ЛІСО́ЎСКІ Іраклій (свецкае імя Іосіф; 1734, Полацкае ваяв. — 11.9.1809),

уніяцкі царк. дзеяч. Вучыўся ў школе пры кляштары дамініканцаў ва Ушачах, там уступіў у ордэн базыльян. У 1784—1809 полацкі архіепіскап. З 1795 пасля скасавання Кацярынай II уніяцкіх епархій (акрамя Полацкай) фактычны кіраўнік усіх грэка-католікаў Рас. імперыі. У 1806—09 мітрапаліт кіеўскі (не зацверджаны папам рымскім). У царк. жыцці ў процівагу базыльянам абапіраўся на белае духавенства, вылучаў яго на кіруючыя пасады. Садзейнічаў стварэнню Гал. семінарыі пры Віленскім ун-це (1803), адкрыў семінарыю для белага духавенства ў в. Струнь (1803 1807, каля Полацка). Быў прыхільнікам ачышчэння абраднасці ад лац. запазычанняў. Дамогся ад імператара Аляксандра I стварэння ўнутры рымска-каталіцкай калегіі асобнага дэпартамента для уніятаў (1805), старшынёй якога стаў сам. Курс Л. на збліжэнне грэка-каталіцкай царквы з праваслаўем працягвалі ў 1820—30-я г. уніяцкія царк. дзеячы А.​Зубко, І.​Красоўскі, В.​Лужынскі, І.Сямашка і інш.

С.​В.​Казуля.

т. 9, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ДЭНДОРФ (Ludendorff) Эрых (9.4.1865, маёнтак Крушэўня каля г. Познань, Польшча — 20.12.1937),

германскі ваен. і паліт. дзеяч. Ген. пяхоты (1916). Скончыў ваен. акадэмію ў Берліне (1893). У 1908—12 нач. аператыўнага аддзела Генштаба. У 1-ю сусв. вайну памочнік ген. П.Гіндэнбурга і фактычны кіраўнік дзеянняў герм. войск на Усх. фронце. 23—31.8.1914 разбіў 2-ю рас. армію ген. А.​В.​Самсонава каля Таненберга (цяпер в. Стэмбарк у Вармінска-Мазурскім ваяв. Польшчы). 3 ліст. 1914 нач. штаба фронту, са жн. 1916 1-ы ген.-кватэрмайстар штаба вярх. камандавання і фактычны кіраўнік дзеянняў узбр. сіл Герм. імперыі. 3 кастр. 1918 у адстаўцы. Удзельнік антысеміцкага руху, Капаўскага путчу 1920 і кіраўнік (разам з А.​Гітлерам) «піўнога путчу» 1923 супраць Веймарскай рэспублікі. У 1924—28 дэп. рэйхстага. У 1926 разам з жонкай заснаваў т.зв. Таненбергскі саюз (у 1933 забаронены), які меў на мэце барацьбу з «унутранымі ворагамі дзяржавы» (яўрэямі, масонамі, камуністамі). Аўтар кніг «Вядзенне вайны і палітыка» (3-е выд. 1923), «Татальная вайна» (1936).

т. 9, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ ШААЦЫ́ (1898, прав. Хунань, Кітай — 12.11.1969),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Кітая. Меў пед. адукацыю. Вучыўся ва ун-це працоўных Усходу ў Маскве (1921—22). З 1921 чл. Камуністычнай партыі Кітая (КПК), з 1927 ЦК КПК, з 1943 Палітбюро ЦК. З 1925 нам., потым старшыня Усекіт. федэрацыі працы. Пасля перавароту Чан Кайшы ў крас. 1927 у падполлі. З 1936 сакратар Паўн.-Кіт. бюро КПК. З 1937 у тыле яп. войск, сакратар Цэнтр.-Усх. бюро КПК, паліт. камісар 4-й арміі. З 1943 сакратар ЦК і нам. старшыні Нар. рэв. к-та ЦК К.ПК. З 1949 нам. старшыні цэнтр. нар. ўрада КНР. У 1954—59 старшыня Пастаяннага к-та Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў. З 1956 нам. старшыні ЦК КПК (да 1966). 3 крас. 1959 старшыня КНР. Афіц. пераемнік Мао Цзэдуна, але выступаў супраць усталявання ў КПК і краіне рэжыму яго асабістай улады. У час «культурнай рэвалюцыі» абвінавачаны ў рэвізіянізме, у кастр. 1968 зняты з усіх пасад і арыштаваны. Памёр у зняволенні. У 1980 рэабілітаваны.

т. 9, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІ́ЛА Пётр (10.1.1597, Малдова — 11.1.1647),

праваслаўны царкоўны і культурны дзеяч Рэчы Паспалітай. Сын гаспадара (князя) Валахіі і Малдавіі Сімяона. З 1627 кіева-пячэрскі архімандрыт. Дамогся ад каралеўскай улады дазволу на аднаўленне легальнай дзейнасці правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай. У 1632—47 мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі. Заснаваў Кіева-Магілянскі калегіум (1632, названы ў яго гонар), Магілёўскую правасл. епархію (1632). Як выразнік інтарэсаў вярхоў правасл. духавенства і шляхты Украіны і Беларусі выступаў супраць Брэсцкай уніі 1596. Садзейнічаў пашырэнню асветы і друкарства на Украіне, Беларусі, у Малдавіі. Непасрэдна кіраваў Віленскім, Слуцкім, Магілёўскім і Аршанскім брацтвамі з манастырамі. У 1635 наведаў Вільню, Мінск і інш. бел. гарады. Аўтар кніг, якія выкарыстоўваліся як падручнікі ў духоўных навуч. установах да пач. 20 ст. («Евангелле вучыцельнае», 1616, «Анфалагіён», 1636, «Еўхалагіён», 1646), шматлікіх палемічных пропаведзяў і інш. Складальнік «Праваслаўнага спавядання веры» (1640), якое ў 1672 на сінодзе ў Іерусаліме было адобрана як гал. дактрына ўсіх правасл. цэркваў. У 1996 кананізаваны Украінскай праваслаўнай царквой.

т. 9, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́З Міхаіл Іванавіч (1895, г. Капыль Мінскай вобл. — 1947),

дзяржаўны дзеяч БССР. Пасля заканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі працаваў у вясковай школе. З 1916 у арміі. Удзельнік Кастр. ўзбр. паўстання 1917 у Петраградзе. У 1918—19 супрацоўнік бежанскага аддзела Бел. нац. камісарыята, дэлегат Усерас. з’езда бежанцаў з Беларусі (ліп. 1918, Масква). З крас. 1919 выкладчык Камуніст. ун-та ў Гомелі, старшыня Мінскага акр. к-та КП(б)Б. З 1922 паўнамоцны прадстаўнік БССР у РСФСР, старшыня Цэнтр. бюро бел. пралет. студэнцкага зямляцтва, заг. бел. сектара Камуніст. ун-та нац. меншасцей Захаду імя Ю.​Мархлеўскага (у Маскве). У 1924 заг. Бел. дзярж. выд-ва ў Мінску. З 1926 кіраўнік спраў СНК БССР, старшыня камісіі Інбелкульта па ахове помнікаў, чл. прэзідыума гіст.-археал. секцыі Інбелкульта. Пазней на інш. сав. і гасп. пасадах. Чл. ЦВК БССР у 1921—27 (у 1927—29 канд. у чл.). 3.11.1937 арыштаваны органамі НКУС БССР, 3.12.1940 прыгавораны да зняволення ў папраўча-працоўны лагер, дзе і памёр.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 10, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎ Мікалай Аляксандравіч (7.7.1854, в. Барок Някоўзскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 30.7.1946),

дзеяч рас. рэв. руху, вучоны. Ганаровы акад. АН СССР (1932). З 1874 у маскоўскім гуртку чайкоўцаў, удзельнічаў у «хаджэнні ў народ». У 1875 арыштаваны і асуджаны па «працэсе 193-х». У 1878 уступіў у арг-цыю «Зямля і воля», з 1879 — чл. Выканкома «Народнай волі». У 1881 зноў арыштаваны і асуджаны на пажыццёвае зняволенне. Пасля вызвалення ў 1905 займаўся навук.-пед. дзейнасцю. У 1918—46 дырэктар Прыродазнаўча-навук. ін-та імя Лесгафта. Працы па хіміі (прадказаў існаванне інертных элементаў, выказаў пацверджаныя пазней меркаванні аб складанай будове атама і магчымасці атрымання атамнай энергіі), матэматыцы, астраноміі, метэаралогіі, гісторыі рэлігіі і культуры. Аўтар успамінаў і вершаў.

Тв.:

[Вершы] // Муза в храме науки: Сб. стихотворений. 2 изд. М., 1988.

Літ.:

Н.​А.​Морозов ученый-энциклопедист. М., 1982;

Озеров В.С. Н.​А.​Морозов. Л., 1966;

Твардовская В.А. Н.​А.​Морозов в русском освободительном движении. М., 1983.

т. 10, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЦІ́ЦКІ (Mościcki) Ігнацы (1.12. 1867, Мяжанаў каля г. Плоцк, Польшча — 2.10.1946),

польскі паліт. і дзярж. дзеяч, вучоны-хімік. Акад. АН у Кракаве (1928). Скончыў Рыжскі палітэхнікум (1892). У час вучобы ўдзельнічаў у польскіх сацыяліст. арг-цыях. У 1892—97 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі і Швейцарыі, дзе пазнаёміўся з Ю.Пілсудскім. У 1912—22 праф. Львоўскага політэхн. ін-та. Пасля ваен. перавароту ў маі 1926 па рэкамендацыі Пілсудскага абраны прэзідэнтам Польшчы, рэалізоўваў яго паліт. лінію (гл. Санацыйны рэжым), якую падтрымліваў шэраг дзеячаў нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі (гл. Беларуская санацыя). Быў прыхільнікам памяркоўнага ўмяшання дзяржавы ў эканоміку. У пач. 2-й сусв. вайны інтэрніраваны ў Румыніі (вер. 1939), аб’явіў пра сваю адстаўку. Са снеж. 1939 у эміграцыі ў Швейцарыі. Аўтар больш як 60 навук. прац і патэнтаў у галіне хім. тэхналогій, арганізатар хім. прам-сці ў Польшчы. Распрацаваў прамысл. метад атрымання азотнай к-ты з паветра.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 10, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТУШЭ́ВІЧ Марцін (псеўд. Адзін з літоўскіх грамадзян; 11.11. 1714, в. Ельня Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 21.11.1773),

грамадскі дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-мемуарыст, перакладчык. Вучыўся ў Камянцы, Драгічыне, Брэсце, Варшаве. З 1739 брэсцкі гар. пісар, з 1752 стольнік, у 1763—64 гал. дарадчык К.​Радзівіла, у 1767 ген. сакратар Радамскай канфедэрацыі, з 1768 кашталян брэсцкі. На польск. мову пераклаў «Сатыры» Гарацыя (Вільня, 1784), да якіх далучыў тры арыгінальныя вершаваныя «Дадаткі». Аўтар «Успамінаў» (т. 1—4, Варшава, 1876), дзе апісаў побыт і норавы брэсцкай шляхты, міжусобную барацьбу Радзівілаў з Чартарыйскімі, некаторыя падзеі мясц. літ. жыцця. Пісаў вершы на польск. і лац. мовах з выпадку розных падзей, сеймікавыя прамовы. У яго поглядах адбіліся ідэі ранняга Асветніцтва. На бел. мову «Дыярыуш жыцця майго...» пераклаў В.​Арэшка.

Тв.:

Diariusz życia mego... Т. 1—2. Warszawa, 1986;

Бел. пер. — Дыярыюш жыцьця маяго... // Спадчына. 1996.

Літ.:

Мальдзіс А.І. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст. Мн., 1982.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 10, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЎРЭР (Maurer) Георг Людвіг фон (2.11.1790, Эрпальцгайм, каля г. Дзюркгайм, Германія — 9.5.1872),

нямецкі дзярж. дзеяч, гісторык, стваральнік абшчыннай тэорыі. З 1826 праф. права ў Мюнхенскім ун-це. Займаў вышэйшыя пасады ў суд. ведамстве Баварыі. У 1832—34 адзін з рэгентаў пры грэч. каралю Атоне I Баварскім, рэарганізаваў там судовую сістэму, зрабіў грэч. царкву незалежнай ад візант. патрыярха. Ў 1847 фактычна старшыня баварскага ўрада (міністр замежных спраў і юстыцыі). Быў прыхільнікам канстытуцыйнай манархіі, якая, на яго думку, павінна засноўвацца на абшчынных прынцыпах. Даследаваў гісторыю маркі ў Германіі; лічыў яе рэшткамі першапач. агр. камунізму, характэрнага для стараж. германцаў. Аўтар 12-томнай серыі прац, прысвечаных развіццю сац.-эканам. ладу Германіі ў сярэднявеччы, у т. л. «Гісторыі стану марак у Германіі» (1856), «Гісторыі панскіх двароў, сялянскіх двароў і стану сядзіб у Германіі» (т. 1—4, 1862—63), «Гісторыі стану вёскі ў Германіі» (т. 1—2, 1865—66).

Літ.:

Павлов-Сильванский Н.П. Феодализм в России. М., 1988.

т. 10, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЧУ́ЛЬСКІ Раман Навумавіч (30.11.1903, в. Крываносы Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 26.4.1990),

парт. і дзярж. дзеяч Беларусі. Герой Сав. Саюза (1944). Засл. работнік культуры БССР (1980). Скончыў Рэсп. школу прапагандыстаў пры ЦК КП(б)Б (1937). З 1937 на парт. рабоце ў Грэску, Чэрвені, Плешчаніцах. У Вял. Айч. вайну ў тыле ворага ўпаўнаважаны ЦК КП(б)Б па Мінскай і Палескай абл., сакратар Мінскага падп. абкома КП(б)Б, у кастр. 1942 — маі 1943 в.а. камандзіра Мінскага партыз. злучэння, з жн. 1943 камандзір партыз. злучэння Барысаўска-Бягомльскай зоны. Пасля вайны на сав. і парт. рабоце, з 1950 1-ы сакратар Пінскага абкома КПБ, у 1954—59 старшыня Брэсцкага аблвыканкома. Чл. ЦК КПБ у 1949—60. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—55, Вярх. Савета СССР у 1954—62. Нам. Старшыні Прэзідыума Вярх. Савета БССР у 1947—51. Аўтар мемуараў «Старонкі бессмяротнасці» (1972), «Людзі высокага абавязку» (1975), «Вечны агонь» (3-е выд., 1978), «На вогненнай зямлі» (1983).

Р.Н.Мачульскі.

т. 10, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)