Састаў П. (у працэнтах па аб’ёме); азот — 78,09, кісларод — 20,95, аргон — 0,932, дыаксід вугляроду — 0,032, гелій, крыптон, неон, вадарод, азон і інш. газы. Вытв. дзейнасць чалавека істотна ўплывае на састаў П.: павялічваецца колькасць дыаксіду вугляроду (гл.Парніковы эфект), монааксіду вугляроду, аксідаў азоту, аміяку, серавугляроду, дыаксіду серы, фенолу, вуглевадародаў і інш., якія пагаршаюць стан здароўя людзей і небяспечныя для жывёл.
На Беларусі асн. крыніцы забруджвання П. — выкіды аўтатранспарту (каля 80%), аб’екты энергетыкі і прамысл. прадпрыемствы. Дзейнічае закон «Аб ахове атмасфернага паветра» (1997). Ажыццяўляецца дзярж. кантроль за прамысл. выкідамі і маніторынг атм. П. па радыеактыўнасці і амаль 30 шкодным рэчывам. Пры вызначэнні якасці П. карыстаюцца гранічна-дапушчальнымі канцэнтрацыямі і міжнар. стандартамі Сусв. арг-цыі аховы здароўя. Для буйных гарадоў разлічваецца індэкс забруджвання атмасферы, які ўлічвае класы бяспекі хім. рэчываў, стандарты якасці і сярэднія ўзроўні забруджвання. Найб. забруджаныя гарады Магілёў, Бабруйск, Гомель, Мазыр і Наваполацк. Гл. таксама Ахова атмасферы, Ачыстка паветра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РАМА́ЯНА»
(санскр. «Сказанне пра Раму»),
старажытнаіндыйская эпічная паэма на санскрыце. Створана каля 4 ст. да н.э. ва Усх. Індыі, сучасны выгляд набыла да 2 ст.н.э. Аўтарства прыпісваецца легендарнаму паэту Вальмікі. У цэнтры паэмы расказ пра подзвігі цара Рамы ў барацьбе супраць цара дэманаў-людаедаў (ракшасаў) Раваны за вызваленне сваёй жонкі Сіты, якая была ім украдзена. Эпапея складаецца з 7 частак, уключае шэраг інтэрпаляцый. У ёй фантаст. матывы паданняў і міфаў спалучаюцца з рэальнымі рысамі тагачаснай эпохі. У сярэднія вякі стала адной са свяшчэнных кніг індуізму. «Р.» — багатая крыніца сюжэтаў і вобразаў, якія атрымалі развіццё ва ўсіх інд. л-рах, найбольш у творчасці прадстаўнікоў стараж. класічнай л-ры (Калідаса, Бхавабхуці, Бхаці, Тулсідас і інш.). Вядомы яе інтэрпрэтацыі таксама ў л-рах Тыбета, Кітая, краін Паўд.-Усх. Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́БА,
гарадскі пасёлак у Віцебскім р-не, на р.Зах. Дзвіна, на аўтадарозе Віцебск—Сураж. За 15 км ад Віцебска. 7,7 тыс.ж. (2000).
Вядома з пач. 19 ст. як цэнтр фальварка, у які ў 1834 уваходзілі 4 вёскі Вярхоўскай вол. Віцебскага пав. 144 ж. У 1909 вёска (31 ж., 4 двары) і фальварак (уласнасць Піскунова). З 20.8.1924 вёска ў Бабінавіцкім с/с Віцебскага р-на. У 1926—57 ж., 10 двароў. У 1932 у Р. заснаваны вапнавы з-д, вакол якога вырас заводскі пасёлак. У Вял.Айч. вайну 13.6.1942 ням.-фаш. карны атрад расстраляў у Р. 75 жыхароў. З 31.7.1970 Р. — гар. пасёлак.
Працуюць акц.т-ва «Даламіт» (распрацоўвае радовішча даламітаў Руба), аўтатрансп. прадпрыемства, 2 сярэднія школы, 2 дашкольныя ўстановы, Палац культуры, б-ка, паліклініка, аддз. сувязі, дом быту, царква. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі: невядомаму салдату, у гонар партыз. брыгад 1-й Віцебскай і імя ВЛКСМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАГРА́ДАЎ (Павел Гаўрылавіч) (30.11.1854, г. Кастрама, Расія — 19.12.1925),
рускі гісторык. Акад.Пецярб.АН (1914) і шэрагу замежных акадэмій. Скончыў Маскоўскі ун-т (1875), працягваў гіст. адукацыю ў Германіі. З 1877 выкладчык Маскоўскага ун-та (з 1884 праф.). У 1901 выехаў у Вялікабрытанію, з 1903 заг. кафедры ў Оксфардскім ун-це. У 1908 вярнуўся ў Маскоўскі ун-т, захоўваючы пасаду ў Оксфардзе. У 1911 падаў у адстаўку ў знак пратэсту супраць звальнення шэрагу прафесараў. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў, у 1918 канчаткова пакінуў Расію. Выкладаў ва ун-тах Германіі, Бельгіі, ЗША, Індыі. Буйнейшы англазнавец, кіраўнік школы рус. і замежных гісторыкаў, якія вывучалі сац.-эканам. праблемы англ. сярэднявечча. У працах «Паходжанне феадальных адносін у лангабардскай Італіі» (1880), «Даследаванні па сацыяльнай гісторыі Англіі ў сярэднія вякі» (1887), «Віланства ў Англіі» (1892, на англ. мове) і інш. даследаваў генезіс феадалізму ў раманскіх і герм. краінах, эвалюцыю сял. абшчын у Англіі і інш. Публікаваў дакументы па агр. гісторыі Англіі з англ. архіваў. Аўтар падручнікаў па ўсеагульнай гісторыі для сярэдняй школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЯ́БРСКІ,
гар. пасёлак у Беларусі, цэнтр Акцябрскага р-на Гомельскай вобл., на р. Нератоўка (прыток Пцічы). За 190 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Рабкор на лініі Бабруйск—Рабкор, на аўтадарозе Глуск—Азарычы. 8,4 тыс.ж.
Утвораны 31.8.1954 у выніку аб’яднання вёсак Карпілаўка, Рудобелка і Рудня. Сяло Рудобелка (Рудыя Белкі) вядома з сярэдзіны 15 ст. як велікакняжацкае ўладанне, здавалася ў часовае трыманне ці арэнду Радзівілам, Вішнявецкім і інш. З 1661 прыватнае ўладанне. У канцы 18 ст. належала памешчыку Д.Лапе, які заснаваў маёнтак Карпілаўка. У 1918—20 існавала Рудабельская рэспубліка. У студз. 1920 Рудобелка спалена польск. войскамі, пасля вызвалення воласць перайменавана ў Акцябрскую. У 1939 утвораны Акцябрскі р-н з цэнтрам у в. Карпілаўка. У 1962—66 Акцябрскі ў Светлагорскім р-не.
Завод сухога абястлушчанага малака, спіртзавод, хлебазавод, камбінат быт. абслугоўвання, райаграпрамтэхніка, лясгас, лесапункт Бабруйскага леспрамгаса, метэастанцыя. Сярэдняе ПТВ механізацыі, 3 сярэднія, дзіцяча-юнацкія спарт. і муз. школы, 3 дашкольныя ўстановы, Дом піянераў і школьнікаў, Дом культуры, Акцябрскі музей народнай славы, 2 б-кі, кінатэатр, бальніца. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызанаў, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАЗО́НСКАЯ НІЗІ́НА, Амазонія,
найбуйнейшая на Зямлі нізіна ў Паўд. Амерыцы, у бас.р.Амазонка, пераважна ў Бразіліі, а таксама ў Калумбіі, Эквадоры, Перу. Пл. больш за 5 млн.км². Слаба заселеная. Распасціраецца з З на У на 3200 км ад Андаў да Атлантычнага ак. паміж Гвіянскім і Бразільскім пласкагор’ямі. Размешчана ў вобласці тэктанічнага прагіну (Амазонская сінекліза) Паўд.-Амерыканскай платформы, запоўненага ў асн. палеазойскімі марскімі і меза-кайназойскімі кантынент. адкладамі. Пераважае плоскі рэльеф пластавых раўнін з неглыбокімі шырокімі рачнымі далінамі. Карысныя выкапні: нафта, марганцавыя і жал. руды, золата, алмазы і інш. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны, сярэднія т-ры 24—28 °C, ападкаў 1500—3000 мм за год. Рачная сетка густая, рэкі паўнаводныя. Разнастайная расліннасць вільготных экватарыяльных лясоў (сельвас) уключае 80 тыс. відаў дрэў (шмат каштоўных парод). Жывёльны свет разнастайны — 3 тыс. відаў сухапутных пазваночных (малпы, ляніўцы, малы мураўед, браняносцы, тапіры, пекары і інш.). Шмат птушак, паўзуноў, грызуноў, земнаводных, рыб (2 тыс. прэснаводных відаў), тэрмітаў, мурашак. Праз трапічныя лясы пракладзена Трансамазонская шаша (1970-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМ’Е́Н (Amiens),
горад на Пн Францыі, адм. ц. дэпартамента Сома і гал. горад гіст. вобласці Пікардыя. Прыстань на р. Сома. 154 тыс.ж. з прыгарадамі (1990). Маш.-буд., металургічная, хім., лёгкая і харч.прам-сць.
У старажытнасці Ам’ен — цэнтр гальскага племені амбіянаў, у сярэднія вякі — аднайм. графства. У 1435—77 у складзе Пікардыі ўваходзіў у Бургундскую дзяржаву. Тут заключаны Ам’енскі мірны дагавор 1802. Каля Ам’ена адбыліся буйныя ваен. аперацыі ў час франка-прускай 1870—71 і 1-й сусв. войнаў (гл.Ам’енская аперацыя 1918). Моцна разбураны ў часы 1-й і 2-й сусв. войнаў. Пры аднаўленні (1944—54, па планах арх. П.Дзюфо) захавана сярэдневяковае аблічча гіст. цэнтра. Вядомы арх. помнікамі: руіны познаант. сцен, амфітэатра і тэрмаў, гатычны Ам’енскі сабор, цэрквы Сен-Жэрмен (15 ст.), Сен-Ло (16 ст.), Сен-Рэмі (17 ст., рэканструявана ў канцы 19 ст.), Сен-Жак (1838), гадзіннікавая вежа (15—18 ст.), цытадэль (1589), рэнесансавыя атэлі, ратуша (17 ст., перабудавана ў 19 ст.), прэфектура (б. будынак інтэнданцтва, 1761), тэатр (1779—83). Музей Пікардыі (засн. ў 1854).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАН-ЧА́КА (ісп. Gran Chaco),
прыродная вобласць у цэнтры Паўд. Амерыкі, у Балівіі, Парагваі і Аргенціне. Абмежавана рэкамі Парагвай і Парана на У і Андамі на З. Займае Лаплацкі тэктанічны прагін і складзена з алювіяльных нізін выш. 50—70 м на У і з акумулятыўных раўнін выш. 500—600 м на З. Клімат на б.ч.тэр. трапічны, з вільготным летам. Сярэднія т-ры ліп. ад 12 да 21 °C, студз. ад 26 да 30 °C (макс. да 47 °C, самая высокая на мацерыку). Ападкаў ад 500 да 1200 мм за год. Рачная сетка развіта пераважна на З і У; асн. рэкі Парагвай і Парана — транзітныя, з рэзкімі летнімі паводкамі; унутр. раёны пазбаўлены паверхневага сцёку. У перадгор’ях шмат балот, участкі саланчакоў. Пераважаюць сухія рэдкалессі, т.зв. лясы Чака (кебрача, альгароба, гуаякан, тэкома, мімоза і інш.), уздоўж рэк — чаньяр, васковая пальма на карычнева-чырвоных глебах. Жывёльны свет вельмі багаты: тапіры, пекары, нутрыі, браняносцы, балотны алень, ягуар, пума; шмат птушак, паўзуноў і насякомых. Авечкагадоўля. Баваўнаводства. Лесараспрацоўкі; вытв-сць дубільнага экстракту кебрача. Паляванне. На ПнЗ Аргенціны здабыча і перапрацоўка нафты і газу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЙДЭР (англ. grader ад grade нівеліраваць),
землярыйная дарожна-буд. машына. Рабочы орган грэйдара — адвал з нажом, якім зразаюць і разраўноўваюць грунт ці сыпкі буд. матэрыял (пры стварэнні землянога палатна, планіроўцы адкосаў насыпаў і выемак, рамонце гравійных і грунтавых дарог і інш.). Прадукцыйнасць да 45 м³/гадз. Разнавіднасць грэйдара — грэйдэр-элеватар.
Падзяляюцца на прычапныя і самаходныя (аўтагрэйдэры). Прычапныя грэйдары бываюць лёгкія (з нажом даўж. 2,5—3 м) і цяжкія (3,5—4,5 м). Аўтагрэйдэры больш прадукцыйныя і манеўраныя, дадаткова могуць аснашчацца кіркоўшчыкам, плужным снегаачышчальнікам, бульдозерным адвалам, навясным скрэперам і інш. Бываюць лёгкія (нож 2,5—3 м, магутнасць рухавіка да 55—67 кВт), сярэднія (3—3,6 м, 74—110 кВт) і цяжкія (3,6—3,8 м, больш як 150 кВт). Кіраванне рабочым органам грэйдара мех. або гідраўл. прыводам.
І.І.Леановіч.
Грэйдэры: а — прычапны (1 — механізм пад’ёму і апускання адвалу; 2, 3 — асноўная і цягавая рамы; 4 — адвал з нажом); б — аўтагрэйдэр (1 — кіркоўшчык; 2 — рулявы прывод; 3 — цягавая рама з паваротным кругам і адвалам; 4 — рухавік з механізмамі кіравання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДА-ГА́НГСКАЯ РАЎНІ́НА,
раўніна паміж Гімалаямі на Пн і Дэканскім пласкагор’ем на Пд у Індыі, Пакістане і Бангладэш. Працягваецца ад Аравійскага м. да Бенгальскага зал. амаль на 3 тыс.км. Шыр. 250—350 км. Рэльеф выш. 50—100 м у асн. плоскі, ускладняецца ярамі і рачнымі тэрасамі. У тэктанічных адносінах — перадгорны прагін альпійскай эпохі складкавасці, запоўнены ў асн.стараж. і сучасным алювіем і марскімі адкладамі (магутнасць да 12 км). Клімат субэкватарыяльны мусонны на У і трапічны на З. Сярэднія т-ры студз. 12—20 °C, ліп. 30—36 °C. Ападкі пераважна летам ад 2 тыс.мм на ПдУ да 150 мм на ПдЗ. Рэкі: Інд, Ганг, Брахмапутра і іх прытокі. Летнія паводкі. У дэльце Ганга і Брахмапутры вечназялёныя лясы, на ўзбярэжжы — мангры; у цэнтр.ч. раўніны — лістападныя лясы і саванны; у даліне Інда — сухія саванны, паўпустыні і пустыні. І.-Г.р. густа заселена, б.ч. ўзарана (рыс, бавоўна, цукр. трыснёг і інш.). Густая сетка арашальных каналаў. Найб. гарады: Дэлі, Калькута (Індыя), Карачы, Лахор (Пакістан), Дака (Бангладэш).