харч. прам-сці. Лясгас. На тэр. раёна праходзіць чыгунка Баранавічы—Ганцавічы—Лунінец, аўтадарогі Ганцавічы—Лунінец, Ганцавічы—Пінск. У раёне 15 сярэдніх, 8 базавых і 3 пач. школы, 18 дашкольных устаноў, 32 клубы, 28 б-к, 5 бальніц, 11 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: сядзіба 2-й пал. 19 ст. ў в. Агарэвічы; цэрквы Юр’еўская (1896) у в. Будча, Георгіеўская канца 19 ст. ў в. Вял. Круговічы, Юр’еўская (1867) у в. Чудзін. Выдаецца газ. «Савецкае Палессе».

К.Р.Кірэенка.

т. 5, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГІЕ́НА (ад грэч. hygieinos здаровы),

галіна медыцыны, якая вывучае ўплыў умоў жыцця і працы на здароўе чалавека, распрацоўвае меры прафілактыкі захворванняў, аптымальныя ўмовы існавання, умацавання здароўя і працягласці жыцця. Цесна звязана з біялогіяй, фізікай, хіміяй, мед. і сац.-эканам. навукамі. Асн. задачы гігіены: распрацоўка крытэрыяў і метадаў ацэнкі ўзроўню здароўя, перадпаталагічнага стану і правіл здаровага ладу жыцця, ажыццяўленне санітарнага нагляду, распрацоўка мерапрыемстваў аховы навакольнага асяроддзя і гігіенічных нарматываў, сан. экспертыза якасці вады, прадуктаў харчавання і прадметаў быт. ўжытку, удзел у распрацоўцы сан. заканадаўства.

Гігіена вядома са старажытнасці. Шырока выкарыстоўвалася ў антычную эпоху. Як самаст. галіна навукі вылучылася ў 2-й пал. 19 ст. Эксперыментальны кірунак у гігіене звязаны з працамі гігіеністаў Германіі (М.Петэнкофер і яго школа), Вялікабрытаніі (Э.А.Паркс), Францыі (З.Флёры, А.Пруст, А.Бушард), Расіі (А.П.Дабраславін, Ф.Ф.Эрысман). У 20 ст. ў асобныя галіны гігіены вылучаны: асабістая, дзяцей і падлеткаў, працы, радыяцыйная, харчавання (гл. адпаведныя арт.), таксама ваенная, камунальная і інш.

На Беларусі навук. даследаванні па гігіене пачаліся ў 2-й пал. 19 ст. Развіццё гігіены звязана з працамі З.К.Магілеўчыка, П.В.Астапені, М.А.Габрыловіча, Дз.П.Бяляцкага, М.А.Мухіна, І.Б.Кардаша, Г.Г.Вінберга, І.А.Чахоўскага, С.Ю.Бусловіча і інш. Даследаванні вядуцца ў н.-д. ін-тах санітарна-гігіенічным, удасканалення ўрачоў, працы, у мед. ін-тах і інш. ВНУ. Даследуюцца прыродныя і антрапагенныя фактары навакольнага асяроддзя і сац. умоў, якія ўплываюць на здароўе чалавека; распрацоўваюцца і ўкараняюцца ў практыку гігіенічныя нарматывы і правілы; прагназуюцца сан. сітуацыі з улікам развіцця нар. гаспадаркі. У аспекце гігіены вывучаюцца праблемы населеных месцаў і жылля, харчавання, працы і прафес. паталогіі, тэрытарыяльных, прамысл. і с.-г. комплексаў, вытв-сці і выкарыстання пестыцыдаў, палімераў і пластычных мас; развіцця дзяцей і падлеткаў, аховы здароўя.

т. 5, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫ ПРАЦЭ́С,

рэальны рух і змяненне пэўнага аб’екта ў часе і прасторы, што ахопліваюць усе стадыі яго развіцця: узнікненне, станаўленне, сцвярджэнне, распад і гібель. Як працэс развіцця чалавечага грамадства гістарычны працэс характарызуецца ўласцівай яму ўнутр. неабходнасцю, г.зн. наяўнасцю пэўнай заканамернасці этапаў, фаз, перыядаў і г.д., а таксама аб’ектыўнай накіраванасцю, пад якой разумеецца асн. тэндэнцыя змяненняў у грамадстве на ўсім працягу яго існавання. Такая накіраванасць адкрывае магчымасць падвядзення на кожнай ступені гістарычнага працэсу некаторых вынікаў яго ўздзеяння на ўмовы жыцця людзей у матэрыяльным, духоўным, паліт. і інш. аспектах. Існуюць розныя падыходы да разумення крыніцы гістарычнага працэсу. Прадстаўнікі ідэалізму звязваюць яго з асобай творцы або ўяўляюць гісторыю як самаразвіццё духу. Пашыраны канцэпцыі, паводле якіх гістарычны працэс азначае аб’ектыўны рух і змену розных формаў грамадскага жыцця пад уплывам прычын, якія знаходзяцца не за яго межамі, а ў ім самім. Напр., дыялектычны матэрыялізм бачыць крыніцу гістарычнага працэсу ў супярэчнасцях спосабу вытв-сці матэрыяльных даброт, якія вырашаюцца праз барацьбу грамадскіх класаў з антаганістычнымі (непрымірымымі) інтарэсамі; аднак ход гісторыі не спыняецца ні са змяненнем сац.-класавай структуры грамадства, ні з дасягненнем ім розных мэт (рэалізацыяй ідэалаў сац. справядлівасці, сац. роўнасці, стварэннем іншых умоў для гарманічнага развіцця асобы). Існуюць і такія інтэрпрэтацыі гістарычнага працэсу, у якіх ён уяўляецца як вынік складанага ўзаемадзеяння шматлікіх па сваёй прыродзе фактараў, найперш сучаснай навукі, тэхналогіі, інфарм. сістэм і г.д.

Літ.:

Кареев Н.И. Основные вопросы философии истории. Ч. 2. 3 изд. СПб., 1897;

Ракитов А.И. Историческое познание: Систем.-гносеол. подход. М., 1982;

Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М., 1994;

Barraclough G. Main trends in history. New York, 1979.

В.І.Боўш.

т. 5, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РКІ,

горад, цэнтр Горацкага р-на Магілёўскай вобл., на р. Проня, пры ўпадзенні ў яе р. Парасіца. Вузел аўтадарог на Оршу, Магілёў, Чавусы, Мсціслаў, Смаленск. За 86 км ад Магілёва, 3 км ад чыг. ст. Пагодзіна на лініі Орша—Крычаў. 32,8 тыс. ж. (1997).

Паводле дакумент. крыніц вядома з 1544 як сяло, з 17 ст. — цэнтр Горы-Горацкага маёнтка. У 17—19 ст. называліся Горы-Горкі. З 1584 належалі Сапегам. У 1619 атрымалі самакіраванне. У 1-й пал. 17 ст. згадваюцца як горад. З 1717 належалі кн. А.Д.Меншыкаву, графам М.А.Патоцкаму, Я.М.Салагубу. З 1772 у Рас. імперыі; мястэчка ў Аршанскай правінцыі, з 1777 — Аршанскага, потым Копыскага пав. Магілёўскай губ. У 1780 у Горках 992 ж. У 1795 — 1820 дзейнічала Горацкая суконная мануфактура, двойчы ў год праходзілі кірмашы. У 1829 Горкі канфіскаваны ў царскую казну. З 1840 працавала Горы-Горацкая земляробчая школа, у 1848—64 Горы-Горацкі земляробчы інстытут. З чэрв. 1861 Горкі — горад, цэнтр Горацкага павета. У 1867 зацверджаны герб: у залатым полі 3 чорныя горкі, з якіх вырастаюць зялёныя каласы. У 1879—80 дзейнічаў Горы-Горацкі народніцкі гурток. У 1897 — 6737 ж. Да сак. 1924 у Гомельскай губ. РСФСР. З 17.7.1924 цэнтр Горацкага раёна БССР. У 1939 у Горках 22,5 тыс. ж. У Вял. Айч. вайну з 12.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Горках і раёне 2530 чал. Дзейнічала Горацкае патрыятычнае падполле. Вызвалены 26.6.1944 у ходзе Магілёўскай аперацыі 1944. У 1970 — 22,1 тыс. ж.

Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, харч., мясц. прам-сці. Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія. Помнік архітэктуры — царква Ушэсця (19 ст.). Брацкая магіла падпольшчыкаў і ахвяр фашызму, брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму, магіла сав. ваеннапалонных.

У.М.Ліўшыц.

т. 5, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ ДЗЕ́ЯЧ КУЛЬТУ́РЫ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровае званне, якое прысвойваецца высокакваліфікаваным работнікам культ.-асв. устаноў, кінафікацыі, радыёвяшчання і тэлебачання, друку, выд-ваў, паліграф. прам-сці і інш., што працуюць у галіне культуры не менш за 15 гадоў, маюць вял. заслугі ў яе развіцці. Устаноўлена законам ад 13.4.1995, прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. З 2.7.1957 існавала званне засл. дз. культ. Беларускай ССР, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР. У 1971—95 прысвойвалася званне заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь.

Заслужаныя дзеячы культуры Рэспублікі Беларусь

1957. П.М.Касач, Б.І.Любовіч, І.Б.Сіманоўскі, П.І.Шыдлоўскі.

1959. С.П.Астравумаў, У.А.Жлукценка, У.Ф.Луцэвіч, М.М.Тышэвіч, М.І.Шчансновіч.

1960. С.М.Грабеншчыкоў, А.А.Дзяруга, А.П.Лукомскі, Ф.Ф.Пятрэнка, П.А.Радоліцкі, В.М.Сакалоў, А.А.Слесарэнка, В.М.Смірноў, А.К.Шыдлоўскі.

1961. І.Б.Сакольскі.

1962. В.А.Захараў, М.І.Фрыдман.

1963. М.Т.Бяспалаў, Л.П.Валчэцкі, А.М.Валынчык, Н.Б.Ватацы, К.Дз.Гусеў, Р.Я.Кісялёў, М.Р.Солапаў, А.Я.Фінкельберг, А.С.Чопчыц, М.М.Чысцякоў, Л.І.Ячнеў.

1964. У.Я.Карпаў, А.Ф.Кутай, Л.Дз.Ляшэнка, Ф.М.Міхайлаў, А.С.Плеўскі, Р.П.Раскевіч, А.Г.Русак.

1965. Дз.Р.Новікаў, М.М.Салдатаў, М.М.Сімкоўскі.

1966. М.Я.Дадзькоў, Ю.А.Залатарэнка, У.І.Кулікоўскі, П.В.Мядзёлка, В.Н.Пазняк, С.П.Школьнікаў.

1967. А.М.Бачыла (Алесь Бачыла), А.У.Броўка, В.М.Варатнікоў, Б.З.Галубоўскі, М.А.Ільічоў, А.І.Каландзёнак, К.Ф.Калітоўская, Я.І.Качан, Ф.Я.Кляцкоў, Г.Я.Кутневіч, Л.К.Кухарава, І.В.Ляшчынскі, К.Л.Манучараў, Я.Г.Міско, І.Ф.Міхалюта, І.Р.Новікаў, В.П.Палескі-Станкевіч, В.Х.Партной, Д.Ш.Пінхасік, М.І.Пржыбытка, В.А.Пыжкоў, В.Е.Самуцін, К.В.Сувораў.

1968. У.І.Аніковіч, Г.Б.Асвяцінскі, Л.Я.Бацвіннік, І.А.Бейдзін, Г.В.Будай, М.М.Бяльзацкая, І.Я.Васілеўскі, Б.Я.Вішкароў, К.Г.Высоцкі, В.Ц.Гарбатоўскі, В.А.Данілевіч, Дз.М.Жураўлёў, М.В.Ісакоўскі, Э.А.Казачкоў, К.А.Калечыц (Буйло), М.Г.Кіракозаў, Л.У.Кісялёва, Я.А.Комік, Г.С.Лысоў, Я.С.Мазалькоў, М.Ц.Марушкевіч, Ф.М.Нікіфараў, П.С.Пестрак, А.А.Пракоф’еў, В.Ф.Праскураў, С.З.Сапешка, Н.М.Саўчанка, І.А.Серыкаў, В.П.Смоляр, У.В.Таран, Г.Г.Удараў, І.М.Фёдараў (Янка Маўр), М.Я.Філімонаў, Я.А.Хелемскі, В.Р.Шапавалава, І.Р.Юшанкоў, А.В.Яблонскі, А.І.Якімовіч.

1969. А.С.Вялюгін, І.Д.Гурскі.

1970. К.Ц.Кірэенка, У.І.Корбан, Ц.В.Крысько (Васіль Вітка), Д.К.Міцкевіч.

1971. М.І.Акшэўскі, І.С.Аляксанаў, Т.М.Аляксеева, Т.П.Бастун, В.Ф.Вольскі-Зэйдэль, Ф.М.Ганчар, М.В.Гарбачоў, А.Р.Ільюшэнка, І.К.Казлоў, А.І.Каўко, Н.А.Конанава, А.У.Лісоўскі, А.Ф.Мазурава, В.І.Розін, І.П.Таргоўскі, М.Дз.Троіцкая, В.А.Чарняўская, М.І.Шыбаліс, Л.Б.Эйдзін, М.С.Юрэвіч, Т.М.Якута.

1995. У.А.Цацоха.

1996. А.Р.Майсененка, Э.М.Скобелеў, Л.П.Ударава.

1997. Г.М.Алейнік, У.П.Вялічка, У.П.Мальчыкаў, Л.І.Пятрова, В.Г.Рагоўская, І.Д.Сіпакоў, Б.В.Стральцоў, І.У.Угальнік, Е.П.Фешчанка.

1998. М.К.Грэсь, Э.В.Кірыленка, Я.М.Лабовіч, Р.В.Сакалоўскі, У.М.Сяргейчык, Н.І.Урукіна.

т. 6, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛЬЦЫЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць кальцый. Найб. пашыраны кальцыю аксід, кальцыю гідраксід, кальцыю карбід, солі неарган. кіслот. Солі — бясколерныя крышт. рэчывы, многія добра раствараюцца ў вадзе, амаль усе ўтвараюць крышталегідраты.

Кальцыю гіпахларыт Ca(OCl)2 пры т-ры >50 °C раскладаецца з вылучэннем актыўнага хлору (гл. Хлорная вапна). Выкарыстоўваюць для адбельвання тканін і паперы, дэзінфекцыі пітных і сцёкавых вод, дэгазацыі атрутных рэчываў. Кальцыю карбанат CaCO3 у вадзе практычна нерастваральны. У прыродзе ўтварае мінералы кальцыт і араганіт. Мінералы выкарыстоўваюць для атрымання вапны, як буд. матэрыялы (вапняк, мармур), сінт. — як напаўняльнік паперы, гумы. Кальцыю нітрат Ca(NO3) і тэтрагідрат Ca(NO3)2-4H2O, ці кальцыевую салетру, выкарыстоўваюць як азотнае ўгнаенне. Кальцыю ортафасфаты — солі артафосфарнай к-ты H3PO4 ортафасфат, ці трыкальцыйфасфат Ca3(PO4)2; уваходзіць у склад мінералаў фасфарыту і апатыту; гідраортафасфат CaHPO4; дыгідраортафасфат Ca(H2PO4)2 Выкарыстоўваюць як фосфарныя ўгнаенні, мінер. падкормку для жывёлы і птушак, кампанент зубных пастаў і парашкоў, керамікі, шкла і інш. Кальцыю сульфат CaSO4. У прыродзе мінерал ангідрыт. Дыгідрат CaSO4-2H2O — гіпс, алебастр. Прыродны выкарыстоўваюць у вытв-сці вяжучых рэчываў, штучныя легіраваныя крышталі — як тэрмалюмінесцэнтны матэрыял. Кальцыю фтарыд CaF2 у вадзе практычна нерастваральны. У прыродзе мінерал флюарыт. Выкарыстоўваюць як кампанент металургічных флюсаў, спец. шкла, керамікі, аптычных і лазерных матэрыялаў. Таксічны, ГДК 2 мг/м³. Кальцыю хларыд CaCl2 вельмі гіграскапічны. Водныя растворы замярзаюць пры нізкіх т-рах, напр. 30%-ны пры -48 °C. Выкарыстоўваюць для высушвання газаў і вадкасцей, водны раствор як холадагент і антыфрыз, лек. сродак пры алергічных захворваннях і інш. Кальцыю цыянамід CaCN2 выкарыстоўваюць як азотнае ўгнаенне, дэфаліянт, гербіцыд, для атрымання цыянідаў, мачавіны і інш. Таксічны: у арганізме ператвараецца ў цыянамід NH2CN.

А.П.Чарнякова.

т. 7, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НЗАС (Kansas),

штат у цэнтр.ч ЗША. Уваходзіць у групу штатаў Паўн.Зах. цэнтра. Пл. 213,1 тыс. км², нас. 2572,2 тыс. чал. (1996). Адм. ц. — Тапіка, найб. гарады і гал. прамысл. цэнтры Уічыта і Канзас-Сіці. У гарадах жыве каля 70% насельніцтва. Паверхня — хвалістая раўніна, паката нахіленая ад перадгор’яў Скалістых гор на З (выш. каля 1200 м) да даліны р. Місуры на У (выш. каля 200—300 м). Узгоркавыя ўчасткі (Смокі-Хілс, Блу-Хілс) і даліны рэк Арканзас, Канзас і іх прытокаў ускладняюць рэльеф. Клімат умераны кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -3 °C, ліп. 26 °C. Апалкаў 550—950 мм за год. Летам бываюць засухі. Каля 90% тэр. выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы. Здабыча нафты і прыроднага газу. У апрацоўчай прам-сці развіта вытв-сць самалётаў, аўтамашын, с.-г. і дарожна-буд. машын, мінер. угнаенняў, прадуктаў нафтаперапрацоўкі, мясных кансерваў і мукі. Штат вылучаецца вял. зборамі пшаніцы і сорга, вытв-сцю ялавічыны і свініны. Мясная жывёлагадоўля. Транспарт чыг. і аўтамабільны. Суднаходства па р. Місуры.

Найбольш стараж. мясц. насельніцтва — індзейцы. Першыя еўрапейцы (іспанцы з Мексікі) з’явіліся тут у 1541. У 18 ст. ў К. заснавалі гандл. факторыю французы і ўключылі яго ў склад сваёй калоніі Луізіяна. З 1763 належаў Іспаніі. У 1803 выкуплены ЗША, у 1854 атрымаў статус тэрыторыі. Прыняцце Канзас-Небраска біля выклікала ў К. грамадз. вайну (1854—56) паміж перасяленцамі з паўд. штатаў, якія намагаліся ўвесці тут рабства неграў, і перасяленцамі з паўн. штатаў — праціўнікамі рабства. З 1861 штат ЗША У 1860—70 пабудавана транскантынент. чыгунка. Да 1890 б.ч. зямель заселена.

Інтэнсіўная распрацоўка зямель пад сельскую гаспадарку выклікала ў 1930-я г. пылавыя буры.

М.С.Вайтовіч (прырода, гаспадарка).

т. 7, с. 584

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ГЛАЕ,

гарадскі пасёлак, цэнтр Круглянскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Друць. За 78 км на ПнЗ ад Магілёва, 19 км ад чыг. ст. Талачын на лініі Орша—Мінск. Вузел аўтадарог на Магілёў, Оршу, Шклоў, Талачын, Бялынічы. 8,1 тыс. ж. (1998).

Вядома з 16 ст. як прыватнаўласніцкая вёска ў Аршанскім пав. Віцебскага ваяв. У 2-й пал. 18 ст. мястэчка (328 ж.), належала гетману ВКЛ М.К.Агінскаму. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) вёска ў Магілёўскім пав. Магілёўскай губ. Рас. імперыі. належала кн. К.Р.Дашкавай. У 1784 у К. 462 ж., 41 двор, вінакурны з-д, палатняная ф-ка. З 1785 мястэчка. У 1880—119 двароў, нар. вучылішча, правасл. царква, яўр. малітоўная школа. 3 млыны, 2—3 кірмашы на год. У пач. 20 ст. Ў К 1.6 тыс. ж., крухмальны з-д, 22 гандл. прадпрыемствы, нар. і царк.-прыходскае вучылішчы. 3 крас. 1919 у Гомельскай губ. РСФСР. З 17.7.1924 да 8.7.1931 і з лют. 1935 цэнтр Круглянскага раёна ў Аршанскай акрузе БССР. З 1925 вёска, 1344 ж., 250 двароў. У 1931—35 К. ў Талачынскім р-не. З 1938 у Магілёўскай вобл. У Вял. Айч. вайну з 8.7.1941 да 28.6.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў К. і раёне 3379 чал. Дзейнічала Круглянскае патрыятычнае падполле. У 1959—66 у Бялыніцкім р-не. З 11.3.1967 гар. пасёлак.

Прадпрыемствы лёгкай, харч. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, школа-інтэрнат, 2 дамы культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Круглянскі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік падпольшчыкам Вял. Айч. вайны.

Літ.:

Памяць: Круглянскі р-н. Мн., 1996.

А.Г.Шчарбатаў.

т. 8, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)