МАСЦІ́ЦКІ ((Mościcki) Ігнацы) (1.12. 1867, Мяжанаў каля г. Плоцк, Польшча — 2.10.1946),

польскі паліт. і дзярж. дзеяч, вучоны-хімік. Акад. АН у Кракаве (1928). Скончыў Рыжскі палітэхнікум (1892). У час вучобы ўдзельнічаў у польскіх сацыяліст. арг-цыях. У 1892—97 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі і Швейцарыі, дзе пазнаёміўся з Ю.Пілсудскім. У 1912—22 праф. Львоўскага політэхн. ін-та. Пасля ваен. перавароту ў маі 1926 па рэкамендацыі Пілсудскага абраны прэзідэнтам Польшчы, рэалізоўваў яго паліт. лінію (гл. Санацыйны рэжым), якую падтрымліваў шэраг дзеячаў нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі (гл. Беларуская санацыя). Быў прыхільнікам памяркоўнага ўмяшання дзяржавы ў эканоміку. У пач. 2-й сусв. вайны інтэрніраваны ў Румыніі (вер. 1939), аб’явіў пра сваю адстаўку. Са снеж. 1939 у эміграцыі ў Швейцарыі. Аўтар больш як 60 навук. прац і патэнтаў у галіне хім. тэхналогій, арганізатар хім. прам-сці ў Польшчы. Распрацаваў прамысл. метад атрымання азотнай к-ты з паветра.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 10, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)