ФОТАМЕ́ТРЫЯ (ад фота... + ...метрыя),

раздзел фізічнай оптыкі, які вывучае вымярэнне светлавых велічынь. Пачатак Ф. пакладзены ў 17 ст. (І.Кеплер). Развіццю Ф. спрыяла ўстанаўленне Бугера—Ламберта—Бэра закону і Ламберта закону. Тэарэт. абагульненне Ф. ў працах рас. вучонага А.​А.​Гершуна (1930-я г.).

Асн. задачы Ф.: распрацоўка тэорыі і метадаў вымярэння характарыстык святла пры яго выпрамяненні, распаўсюджванні, паглынанні, рассеянні; вызначэнне светлавых велічынь (сілы святла, светлавога патоку, асветленасці, яркасці); устанаўленне светлавых адзінак. Метады даследавання падзяляюцца на візуальныя, заснаваныя на ўспрыманні святла вокам, і аб’ектыўныя, дзе прыёмнікамі светлавой энергіі служаць балометры, тэрмаэлементы, фотаэлементы. Светлавыя велічыні вымяраюць фатометрамі.

Літ.:

Бугер П. Оптический трактат о градации света: Пер. с фр. М., 1950;

Гершун А.А. Избранные труды по фотометрии и светотехнике. М., 1958;

Гуревич М.М. Фотометрия: теория, методы и приборы. 2 изд Л., 1983.

А.​Б.​Гаўрыловіч.

Да арт. Фотамастацтва. Б.​Канопка. Парыж. Вуліца Мантмарэнсі. 1995.

т. 16, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)