(Kazimierz III Wielki; 30.4.1310, г. Коваль, Польшча — 5.11.1370),
польскі кароль [1333—70]; апошні кароль з дынастыі Пястаў. Імкнуўся да ўзмацнення і аднаўлення цэласнасці Польшчы, апіраючыся на саюз з Венгрыяй і папствам. У 1343 заключыў мір з крыжакамі. У 1349—52 пры падтрымцы Венгрыі захапіў б.ч. былога Галіцка-Валынскага княства, у 1356 падпарадкаваў Мазовію, у 1365 — Сантак і Дрэздэнка, у 1368 адваяваў у Брандэнбурга ч. Новай Маркі. Імкнуўся да цэнтралізацыі ўлады, спрыяў развіццю гарадоў, рамёстваў, гандлю. Ажыццявіў кадыфікацыю звычаёвага права (гл.Вісліцка-Петракоўскія статуты 1346—47), у 1334 выдаў прывілей для яўрэяў з мэтай урэгулявання іх прававога статуса ў Польшчы, упарадкаваў падаткі і правёў грашовую рэформу. Пабудаваў каля 50 замкаў. Заснаваў у Кракаве ун-т (1364, першы ў Польшчы).
Літ.:
Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев, 1987;
Dąbrowski I. Kazimierz Wielki, twórca Korony Królestwa Polskiego. Wrocław etc., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕРНАЯ СІМФО́НІЯ,
разнавіднасць сімфоніі. Склалася ў пач. 20 ст. з развіццём неакласіцызму як своеасаблівая рэакцыя на вял. цыклічную сімфонію 19 ст. і вял. аркестравы апарат. Характэрныя рысы: невял. часавая працягласць пры нестабільнай колькасці частак, абмежаваны інстр. склад, індывідуальны для кожнага твора; перавага поліфанічнай фактуры; спалучэнне стылявых мадэлей музыкі 18 ст. з прыёмамі сучаснай кампазітарскай тэхнікі. У адносінах зместу можа быць абвострана псіхалагічная (А.Шонберг), лірыка-драм. (А.Анегер, К.Караеў), апаэтызаваная (Б.Чайкоўскі). Развіццю К.с. ў бел. музыцы садзейнічала стварэнне Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь (1968). Сталыя ўзоры жанру прадстаўлены ў творчасці Г.Вагнера, В.Войціка, У.Дарохіна, А.Залётнева, В.Капыцько, В.Кузняцова, К.Цесакова і інш.
Сцепуро Л.А. Камерно-оркестровые жанры в творчестве белорусских композиторов 60—70-х гг. // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1985. Вып. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКІ ГІСТО́РЫКА-ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1961 у г. Клецк Мінскай вобл. як школьны, з 1979 дзяржаўны. Пл. экспазіцыі 194 м², больш за 4,6 тыс. адзінак асн. фонду (1998). Сярод экспанатаў посуд, касцяныя грабеньчыкі 11—17 ст., шкляныя бранзалеты 12—13 ст., кафля 16—17 ст. з археал. раскопак на тэр. раёна, зброя 18 — пач. 20 ст., матэрыялы пра ўдзел жыхароў у грамадз. вайне, пра барацьбу за сац. і нац. вызваленне ў Зах. Беларусі, пра стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў Вял.Айч. вайну, успаміны А.Іверса, творы жывапісу, кнігі з аўтографамі К.Крапівы, Г.Гарэцкага і інш., прылады працы і побыту бел. сялян 19 — пач. 20 ст., нар.муз. інструменты, калекцыі нар. адзення, тканін, вырабаў мясц. пляцення і керамікі. Музей рэгулярна праводзіць выстаўкі нар. творчасці мясц. умельцаў, нар. строяў, прац мясц. мастакоў, прысвечаных клецкім Радзівілам, развіццю пісьменнасці і друку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУША́НСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Кушанскае царства,
старажытная дзяржава на тэр. сучасных Узбекістана, Таджыкістана, Туркменіі, Афганістана, Пакістана і Паўн. Індыі ў 1—4 ст.н.э. Узнікла на рубяжы н.э. пасля разгрому Грэка-Бактрыйскага царства качэўнікамі, якія стварылі на яго тэрыторыі шэраг асобных княстваў. Адно з іх у Бактрыі на чале з племем або кланам кушан стала ядром К.дз. Значнага тэр. пашырэння К.дз. дасягнула пры правіцелях Кадфізе I і Кадфізе II (1 ст.н.э.), найб. росквіту — пры правіцелях Канішку і Хувішку. Праз тэр. К.дз. праходзіў Вялікі шаўковы шлях, што спрыяла развіццю гандлю і рамяства. Значнае пашырэнне тут набылі будызм, зараастрызм, маніхейства і хрысціянства. Пры правіцелі Васудэве (сярэдзіна 3 ст.) пачаўся заняпад К.дз., якая ў 4 ст. распалася на дробныя княствы.
Літ.:
Зеймаль Е.В. Кушанская хронология: (Материалы по проблеме). М., 1968;
Дальверзинтепе — кушанский город на юге Узбекистана. Ташкент, 1978;
Шеркова Т.А. Египет и Кушанское царство: (Торговые и культ. контакты). М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РКУРЫ, Мерк’юры (Mercury) Фрэдзі
[сапр. Балдасар (Baldassar) Фарух; паводле інш. звестак Балсара (Bulsara) Фрэдэрык; 5.9.1946, в-аў Занзібар, Танзанія — 24.11.1991],
англійскі рок-музыкант, кампазітар, спявак. З 1969 у Лондане, скончыў мастацкі каледж. Яго творчая індывідуальнасць фарміравалася пад уплывам зараастрызму. З 1970 саліст рок-групы «Смайлз», перайменаванай у 1971 у «Куін». Садзейнічаў развіццю рок-музыкі (пераважна меладычнага стылю). Валодаў голасам прыгожага тэмбру, вак. майстэрствам (выступаў з М.Кабалье). Яго кампазіцыі вылучаюцца маштабнасцю, маляўнічымі аранжыроўкамі, прыгажосцю вак. шматгалосся; у іх відавочны ўплыў класічнай музыкі. Удзельнічаў у запісах 24 альбомаў (часткова ў відэаверсіях), у т. л. аднаго з узораў сусв. рок-музыкі «Ноч у Оперы» (1975), дзе канчаткова акрэсліўся стыль групы — сінтэз рок-музыкі і оперы. Сусв. вядомасць набыла песня «Багемская рапсодыя», відэаверсія якой паклала пачатак мастацтву відэакліпа. Паводле волі М. правы на «Багемскую рапсодыю» перададзены фонду барацьбы са СНІД.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕнавакольнага асяроддзя,
забруджванне навакольнага асяроддзя адносна інертнымі ў фіз.-хім. адносінах агентамі, якія аказваюць на яго пераважна мех. ўздзеянне. Найб. закранае зямную паверхню, глебу і водныя аб’екты. Адрозніваюць М.з. прыроднае (напр., выкліканае селевым патокам, паводкай) і антрапагеннае (выкліканае дзейнасцю чалавека), асн. крыніцы якога — вытв. і бытавыя адходы (адвальныя пароды, шлакі, пыл, рэшткі драўніны, пластмасы, буд. смецце, адходы с.-г. і харч. вытв-сці, упаковачныя матэрыялы і інш.). Павялічваецца пераважна за кошт пашырэння адкрытай распрацоўкі карысных выкапняў, уцягвання ў эксплуатацыю бедных асн. рэчывамі парод, росту гарадоў і аб’ёмаў вытв-сці. Парушае натуральныя ўмовы існавання многіх арганізмаў, перашкаджае суднаходству, пагаршае эстэт. і рэкрэацыйныя вартасці асяроддзя, спрыяе развіццю другасных працэсаў яго фіз., хім. і біял. (у т. л.мікрабіял.) забруджвання (гл. адпаведныя арт.). Вылучаюць таксама забруджванне космасу — вывад у каляземную і найбліжэйшую касм. прастору аб’ектаў з выпадковымі арбітамі, якія перашкаджаюць функцыянаванню наземных устройстваў (пераважна радыётэхн. і астранамічных).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЁРСКІ ГІСТО́РЫКА-ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1983 у г. Міёры Віцебскай вобл. на базе музея на грамадскіх пачатках, адкрыты ў 1994. Нл. экспазіцыі 131 м², каля 2,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999), 6 залаў. У зале археалогіі сярод экспанатаў прылады працы, касцяныя грабеньчыкі, шпількі-амулеты, шкляныя пацеркі, спражкі, вітыя бранзалеты з зааморфнымі выявамі з курганных могільнікаў і гарадзішчаў Міёршчыны. У залах ткацтва, ганчарства і бандарства тканыя вырабы, вышыванкі, прылады працы для апрацоўкі лёну і воўны, гаршкі, гарлачыкі, бандарны посуд, вырабы мясц. майстроў. 2 залы прысвечаны гісторыі краю з пач. 19 ст., у т. л. падзеям вайны 1812, паўстанняў 1830—31, 1863—64, рэвалюцыі 1905, 1-й сусв. вайны, дзейнасці падполля і партыз. руху ў Вял.Айч. вайну, развіццю сельскай гаспадаркі і прамысловасці ў пасляваенны час. У зале пляцення карабы і абутак з саломы, мэбля, кошыкі з лазы, маляваныя дываны мясц. мастакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАПО́ЛК-МІ́РСКІ Пётр Дзмітрыевіч (30.8.1857—29.5.1914),
расійскі ваенны і дзярж. дзеяч. Ген. ад кавалерыі (1913). Ген.-ад’ютант (1904). З роду князёў Святаполк-Мірскіх (гл.Мірскія). Скончыў Пажскі корпус (1875), Акадэмію Генштаба (1881). Удзельнік рус.-турэцкай вайны 1877—78. З 1895 пензенскі, з 1897 екацярынаслаўскі губернатар. У 1900—02 таварыш (намеснік) міністра ўнутр. спраў і камандуючы асобым корпусам жандараў. У 1902—04 віленскі, гродзенскі і ковенскі ген.-губернатар. Надаваў значэнне развіццю сярод беларусаў нац. самасвядомасці, увядзенню ў бел. каталіцкія парафіі набажэнства на роднай мове. Прызначаў беларусаў-католікаў на некат. чыноўніцкія пасады. Падтрымліваў выдавецкую дзейнасць Віленскай археаграфічнай камісіі. У жн. 1904 прызначаны міністрам унутр. спраў. З мэтай аслаблення рэв. руху імкнуўся прыцягнуць на бок урада бурж.-ліберальную апазіцыю (дазволіў з’езды земскіх дзеячаў, правёў частковую амністыю паліт. зняволеным, аслабіў цэнзуру і інш.). У 1905 пасля студзеньскага расстрэлу рабочай дэманстрацыі (гл.«Крывавая нядзеля») С.-М. звольнены ў адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНСО́РНАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
мэтанакіраванае развіццё і ўдасканаленне сенсорных працэсаў (адчуванняў, успрымання, уяўленняў). Садзейнічае ўсебаковаму развіццю асобы, пачуццёваму пазнанню; з’яўляецца асновай для разумовага выхавання, фізічнага выхавання, эстэтычнага выхавання. Уключае фарміраванне ўспрымання формы, памеру, прасторавых адносін паміж прадметамі, колеру, развіццё гукавога аналізу мовы, муз. слыху, рухальных адчуванняў і інш. У працэсе С.в. падрыхтоўваецца пераход ад пачуццёвага да рацыянальнага пазнання, ад успрымання да мыслення, фарміруецца аснова для практычнай і інтэлектуальнай дзейнасці. У сувязі з тым, што сенсорныя працэсы найб. інтэнсіўна развіваюцца ў дашкольным дзяцінстве, С.в. — адна з цэнтр. праблем дашкольнай педагогікі (Я.А.Каменскі, І.Г.Песталоці, Ф.Фрэбель, М.Мантэсоры і інш.). У раннім і дашкольным дзяцінстве развіццё сенсорных працэсаў цесна звязана з практычнай дзейнасцю, таму найважнейшую ролю ў С.в. адыгрываюць гульні, заняткі маляваннем, лепкай, музыкай, канструяваннем, а таксама славеснае абазначэнне якасцей прадметаў. Развіццё агульных інтэлектуальных здольнасцей чалавека ў значнай ступені абумоўлена асаблівасцямі яго С.в. ў дзяцінстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАМЕ́ТРЫЯ (ад фота... + ...метрыя),
раздзел фізічнай оптыкі, які вывучае вымярэнне светлавых велічынь. Пачатак Ф. пакладзены ў 17 ст. (І.Кеплер). Развіццю Ф. спрыяла ўстанаўленне Бугера—Ламберта—Бэра закону і Ламберта закону. Тэарэт. абагульненне Ф. ў працах рас. вучонага А.А.Гершуна (1930-я г.).
Асн. задачы Ф.: распрацоўка тэорыі і метадаў вымярэння характарыстык святла пры яго выпрамяненні, распаўсюджванні, паглынанні, рассеянні; вызначэнне светлавых велічынь (сілы святла, светлавога патоку, асветленасці, яркасці); устанаўленне светлавых адзінак. Метады даследавання падзяляюцца на візуальныя, заснаваныя на ўспрыманні святла вокам, і аб’ектыўныя, дзе прыёмнікамі светлавой энергіі служаць балометры, тэрмаэлементы, фотаэлементы. Светлавыя велічыні вымяраюць фатометрамі.
Літ.:
Бугер П. Оптический трактат о градации света: Пер. с фр.М., 1950;
Гершун А.А. Избранные труды по фотометрии и светотехнике. М., 1958;
Гуревич М.М. Фотометрия: теория, методы и приборы. 2 изд Л., 1983.
А.Б.Гаўрыловіч.
Да арт.Фотамастацтва. Б.Канопка. Парыж. Вуліца Мантмарэнсі. 1995.