НАДО́Й,

колькасць малака, атрыманага ад с.-г. жывёл за пэўны перыяд часу; паказчык малочнай прадукцыйнасці жывёлы. Адрозніваюць Н.: разавы, сутачны, месячны, гадавы, лактацыйны (за перыяд лактацыі) і пажыццёвы. Залежыць ад віду, пароды, узросту (павышаецца да 6—7-й лактацыі, потым зніжаецца), стадыі лактацыі (у першыя 1,5—3 мес павышаецца, потым зніжаецца), індывід. асаблівасцей (масы і складу цела жывёлы, узросту на момант 1-га ацёлу, фізіял. стану і інш.), кармлення, умоў трымання і тэхналогіі даення жывёл. Сярэднія лактацыйныя Н. (тыс. кг) кароў 1—5 і больш, кабыл і вярблюдзіц 1—2, зебу 0,8—1,2, буйваліц 0,8—1, коз 0,15—0,2. Найб. Н. у кароў кастрамской, сіментальскай, халмагорскай, чорна-пярэстай, чырв. дацкай, яраслаўскай і інш. парод (гл. адпаведныя арт.). На Беларусі сярэдні гадавы Н. кароў каля 2,5 тыс. кг (1990-я г.).

т. 11, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)